Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
DO_ak_ecohist2.doc
Скачиваний:
16
Добавлен:
06.11.2018
Размер:
1.16 Mб
Скачать

Культура Беларусі другой паловы XIX стагоддзя. Фарміраванне беларускай нацыі

Адукацыя і навука. На Беларусі правядзенне Адукацыйнай рэформы 1864 года супала з пераадоленнем наступстваў паўстання 1863 года, у якім актыўны ўдзел узялі навучэнцы Горы-Горацкага земляробчага інстытута і сярэдніх навучальных устаноў. Гэта абумовіла асаблівасці рэфармавання адукацыі на Беларусі. Так, у 1864 г. быў зачынены земляробчы інстытут – апошняя вышэйшая навучальная ўстанова на Беларусі часоў імперыі. З гэтага часу вышэйшую адукацыю беларусы атрымлівалі за межамі Радзімы. Зачыняліся так сама некаторыя гімназіі – Навагрудская і Свіслацкая. Забаранялася выкладанне на польскай і беларускай мовах. Пачатковых школ было вельмі мала. Таму абвешчаныя прынцыпы рэформы – усесаслоўнасць, свецкасць, даступнасць, пераемнасць адукацыі, на Беларусі не дзейнічалі. На Беларусі не была праведзена Земская рэформа – таму не існавалі земскія пачатковыя школы для сялянскіх дзетак. А царкоўна-прыхадскія школы былі пастаўлены пад нагляд паліцыі і праваслаўнай царквы, а не міністэрства адукацыі. Сярэднюю адукацыю атрымлівалі ў павятовых вучылішчах (няпоўную) ці гімназіях, але навучанне там было платным і для большасці жыхароў з гэтай нагоды недаступным. Да тагож, у 1887 годзе з’явіўся ўказ “Аб кухарчыных дзецях”, згодна з якім у гімназіі недапушчаліся дзеці прыслугі. Асобнымі ўказамі ўводзіўся цэнз на навучанне ў гімназіях і вну для асоб яўрэйскага паходжання. З гэтай нагоды на Беларусі заставаўся высокі ўзровень непісменнасці.

Пасля падаўлення паўстання 1863 года значныя перашкоды зведала развіццё беларускай культуры. Ва ўмовах ваеннага становішча, якое дзейнічала на Беларусі, любая грамадская дзейнасць, не адобраная ўрадам, была амаль немагчымай. Таму часта культурная дзейнасць беларусаў разгортвалася за межамі беларускіх губерняў. Так, у 1868 годзе ў Пецярбурге паэт В.Савіч-Заблоцкі стварыў асветніцкую арганізацыю “Крывіцкі вязок”, у межах якой меўся намер наладзіць выданне літаратуры на беларускай мове, у тым ліку падручнікаў для простых людзей. Але з-за праследванняў з боку ўлад культурны гурток распаўся.

У другой палове 1880-х гадоў у Мінску ўзнікла група ліберальнай інтэлігенцыі (М.В.Доўнар-Запольскі, У.З.Завітневіч, А.І.Слупскі, Я.Лучына) якія імкнуліся абудзіць нацыянальную самасвядомасць легальнымі сродкамі. Для гэтага выкарыстоўвалася першая прыватная (недзяржаўная) газета на Беларусі “Мінскі лісток” і календары. На іх старонках друкаваліся матэрыялы А.Багдановіча, І.Янчука, М.Доунар-Запольскага пра гісторыю, мову, беларускі этнас, а так сама літаратурныя творы Янкі Лучыны і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гэтыя выданні па сведчанні сучаснікаў, абудзілі беларускі нацыянальны рух. Да з’яўлення “Мінскага лістка” перыядычны друк Беларусі быў прадстаўлены толькі ўрадавымі “Губернскімі ведамасцямі...” і “Епархіальнымі ведамасцямі”, якія кантралявала праваслаўная царква. Разам з гэтым гуртком, на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці вялікі ўплыў зрабіла творчасць Ф.Багушэвіча. Яго прадмова да “Дудкі беларускай” з’яўляецца маніфестам нацыянальнага адраджэння.

У другой палове стагоддзя пашырылася навуковае вывучэнне Беларусі. Былі створаны буйныя працы па гісторыі беларускага края М.Доўнар-Запольскім, М.Любаўскім, М.Уладзімірскім-Буданавым, А.П.Сапуновым, А.Кіркорам.

