Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Bel_yaz_ch2_htm

.pdf
Скачиваний:
11
Добавлен:
29.02.2016
Размер:
455.41 Кб
Скачать

1

Слова як адзінка мовы. Тыпы значэнняў (слова). Фразеалагізмы

Лексіка (ад грэч. lexikos = “які адносіцца да слова”) – гэта сукупнасць усіх слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад. У больш вузкім значэнні лексіка абазначае асобныя пласты слоўнікавага складу мовы, вылучаныя на падставе той або іншай прыкметы. Лексікалогія (грэч. logos = “вучэнне”) – гэта навука пра слоўнікавы склад мовы.

У адрозненне ад фаналогіі, марфалогіі і сінтаксісу, якія маюць толькі апасродкаваныя адносіны да прадметаў і з’яў пазамоўнай рэчаіснасці, лексіка непасрэдна звязваецца з рэаліямі паўсядзённага жыцця, даючы ім слоўныя абазначэнні. Няма фактычна ніводнай рэчы вакол нас, ніводнага паняцця ў нашай свядомасці, якія нельга было б абазначыць словам. Здольнасць слова самым непасрэдным чынам адлюстроўваць існуючыя рэаліі і характарызуе слова як адзінку лексікі.

Важна: тэндэнцыя да своечасовага адлюстравання ў словах прадметаў пазамоўнай рэчаіснасці і паняццяў абумовіла наяўнасць у лексіцы такой адметнай асаблівасці, як значная рухомасць і зменлівасць лексікі ў часе, што цалкам адпавядае рухомасці і зменлівасці знешняга свету. Паколькі ў жыцці ледзь не кожны дзень з’яўляюцца новыя прадметы і паняцці і знікаюць старыя рэаліі, то адпаведна і ў мове ўвесь час узнікаюць новыя словы і выходзяць з ужытку старыя. Падлічана, што за адно тысячагоддзе слоўнікавы склад мовы змяняецца прыкладна на 80 %.

Слова – галоўная адзінка мовы, якая называе прадметы, якасці, уласцівасці або паказвае на адносіны паміж імі. Асноўная функцыя слова – намінатыўная, г.зн. слова называе канкрэтныя прадметы (дрэва, кніга), адцягненыя паняцці (радасць, мысленне), дзеянні (бегчы, будаваць), стан

(спаць, радавацца), якасці (добры, вялікі) і інш.

Словы, якія маюць лексічную самастойнасць – г.зн. называюць прадметы, прыметы, дзеянні або ўказваюць на іх і з’яўляюцца членамі сказа, называюцца самастойнымі, або знамянальнымі. Словы, у якіх лексічнае значэнне аслабленае або зусім адсутнічае, членамі сказа не з’яўляюцца; такія словы выкарыстоўваюцца для сувязі слоў, сказаў або частак сказаў і называюцца службовымі, або незнамянальнымі.

Лексічнае значэнне слова – гэта яго змест, адлюстраванне ў слове той або іншай з’явы рэчаіснасці (газета – перыядычнае друкаванае выданне інфармацыйнага характару; легенда – паданне пра пэўную асобу, гістарычную падзею). У аснове назвы ляжыць пэўная характэрная прымета: якасць (вясёлка – вясёлы; снежань – снежны), дзеянне (знічка – знікаць; грымоты – грымець),

месца знаходжання (баравік – у бары). Калі гэтая прымета адчуваецца, бачыцца, слова называецца матываваным (баравік, рыжык, снягір); калі прымета страцілася, слова называецца нематываваным (сонца, рука, лета,

дождж).

Важна: лексічнае значэнне слова з цягам часу можа змяняцца. Так, слова госць у старажытнай беларускай мове мела значэнне “купец”; дзеяслоў гасціць абазначаў “гандляваць”. У сучаснай беларускай мове госць “запрошаная

2

асоба”, а старое значэнне захавалася ў слове гасцінец “дарога” (даўней –

“гандлёвы шлях”).

Акрамя лексічнага, слова мае яшчэ граматычнае значэнне, якое ўласціва не кожнаму асобнаму слову, а цэлым класам слоў. Граматычнае значэнне паказвае, што слова належыць да пэўнай часціны мовы, можа ці не можа змяняцца, у якой форме ўжыта, можа ці не можа ўдзельнічаць у словаўтварэнні (дарога – назоўнік у форме адзіночнага ліку жаночага роду назоўнага склону 1-га скланення).

Словы, якія маюць адно лексічнае значэнне, называюцца адназначнымі. Да іх адносяцца навуковыя тэрміны (ангіна, дзеяслоў, алгарытм), а таксама некаторыя словы з канкрэтным значэннем (запалка, коўдра, брусніцы, баравік). Усе адназначныя словы ўжываюцца з прамым значэннем, якое непасрэдна звязана з адлюстраваннем у нашай свядомасці з’яў рэчаіснасці.

