
Пытанні для самакантролю
Што такое акцэнталогія? Якая роля належыць націску?
Калі ўзнікае акцэнталагічная дублетнасць? Як яна суадносіцца з паняццем нормы?
Якімі асаблівасцямі характарызуецца беларускі слоўны націск?
Калі ў слове паяўляецца пабочны націск? Што такое лагічны націск?
Назавіце асаблівасці акцэнтуацыі службовых слоў у беларускай мове.
Частка 3. Арфаграфія. Прынцыпы беларускага правапісу
3.1. Паняцце пра арфаграфію. Прынцыпы арфаграфіі
3.2. Сістэматызацыя правілаў паводле фанетычнага прынцыпу
3.3. Сістэматызацыя правілаў паводле марфалагічнага прынцыпу
3.4. Асобныя выпадкі ўжывання вялікай літары
3.1.Тэрмін “арфаграфія” абазначае сукупнасць агульнапрынятых, абавязковых для ўсіх носьбітаў мовы правілаў, што рэгулююць напісанне слоў.
У арфаграфіі можна вылучыць некалькі адносна самастойных частак (раздзелаў): 1) літарнае абазначэнне гукавога складу слоў; 2) напісанне слоў разам, асобна, праз злучок; 3) ужыванне вялікай літары; 4) правілы пераносу слоў; 5) графічнае скарачэнне слоў. Першы раздзел арфаграфіі – асноўны, цэнтральны.
Арфаграма – правільнае (адпаведнае правілам, традыцыі) напісанне, што выбіраецца з шэрага магчымых.
Апорныя напісанні – напісанні, што не патрабуюць прымянення арфаграфічных правілаў, г.зн. адпавядаюць правілам графікі, абапіраюцца на слых.
Традыцыйныя напісанні – напісанні, што перадаюцца па традыцыі, правапіс якіх трэба запомніць.
Дыферэнцыраваныя напісанні – напісанні, што служаць для адрознення слоў. Так, сэнсавая дыферэнцыяцыя слоў перадаецца напісаннем малой і вялікай літары ў словах-амонімах – агульных і ўласных назоўніках: галіна – Галіна.
Прынцып арфаграфіі – вызначальная, асноўная ідэя, заканамернасць, паводле якой будуюцца і аб’ядноўваюцца ў групы канкрэтныя правілы напісання. Асноўнымі прынцыпамі арфаграфіі, на якіх грунтуецца перадача літарамі гукавога складу, з’яўляюцца фанетычны і марфалагічны (фанематычны).
3.2 Фанетычны прынцып выкарыстоўваецца ў беларускай арфаграфіі найперш для перадачы на пісьме ненаціскных галосных. Гэтаму прынцыпу падпарадкоўваецца і напісанне некаторых спалучэнняў зычных.
На фанетычным прынцыпе грунтуюцца наступныя правілы: правапіс галосных а, о, э; е, ё, я; правапіс прыставак на з- (раз-, уз-, без- / бяз-, цераз-); правапіс ы, і, й пасля прыставак; правапіс спалучэнняў галосных у запазычаных словах; правапіс галосных у складаных словах; правапіс падоўжаных зычных у становішы паміж галосным; напісанне літар дз, ц замест [д], [т] перад галоснымі е, ё, ю, я, і, а таксама мяккімі [в’], [м’]; правапіс прыстаўных галосных і зычных; правапіс ў (нескладовага); правапіс спалучэнняў сл, зн, сн, рн, нц, рц на месцы этымалагічных [стл], [здн], [стн], [рдц], [лнц] [рдн]; правапіс ц на месцы спалучэнняў [тс], [цс], [чс], [кс]; правапіс с на месцы спалучэнняў [жс], [шс], [хс], [гс]; правапіс чч на месцы суфіксальнага [цк] перад -ін- (-ын-) у словах тыпу Полаччына, Случчына (Але: Навагрудчына). Нагадаем некаторыя з іх.
3.3. На марфалагічным (фанематычным) прынцыпе ў беларускай мове грунтуецца пераважна правапіс зычных. Асноўны спосаб праверкі напісання – падбор такога становішча, якое для гука, што трэба абазначыць на пісьме, будзе моцным (апорнае напісанне).
На марфалагічным прынцыпе напісання заснаваны наступныя правілы: правапіс звонкіх зычных на канцы слова, звонкіх перад глухімі і глухіх перад звонкімі, шыпячых перад свісцячымі і свісцячых перад шыпячымі; правапіс прыставак аб-, над-, пад-, перад-; правапіс зычных на стыку кораня і прыстаўкі, кораня і суфікса; правапіс цвёрдых – мяккіх зычных; правапіс е ў прыназоўніку без і часціцы не; напісанне ў прыметніках двух н (каранёвага і суфіксальнага).
Пытанні для самакантролю
1. Што вывучае арфаграфія? З якіх раздзелаў яна складаецца?
2. Што такое “арфаграма”, “апорнае напісанне”, “прынцып арфаграфіі”?
3. У чым сутнасць фанетычнага прынцыпу? Якія правілы правапісу на ім заснаваны?
4. У чым сутнасць фанематычнага прынцыпу? Якія правілы беларускай арфаграфіі яму адпавядаюць?
5. Што такое традыцыйнае і дыферэнцыраванае напісанні? Якія правілы грунтуюцца на гэтых напісаннях?