Вялікае значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў і этнографаў. Так, у 1870 годзе І.І.Насовіч выдаў “Слоўнік беларускай мовы”; М.Я.Нікіфароўскі у 1895 годзе – “Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку”; Я.Ф.Карскі ў 1885 годзе “Агляд гукаў і форм беларускай мовы”; П.В.Шэйн ў 1887-1893 гадах выдаў “Матэрыялы да вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю”; Е.Р.Раманаў у 1886-1891 гадах выдаў першыя пяць выпускаў “Беларускага зборніка”. Руская адміністрацыя садзейнічала выданням гэтых навуковых прац, бо лічыла, што яны падтрымліваюць тэзіс аб “рускім” характары краю. Тым часам змест прац паказваў, што Беларусь – самастойны ў этнічным плане рэгіён.

Беларуская літаратура развівалася ў другой палове стагоддзя ў неспрыяльных умовах. Забарона на выданне польскіх кніг недазволіла друкаваць беларускія творы на “лацінке”, найбольш пашыранай у тыя часы сярод простага народа і інтэлігенцыі. Да тагож, літаратура развівалася разам з сацыяльнай самасвядомасцью творцаў – гэта азначае, што літаратурныя творы мелі дэмакратычны характар, антыўрадавы па сваёй сутнасці.

Бацькам беларускага культурнага адраджэнне стаў Францішак Багушэвіч, які адным з першых абгрунтаваў самастойнасць беларускай мовы. Яго зборнікі вершаў “Дудка беларуская” і “Смык беларускі” выйшлі за межамі Радзімы – у Кракаве і Познані (тэрыторыя Аўстра-Венгерскай імперыі, дзе нацыянальныя меньшасці мелі права на культурную аўтаномію). У прадмовах да зборнікаў паэт адстойваў роўнасць роднай мовы з іншымі еўрапейскімі, заклікаў шанаваць і захоўваць яе. У вершах Ф.Багушэвіч галоўным чынам пісаў пра гаротнае жыццё беларускага сялянства, аграбленага пад час рэформы 1861 года і прыгнятаемага як эканамічна – панамі, так і нацыянальна – царскім урадам. Багушэвіч стварыў у паэзіі напрамак рэалізму і народнасці. Вядома, такія вершы ў Расійскай імперыі друкаваць было нельга. Паслядоўнікамі Ф.Багушэвіча былі Янка Лучына (Іван Неслухоўскі) і Адам Гурыновіч.

Янка Лучына аднолькава добра пісаў на некалькіх мовах – рускай, польскай і беларускай. Але яго беларускія вершы доўгі час не друкаваліся, што не дало раскрыцца паэту цалкам як таленту і вялікай постаці беларускай літаратуры. Толькі пасля яго смерці гурток беларускага студэнцтва выдаў у Пецярбургу яго беларускамоўны зборнік “Вязанка”. А.Гурыновіч замацаваў у беларускай паэзіі пазіцыі рэалізму і народнасці. Ён адводзіў паэзіі важную ролю – будзіць у народа прагі да лепшага жыцця, да барацьбы за гэтае жыццё. У 1890-я гады ў беларускую літаратуру прыйшлі такія новыя імёны, як Карусь Каганец (Казімір Кастравіцкі), Цётка (Элаіза Пашкевіч), талент якіх яскрава раскрыецца ў пачатку XX стагоддзя.

Тэтральнае жыццё беларускіх гарадоў было звязана галоўным чынам з паказам твораў рускай і сусветнай класікі лепшымі трупамі Расіі, якія гастралявалі па Беларусі. Асабліва актывізавалася тэтральнае жыццё Мінска пасля ўзвядзення асобнага будынка тэатра ў 1890 годзе на тэрыторыі Аляксандраўскага сквера. Так, у 1890-я гады тут паказвалі спектаклі трупы знакамітай А.Яблачкінай, А.Южынай, Пецярбургская оперная трупа Я.Ізмайлова, украінская трупа М.Старыцкага. З гастролямі выдатных выканаўцаў была звязана актывізацыя музычнага жыцця ў беларускіх губернях. Беларусь у 1890-я гады наведалі Ф.Шаляпін, Л.Собінаў, А.Мазіні, С.Рахманінаў, Л.Скрабін, А.Зілоці і інш. Высокая музычная культура беларускай публікі прываблівала сюды выдатных спевакоў і выканаўцаў. Яе атрымлівалі ў навучальных установах – у навучальных праграмах семінарый і гімназій музычнай адукацыі надавалася значная ўвага. У 1871 годзе было створана Мінскае музычнае вучылішча арганістаў, адзінае на Беларусі. Да таго, у буйных беларускіх гарадах дзейнічалі музычныя таварыствы, якія ставілі мэтай падняцце ўзроўню музычнай культуры насельніцтва. У 1898 годзе ў Мінску ўзнікла культурна-асветніцкая арганізацыя “Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў”, якая складалася з літаратурнай, драматычнай, мастацкай і музычнай секцый. Арганізацыя стала цэнтрам літаратурнага і тэатральнага жыцця Мінска, наладжвала выставы, літаратурные чытанні і г.д.

