Добавил:
Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

ПЗ РИД / Пераклад Навальнiца ўначы

.docx
Скачиваний:
14
Добавлен:
21.02.2019
Размер:
121.75 Кб
Скачать

Якуб Колас

НАВАЛЬНІЦА УНАЧЫ

Мiж Іллёй і Спасам чуць не кожны год пачынаюцца дажджлівыя дні. І дажджы з громам і маланкамі найчасцей выпадаюць уначы. Цэлы дзень парыць, хіліць на сон. Ўсе значыць на дождж, хоць неба і чыстае, і ярка свеціць сонца. А як толькі яно зайдзе, на краю неба з'яўляюцца хмаркі; скора растуць яны і вылазяць з-за лесу. Грозныя хмары з чырвонымі краямі агромнымі клубкамі ціха і важна націскаюць на неба. Як толькі сцямнее, пачынае бліскаць маланка, але грому яшчэ не чутна. А хмара ўсё паўзе і паўзе, усё большую і большую займае частку неба.

Уначы маланка мае свой асобны вобраз, свае хараство і цікавасць; уначы і голас грому мае сваю асобную грозную музыку, поўную нейкага невядомага страху, якi цяжка пераказаць словамі, якi можна толькі адчуваць душой, якiм б'ецца сэрца ў ней-кім салодкім заміранні і чаканні.

Навокал ціха: не чуваць ні ветру, ні шуму, ні гоману трывожнага дня. Спакой і цішыня ночы даюць мажлівасць прасачыць грозную і дзіўную музыку грому: як ён родзіцца ў далёкім небе, як крэпне паволі, разліваецца грукатам па ўсіх кутках соннага свету, над лесам і полем, у горах і далінах, у бязмежнай прасторы высокага неба; як адзываецца яму на зямлі рэха сотнямі галасоў; як страшнымі хвалямі здрыганецца паветра, і забражджыць дробным бражджаннем дрэнна прыладжаная шыба мужычай хаты, забражджыць жаласна-жаласна, як горкія слёзы нядолі; як важна пракоціцца ён над зямлёю і памаленьку заціхне недзе ў хмарах…

Тонi Грот. Маланкавыя палi. 2018

А маланкі ўсё бліскаюць і бліскаюць. Самы слабы свет яе, каторы не ўбачыш удзень, ясна відаць у цёмную ноч: вось чаму і навальніца ўначы мае больш грозны вобраз, чым днём. Прыгледзьцеся! Бледна-чырвоные палосы агню ўспыхваюць тут і там то асобнымі стужкамі, то зліваючыся ў вадну шырокую раку агню. Блеск страшна і борзда разальецца па небе то роўнаю паласою, то крывою вогненнаю ракою, то шырока, размашыста і смела блісне ва ўсе стораны, усё роўна як разарвецца там, у хмарах, вялікая грозная лавіна агню.

І на адзін момант вынікаюць з цемені ночы і купчастыя пярэднія клубы хмар, і сівыя кучкі раскіданых па небе, як кругі па вадзе, хмарак. Цьма разрываецца — выскачыць далёкі лес, гляне круглае поле на ўсю даль, марскануць хаты і гумны, блісне высокая царква разам з вянком ліп, клёнаў і бяроз, яе акружаючых, і мільёны лістоў адальюць золатам і дзіўна хораша абрысуецца зялёны яблык царкоўнае вежы высока ў небе.

1909 г.