
-
Этапы аперацыі “Баграціён”. Вызваленне Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Фашысцкае
камандаванне разумела, што страціць
Беларусь значыць, адкрыць Чырвонай
Арміі шлях на Польшчу і Усходнюю Прусію,
паставіць пад удар Германію. Таму тут
была створана глыбокаэшаланіраваная
абарончая сістэма "Faterland". Абарону
ўтрымлівалі падраздзяленні групы армій
"Цэнтр" - адна з найбольш моцных
груповак, якая налічвала 63 дывізіі і 3
пяхотныя брыгады да 1200 тысяч чалавек,
мела на ўзбраенні 9500 артылерыйскіх
гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых
гармат, 1350 самалётаў. Асабліва ўмацаванымі
былі Полацк, Віцебск, Орша,
Магілёў,Жлобін,Бабруйск.
Беларуская аперацыя пад кодавай назвай
"Баграціён" прадугледжвала нанясенне
асноўных удараў па найбольш умацаваных
гарадах, акружэнне і знішчэнне груповак
праціўніка. У аперацыі прымалі ўдзел
фарміраванні трох Беларускіх франтоў
і I Прыбалтыйскага, авіяцыя дальняга
дзеяння, Дняпроўская ваенная флатылія
і І-я армія Войска Польскага. Агульная
колькасць Чырвонай Арміі складала да
1400 тысяч чалавек, 31700 артылерыйскіх
гармат і мінамётаў, 5200 танкаў і САУ, каля
5 тысяч самалётаў.
Галоўнай
задачай аперацыі "Баграціён" было
вызваленне Беларусі. Па характару баявых
дзеянняў яе можна падзяліць на два
этапы: першы - з 23 чэрвеня па 4 ліпеня,
другі - з 5 ліпеня па 29 жніўня.
Да наступальнай аперацыі рыхтавалася
не толькі камандаванне Чырвонай Арміі,
у яе падрыхтоўцы прынялі актыўны ўдзел
і партызанскія фарміраванні ўсёй
Беларусі, у тым ліку і тыя, што дзейнічалі
на тэрыторыі Любаншчыны. I вось наступіў
доўгачаканы дзень. 23 чэрвеня пасля
артпадрыхтоўкі пачалі наступленне ІІІ
і II Беларускія і I Прыбалтыйскі франты,
а 24 чэрвеня пачалося наступленне войскаў
I Беларускага фронту. Партызанскія
радысты кожны дзень прымалі весткі аб
поспехах Чырвонай Арміі: 26 чэрвеня
вызвалены Віцебск і Жлобін; 27 чэрвеня
акружана і разгромлена віцебская
групоўка праціўніка, вызвалена Орша;
28 чэрвеня — Магілёў; 29 чэрвеня — Бабруйск,
акружана і разгромлена бабруйская
групоўка праціўніка. Лінія фронту
набліжалася да Любаншчыны.
Па другі бок яе ў тыле ворага таксама
не спынялася барацьба. Штаб Мінскага
партызанскага злучэння распрацаваў
план баявых аперацый брыгад, які
прадугледжваў не толькі нанясенне
ўдараў па нямецка-фашысцкіх войсках,
але і меры па зберажэнню ад знішчэння
адступаючымі варожымі часцямі населеных
пунктаў і мірнага насельніцтва ад угону
ў Германію. Кожная брыгада размяшчалася
ў пэўным рэгіёне партызанскай зоны для
выканання баявой задачы. Партызанскія
атрады брыгады №25 імя П.К. Панамарэнкі,
напрыклад, павінны былі дыслацыравацца
ў раёне вёсак Асавец, Турок, Фёдараўка,
Песчанец, Дубілаўка, Слабодка.
29 чэрвеня да 12.00 атрады занялі вызначаныя
пазіцыі. У 16 гадзін партызанамі была
заўважана група варожых салдат колькасцю
да роты. У перастрэлцы забіты двое
салдат, у палон узяты обер-лейтэнант,
які быў дастаўлены ў штаб злучэння.
Партызаны мініравалі шасэйныя дарогі,
рабілі на лясных участках завалы, вялі
баі з засад з адступаючымі варожымі
часцямі, знішчалі лініі сувязі, наносілі
ўдары па чыгунцы, якая была запруджана
войскамі праціўніка.
