2 Вобраз інтэлігента ў творчасці шамякіна 90 гадоў 20 ст.
Сусветная літаратура, у тым ліку і беларуская, заўсёды скіроўвалася да сацыяльна значных праблем і маральных пытанняў чалавечага быцця. Канец 20 - пачатак 21 ст. не з’яўляецца ў гэтым сэнсе выключэннем. На працягу цэлых дзесяцігоддзяў актыўным мастацкім летапісцам часу, распрацоўшчыкам новых тэм і сацыяльных вобразаў-тыпаў па праву з’яўляецца І. Шамякін, які так тлумачыў сваю адданасць сучаснай тэме: “Калі мы будзем імкнуцца адысці на нейкую адлегласць, чакаць, калі ўсё супакоіцца, стабілізуецца, а не ісці па гарачых слядах, не думаю, што з’явяцца глыбокія творы пра сённяшняе жыццё. Я ніколі не быў прыхільнікам “тэорыі дыстанцыі”. Ні Гогаль, ні Тургенеў, ні Дастаеўскі, ні Купала, ні Колас яе не прытрымліваліся”. [7, с. 100].
Адлюстраванне падзей і рэалій, актуалізацыя надзенных праблем мае сацыяльна-мастацкую каштоўнасць, бо пісьменнік стварае партрэт часу, паказвае асобу ў інтэр’еры сваёй эпохі. Аднак у крытычную, пераломную эпоху асаблівае, нават першаступеннае значэнне ў творчасці пісьменніка набылі “духоўная напружанасць… напружанасць быцця, светаадчування, думкі, страсцей яго герояў”. [8, с. 3]. У лепшых традыцыях гуманістычнай літаратуры І. Шамякін, рэагуючы на штодзённае, хутказменлівае, плыннае, імкнецца найперш выявіць чалавечы змест быцця: ён найперш раскрывае маральныя дачыненні таго ці іншага героя з іншымі людзьмі, грамадствам, раскрывае ўнутраны стан, сацыяльна-этычныя паводзіны, светаадчуванне асобы.
Чалавек і сучаснасць - гэта праблема пастаянна знаходзілася ў цэнтры ўвагі І. Шамякіна. Постсавецкі час звязаны не толькі з разбурэннем міфаў і ілюзій у масавай свядомасці. Гэты час пачаўся з сацыяльна-грамадскай ломкі асноў быцця, што спарадзіла ў творчасці пісьменніка ўсхваляваныя публіцыстычныя размежаванні, палемічныя ацэнкі, шчырую грамадзянскую трывогу. І. Шамякін прапанаваў уласную мастацкую канцэпцыю чалавека і рэчаіснасці, суб’ектыўную, а ў многім і аб’ектыўную, версію падзей, існавання асобы ў грамадстве. “Чалавецтва ў сваім развіцці пайшло не па той дарозе” [8, с. 4]., - такой думкі прытрымліваецца пісьменнік і даводзіць, што сучаснае грамадства аддаляецца ад ідэі каштоўнасці чалавечага жыцця, роўнасці людзей і чалавечага братэрства. Карэнным чынам абнавіўся, імкліва пашырыўся сацыяльны тыпаж герояў у шамякінскай прозе 90 г. новыя вобразы дало само жыццё.
Іван Шамякін стварыў галерэю дэгенератыўных тыпаў: гэта камерсант, уладальнік булачнай, які застраліў дзіця. Цынічны пракурор Якімнін бярэ хабар, каб закрыць Анкудаву крымінальную справу (“ Без пакаяння”); амаральны прыстасаванец і эгаіст Раман Юшкоўскі (“Падзенне”); Леанід Узёнак – прайдзісвет і хапуга (“Сатанінскі тур”); дэспат і чэрствы, бяздушны былы камуніст Валяр’янавы (“Палеская мадонна”); безразважная і жорсткая Арыядна, якая з хаўруснікам Феліксам Гольбахам тэрарызуе роднага бацьку багацея, каб той заплаціў за яе выкраданне выкуп (“Крывінка”); была камсамольскі лідар і пярэварацень Уладлен Супец (“Выкармак”) і інш. Страту маральнага імунітэту асобы раскрываюць словы з аповесці “Падзенне”: “Два дні баяўся, каб сумленне не штурхнула яго на неабычлівы крок. Не, трохі пасмактала душу, як дзіця пустышку, і …заснула – сумленне заснула” [9, с. 32]. Усе пералічаныя вобразы для празаіка па сутнасці антыгероі, антыподы яго аўтарскай філасофіі жыцця.