Выяўленчае мастацтва другой паловы XIX стагоддзя развіваецца ў межах рэалізму. Выдатным беларускім мастаком гэтага перыяду лічыцца К.Э.Альхімовіч (1840-1916), які працаваў у жанрах гістарычным (“Пахаванне Гедыміна”, “Смерць Глінскага ў турме”), бытавым, а так сама ў графіке (ілюстрацыі да твораў А.Міцкевіча). На гэты час прыходзіцца росквіт дзейнасці акадэміка Акадэміі мастацтваў, мазаіста і мастака Н.Ю.Сілівановіча (1830-1918). Ён спецыялізаваўся ў бытавым жанры – “Дзеці ў двары”, “У школу”, “Салдат з хлопчыкам” – у гэтых картынах выяўляюцца сацыяльныя сімпатыі мастака. Сярод беларускіх пейзажыстаў трэба адзначыць А.Гараўскага (1833-1900). Пейзажыст імкнуўся пісаць маляўнічыя краявіды беларускай зямлі (“Вечар у Мінскай губерніі”, “Бераг ракі Свіслач”), тым самым зрабіць сваё мастацтва зразумелым для шырокіх колаў простага насельніцтва.

На развіццё архітэктуры значны ўплыў аказала хуткае развіццё прамысловасці і рост гарадоў менавіта ў другой палове стагоддзя. Вялікую ролю набыло грамадзянскае, жыллёвае і прамысловае будаўніцтва, якое вялося згодна з тыпавымі праектамі. Развівалася будаўнічая тэхніка, шырока выкарыстоўваліся новыя будаўнічыя матэрыялы – бетон, металічныя канструкцыі. Гэта суправаджалася пошукам новага архітэктурнага стылю, які павінен быў адпавядаць новым умовам, новым каштоўнасцям капіталітычнай гаспадаркі і буржуазнай ідэалогіі. А пакуль ішлі пошукі – у архітэктуры панавала эклектыка – спалучэнне элементаў разных архітэктурных стыляў (готыкі, барока, класіцызму, старажытнарускага дойлідства і г.д.) пры будаўніцтве і ў афармленні аднаго будынка.

Фарміраванне беларускай нацыі. Дзейнасць даследчыкаў і культурна-асветніцкіх гурткоў паспрыяла росту этнічнай самасвядомасці беларусаў у другой палове XIX стагоддзя. Так, згодна з дадзенымі ўсерасійскага перапісу 1897 года (нацыянальная прыналежнасць вызначалася па роднай мове) 74% насельніцтва беларускіх губерняў лічылі роднай мовай беларускую, у тым ліку 43% дваран лічылі сябе беларусамі. Да гэтага часу зніклі такія варыянты саманазваў беларусаў як “чорнарусы”, “ліцвіны”. Аднак і саманазва “беларусы” яшчэ не была трывалай. Вялікую ролю адыгрывалі канфесіянізмы – калі этнічная прыналежнасць вызначалася ад канфесійнай прыналежнасці (католік – значыць “паляк”, а праваслаўны – гэта “рускі”). Перашкаджала нацыянальнай кансалідацыі палітыка царскага ўрада на асіміляцыю беларусаў. Так, на працягу другой паловы XIX стагоддзя вага “рускага” насельніцтва павялічылася ў 12 разоў і склала на 1897 год 3,6% жыхароў Беларусі. Русіфікацыя закранула пануючыя саслоўі – дваран і буржуазію, духавенства. Найбольш інтэнсіўна гэты працэс ішоў у гарадах.

