- •Тэма: стылістыка тэксту і. Тэарэтычная частка
- •Суд времени
- •Ііі. Практычная частка
- •Рэзананс: погляд "Самаадданасць педагогаў нельга бясконца эксплуатаваць"
- •Заданне 2. Прааналізуйце тэкст. Адзначце, якія функцыянальна-сэнсавыя тыпы маўлення сустракаюцца ў тэксце. У якіх суадносінах у ім вобраз аўтара і вобраз апавядальніка? Вострыя адчуванні
- •IV. Творчая частка
Ііі. Практычная частка
Заданне 1. Зрабіце аналіз тэксту. Адначце, які гэта тып тэксту з пазіцыі вытворцы маўлення. Чаму?
Рэзананс: погляд "Самаадданасць педагогаў нельга бясконца эксплуатаваць"
Паважаная рэдакцыя!
З цікавасцю прачытаў артыкул Надзеi Нiкалаевай "Прыцягальнасць прафесii педагога ў грамадстве iмклiва знiжаецца" ("Звязда" ад 2 сакавiка 2010 г.). Шмат думак узнiкае на гэты конт. Нельга не пагадзiцца з аргументамi наконт павышэння статуса педагогаў, аднак хочацца адзначыць тое, што рэальнае вырашэнне праблемы ажыццяўляецца занадта марудна. Пакуль Мiнiстэрства адукацыi будзе павышаць статус педагогаў на ўзроўнi дэкларацый, школа страцiць сапраўдных Настаўнiкаў. Зразумела, што педагогам чалавек павiнен станавiцца невыпадкова, што настаўнiк павiнен быць высокамаральным чалавекам. Аднак тыя абставiны, у якiх знаходзяцца сучасныя педагогi большасцi агульнаадукацыйных навучальных устаноў, не лепшым чынам спрыяюць павышэнню прафесiйнай кампетэнтнасцi i духоўнасцi настаўнiкаў.
Калi адысцi ад тэарэтычных выкладак наконт неабходнасцi павялiчыць колькасць мужчын у школах i прааналiзаваць рэальнае становiшча спраў, то стане зразумелай утапiчнасць гэтай iдэi. Прывяду простыя разлiкi. На сённяшнi дзень прыкладны памер аплаты працы настаўнiка, якi працуе на адну стаўку ў сельскай мясцовасцi, вагаецца ў межах 400 тысяч. З улiкам даплат з фонду матэрыяльнага стымулявання ў лепшым выпадку за месяц настаўнiк, працуючы на стаўку, можа атрымаць 600 тысяч рублёў. Пагадзiцеся, не вельмi шмат. Аднак гэта ў лепшым выпадку, бо на наступны ж дзень пасля атрымання зарплаты ў школе вывешваецца распараджэнне аб правядзеннi iндывiдуальнай падпiскi на перыядычныя выданнi, дзе ўказваецца, што кожны настаўнiк павiнен падпiсацца на раённае, абласное i рэспублiканскае выданне. Мiнiстэрства па надзвычайных сiтуацыях настойлiва "рэкамендуе" выпiсаць пэўную колькасць экзэмпляраў газеты "Юны выратавальнiк" (а калi не выпiшаш гэтае выданне, то будзе накладзена спагнанне). Усе згодныя з тым, што педагогi павiнны павышаць свой iнфармацыйны ўзровень, таму неабходна таксама падпiсацца на "Настаўнiцкую газету" i прадметнае выданне. Такiм чынам, выдаткi на перыёдыку складаюць сама меней 40 тысяч рублёў у месяц. Кожны настаўнiк у наш час карыстаецца паслугамi сусветнай iнфармацыйнай сеткi. Калi папрацаваць з мiнiмальнымi выдаткамi, то аплата паслуг таксама вылiваецца тысяч у 30 штомесяц. У школе адмiнiстрацыя жадае бачыць усе рабочыя матэрыялы настаўнiка ў эстэтычным выглядзе (набраныя на камп'ютары, у файлавых скорасшывальнiках i г.