
Віленскі ўніверсітэт
Падпісаным 4 (16) красавіка 1803 году імператарам Расійскай імперыі Аляксандрам I актам Галоўная віленская школа пераўтворана ў Імператарскі Віленскі універсітэт і робіцца цэнтрам адукацыі для васьмі губерняў - Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Валынскай, Падольскай, Кіеўскай. Ганаровым папячыцелям і патронам універсітэту становіцца князь Адам Чартарыйскі. Некаторы час, да паўстання 1830-1831 гг., універсітэт зазнае час росквіту. Да найбольш вядомых навукоўцаў гэтага часу, звязаных з універсітэтам, належаць Ян Снядэцкі, Анджэй Снядэцкі, Іаахім Лялевель, Міхал Ачапоўскі, Сімонас Даўкантас і Ёзэф Франк. Вучыліся тут Адам Міцкевіч, Юліуш Славацкі. Колькасць студэнтаў узрасла ад 290 у 1804 да 1321 у 1830. У 1823 годзе вучэльня стала найбуйнейшай у Расіі і Еўропе, пераважаючы па колькасці студэнтаў Оксфардскі універсітэт.
Складаўся з 4 факультэтаў - фізіка-матэматычны, медыцынскі, маральна-палітычны (з багаслоўем), літаратурны з мастацтвамі. Было 32 кафедры, выкладалася 55 прадметаў. Да Універсітэта належылі: батанічны сад, анатамічны музей, клініка, фізічная і хімічная лабараторыі, бібліятэка на 60000 тамоў.
Тут дзейнічалі тайныя студэнцкія арганізацыі філарэтаў, філаматаў. У 1823 годзе па справе аб прыналежнасці да іх былі арыштаваныя дзясяткі навучэнцаў, сярод якіх і Адам Міцкевіч, і пасля доўгатэрміновага трымання за кратамі высланыя ў розныя гарады Расіі. Адам Чартарыйскі быў адхілены ад універсітэту, яго мейсца заняў Мікалай Навасільцаў (1768—1838). Пасля гэтага паступова ўвадзілася руская мова.
У розны час тут вучыліся літаратар і калекцыянер Аляксандр Жыркевіч (1857—1927), польскі дзяржаўны дзеяч Юзэф Пілсудскі (1867—1935), савецкі дзяржаўны дзеяч Фелікс Дзяржынскі (1877—1926), актор Васіль Качалаў (1875—1948), мастак Мсціслаў Дабужынскі (1875—1957), літоўскі кампазітар Канстанцінас Галкаускас (1875—1963), тэарэтык літаратуры Міхаіл Бахцін (1895—1975).
З-за непасрэднай ці ўскоснай падтрымкі шматлікімі студэнтамі і выкладчыкамі паўстання 1831 году рэскрыптам Мікалая I 1 мая 1832 году універсітэт цалкам скасоўваецца. Медыцынскі і тэалагічны факультэты ператвараюцца ў Медыка-хірургічную акадэмію, якая потым перадаецца Кіеўкаму універсітэту Св. Уладзіміра і ў каталіцкую Духоўную акадэмію, з часам пераведзеная ў Санкт-Пецярбург).
З 1855 у будынках універсітету знаходзіцца Музей старажытнасцяў, потым Публічная бібліятэка, архіў, а таксама дзьве мужчынскія гімназіі.