Тэрыторыя пераважнага рассялення беларусаў уваходзіла ў межы пяці губерняў так званага Паўночна-заходняга края – Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай. Згодна з перапісам 1897 года насельніцтва Беларусі ў яе сучасных межах налічвала 6.387 тыс. чалавек. Але згодна з дадзенымі тагож перапісу былі паветы ў Смаленскай, Чарнігаўскай, Ковенскай і інш. губернях, дзе пераважную большасць (болей за 50%) складала беларускае насельніцтва. Асаблівасцю нацыянальнага складу жыхароў Беларусі было тое, што беларусы жылі пераважна ў сельскай мясцовасці. Гарадское насельніцтва было пераважна яўрэйскім (дзяржаўныя законы Расійскай імперыі забаранялі ім пасяляцца ў сельскай мясцовасці а так сама за межамі губерній, уключаных у “мяжу аседласці”), а так сама рускім і польскім. Па сутнасці, не існавалі ні беларускай прамысловай буржуазіі (яна яўрэйская і польская), ні беларускага прамысловага пралетарыята (ён пераважна яўрэйскі, рускі і польскі). Толькі сельская буржуазія была амаль выключна беларускай (але яшчэ не ўсведамляла нацыянальнага адзінства, бо была падзелена па рэлігійных прыкметах) і сельскі пралетарыят (батракі) – так сама быў беларускім па складзе. Вядома, гэта вельмі адмоўна сказалася на тэмпах і характары культурнага адраджэння беларускай нацыі.

Беларуская нацыянальная інтэлігенцыя была нешматлікай і неўплывовай. Адсутнічала пераемнасць паміж рознымі яе пакаленнямі – гэта было вынікам рэпрэсій супраць удзельнікаў паўстанняў і тайных таварыстваў, масавай эміграцыі, ссылак. Тым не меньш, пэўную эвалюцыю можна праследзіць – ад “краёвага” патрыятызму прафесараў Віленскага ўніверсітэта, студэнтаў-філаматаў да лібералізму дзеячаў сярэдзіны стагоддзя (А.Кіркор, В.Дуніна-Марцінкевіча), дэмакратычных поглядаў і ўсведамлення нацыянальных беларускіх інтарэсаў у К.Каліноўскага, В.Урублеўскага, гоманаўцаў, Ф.Багушэвіча. адной з асноўных прыкмет нацыі з’яўляецца існаванне развітай літаратурнай мовы. Станаўленне беларускай мовы адбывалася на рубяжы XIX-XX стагоддзяў. З сярэдзіны XIX стагоддзя рабіліся спробы напісаць граматыку мовы – П.Шпілеўскім у 1846 і К.Нядзвецкім у 1854 гадах. Аднак рукапісы не былі надрукаваны. У 1862 годзе А.Аскерка, мінскі маршалак, выдаў у Варшаве беларускі буквар (лемантар). Тармазіла развіццё правіл пісьмовай мовы тое, што выкарыстоўвалася пісьменнікамі як кірылічны, так і лацінскі алфавіты. Толькі ў пачатку XX стагоддзя са з’яўленнем газеты “Наша ніва” і пашырэннем магчымасцяў для беларускага друку, выпрацоўка навуковай тэрміналогіі і вырміраванне літаратурнай мовы паскорылася.

Супрацьстаяла стварэнню беларускай нацыі і афіцыйная ідэалогія “заходнерусізму”. Распрацаваная ў сярэдзіне XIX стагоддзя праваслаўнымі дзеячамі І.Сямашкай і М.Каяловічам яна сцвярджала, што беларусы, як і ўкраінцы і вялікарусы – частка адзінай рускай нацыі. Беларусы маюць толькі нязначныя лакальна-дыялектныя адрозненні ад рускіх. У межах “заходнерусізму” аформілася дзве плыні – кансерватыўная, прыхільнікі якой імкнуліся як мага хутчэй гэтыя адрозненні ліквідавац і ліберальная – прыхільнікі якой імкнуліся як мага паўней гэтыя адрозненні вывучыць і гэтым узбагаціць вялікарускую культуру. Але абодвы бакі адмаўлялі беларусам у праве лічыцца самастойнай нацыяй.

Насуперак неспрыяльным умовам, супрацьдзеянню дзяржаўнага апарата імперыі, спецыфічнай, вельмі складанай этна-канфесійнай сітуацыі, фарміраванне беларускай нацыі ў агульных рысах да пачатку XX стагоддзя завяршылася.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]