Па чыгунцы бесперапынна рухаліся
браняпоезд з бронепляцоўкай з зянітнымі
ўстаноўкамі і шасцю броневагонамі і
дзве бронедрызіны. З.А.Ашуйка, жыхарка
в. Шыпілавічы, успамінае пра тыя дні:
"Немцы ўжо адступалі. Праз вёску па
чыгунцы хадзіў нямецкі браняпоезд.
Аднойчы ён адкрыў агонь па вёсцы. Стралялі
пулямі
і снарадамі. У адзін момант наша вуліца
ператварылася ў адзін пылаючы факел.
Гэта было жудасна: крыкі, плач, узрывы
снарадаў і агонь. Ніхто не ратаваў сваё
дабро, усе ратаваліся самі".
"Гэта быў самы страшны дзень за ўсю
вайну, - успамінае Баярына Л.М. з гэтай
жа вёскі, - мы схаваліся ў суседкі, у яе
склепе. На двары разарваўся снарад,
асколкі паранілі дзвюх жанчын, якія
хаваліся разам з намі" (з даследчай
работы Н. Барысавец, вучаніцы гімназіі
№1).
30 чэрвеня лінія
фронту прайшла праз Любаншчыну. "Мы
радаваліся таму, што ў Парычах ідуць
баі, рвуцца нашы бомбы, што хутка прыйдуць
свае, - успамінае Вольга Андрэеўна Жартун
(Гардзіеня). Аднойчы брат Стас пайшоў у
Трайчаны. Там на ўскрайку вёскі ў зямлянцы
пяклі хлеб. Адтуль ён бяжыць і.крычыць:
"Нашы!". Чырвоная Армія праз балота
ішла на Любань. Мы сустракалі салдат
хлебам-соллю, дарылі ім на памяць хто
што мог. Я падарыла першаму сустрэчнаму
воіну вышытую яшчэ ў лесе хустачку. I
пайшла мая хустачка на фронт. Мы насілі
салдатам ваду ў драўляных вёдрах з
дальніх калодзежаў – у канаве ваду не
бралі, баяліся, што немцы атруцілі перад
адступленнем" (з даследчай работы
Любанскай ДАСШ № 3).
Партызаны сумесна з часцямі Чырвонай
Арміі прынялі ўдзел у вызваленні вёсак
і гарадоў Беларусі. Аператыўны аддзел
БШПД паведамляў, што "... партызанская
брыгада Куранава (камандзір 125-й
Капаткевіцкай брыгады) з баямі захапіла
ўчастак дарогі Шыпілавічы - Сялец і
сумесна з перадавымі часцямі заняла
мяст. Любань. Партызанская брыгада
Розава (камандзір брыгады № 64 імя В.
Чкалава) захапіла пераправу на р.Случ
у раёне м.Пагост і сумесна з перадавымі
часцямі Чырвонай Арміі авалодала горадам
Слуцк...". 30 чэрвеня ў 20.00 штаб брыгады
№ 25 імя П.Панамарэнкі атрымаў данясенне
ад разведкі аб сустрэчы з часцямі
Чырвонай Арміі каля в.Обчын. На наступны
дзёнь 1 ліпеня 1944 г. брыгада злучылася
каля в. Засмужжа з Чырвонай Арміяй.
С.І.Ісайка, партызан атрада імя Громава
брыгады № 64, успамінаў: "30 чэрвеня
1944 года мы сустрэліся з часцямі Чырвонай
Арміі каля вёскі Пеклічы. Спачатку
пачулі гул, затым убачылі пыл - гэта ішлі
нашы танкі. Сустрэча была радаснай, нас
нават накармілі з салдацкай франтавой
кухні. Затым я і некалькі партызан,
паколькі мы ведалі раён, селі на танкі
і разам з чырвонаармейцамі ўварваліся
ў Любань. Немцаў тут амаль не засталося,
таму і баявых дзеянняў у самім Любані
не было. Але аднаго немца на Слабадзе
мы ў палон узялі" (з даследчай работы
Любанскай ДАСШ № 1).
На
досвітку 30 чэрвеня часці 48-й стралковай
дывізіі і 19 механізаванай брыгады
ўвайшлі ў гарадскі пасёлак Любань.
Нягледзячы на ранні час, іх радасна
сустракалі ўсе жыхары пасёлка. На працягу
дня ўся тэрыторыя Любанскага раёна была
вызвалена аl
нямецка-фашысцкіх захопнікаў.