
Ответы на экз. вопросы / Еще ответы / 31. Сацыяльна - палітычнае становішча беларускіх зямель ў складзе Расійскай Імперыы на рубяжы XVIII - XIX стст
..doc1. Унутраная палітыка расійскага ўрада на Беларусі
У выніку трох падзелаў (1772, 1793, 1795 гг.) Рэч Паспалітая спыніла сваё існаванне. Да Расіі адышла тэрыторыя Беларусі з насельніцтвам каля 3,3 млн чалавек.
3 канца XVIII ст. пачынаецца новы этап беларускай гісторыі, цесна звязаны з гісторыяй Расійскай дзяржавы.
Расійскі ўрад адразу ажыццявіў шэраг мер па ўзмацненні свайго ўплыву на далучаных землях. Для аховы новых заходніх межаў будаваліся крэпасці ў Дынабургу, Полацку, Відзах, Рагачове і іншых месцах.
Насельніцтва беларускіх зямель на працягу месяца пасля выхаду ўказу аб іх уключэнні ў склад Расіі прыводзілася да прысягі. Сялян, як прыгонных, запісалі за новай дзяржавай іх паны з паручыцельствам духавенства. Асобам, якія не жадалі прысягаць новай уладзе, было прапанавана ў 3-месячны тэрмін прадаць сваю нерухомасць і выехаць за мяжу. Па заканчэнні гэтага тэрміну іх маёмасць перадавалася ў казну. Большая частка магнатаў і шляхты прынесла прысягу новай уладзе.
На Беларусь былі распаўсюджаны агульныя прынцыпы расійскага кіравання. У 1796–1797 гг. тут была праведзена адміністрацыйная рэформа, паводле якой ствараліся губерні: Беларуская з губернскім горадам Віцебскам; Мінская з губернскім горадам Мінскам і Літоўская з губернскім горадам Вільняй.
У 1802 г. у выніку новага адміністрацыйнага падзелу Расіі Беларуская губерня падзялялася на Магілёўскую і Віцебскую. Яны ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Літоўская губерня падзялялася на Гродзенскую і Віленскую, якія склалі разам з Мінскай губерняй Літоўскае генерал-губернатарства. Генерал-губернатары з’яўляліся даверанымі асобамі імператара і надзяляліся фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Выканаўчая ўлада ў губернях была перададзена губернатарам. Яны кіравалі праз канцылярыі, у якія ўваходзілі віцэ-губернатар, саветнікі, пракурор, сакратары і іншыя чыноўнікі.
Расія па форме дзяржаўнага ладу была абсалютнай манархіяй. Беларусь дагэтуль развівалася ва ўмовах дзяржавы, для якой былі характэрны палітычная анархія і вялікая самастойнасць месцаў.
У эканамічным і палітычным развіцці Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст. меліся пэўныя адрозненні.
У XVIII ст., калі ў Еўропе хутка развіваўся капіталізм, у Рэчы Паспалітай працягваў панаваць феадальны лад, які знаходзіўся ў сваім апагеі. У Расіі ж з яе абсалютызмам дваране, нягледзячы на моцную залежнасць ад цэнтральнай улады, імкнуліся прыстасавацца да новых умоў гаспадарання. Рускія памешчыкі раней, чым у Рэчы Паспалітай, пачалі пераводзіць сялян на больш прагрэсіўную форму рэнты – грашовы чынш.
Разам з тым дваранская зямельная ўласнасць у Рэчы Паспалітай раней, чым у Расіі, згубіла свой умоўны характар. Яшчэ ў пачатку XVIII ст. “паспалітае рушэнне”, служба ў якім лічылася неабходнай умовай для валодання шляхтай землямі, ужо не склікалася. У Расіі толькі маніфест Пятра ІІІ ад 1762 г. вызваліў дваранства ад нясення дзяржаўнай службы.
