
Частка 1. Фанетычная сістэма беларускай мовы. Арфаэпія
Фанетыка. Аб’ект вывучэння фанетыкі, яе задачы
Фанетычныя асаблівасці беларускай літаратурнай мовы
Арфаэпія як рэалізацыя фанетычнай сістэмы
Асноўныя правілы вымаўлення націскных і ненаціскных галосных
Асноўныя правілы вымаўлення зычных і іх спалучэнняў
Адхіленні ад літаратурных нормаў вымаўлення і іх прычыны
1.1. Фанетыка (ад грэч. рhoneticos – гукавы) – раздзел мовазнаўства, што вывучае гукавыя сродкі мовы. У беларускай мове налічваецца 39 зычных гукаў, кожны з якіх мае адметныя артыкуляцыйныя прыкметы, і 6 галосных. Беларуская мова належыць да кансанантнага тыпу моў (ад лац. consonans – зычны), у якіх большую функцыянальную ролю выконваюць зычныя гукі.
Прадметам вывучэння фанетыкі з’яўляюцца такія моўныя адзінкі, як гук, склад, націск, інтанацыя, фанетычнае слова, сінтагма, фраза.
Адной з асноўных задач фанетыкі як навукі з’яўляецца вывучэнне фанетычнай сістэмы мовы. Другая задача – вывучэнне заканамернасцей спалучэння гукаў у словы, утварэнне складоў і аб’яднанне іх у адзінае цэлае з дапамогай націску.
1.2. Асаблівасці фанетычнай сістэмы беларускай мовы:
наяўнасць зацвярдзелых гукаў, што не маюць адпаведных парных мяккіх: [ж], [ш], [дж], [ч], [р], [ц] (рэформа, джобер, журнал, чэк, цана);
ужыванне ў большасці слоў фрыкатыўнага гука [г] (выбухны [г΄] вымаўляецца ў невялікай колькасці запазычаных лексем: гузік, ганак, гестка, агрэст, рэзгіны, гонта, мазгі і інш.): гандаль, гільдыя, скарга;
наяўнасць прыстаўных галосных [а], [о], [і] перад санорнымі [р], [м], [л], калі пасля санорных ідзе іншы зычны (імгла, ільготы, аржаны), і прыстаўных зычных [в], [г] (возера, вопіс, Ганна). У моўнай плыні, калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны, прыстаўны не развіваецца: многа льгот;
мяккія [дз’], [ц’], што паходзяць з [д], [т] (“дзеканне” і “цеканне”): Параўн.: мэта – на мэце, бюджэт – у бюджэце, пасада – на пасадзе.
наяўнасць зычнага гука [ў], які можа вымаўляцца на месцы этымалагічнага [в] у становішчы пасля галоснага перад зычным ці пасля галоснага ў канцы слова (банкаўскі, галоўны, заўтра, каціроўка), а таксама на месцы этымалагічнага [л] пасля галоснага ў канцы дзеяслова прошлага часу м. р. адз. ліку (рэкламаваў, маляваў) і ў сярэдзіне некаторых слоў (шоўк, доўг);
падаўжэнне зычных (за выключэннем губных і зычнага р): асяроддзе, даследаванне, жыццё, планаванне.
1.3. Арфаэпія (ад грэч. оrthos – правільны і epos – вымаўленне, слова) – гэта сукупнасць правілаў (нормаў літаратурнага вымаўлення) і навука аб гэтых правілах.
Прадметам арфаэпіі з’яўляюцца гукі з пункту гледжання іх якасці ў моўнай плыні. Арфаэпія як навука аб правілах літаратурнага вымаўлення непарыўна звязана з фанетыкай. Фанетыка выяўляе і апісвае заканамернасці гукавой сістэмы мовы, а арфаэпія выкарыстоўвае вынікі гэтага апісання для правілаў і нарматыўных рэкамендацый.
1.4. Асноўныя правілы вымаўлення галосных гукаў:
усе галосныя пад націскам вымаўляюцца выразна, як і асобныя гукі: бізнес, іпатэка, рынак, выдаткі, бонус;
ненаціскныя [а], [о], [э] пасля цвёрдых зычных вымаўляюцца як гук [а] (цана, дагавор). Некаторыя словы з націскнымі складамі ро, ло, рэ не падпарадкоўваюцца аканню (глотка – глыток, хрэст – хрысціць, кроў – крыві);
пасля мяккіх зычных галосныя [а], [о], [э] вымаўляюцца як [а] толькі ў першым складзе перад націскам (яканне на пісьме абазначаецца літарай я): ануляванне, дзяржаўны, звяно, святло. Вымаўленне [а] на месцы ненаціскнога [э] характэрна для часціцы не і прыназоўніка без, калі яны стаяць перад словам з націскам на першым складзе: н[а] быў, б[а]з дыму. Ва ўсіх іншых ненаціскных складах пасля мяккіх зычных ў спрадвечна беларускіх словах вымаўляецца гук [э] (возера, забеспячэнне). На месцы спрадвечнага (этымалагічнага) [а] і ў ненаціскных складах вымаўляецца гук [а] (сувязь, лямантаваць);
гук [і] як пад націскам, так і ў ненаціскным становішчы вымаўляецца выразна. У пачатку слова і пасля галосных у сярэдзіне слова пад націскам перад [і] вымаўляецца [j] або [jі]: кра[jі]на (выключэнне складаюць іншамоўныя словы, у якіх перад пачатковым [і] не развіваецца прыстаўны [j]: імпарт, інфляцыя, Індыя). Злучнік і пасля галосных таксама можа вымаўляцца як [j]: сястра [j] брат. Пасля цвёрдых зычных (апрача [г], [к], [х]) на стыку слоў, частак складаных слоў, прыстаўкі і кораня ненаціскны [і] можа замяняцца гукам [ы]: мед[ы]нстытут, ад[ы]менны, сын [ы] брат;
у большасці запазычанняў не пад націскам пасля цвёрдых зычных захоўваецца [э]: рэкорд, дэпанент. Толькі ў некаторых даўніх запазычаннях [э] замяніўся на [а]: адрас, рамонт, сакратар. У асобных словах адбылася замена [э] на [ы]: канцылярыя, почырк, цырымонія. Большасць іншамоўных слоў захaвала [э] у першым пераднаціскным складзе і пасля мяккіх зычных (няма якання): герой, сезон, легенда.