Мнагазначныя словы (якіх у лексіцы значна больш у параўнанні з адназначнымі) маюць больш як адно значэнне. У мнагазначных словах, акрамя аднаго ці некалькіх прамых значэнняў, могуць быць і пераносныя значэнні – г.зн. такія, якія ўзніклі ў слове ў выніку пашырэння першапачатковага значэння пры пераносе якасці, уласцівасці аднаго прадмета на другі. Напрыклад, слова

плод мае наступныя значэнні: “1. Частка расліны, якая развіваецца з завязі і змяшчае ў сабе насенне (ядомыя плады); 2. Зародак чалавека, жывёлы ва ўлонні мацеры; 3. перан. Прадукт якой-небудзь дзейнасці, вынік чаго-небудзь (плады творчай працы).” Здольнасць слова мець не адно, а некалькі значэнняў называюць мнагазначнасцю; мнагазначнасць развіваецца звычайна на аснове падабенства ці сумежнасці названых словам прадметаў і з’яў рэчаіснасці.

Амонімы – два ці больш слоў, якія гучаць аднолькава, але маюць розныя значэнні (юшка = “металічны кружок, якім закладваюць адтуліну ў коміне” і юшка = “страва са свежай рыбы”). Узнікаюць амонімы рознымі шляхамі. Значная іх частка з’явілася ў выніку гукавога супадзення розных слоў

(ласка = “невялікі драпежны звярок з тонкім гібкім целам” і ласка = “выражэнне любові, пяшчоты). З’ява аманіміі назіраецца і ў выпадку гукавога супадзення слоў беларускіх паводле паходжання і запазычаных (бор = “стары густы сасновы лес” і бор [ад лац. borax] = “хімічны элемент”). Аманімічнымі бываюць словы, запазычаныя ў беларускую з розных моў, якія ў нашай мове вымаўляюцца аднолькава (грыф [грэч. gryps] = 1. драпежная птушка; 2. міфалагічная крылатая істота з тулавам ільва і галавой арла; грыф [ням. Griff] = “доўгая вузкая пласцінка ў музычным інструменце”; грыф [франц. griffe] = 1. штэмпель; 2. афіцыйны надпіс на дакуменце або выданні).

Важна: адзін са шляхоў узнікнення амонімаў – разыходжанне значэнняў мнагазначнага слова з прычыны страты ўнутранай сувязі паміж імі. Працэс разыходжання значэнняў мнагазначнага слова працяглы, і не заўсёды лёгка вызначыць, існуе сувязь паміж значэннямі ці ўжо страцілася; такія словы падчас у адных тлумачальных слоўніках падаюцца як мнагазначныя і тлумачацца ў адным слоўнікавым артыкуле, а ў другіх – як аманімічныя і тлумачацца ў розных слоўнікавых артыкулах (гл. тлумачэнні слова “вал”).

Сярод амонімаў вылучаюць наступныя групы:

3

а) лексічныя амонімы – гэта словы, якія адносяцца да адной часціны мовы, супадаюць напісаннем і гучаннем ва ўсіх формах поўнасцю (метрыка = “вучэнне пра вершаскладанне і памер верша ў літаратуразнаўстве” і метрыка = “выпіска з метрычнай кнігі аб даце нараджэння, пасведчанне аб нараджэнні”) або часткова (кар’ер = “бег каня” і кар’ер = “месца здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам”; у родным склоне гэтыя словы маюць неаднолькавыя канчаткі);

б) марфалагічныя амонімы, або амаформы – словы, якія адносяцца да розных часцін мовы, супадаюць гучаннем і напісаннем у адной ці некалькіх формах (вусны як назоўнік са значэннем “губы” і вусны як прыметнік са значэннем “не пісьмовы”);

в) фанетычныя амонімы, або амафоны – гэта словы, якія гучаць аднолькава, але пішуцца па-рознаму (плод і плот, везці і весці, колас і Колас,

кот і код);

г) графічныя амонімы, або амографы – гэта словы, якія пішуцца аднолькава, але адрозніваюцца ў вымаўленні месцам націску (музыка і музыка,

капаць і капаць, кара і кара).

Сінонімы – гэта словы, якія абазначаюць адно паняцце, але адрозніваюцца адценнямі значэння ці стылістычнай афарбоўкай, гучаннем і напісаннем (звычай – традыцыя, звычка, завядзёнка). Два ці больш сінонімаў утвараюць сінанімічны рад (адважны – смелы, мужны, храбры, бясстрашны, гераічны, геройскі, рашучы, доблесны). Першае месца ў сінанімічных радах заўсёды займае асноўнае, апорнае, найбольш ужывальнае слова (дамінанта), якое можна выкарыстоўваць у любым стылі мовы; яно выражае тое агульнае паняцце, якое абазначаюць усе словы ў сінанімічным радзе. Сінонімы робяць нашу мову больш вобразнай, трапнай, багатай, дазваляюць пазбягаць частага паўтарэння ў сказах адных і тых жа слоў.