Але найбольш ярка выражана наступнае кола вобразаў –гэта вобраз інтэлігента.
Аповесці “Paradies auf Еrden” (рай на зямлі) ( 1992), “Вернісаж” (1992), “Адна на падмостках” (1993) аб’яднаны тэмай лёсу мастака ў сучасным грамадстве. Стаўленнем, адносінамі да пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў І.Шамякін правярае духоўную паўнацэннасць грамадства і ўвогуле дзяржавы. Недзе, магчыма, празаік гіпербалізуе, але робіць гэта, каб зазірнуць у наш заўтрашні дзень. У асноўных сваіх назіраннях і высновах ён не памыляецца: хоць жыццё цяжкае, час неспрыяльны, але нельга таптаць гонар і сумленне народа. Мастацтва і людзі мастацтва апынуліся на задворках сучаснасці, да іх сёння нікому няма справы. Таму Іван Андрэевіч, герой аповесці “Раradies auf erden”, замушаны гандляваць на праспекце аўтарскімі экзэмплярамі кніг, вядомы мастак Міхаіл Рачыцкі – прадаваць свае карціны ў замежжа (“Вернісаж”), а народная артыстка зноў просіцца выйсці на тэатральныя падмосткі, каб зарабіць на жыццё ( “Адна на падмостках”). Кожны з гэтых таленавітых людзей перажывае ўнутраную драму, бо востра адчувае несправядлівасць, расчалавечанасць свету, сябе ў ім няўтульна і бездапаможна. Гераіня аповесці “Адна на падмостках” лічыць, што “чым цяжэй нам жыць, тым дабрэйшыя мы павінны быць адзін да аднаго” [10, с. 186]. Аднак жаль ,час іншых людзей – маральна здрадлівых, хлуслівых, далёкіх ад ахвярнасці і патрыятызму. У вышэй згаданых творах пісьменніка паказаны такія персанажы, якія ўспрымаюцца як збіральна- абагульняльныя тыпы: гэта вербнікі, хіхелі, пяснярыкі… Ён не хаваў сваёй антыпатыі да іх. Нельга не пагадзіцца з І. Шамякіным і ў тым, што наш нацыянальны аптымізм ніколі нічога не будзе варты, калі мы не зменім сваіх падыходаў да асобы чалавека, таленту, мастацтва.
Ганебныя, прыкрыя з’явы нашай рачаіснасці паказаны і ў аповесці “Сатанінскі тур” (1993). Малады навуковец-філолаг Уладзіслаў ніколі не меў здольнасці да камерцыі. Аднак не ад добрага жыцця ён едзе ў Польшчу, каб там на базары прадаць прадукты харчавання і рэчы, што ашчадна собрала яго жонка Марына. Па дарозе здарылася трагедыя: вф Уладзіслава здало сэрца, і ён памёр. Але спадарожнікаў, якія ехалі разам з ім у аўтобусе, смерць не спыніла, не прымусіла адумацца і спытаць: “Што мы робім? Няўжо мы не людзі?” [11, с. 106]. Каб не прагарэў бізнес, не страціць грошы за аплачаную паездку, яны нястрымна кіруюцца да мэты – на Варшаўскі базар. Нябожчыка кладуць на задняе сядзенне, маскіруюць, укрываючы брызентам, і так перавозяць на той бок мяжы: “даўно вядома: сатанінская прапанова, задума штурхае людзей, паміма волі іх, на такое ж сатанінскае здзяйсненне” [11, с. 191]. Несумненна, што такія авантурысты і прайдзісветы, як арганізатар турпаездкі Лёня Узёнтак, сталі служкамі сатаны, бо выракліся сваёй чалавечай існасці. Пісьменнік выяўляе ўсю жахлівасць маральнай дэградацыі нашага грамадства, уражліва гаворыць і перасцерагае, што сёння людзі заражаны вірусам д’ябальскай слепаты, бяздушнасці. [11, с. 199].
