
Ответы на экз. вопросы / Еще ответы / 35. Паўстанне 1830-1831 гг. і яговынікі для Беларусі. Грамадска-палітычны рух 40-50 г. XIX ст
..docУ лістападзе 1830 г. у Варшаве шляхецкімі рэвалюцыянерамі было паднята паўстанне супраць расійскага панавання. Галоўнымі прычынамі паўстання былі нездаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай, парушэнне расійскімі ўладамі польскай Канстытуцыі 1815 г. Рэвалюцыйныя сілы Польшчы адстойвалі лозунгі буржуазна-дэмакратычных пераўтварэнняў. Але яны не змаглі ўзначаліць паўстанне. Польскія арыстакраты, абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін і імкнучыся дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., захапілі кіраўніцтва паўстаннем у свае рукі.
Расійскі ўрад імкнуўся прадухіліць распаўсюджанне паўстання на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны. Тут было ўведзена ваеннае становішча. Аднак у пачатку красавіка 1831 г. паўстанне ахапіла ўжо ўсю Літву і Паўночна-Заходнюю Беларусь (Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісенскі і Вілейскі паветы). Ядро паўстанцаў складалі польская шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі, каталіцкае і уніяцкае духавенства. У паўстанні прымалі ўдзел каля 10 тыс. чалавек. Вузкія палітычныя мэты кіраўнікоў паўстання абумовілі тое, што яно не атрымала падтрымкі сярод шырокіх пластоў насельніцтва.
У жніўні 1831 г. паўстанне было падаўлена на ўсёй тэрыторыі Беларусі і Літвы, а потым і ў Польшчы. Але і пасля гэтых падзей палітычныя хваляванні ў межах былой Рэчы Паспалітай не сціхлі.
У 1836 г. па ініцыятыве Ф. Савіча пры Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі была створана адна з найбольш радыкальных у Беларусі і Літве тайных суполак – “Дэмакратычнае таварыства”. У 1837 г. Ф. Савіч наладжвае сувязі з Пінскай і Слуцкай ячэйкамі тайнага таварыства “Садружнасць польскага народа”, якое ўзначальваў польскі рэвалюцыянер-дэмакрат Ш. Канарскі. У “Прынцыпах дэмакратызму” (статут “Дэмакратычнага таварыства”) былі абвешчаны ідэі сацыяльнай роўнасці, вызвалення сялян з зямлёй ад прыгоннай залежнасці, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць. У 1838 г. “Дэмакратычнае таварыства” было выкрыта, а Савіч праз год быў высланы на Каўказ у дзеючую армію. У 1846–1849 гг. у Ашмянах, Вільні, Гродне, Лідзе і Мінску дзейнічалі суполкі тайнай арганізацыі “Саюз свабодных братоў”. Ён ставіў сабе за мэту сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, барацьбу за свабодную Польшчу і Расію.
30-я гг. сталі паваротнымі ва ўрадавай палітыцы. Быў узяты курс на поўнае зліццё заходніх губерняў з Расіяй. Прычынамі гэтаму былі: па-першае, рост апазіцыйных грамадска-палітычных настрояў і рухаў, па-другое, разлажэнне феадальна-прыгонніцкага ладу, якое паступова перарастала ў крызіс.
Урад ідзе на сур’ёзны палітычны крок, вядомы пад назвай “разбор шляхты”. Ён быў накіраваны супраць дробнай шляхты, галоўнага распаўсюджвальніка апазіцыйных настрояў. У адпаведнасці з указамі ад 1831, 1847, 1857 гг. асобы, якія не змаглі дакументамі пацвердзіць свайго шляхецтва, не былі зацверджаны ў дваранскім званні. Яны пазбаўляліся права валодаць маёнткамі і павінны былі прадаць сваю ўласнасць. Гэтая катэгорыя былых шляхціцаў павялічвала падатковае саслоўе.
Важным мерапрыемствам у напрамку поўнага зліцця заходніх губерняў з Расіяй было ўвядзенне ўказам ад 1 студзеня 1831 г. расійскага заканадаўства ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. На тэрыторыі Беларусі ўводзілася новае заканадаўчае ўлажэнне – “Установа аб губернях”, усім дзяржаўным установам і пасадам даваліся расійскія назвы.
У 1832 г. быў створаны “Асобы камітэт па справах заходніх губерняў”, які распрацоўваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па пашырэнню расійскага дваранскага землеўладання і расійскага ўплыву ў галіне кіравання і суда, у іншых сферах. У мясцовыя адміністрацыйныя органы пачалі прызначацца пераважна расійскія чыноўнікі, польская мова ў судовай справе замяняецца на рускую.
У 1839 г. з мэтай аслаблення каталіцкага касцёла на царкоўным саборы ў Полацку было праведзена аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай.
У 1840 г. было поўнасцю адменена дзеянне Літоўскага Статута. Расійскае заканадаўства распаўсюджвалася на ўсю тэрыторыю Беларусі.
Усімі гэтымі мерамі была ліквідавана юрысдыкцыя мясцовых феадалаў на Беларусі, падарваны ідэалагічны фундамент іх магутнасці – каталіцтва. Адначасова ўрад распачаў пошук шырокай апоры ў асяроддзі сялянства.