Былі адрозненні і ў формах дваранскага землеўладання, і ў прававым статусе дваранства Расіі і Рэчы Паспалітай. Расія не ведала землеўладання такой сацыяльнай групы, як дробная шляхта. У Беларусі дробная шляхта па свайму прававому становішчу практычна не адрознівалася ад магнатаў. Яна не прывыкла да бясспрэчнага паслухмянства дзяржаўнай уладзе. Традыцыя гэта ўзыходзіла яшчэ да эпохі “залатых вольнасцей шляхецтва”. Улада караля ў Рэчы Паспалітай была вельмі слабай. Ён быў пазбаўлены заканадаўчых паўнамоцтваў і з’яўляўся ўсяго толькі вярхоўнай выканаўчай уладай. Дзейнасць вышэйшага заканадаўчага органа ў краіне – Сейма – была паралізавана. Традыцыі ж палітычнага жыцця ў Расіі былі зусім іншыя. Таму палітыка расійскага ўрада ў адносінах да дваранства Беларусі спачатку вызначалася надзвычайнай асцярожнасцю.
Урачыстыя абяцанні расійскага ўрада не кранаць набытых беларускай шляхтай правоў і існуючых грамадскіх адносін абумовілі спакойны пераход новападданых у новую дзяржаўную залежнасць. Тым, хто прыняў прысягу, даваліся правы расійскага дваранства (пры захаванні многіх ранейшых правоў), маёнткі з сялянамі. Ухіліўся ад прысягі толькі шэраг буйных магнатаў: двое Радзівілаў (ваявода віленскі і староста рэчыцкі); трое Агінскіх (вялікі гетман літоўскі, кашталян віленскі і ваявода трокскі); Сапега (ваявода полацкі і гетман польскі і літоўскі); Салагуб (ваявода віцебскі); Пацей (вялікі стражнік літоўскі); Чартарыйскі (ваявода рускі). Разам з тым расійскі ўрад рашуча ліквідаваў бескантрольную самастойнасць феадалаў. Шляхта згубіла правы на канфедэрацыі, на ўтрыманне свайго войска і ўласных крэпасцей.
Кацярына ІІ абвясціла таксама, што “каждое состояние (сословие) из жителей присоединённых земель вступает с самого сего дня во все одному свойственные выгоды по всему пространству империи Российской”. Дваранству і купецтву беларускіх зямель у 1773 г. было дазволена выбіраць дэпутатаў для выпрацоўкі праекта новага агульнадзяржаўнага Улажэння. У 1777 г. былі праведзены выбары павятовых і губернскіх прадвадзіцеляў дваранства, створаны павятовыя і губернскія дваранскія сходы. Асноўная частка беларускай шляхты засталася задаволенай сваім новым становішчам.
У 1785 г. на гарады Беларусі былі распаўсюджаны прынцыпы, абвешчаныя Кацярынай ІІ у “Даравальнай грамаце гарадам”. У гарадах адмянялася панаванне свецкіх ці духоўных феадалаў, скасоўвалася магдэбургскае права. Шматлікія прыватныя гарады і мястэчкі былі выкуплены ўрадам. Кіраванне гарадскім жыццём канцэнтравалася ў Думе – прадстаўнічым органе з гарадскіх саслоўяў. Купецтва атрымала права на арганізацыю гільдый, як гэта было ў Расіі.
У адносінах да каталіцкага касцёла расійскім урадам таксама праводзілася даволі асцярожная палітыка. Кацярына ІІ улічвала, што практычна ўсе беларускія магнаты і шляхта з’яўляліся католікамі. Таму за католікамі захоўвалася права на свабоднае выкананне абрадаў, маёмасць каталіцкіх касцёлаў, кляштараў захоўвалася ў недатыкальнасці. Засноўвалася Беларуская каталіцкая епархія з цэнтрам у Магілёве, што адпавядала інтарэсам польскага і апалячанага беларускага дваранства. Забаронены рымскім папам у 1773 г. ордэн езуітаў знайшоў сабе прытулак да 1820 г. на землях Усходняй Беларусі. Аднак каталіцкаму духавенству катэгарычна забаранялася схіляць да сваёй веры праваслаўных.
Такая ж верацярпімасць была праяўлена і ў адносінах да уніятаў: мінскае і беларускае праваслаўныя епархіяльныя кіраўніцтвы былі папярэджаны аб тым, што нельга прымушаць уніятаў прымаць праваслаўную веру, а патрэбна “возбуждать добровольное желание”. Святары, якія парушалі гэты ўказ, падлягалі адлучэнню ад сваіх прыходаў. Толькі ў 1794 г. пасля паўстання Т. Касцюшкі Кацярына ІІ выдала ўказ, каб ніхто з шляхты, духоўных або ўрадавых асоб не рабіў перашкоды пры пераходзе з уніяцтва ў праваслаўе. Аднак гэты працэс праходзіў марудна з-за супраціўлення памешчыкаў-католікаў.