Ігнат Андрэевіч Мятліцкі, герой аповесці “Пошукі прытулку” (1999) – доктар навук, акадэмік аграрнай акадэміі, былы дырэктар інстытута, які прайшоў шлях ад калгаснага агранома да вядучага вучонага-селекцыянера. Мятліцкі вывеў новыя гатункі бульбы, выдаў тры манаграфіі, у свой час, і з яго думкай лічыліся у навуковых колах, у міністэрстве, ва ўрадзе. Ён думаў і дбаў пра высокія ўраджаі, пра тое, каб накарміць людзей. У працы і клопатах прайшло жыццё і насунулася старасць. “Вучонасць не старэе. Вучоныя старэюць” - ,так кажа шамякінскій герой. [12, с. 56]. Ігнат Андрэевіч адчувае сябе адзінокім і непатрэбным, думае пра смерць. “А за пяць гадоў пенсіянерства забыліся,што не вельмі даўно быў такі нацыянальны вучоны. Праўда,за гэтыя гады свет перавярнуўся дагары нагамі…” [12, с. 58]. Ён, ужо нямоглы пенсіянер, шукае паратунак у працы : ” Ігнат Андрэевіч сеў за стол дапісваць артыкул пра раянаванне выведзеных іхнім інстытутам гатункаў бульбы. Даўно даводзіў, што не ўсе гатункі любяць адну і тую ж зямлю…Ведаў, што яго доказы павісалі ў паветры нават у савецкія часы. А цяпер?..Хто будзе чытаць ягоны артыкул і кіравацца ім?! Аднак пісаў. Праца – сіла, якая трымала на свеце і адганяла адчуванне марнасці, непатрэбнасці жыцця. А жыць яшчэ хацелася!” [12, с.77]. Згадайма, што працай заўсёды ратаваліся героі твораў Кузьмы Чорнага, Івана Мележа…Высілкі Мятліцкага інтэлектуальныя, аднак ён добра ведае, што такое сялянская праца, пастаянна працаваў на зямлі (і ў калгасах, і на доследных участках, і на дачы). Вучоны-аграрнік жыве думкай пра зямлю. Мятліцкі адчуў сябе зусім інакш, нават пачаў хадзіць без кійка, калі апынуўся ў тых мясцінах, якія некалі збудаваў сам, лазня з жарам і пахам свежай бярозы, сялянскія стравы…Тут,у вёсцы,ён хоць на нейкі час “набыў душэўную ўпэўненасць” [12, с. 93].. Эканамічныя веды Мятліцкага імкнецца скарыстаць дырэктар сельгасфірмы Кузьма Гайка. А яшчэ былі размовы з былой жонкай Марынай, вяскоўцамі, з якімі калісьці працаваў ці сустракаўся ў маладосці.
У горадзе Ігната агарнулі сум і адзінота не толькі таму, што ён адлучаны ад любімай справы і больш не запатрабаваны яго навуковы вопыт. У акадэміка Мятліцкага памерла другая жонка Ангеліна, якую кахаў і якая стварыла ўтульны, спрыяльны сямейны асяродак. Ігнат Андрэевіч застаўся дажываць век з сям’ёй свайго сына Андрэя, следчага пракуратуры. Па сутнасці, галоўная яго радасць і ўцеха – малая ўнучка Света. Здавалася б, чаго яшчэ жадаць яму, старому чалавеку? З адыходам жонкі памянялася ўспрыманне жыцця,усё стала не так,як было раней,яго прыгнечвае пытанне: “Каму патрэбны?” Мятліцкаму, як і многім старым людзям, не хапае цяпла, звычайнай чалавечай увагі, спагады. Сын і нявестка Паліна мала прыносілі радасці, былі занятыя сваімі справамі і клопатамі, заставаліся безуважнымі да старога бацькі, яго хвароб: ”Розумам Ігнат Андрэевіч усведамляў логіку дзяцей і не злаваўся на іх – дай Бог ім шчасця. Але ўсё ж было крыўдна! І каб менш думаць пра сваю няўтульную старасць, ён аглушаў сябе снатворным” [12, с. 102]. Падсумоўваючы жыццёвыя рахункі і вынікі, Мятніцкі губляе душэўны спакой, яго апаноўваюць бязрадасныя думкі: “Можа, вінаватыя не толькі смерць жонкі, старасць, але і развал таго, за што ваяваў, што будаваў усё сваё доўгае жыццё” [12, с. 156].. Ён пачынае шукаць прытулак і апірышча: перш наведвае сям’ю сваёй дачкі Тамары ад першага шлюбу, а затым едзе да былой жонкі Марыны, якая пасля іх разводу так і засталася ў вёсцы адна. “Я так не магу: каб на ўсё жыццё крыўда”, ”сэрца счарнее” [12, с. 170]. - , так сустракае яна Ігната Андрэевіча. Падчас сваёй вандроўкі ў вёску Мятліцкі думаў пра перажытае, спрабаваў зразумець памылкі і пралікі. Вяртаючыся ў горад, ён адчуў сябе вінаватым. Але ў чым – зразумець не мог. Жыццё яго пражыта так, як было наканавана лёсам, і нельга адкруціць час назад, каб вярнуцца ў маладосць ці штосьці памяняць. Дык хто ён, Ігнат Андрэевіч Мятліцкі? Відаць, не толькі былы франтавік, вучоны з пенсіянерскім статусам, непрыкаяны адзінотнік. Магчымыя і такія адказы: нявольнік сваёго лёсу і часу, чалавек, які стаўся на схіле жыцця, на вялікі жаль, лішнім.