Паводле спосабаў узнікнення і ўжывання ў мове сінонімы падзяляюцца на наступныя групы:

а) семантычныя – тыя, якія адрозніваюцца сэнсавымі адценнямі значэння, яны могуць ужывацца без абмежаванняў у любым стылі мовы

(гаварыць, размаўляць, казаць);

б) стылістычныя – тыя, якія маюць розную стылістычную афарбоўку; кожны стылістычны сінонім адносіцца да гутарковага або кніжнага стылю мовы і выражае адносіны аўтара да выказвання (вайсковец, ваяка, ратнік, віцязь). Да стылістычных сінонімаў належаць таксама эўфемізмы – словы і выразы, якія замяняюць выказванні, што гучаць груба або выклікаюць непажаданыя эмоцыі (Дзед слабеў і траціў сілы, круг жыцця ён замыкаў і ступаў на край магілы, хлопец круг свой пачынаў... Перацёр век дзед бязродны, ціха жыў, цішэй сканаў, і ніхто ў пясок халодны слёз гарачых не раняў.– Я.Колас);

в) семантыка-стылістычныя, якія адрозніваюцца і сэнсам, і стылістычнай афарбоўкай; гэта значная ў колькасных адносінах група сінонімаў, таму што словы, якія адрозніваюцца стылістычна, часта маюць і пэўныя адрозненні ў значэннях (Праходзяць дарогай мужчыны, а бацька звярнуў – праз выган

4

прастуе да лазні.– В.Зуёнак).

Важна: паміж большасцю слоў сінанімічныя адносіны склаліся даўно; такія сінонімы выкарыстоўваюцца традыцыйна, называюцца моўнымі і ўключаюцца ў спецыяльныя слоўнікі. У мастацкай літаратуры, публіцыстыцы, гутарковай мове часта сінанімізуюцца лексічныя адзінкі, якія не маюць сэнсавай сувязі і збліжаюцца толькі ў пэўным кантэксце; гэта сінонімы

маўлення, або кантэкстуальныя, аўтарскія сінонімы (Усё вакол цёмнае, чорнае, нямое і глухое.– В.Карамазаў).

Антонімы – гэта пары слоў адной часціны мовы з процілеглым значэннем (назоўнікі: святло – цемра, радасць – смутак; прыметнікі: гарачы – халодны, дзікі – свойскі; дзеясловы: гарэць – гаснуць, даганяць – уцякаць;

прыслоўі: позна – рана, там – тут, блізка – далёка). З дапамогай антонімаў супастаўляюць якасці або ўласцівасці (салодкі – горкі), дзеянні (будаваць – разбураць), стан чалавека або прыроды (здароўе – хвароба, святлець – цямнець), адрэзкі часу (дзень – ноч), прасторавыя паняцці (блізкі – далёкі) і інш. Пры гэтым трэба памятаць, што словы з канкрэтным прадметным значэннем, вузкаспецыяльныя тэрміны, уласныя імёны, лічэбнікі, часціцы, злучнікі і выклічнікі антанімічных пар не ўтвараюць. Паводле структуры антонімы падзяляюцца на аднакаранёвыя (вясёлы – невясёлы) і рознакаранёвыя (друг – вораг). Мнага-значныя словы могуць утвараць некалькі антанімічных пар, суадносных з кожным значэннем мнагазначнага слова (кароткі – доўгі [сук],

кароткі – высокі [чалавек], кароткі – шматслоўны [выклад]).

У мастацкіх і публіцыстычных творах выкарыстоўваюцца падчас кантэкстуальныя антонімы – словы і спалучэнні слоў, супрацьлегласць якіх выяўляецца толькі ў кантэксце (Прымхі, забабоны, усякая іншая чамярыца ў свядомасці чалавека не можа ўжывацца разам з навукамі, адукацыяй, кнігай, газетай.– М.Лынькоў).

Паронімы – гэта часцей за ўсё аднакарэнныя словы з падобным гучаннем, але рознымі значэннямі (пісьменны – “які ўмее чытаць і пісаць” і

пісьмовы – “напісаны або прызначаны для пісьма”). Паронімамі бываюць назоўнікі (нявеста – нявестка), прыметнікі (ласкавы – ласкальны), дзеясловы

(чырванець – чырваніць). Паранімічнымі парамі выступаюць як спрадвечна беларускія словы (сыты – сытны), так і запазычаныя (абанент – абанемент). Дакладныя лексічныя значэнні паронімаў падаюцца ў тлумачальных слоўніках і ў спецыяльных даведніках.

Фразеалагізмы

Спалучэнні слоў (словазлучэнні, сказы) па ступені ўстойлівасці падзяляюцца на свабодныя і звязаныя. Словазлучэнні, якія ствараюцца непасрэдна ў момант гутаркі з асобных слоў, называюцца свабоднымі, або няўстойлівымі; акрамя такіх словазлучэнняў, у мове ёсць устойлівыя, якія называюцца фразеалагізмамі, або фраземамі.