Для яўрэйскага насельніцтва ў 1794 г. устанаўлівалася “мяжа аселасці”. Яўрэям дазвалялася сяліцца ў гарадах, займацца рамяством і гандлем, але не дазвалялася займацца земляробствам. Яўрэі маглі запісвацца ў мяшчанскія і купецкія саслоўі з умовай, што яны будуць плаціць дзяржаўныя падаткі ў двайным памеры ў параўнанні з хрысціянскім насельніцтвам.
На беларускае насельніцтва была распаўсюджана і расійская падатковая сістэма. Ліквідаваліся існаваўшыя ў вялікай колькасці розныя дзяржаўныя зборы з насельніцтва. Замест іх уводзіліся падушны падатак і земскі збор. Але, улічваючы цяжкі стан беларускага насельніцтва, выяўлены ў час перапісу (пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай), расійскі ўрад на два гады вызваліў яго ад выплаты дзяржаўных падаткаў. На працыгу наступных 10 гадоў падушны падатак збіраўся ў палавінным памеры ў параўнанні з расійскімі падаткаплацельшчыкамі.
Расійскі ўрад усяляк імкнуўся паказаць, што не мае намеру замахвацца на прававыя нормы, здаўна ўстаноўленыя на тэрыторыі далучаных зямель. Асноўным заканадаўчым кодэксам заставаўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. Але мясцовая адміністрацыя ўстанаўлівалася па расійскаму ўзору і была строга падсправаздачна цэнтральнай уладзе.
Як бачым, у першы час пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі ўрад імкнуўся не выкарыстоўваць жорсткія меры ў адносінах да мясцовага насельніцтва, спрабуючы тым самым прыглушыць апазіцыйныя настроі.
Аднак, нягледзячы на памяркоўнасць палітыкі расійскага ўрада, значная частка апалячанай шляхты і каталіцкага духавенства, якая страціла сваё прывілеяванае становішча, засталася незадаволенай. Гэта прымусіла ўрад неўзабаве стаць на шлях узмацнення сваіх пазіцый у беларускіх землях.
Першым крокам у гэтым напрамку з’явілася ўвядзенне ў Беларусі землеўладання рускага дваранства за кошт дзяржаўнага фонду. Асноўная частка дзяржаўных зямель разам з сялянамі была раздадзена Кацярынай ІІ у Беларусі рускім дваранам ды чыноўнікам, усяго 180 550 сялянскіх душ мужчынскага полу. Павел І падараваў памешчыкам яшчэ каля 28 тыс. сялянскіх душ. У выніку гэтых падараванняў плошча землеўладання рускіх памешчыкаў у Беларусі ў сярэдзіне ХІХ ст. складала ўжо 21,7 % пры іх 1 % у агульнай вазе ўсіх памешчыкаў. Пасля 1801 г., з-за моцнага супраціўлення дзяржаўных сялян пераводу іх у разрад памешчыцкіх, раздача маёнткаў у Беларусі ўрадам Аляксандра І была спынена.
Наступным крокам, які павінен быў умацаваць пазіцыі расійскага ўрада ў Беларусі, было паступове абмежаванне правоў мясцовага дваранства. У адносінах да апазіцыйна настроенай шляхты быў выкарыстаны такі сродак барацьбы, як канфіскацыя маёнткаў за ўдзел у антыўрадавай дзейнасці.
Канфіскацыя праводзілася ў некалькі этапаў. Першыя канфіскацыі прыпадаюць на 1773–1775 гг. Яны былі накіраваны супраць той часткі магнатаў і шляхты, што не захацела прынесці прысягу новай уладзе. Наступная хваля канфіскацый была накіравана супраць удзельнікаў паўстання Тадэвуша Касцюшкі (1794 г.).
У 1812–1813 гг. пачалася новая хваля канфіскацый. Урад адбіраў маёнткі ў калабарацыяністаў, якія супрацоўнічалі з войскам Напалеона.