Галоўны герой аповесці “Крывінка” (1997) Георгій Яўменавіч Галаван, прэзідэнт дзвюх фірмаў, “не жадаў быць камусці абавязаным, акрамя хіба сваіх блізкіх: дачцэ абавязаны – для яе жыве, працуе, будуе” [13, с. 52]. Бацька да бяспамяцтва любіць сваю Рыначку. Ён з дзяцінства пеставаў дачушку, і нават тады, калі ўжо пасталела і стала студэнткай лінгвістычнага універсітэта, даруе яе капрызы. Даючы волю гарэзлівай весялосці і вар’яцкай фантазіі, Арыядна спіхнула ў басейн госця – сябра сям’і Васіля Раманавіча Навагодава. Урачыснасць з нагоды асвячэння шыкоўнага катэжа была падпасавана. Свята, на якое прыйшлі паважаныя людзі, раптоўна скончылася. Як жа павёў сябе ў гэтай сітуацыі бацька? “Злосці на Арыядну за яе “хуліганскую выхадку” хапіла хіба да вечара таго дня… Ды і як жа можна злаваць на дачку, якую любіў да забыцця? За гэтае, можа, і любіў, што яна вось такая – гарэза. Ён сам у маладосці на хаду абцасы абрываў” [13, с. 87]. Бацька не чакаў, падумаць нават не мог, што неўзабаве сам стане ахвярай безразважнай прыдумкі дачкі.
Далей сюжэт твора разгортваецца, як у дэтэктыве. Галаван атрымлівае жахлівую вестку: Арыядну выкралі з мэтай выкупу. Дзеля яе, роднай крывінкі, ён гатовы на ўсё, таму рыхтуе патрэбную суму і аддае вымагальнікам. ” Рыначка, дзіця маё, за цябе я жыцця не пашкадую” [13, с. 134], - кажа бацька, калі выбавіў дачку з няволі. Галаван прыстаўляе да Арыядны целаахоўніка, але, як той ні сачыў, дзяўчына знікла зноў. Бацька не знаходзіць сабе месца, не можа займацца справамі фірмы: “ … А ён і вачэй не звёў. Да паўночы сустракаў кожны аўтобус. Пасля хадзіў па плітах двара і скуголіў разам з Барсам. Смяртэльна палохала,што і аўчарка скуголіла, як прадчувала бяду, і гэта нагнятала страх. Думкі,адна страшнейшая за другую, вірыліся ў галаве.Адганяў іх. Хрысціліся, як ад нячыстай сілы. Нічога не памагала..” [13, с. 496].