Фразеалагізмы маюць некаторыя агульныя рысы і са словам, і са свабодным словазлучэннем. Знешне фразеалагізм падобны да словазлучэння, складаецца з некалькіх слоў. У той жа час фразеалагізмы, як і словы, выражаюць адно паняцце і маюць адзінае лексічнае значэнне (“вывесці на

5

чыстую ваду” = выкрыць чыйсьці непрыстойны ўчынак); часта фразеалагізмы знаходзяцца ў сінанімічных адносінах з асобнымі словамі (“зарубіць на носе” = паведаміць); нягледзячы на колькасць слоў, з якіх складаюцца, з’яўляюцца адным членам сказа. Шматлікія свабодныя словазлучэнні, набываючы пераноснае значэнне, станавіліся фразеалагізмамі; пры гэтым словы ў іх паступова трацілі свае лексічныя значэнні і набывалі адзінае (“круціцца як вуж” = хітрыць).

Многія фразеалагізмы маюць эмацыянальную афарбоўку, перадаюць розныя стылістычныя адценні (“залатыя рукі” – адценне адабрэння; “задзіраць нос” – адценне асуджэння, іроніі і г.д.). Літаральны пераклад фразеалагізмаў на іншую мову, нават блізкую, падчас немагчымы; у такім выпадку трэба шукаць адпаведны або вельмі блізкі выраз (“абое рабое” = “два сапога пара”, “казу пасвіць” = “плестись в хвосте”, “у віры на калу” = “у черта на куличках”).

Аднак у беларускай і рускай мовах нямала і агульных фразеалагізмаў, таму што гэтыя мовы маюць агульнае паходжанне (параўн.: “набіць руку” і “набить руку”, “сесці ў лужыну” і “сесть в лужу”).

Асноўнай крыніцай беларускай фразеалогіі з’яўляецца жывая народная мова (“дзесятаму заказаць”, “ад відна да відна” і інш.). Сталі фразеалагізмамі і некаторыя прафесіянальныя выразы (“не класці ў рот пальцы” – ад жывёлаводаў; “мераць на свой аршын” – ад гандлёвых работнікаў). Пэўная колькасць фразеалагізмаў прыйшла ў беларускую мову з іншых славянскіх

(“пайшла пісаць губерня”, “казанская сірата” – з рускай) ці неславянскіх

(“агнём і мячом” – з грэчаскай; “пятая калона” – з іспанскай) моў. Галоўная функцыя фразеалагізмаў – упрыгожваць гаворку, рабіць яе больш трапнай.

Да фразеалагізмаў прымыкаюць: прыказкі і прымаўкі (трапныя народныя выслоўі з павучальным зместам – “век жыві і век вучыся”, “без працы не будзе шчасця”), крылатыя фразы і афарызмы (трапныя вобразныя выслоўі пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў: “А ўсё ж такі круціцца” – Галілей;

“Мой родны кут, як ты мне мілы” – Я.Колас).

Важна: вылучаюцца ў мове таксама перыфразы – апісальныя назвы асобных прадметаў, прымет, дзеянняў (“другі хлеб” = бульба, “беларускі шоўк” = лён і г.д.). Такія выразы па-за кантэкстам з’яўляюцца свабоднымі словазлучэннямі, якія толькі ў працэсе маўлення, у кантэксце прыпадабняюцца да фразеалагізмаў.)

Лексіка беларускай мовы паводле паходжання. Прыметы запазычанняў

Лексічны склад беларускай мовы фарміраваўся на працягу стагоддзяў, таму словы сучаснай беларускай літаратурнай мовы вельмі розныя па паходжанню і часу ўзнікнення:

Лексіка беларускай мовы паводле паходжання

Спрадвечна беларуская лексіка

Запазычаная лексіка

агульнаславянскі

усходнеславянскі

уласнабеларускія

са славянскіх

з неславянскіх

я

я словы

словы

моў

моў

словы

 

 

 

 

6

Агульнаславянскія, усходнеславянскія і ўласнабеларускія словы складаюць аснову сучаснай лексікі і называюцца спрадвечна беларускімі, бо яны існуюць у беларускай мове здаўна, спрадвеку, дасталіся сучаснаму лексікону па спадчыне.