д.). Гэта толькi тэарэтычна педагогi забяспечваюцца канцылярскiмi прыладамi, на самай жа справе настаўнiк набывае ўсё гэта за свой кошт, прычым нiкога не цiкавяць магчымасцi твайго сямейнага бюджэту. Калi падлiчыць выдаткi на аплату электрычнасцi, абслугоўванне камп'ютара, камунальныя выдаткi, то набягае сума прыкладна ў 150 тысяч рублёў. Такiм чынам, на забеспячэнне сям'i застаецца 350—380 тысяч беларускiх рублёў. На гэтыя грошы неабходна годна апрануцца, пракармiць сям'ю, набыць рэчы першай неабходнасцi (пра прадметы раскошы гаворка не iдзе). Якi мужчына пры такой фiнансавай перспектыве з ахвотай пойдзе працаваць настаўнiкам? Ведаю, што знойдуцца апаненты i прывядуць статыстыку сярэдняй зарплаты настаўнiкаў па краiне, аднак у рэальнасцi гэтыя паказчыкi дасягаюцца за кошт таго, што асноўная большасць настаўнiкаў працуюць больш чым на адну стаўку, што вядзе да павелiчэння выдаткаў як матэрыяльных, так i маральных. А як забяспечыць годны ўзровень жыцця, калi ў сям'i два настаўнiкi? У большасцi маiх калег апошняе павелiчэнне заработнай платы на 5 % выклiкала мякка кажучы, неўразуменне, бо ў рэальнасцi да акладу дабавiлася ад 6 да 15 тысяч беларускiх рублёў. Што i казаць, статус педагога павысiўся! Калi прааналiзаваць сiтуацыю з аплатай працы, то настаўнiк сёння з'яўляецца малазабяспечаным чалавекам, а як можа педагог, абцяжараны думкамi "пра хлеб надзённы", "сеяць разумнае, добрае, вечнае"? Вось i прыходзiць настаўнiк на працу, як на "адбывалаўку", а пасля ўрокаў спрабуе знайсцi дадатковы заробак (прычым любы). Гэта адзiн бок медаля. Ёсць i другi, не менш складаны. Якiя б не прымалiся iнструкцыi i нарматыўныя дакументы пра дэбюракратызацыю, чамусьцi настаўнiкаў яны не датычацца. Ваша газета ўжо друкавала артыкул настаўнiка, якi звяртаўся з просьбай пазбавiць педагогаў неабходнасцi пiсаць бязмежную колькасць папер. Прычым паперы гэтыя ў большасцi бессэнсоўныя. Навошта ў малакамплектнай школе, дзе настаўнiк ведае кожнага вучня, яго бацькоў, складаць пiсьмовыя справаздачы, аналiзы, комплексныя праграмы па кожным кiрунку работы? Чаму для школы галоўнае — не рэальнае мерапрыемства, а "разумная" справаздача? У вынiку на работу з дзецьмi застаецца мiнiмальная колькасць сiл i часу.
Пра колькасць правяраючых iнстанцый можна лепш увогуле не прыгадваць. Цiкава, але чамусьцi сiстэму адукацыi маюць права правяраць па ўсiх кiрунках, пачынаючы ад пажарнай iнспекцыi i заканчваючы пракуратурай, прычым у любым выпадку настаўнiк i адмiнiстрацыя будуць несцi адказнасць ("Калi iнспекцыя не выявiла недахопаў — гэта не iнспекцыя"). Пра пагардлiвыя адносiны правяраючых ведае кожны настаўнiк. Складваецца ўражанне, што настаўнiк вiнаваты ва ўсiх праблемах, якiя толькi могуць iснаваць.