Арыядну не знайшлі, жыццё для бацькоў страціла сэнс. Тыя чакалі, пакутавалі і малілі Бога вярнуць дачку. Прайшоў час – і агеньчык надзеі патух, па Арыядне зладзілі памінкі. Галаван шукае вінаватага ў смерці дачкі, у сваіх здагадках прыходзіць да пераканання, што злачынства хутчэй за ўсё здзейснена па замове Навагодава, з якім у яго сапсаваліся ранейшыя сяброўскія адносіны. Маўляў, ён не дараваў Арыядне бяздумны ўчынак, тое свавольства ў басейне. Галаван вырашыў адпомсціць і звярнуцца да кілера: Васіль Раманавіч у хуткім часе апынуўся пад коламі электравоза. Бізнесоўцу цяжка было знайсці спакой і раўнавагу, яго ахапілі страх і трывога, душу вярэдзілі пакуты сумлення, ён запіў. І вось аднойчы апоўначы зазваніў тэлефон – бацька не мог даць веры, здранцвеў і занямеў, бо пачуў родны голас: “ …Божа мой! Чый голас! Што гэта – галюцынацыя? Дык не дапіўся ж яшчэ да такога стану. Сатанінскае ці Божае выпрабаванне?
Татунь! Ты? Цалую цябе. Добры вечар. У вас ужо ноч. Што ты анямеў? Падай голас! Гэта я. Я! Твая Рыначка – крывіначка. Ды адзавіся ты!
Ты –ы? – язык – як распух.
Я! Я! Не прывід! Не палохайся. Слухай, ойча мой дарагі. Я тут села на мель.Моцна села. Пяцьдзесят тысяч тваіх… скупенда ты, бацька, мы прахукалі за месяц. Што тут пяцідзесят мільёнаў мала. Авантурыст мой міжнародны… ріякі ён не Гольбах… аб’явіўся фтлосаф – матэрыяліст!.. кінуўмяне… без грошай, добра, што пашпарт не прыхапіў. Бандзюга! Уцёк з багатай амерыканкай…” [13, с. 562].
Гэтая размова раскрывае лёгкадумную і эгаістычную натуру Арыядны, якой кіруюць карыслівыя інтарэсы, наіўна – сляпы разлік. Авантуру з выкраданнем дачкі спланаваў мастак і кіраўнік рэкламнай фірмы Фелікс Гольбах, якога Арыядна пазнаёміла з бацькамі і гасцямі падчас асвячення катэджа. Да новага абранніка дачкі Галаван паставіўся насцярожна, з недаверам. Але здарылася тое, што здарылася: Арыядна з “міжнародным авантурыстам” з’ехала ў Парыж. Яна прагне уцехаў. Вясёлага і бесклапотнага жяцця. Паміж ёю і бацькамі на самой справе ляжыць прорва бездухоўнасці, разбэшчанасці, маральнай безадказнасці. Праз вобраз Арыядны пісьменнік паказвае, што ў псіхалогіі асобных маладых людзей адбываюцца жахлівыя мутацыі. Чаго чакаць бацькам і грамадству ад спажыўцоў, марнатраўцаў, цынікаў – можна пераканацца на прыкладзе шамякінскай гераіні. Сляпая бацькоўская любоў не апраўдае Галавана, які бачыў у дачцэ найдаражэйшую каштоўнасць. Яго жонка Антаніна Прохараўна, павервўшы ў “небыццё дачкі”. Ратуе сябе ў богашукальніцтве, чытае Новы Запавет. Можа паспачуваць яе мацярынскаму болю і душэўным пакутам. Аднак міжволі ўзнікае пытанне: а ці так, як належыць, яны разам з мужам выхоўвалі дачку? Пісьменнік скіроўвае нашу ўвагу да гэтага і многіх іншых пытанняў, якія звязаны з праблемамі сям’і і сучаснага жыцця. Ён лічыць, што “такое грамадства асуджана” – грамадства, пазбаўляе этычных ідэалаў, духоўнасці і заснавання на кульце грошай, “воўчых законах: што схапіў, тое і маё”. [8, с. 5 ].
Такім чынам, усе ўзятыя для разгляда аповесці ў гэтым раздзеле, аб’яднаны тэмай лёсу мастака ў сучасным грамадстве. Стаўленнем, адносінамі да пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў І. Шамякін правярае духоўную паўнацэннасць грамадства і ўвогуле дзяржавы. Недзе, магчыма, празаік гіпербалізуе, але робіць гэта, каб зазірнуць у наш – заўтрашні дзень. У асноўных сваіх назіраннях і высновах ён не памыляецца: хоць жыццё цяжкае, час неспрыяльны, але нельга таптаць гонар і сумленне народа.