Агульнаславянскія словы існавалі ў мове старажытных славян яшчэ ў перыяд агульнаславянскага адзінства (да VІ–VІІ стст.), перайшлі ў спадчыну да ўсходніх, заходніх і паўднёвых славянскіх плямён і зараз ужываюцца ў большасці сучасных славянскіх моў. Гэта назвы асоб (маці, сын, брат, дзед),

частак цела (галава, калена, валасы), свойскіх жывёл (авечка, карова, кабан, конь, каза), дзікіх звяроў (воўк, ліса, заяц), птушак (бусел, варона), пэўных прадметаў (калода, вулей, валун), раслін (асака, бяроза, ліпа), адцягненых паняццяў і з’яў прыроды (заўтра, імгла, агонь), дзеянняў і стану (гаварыць,

маўчаць, спаць, каваць, сеяць). Усходнеславянскія словы (VІ–XІV стст.) узніклі ўжо ў мове ўсходніх славян і з’яўляюцца агульнымі для беларусаў, рускіх і украінцаў, але не ўжываюцца ў мове заходніх і паўднёвых славян (пляменнік,

галка, каршун, кошка, снягір, вяроўка, буры, карычневы, цёмны, харошы, бурліць, кіпяціць, калыхнуць, сорак, дзевяноста, пасля і інш.). Уласнабеларускія

словы пачалі ўзнікаць у перыяд самастойнага існавання беларускай мовы (з ХІІІ–ХІV стст.) на базе мясцовых гаворак, а таксама ад агульнаславянскіх і ўсходнеславянскіх каранёў (адвячорак, адкуль, адпаведны, адпачываць, амаль, жыхар, зломак, малацьбіт, спадчына, дапаможнік, практыкаванне, араты, апрануць і інш.).

Акрамя спрадвечна беларускай лексікі, у нашай мове шмат слоў, запазычаных з іншых моў. Адны з запазычаных слоў трапілі ў беларускую мову непасрэдна з іншых моў, другія прыйшлі праз суседнія мовы – рускую, польскую або ўкраінскую.

Адрозніваюць два тыпы запазычанняў: са славянскіх моў і з неславянскіх моў. Славянскія запазычанні – гэта словы, якія прыйшлі ў беларускую мову: з польскай (слодыч, маёнтак, тлусты, пагарда, братэрскі) і

праз польскую з нямецкай (ганак, гатунак, гвалт, гетман, дрот); з рускай

(аплот, ачаг, дзекабрыст, зводка, подзвіг, саюз, савет); з украінскай (варэнікі,

хлебароб) і праз украінскую з цюркскіх (кавун, гайдамак). Неславянскія запазычанні – гэта словы, якія ўвайшлі ў лексіку нашай мовы: з літоўскай

(венцер, гірса, дойлід, клуня, пуня, свіран); з татарскай (арда, аер, базар, аркан, барсук, буланы, гарбуз, кандалы, буран, бурда); з грэчаскай (арыфметыка, матэматыка, бібліятэка, космас, кіт, кедр, кіпарыс, Аляксандр, Андрэй, Галіна, Дзмітрый, Леанід, Мацвей, Пётр, Соф’я, Фёдар, Філіп); з лацінскай (алей, апарат, аратар, арэнда, аўтар, атэстат, гумар, водар, воцат, гонар, колер, Валянцін, Віктар, Клара, Канстанцін, Максім, Раман, Павел); з нямецкай (абзац, аканом, архіў, бутэрброд, бухта, гальштук, гаўптвахта, бухгалтар, дах, друк, каўнер, курорт, ланцуг, цэгла); з французскай (батон, бензін, басейн, бліндаж, буржуа, метро, кафэ); з англійскай (байкот, лідэр, докер, браўнінг, баксёр); з галандскай (гавань, матрос, лоцман, шлюпка); з італьянскай (брава, лібрэта, піяніна, тэнар, віла, газета, вермішэль, макароны); з іспанскай (кастаньеты, каньён, кафетэрый); з венгерскай (гайдук, гуляш, гусар, бекеша);

7

з фінскай, комі (морж, нерпа, пельмені, пурга, тундра); з японскай (дзюдо, кімано, рыкша, тайфун) і інш.

Важна: асобную групу сярод запазычанняў складаюць інтэрнацыянальныя словы – г.зн. міжнародныя словы, запазычаныя пераважна з класічных старажытных грэчаскай і лацінскай моў. Інтэрнацыянальнымі лічацца агульнавядомыя грамадска-палітычныя, эканамічныя, тэхнічныя,

навуковыя тэрміны (цывілізацыя, партыя, рэвалюцыя, мітынг, банк, крэдыт, працэнт, індустрыя, экспарт, гісторыя, культура, касманаўтыка, магнітафон, тэлевізар, аўтамабіль, гелій, спорт).)

Значная частка запазычаных слоў паступова асвоілася беларусамі, увайшла ў склад агульнаўжывальнай лексікі і перастала ўспрымацца як лексіка іншамоўная (агурок – з грэч., базар – з цюрк., бульба – з лац.). Аднак шматлікія словы іншамоўнага паходжання ў беларускай мове захавалі пэўныя фанетыкамарфалагічныя асаблівасці, па якіх можна вызначыць запазычанае слова і нават меркаваць, з якой менавіта мовы яно прыйшло.