Паважаныя работнiкi Мiнiстэрства адукацыi! Колькi б нi абвяшчалi пра станоўчыя вынiкi рэфармавання сiстэмы адукацыi, рэальнае становiшча спраў ад гэтага не паляпшаецца (вяду гутарку пра сiтуацыю ў сельскай мясцовасцi, бо наконт спраў у гарадскiх школах меркаваць не бяруся). Сельская школа "вымiрае" дастаткова iмклiвымi тэмпамi, колькасць вучняў няспынна скарачаецца, многiя настаўнiкi жывуць на мяжы беднасцi, абцяжараныя грузам непатрэбнай бюракратычнай валакiты. Адмiнiстрацыя знаходзiцца ў стане пастаяннага эмацыянальнага напружання, дырэктар ператварыўся ў гаспадарнiка, якi павiнен займацца найперш вырашэннем фiнансава-гаспадарчых пытанняў, а не арганiзацыяй адукацыйнага працэсу ў школе. Апошняе распараджэнне кiруючых iнстанцый аб выкананнi планавага задання па платных паслугах пераўзышло ўсе чаканнi. Адкажыце, калi ласка, з каго браць грошы за адукацыйныя паслугi ў вёсцы, калi ў мясцовым СПК бацька-механiзатар за месяц атрымаў 200 тыс. рублёў, а мацi-даярка — 400 тыс. (пры гэтым у сям'i выхоўваюцца двое дзяцей)? Скажаце, што ёсць не толькi такiя малазабяспечаныя сем'i? Так, ёсць. Але ў вёсцы большасць сем'яў не ў стане карыстацца платнымi паслугамi школы (ды i iншых устаноў таксама). Магчыма, я памыляюся, аднак планавыя заданнi для школ па праграме самазабеспячэння, аказання платных паслуг насельнiцтву — незаконныя. У рэальнасцi ж такiя заданнi даюцца школе кожны год, за iх невыкананне дырэктара i педагагiчны калектыў пазбаўляюць прэмii, але на аснове якога нарматыўнага акта — незразумела! У вынiку, калi настаўнiк не выконвае план па платных паслугах, ён вымушаны проста аддаваць грошы з заработнай платы. Справа настаўнiка — вучыць дзяцей, якасна праводзiць урокi, а не зарабляць грошы для патрэбаў школы (нашаму педагагiчнаму калектыву з 20 настаўнiкаў i 60 вучняў неабходна вырасцiць на прышкольным участку гароднiны на 4 мiльёны рублёў!) Любыя спробы выказаць сваю нязгоду з такой сiтуацыяй заканчваюцца словамi: "Вас тут нiхто не трымае".
Магу сказаць толькi адно — многiх педагогаў у школе ў наш час трымае толькi адданасць сваёй прафесii, аднак нават самаадданыя людзi (такiх ведаю вялiкую колькасць) усё часцей выказваюць жаданне змянiць род дзейнасцi. У асноўнай масе настаўнiкi — дастаткова адукаваныя i квалiфiкаваныя спецыялiсты, i нiякiмi лозунгамi, дэкларацыямi i абяцаннямi пераканаць iх не ўдаецца. "Адукацыя — тая сфера, якая закранае iнтарэсы практычна кожнага жыхара нашай краiны", — сказаў намеснiк мiнiстра Казiмiр Фарыно. Як жа Мiнiстэрства адукацыi збiраецца фармiраваць "высокапрафесiйнае асяроддзе" пры такiм становiшчы спраў, калi зарплата настаўнiка i прыбiральшчыцы на паспяховым прадпрыемстве практычна аднолькавая, а часам у прыбiральшчыцы i больш высокая?
Магчыма, мой лiст i не будзе надрукаваны, бо прозвiшча сваё не пакiдаю. І не папракайце, калi ласка, мяне ў маладушнасцi i непрынцыповасцi, бо на нязгодных заўсёды знаходзiцца ўправа (ды яшчэ якая!). За сябе ўжо не баюся, аднак у школе вучацца мае дзецi. Магу сказаць толькi, што пад гэтым лiстом падпiсалася б дастатковая колькасць маiх калег.
Настаўнiк адной са школ Вiцебскай вобласцi.
Пытанне, што трэба зрабiць, каб педагогi адчулi сваю значнасць у грамадстве на справе, а не на словах — зусiм не рытарычнае. Не сакрэт, што педагагiчныя спецыяльнасцi апошнiм часам становяцца "запасным аэрадромам" для маладых людзей, якiм трэба атрымаць дыплом аб вышэйшай адукацыi, так бы мовiць, любой цаной. Таму i конкурсы на педагагiчных спецыяльнасцях складваюцца вельмi нiзкiя, i сумай прахадных балаў будучыя педагогi, якiм праз колькi гадоў давядзецца навучаць дзяцей, пахвалiцца не могуць. У школах маладыя спецыялiсты (асаблiва ў сталiцы) таксама надоўга не затрымлiваюцца. Рызыкнём выказаць меркаванне, што нiзкiя заробкi ў адукацыйнай галiне — не адзiная прычына знiжэння статусу i аўтарытэту настаўнiкаў у грамадстве, паколькi адукацыя нiколi не была высокааплатнай сферай. I цi стануць педагогi знакавай фiгурай у беларускiм грамадстве — залежыць у тым лiку i ад iх самiх, ад актыўнай пазiцыi беларускiх настаўнiкаў. Калi вам ёсць што сказаць на гэты конт, запрашаем далучыцца да дыскусii, вынiкi якой мы прааналiзуем разам з Мiнiстэрствам адукацыi.