Асноўныя прыметы запазычаных слоў: наяўнасць у слове ф (фарба,

шафа, фасоля, Фёдар, Соф’я); пачатковыя э, о і непрыставачнае а (эра, Эма, ода, опера, атака, Аляксей); спалучэнні ге, ке, хе ў корані (агент, кельма, схема, Яўген); спалучэнні бю, вю, кю, мю, пю, фю ў корані (бюро, рэвю, кювет,

капюшон, камюніке); спалучэнні двух галосных у корані (аул, ідэал, дуэт, гуаш); цвёрдасць зычных д, т у спалучэннях дэ, ды, тэ, ты (дэтэктыў,

дывідэнд, дыфтэрыя, дыван, дысцыпліна, медыцына, Атэла, Адэса, тыгр); прыстаўкі а-, ант(ы)-, архі-, контр-, рэ-, дэ-, дыс-, амфі- (амаральны, антыцыклон, архіважны, контрмера, рэфармацыя, дэгазацыя, дыспрапорцыя, амфітэатр); суфіксы -ізм/-ызм, -іст/-ыст, -ір/-ыр і інш. (арганізм, сацыяліст, капіраваць).

Лексіка агульнаўжывальная і абмежаванага ўжывання. Актыўная і пасіўная лексіка

Паводле сферы ўжывання адрозніваецца лексіка агульнаўжывальная (словы, якімі карыстаюцца ўсе носьбіты мовы) і лексіка абмежаванага ўжывання (словы, якімі карыстаюцца толькі асобныя групы насельніцтва). Пераважаюць у мове словы агульнаўжывальныя, яны складаюць большасць слоў кожнай часціны мовы (гаворка, гай, дзверы, жнівеньскі, лагодны, кароткі, дзевяты, пятнаццаць, шэсцьдзесят, я, мы, каторы, гаварыць, радавацца, спачуваць і інш.). Да лексікі абмежаванага ўжывання належаць словы дыялектныя, спецыяльныя, жаргонныя.

Дыялектнымі называюцца словы, якія ўжываюцца ў адной гаворцы, групе гаворак ці дыялекце і адрозніваюцца ад агульнаўжывальных лексічнымі, фанетычнымі або граматычнымі асаблівасцямі (запан = “фартух”, чыравікі = “чаравікі”, цяртуха = “тоўчаная бульба”, абножыцца = “натаміць ногі”, надпісык = “адрас на пісьме”, тутацька = “тут” і інш.). Дыялектныя словы ў мове насельніцтва пэўнай мясцовасці выконваюць намінатыўную функцыю, з’яўляюцца стылістычна нейтральнымі. Калі дыялектныя словы пераносяцца ў

8

літаратурную мову (пераважна мастацкіх, публіцыстычных твораў), іх называюць дыялектызмамі; у мастацкім творы дыялектызмы выконваюць, акрамя намінатыўнай, стылістычную ролю – г.зн. з’яўляюцца сродкам моўнай характарыстыкі персанажаў, стварэння пэўнага каларыту.

Да спецыяльных слоў адносяць навуковыя тэрміны і прафесіяналізмы.

Навуковыя тэрміны з’яўляюцца назвамі спецыяльных паняццяў пэўнай сферы навукі, мастацтва, вытворчасці. Сярод іх вылучаюцца тэрміны

вузкаспецыяльныя (гравіметрыя, дыхатамія, ідэаграфія, літаграфія, прэзумпцыя, стагнацыя, фітацэноз) і агульназразумелыя (атмасфера, гравюра, дантыст, імпульс, сертыфікат, сюжэт, фламінга, гладыёлус). Да тэрмінаў блізкія прафесіяналізмы – г.зн. словы, якія выкарыстоўваюць людзі пэўных прафесій (цукроза = “вуглявод у цукраносных раслінах”, цэйтнот = “недахоп часу на абдумванне чарговага ходу ў шахматах, шашках”, шпандыр = “шавецкі рэмень”). Сярод прафесіяналізмаў ёсць шэраг слоў, што ўдакладняюць, дэталізуюць назвы прадметаў, якія ў агульнаўжывальнай мове маюць больш агульныя назвы, таму прафесіяналізмы, у адрозненне ад тэрмінаў, могуць мець сінонімы (рубанак, шархебель, фуганак, адборнік).

Жаргонныя словы ўжываюцца ў гутарковай мове людзей, аб’яднаных сумесным заняткам, агульнымі інтарэсамі; ёсць жаргон паляўнічых, студэнтаў, спартсменаў і інш. Жаргонная лексіка – гэта пераасэнсаваныя, метафарызаваныя, часам фанетычна скажоныя словы літаратурнай мовы (аўтамат = “залік за працу на практычных занятках”, тачка = “аўтамашына”, хвост = “акадэмічная запазычанасць”, класна, клёва = “вельмі добра”). Жаргонныя словы і выразы заўсёды экспрэсіўныя, маюць адценне грубасці; у мастацкіх і публіцыстычных творах яны ўжываюцца як стылістычны сродак для рэалістычнай абмалёўкі людзей пэўных сацыяльных і ўзроставых груп.

Актыўная і пасіўная лексіка

На кожным этапе развіцця мовы суіснуе лексіка актыўная (словы, якія ведаюць і актыўна ўжываюць усе носьбіты мовы) і пасіўная (словы, зразумелыя для большасці носьбітаў мовы, але яны ўжываюцца рэдка і захоўваюць адценне ўстарэласці або навізны).

Устарэлымі лічацца словы, што ў сучаснай беларускай мове выйшлі з актыўнага выкарыстання. Сярод іх вылучаюцца гістарызмы і архаізмы. Гістарызмы – гэта назвы пэўных прадметаў, з’яў мінулых эпох (кальчуга,

пішчаль, калчан, бурмістр, гайдук); гістарызмы не маюць сінонімаў і ўжываюцца як нейтральныя словы ў навуковай, вучэбнай і мастацкай літаратуры пры апісанні старажытнасці, тлумачэнні гістарычных падзей. Архаізмы – гэта старыя назвы сучасных прадметаў і з’яў (раць = “войска”, чало = “лоб”, перст = “палец”, віж = “шпіён”, міжбой = “дуэль”). Архаізмы з’яўляюцца адным са стылістычных сродкаў мовы, у мастацкіх і публіцыстычных творах яны дазваляюць больш ярка перадаць гістарычны каларыт эпохі, стылізаваць мову персанажаў, могуць выкарыстоўвацца як сродак стварэння камічнага і сатырычнага; архаічнае слова заўсёды мае сінонім

(атрамант = “чарніла”, отрак = “сын”, атракавіца = “дачка”, длань = “рука”).

Неалагізмы – гэта словы, якія называюць новыя паняцці з розных сфер

9

дзейнасці чалавека; кожная мова на працягу свайго развіцця няспынна папаўняецца неалагізмамі. Асабліва шмат новых слоў паяўляецца ў сувязі з вялікімі сацыяльна-палітычнымі зрухамі, са зменамі ў вытворчасці, навуцы, мастацтве. Калі з’ява, якую абазначае неалагізм, страчвае актуальнасць, то і само слова паступова пачынае ўспрымацца як устарэлае (рабфак, кулак, серадняк, вылучэнец). Калі новае слова адпавядае законам мовы, а з’ява, якую гэта слова называе, жывая, то яно вельмі хутка перастае ўспрымацца як неалагізм і пераходзіць у разрад агульнаўжывальных слоў, што з цягам часу нават узаконьваецца слоўнікамі літаратурнай мовы (алгарытм, біяполе, інтэрпол, джынсы, публічнасць). Акрамя новых слоў, утвораных ад каранёў роднай мовы або запазычаных з іншых моў, сучасная беларуская літаратурная мова папаўняецца аўтарскімі неалагізмамі, якія належаць пісьменнікам, вучоным, грамадскім дзеячам; пры гэтым частка такіх слоў робіцца здабыткам беларускай літаратурнай мовы і атрымлівае шырокае ўжыванне, а частка не выходзіць за межы таго твора, у якім новае слова было ўжыта ўпершыню.

Лексікаграфія. Тыпы слоўнікаў

Лексікаграфія (ад грэч. lexikon = “слоўнік” і grapho = “пішу”) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаецца тэорыя і практыка складання слоўнікаў. Шматлікія і разнастайныя слоўнікі і энцыклапедыі з’яўляюцца на сённяшні дзень адным з найбольш універсальных спосабаў захоўвання назапашаных чалавецтвам ведаў.

Урозных народаў шлях ад з’яўлення першых рукапісных слоўнічкаў да распрацоўкі сучасных шматтомных друкаваных слоўнікаў і электронных тэзаўрусаў складваўся па-свойму. Беларуская лексікаграфія вылучае 3 этапы ў развіцці слоўнікавай справы на Беларусі: даслоўнікавы, ранні слоўнікавы і перыяд развітой лексікаграфіі.

Упершы перыяд (ХІІІ–ХV стст.) былі выпрацаваны толькі асобныя элементы будучых слоўнікаў. Так сталася, што ў адрозненне ад большасці еўрапейскіх краін, дзе функцыі канфесійнай мовы выконвала латынь, асноўным сродкам пашырэння хрысціянства (а з ім і пісьменства) на ўсходнеславянскім моўным абшары была стараславянская (царкоўнаславянская) кніжна-пісьмовая мова. Нягледзячы на значную блізкасць стараславянскай і старабеларускай моў, не ўсе царкоўнаславянскія словы былі зразумелыя нашым продкам. Таму на палях і непасрэдна ў тэксце кніг перапісчыкі змяшчалі так званыя глосы – пераклады ці апісальныя тлумачэнні сродкамі роднай мовы незразумелых слоў. Значнае пашырэнне сярод усходнеславянскіх кніжнікаў набылі глосы, створаныя Ф.Скарынам, В.Цяпінскім, С.Полацкім і інш. Такім чынам, асноўнай функцыяй даслоўнікавага перыяду было тлумачэнне незразумелых слоў з дапамогай глосаў.

Наступны перыяд пачынаецца тады, калі назапашаныя шматвяковай практыкай перапісвання кніг шматлікія глосы дзеля зручнасці збіраюцца ў спецыяльныя рукапісныя зборнікі – гласарыі, якія ў той час называліся яшчэ лексіконамі, лексісамі і інш. Гісторыя захавала звесткі пра рукапісны

10

“Лексікон” С.Буднага, “Лексіс з талкаваннем славенскіх моў проста” (пытанне пра аўтарства пакуль адкрытае), якія датуюцца другой паловай ХVІ ст. Першым друкаваным слоўнікам усходніх славян з’яўляецца “Лексіс” Л.Зізанія, выдадзены ў Вільні ў 1596 г. як дадатак да царкоўнаславянскай граматыкі; усяго ў рэестры слоўніка Л.Зізанія змешчана 1061 слова. Яшчэ паўнейшы “Лексікон славенароскі”, выдадзены ў 1627 г. П.Бярындам; рэестр гэтага слоўніка налічвае 6982 словы.

Трэці перыяд пачынаецца ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. У гэты час у слоўніках праяўляюцца нарматыўныя (стылістычныя, граматычныя) параметры, з дапамогай якіх ажыццяўляецца апісанне і ўпарадкаванне нацыянальнай мовы з мэтай павышэння моўнай культуры яе носьбітаў. Пачаткам гэтага этапу прынята лічыць “Слоўнік беларускай мовы” І.І.Насовіча, выдадзены ў 1870 г. Імператарскай Акадэміяй навук. Увабраўшы ў рэестр больш за 30 тысяч слоў, гэты слоўнік мае універсальны характар – у ім прысутнічаюць рысы тлумачальнага, перакладнога, дыялектнага, этымалагічнага слоўніка.

Яшчэ больш слоўнікавая праца на Беларусі актывізавалася пасля стварэння БССР і абвяшчэння беларускай мовы дзяржаўнай. Так, на працягу 20-х гадоў ХХ ст. было выдадзена каля сотні перакладных, тэрміналагічных, дыялектных і іншых слоўнікаў роднай мовы, сярод якіх такія грунтоўныя лексікаграфічныя працы, як “Практычны расійска-беларускі слоўнік” М.Я.Байкова і М.І.Гарэцкага (1924 г.), “Беларуска-расійскі слоўнік” і “Расійскабеларускі слоўнік” М.Я.Байкова і С.М.Некрашэвіча, 24 слоўнікавыя выпускі “Беларускай навуковай тэрміналогіі” (1922–1930 гг.) і інш.

Тыпы слоўнікаў

Паводле адбору слоў, мэт і спосабаў іх апісання ўсе слоўнікі падзяляюцца на два тыпы – энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

У энцыклапедычных (грэч. enkyklopaideia = “кола ведаў”) слоўніках, або энцыклапедыях, даюцца навуковыя звесткі пра гісторыю, прыроду, насельніцтва, выдатных дзеячаў, эканоміку, навуку, асвету, культуру, мастацтва, літаратуру. У энцыклапедыях апісваюцца прадметы, з’явы, якія абазначаюцца словамі; звычайна гэта назоўнікі (агульныя і ўласныя, часткова тэрміны). Энцыклапедыі як слоўнікі даведачнага характару бываюць аднатомныя і шматтомныя, усеагульныя і галіновыя; словы ў іх размяшчаюцца ў алфавітным ці тэматычным парадку. Усеагульныя энцыклапедыі даюць абагульненыя звесткі па ўсіх галінах ведаў і дзейнасці чалавецтва: “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” ў 12-ці тамах (з 1969 г.), “Беларуская Энцыклапедыя” ў 18-ці тамах (з 1996 г.) і інш. Галіновыя энцыклапедыі – гэта даведнікі па асобных галінах навукі, тэхнікі, літаратуры, мовы, мастацтва: “Энцыклапедыя прыроды Беларусі” ў 5-ці тамах (з 1983 г.), “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” ў 6-ці тамах (з 1993 г.), “Археалогія і нумізматыка Беларусі” (1993 г.), “Беларуская мова” (1994 г.) і інш.

Лінгвістычныя (лац. lingua = “мова”) слоўнікі апісваюць значэнні слоў, іх ужыванне, напісанне, вымаўленне, утварэнне, паходжанне. Словы падаюцца ў алфавітным парадку, пры іх ёсць граматычныя і стылістычныя паметы. Лінгвістычныя слоўнікі бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]