Tema07
.docУзброеная барацьба на тэрыторыі Беларусі спынілася ўвосень 1863 г. У студзені 1864 г. быў арыштаваны, а ў сакавіку ў Вільні быў пакараны праз павешанне В.К.Каліноўскі. Усяго было пакарана смерцю 128 чалавек, 850 чалавек былі высланы на катаргу, 12,5 тысяч паўстанцаў сасланы ў Сібір. У беларуска-літоўскіх губернях быў усталяваны рэжым выключных законаў, накіраваных на поўную русіфікацыю краю. Маёмасць і маёнткі паўстанцаў падлягалі канфіскацыі, усе памешчыкі былі абкладзены надзвычайным падаткам, насельніцтва каталіцкага веравызнання абмяжоўвалася ў сваіх правах. Была закрыта апошняя вышэйшая навучальная ўстанова на беларускіх землях − Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Беларускія губерні не мелі права на выбарныя земствы, выбарныя міравыя суды і дваранскае самакіраванне. Усё гэта замаруджвала тэмпы развіцця буржуазных адносін на тэрыторыі Беларусі.
Але, нягледзячы на падаўленне паўстання і жорсткую расправу над яго ўдзельнікамі, паўстанне 1863 г. мае вялікае значэнне для гісторыі беларускага народа. Сучасныя даследчыкі сцвярджаюць, што думкі В.К.Каліноўскага, выказаныя ім у «Лісце з-пад шыбеніцы» пра неабходнасць змагання за незалежнасць сваёй Бацькаўшчыны, можна лічыць пачаткам афармлення беларускай нацыянальнай ідэі.
Народніцтва. У другой палове ХІХ ст. найбольш актыўнымі прадстаўнікамі рэвалюцыйнага руху ў Расійскай імперыі з’яўляліся народнікі. Ідэалогія народніцтва грунтавалася на веры ў своеасаблівы шлях сацыяльнай перабудовы Расіі − пераход да сацыялізму, мінуючы капіталізм. Асноўную рэвалюцыйную сілу народнікі бачылі ў сялянстве. Па свайму сацыяльнаму становішчу народнікі належалі да розных груп насельніцтва, таму іх называлі разначынцамі. Родапачынальнікамі народніцкай ідэі былі А.Герцэн і М.Чарнышэўскі.
Адзін з першых народніцкіх гурткоў у Беларусі ўтварыўся ў 1875 г. у Магілёве, затым − у Мінску, Віцебску, Слуцку і іншых гарадах. Паміж беларускімі і расійскімі народнікамі ўсталяваўся цесны кантакт, асабліва з арганізацыямі ў Пецярбургу і Маскве, дзе вучылася шмат беларускай моладзі. Беларускія народнікі ўваходзілі ў агульнарасійскія падпольныя арганізацыі: «Зямлю і волю», а пасля яе расколу ў «Народную волю» і «Чорны перадзел». 1 сакавіка 1881 г. беларусам Ігнатам Грынявіцкім, студэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута, быў забіты Аляксандр ІІ.
У 1884 г. беларусы, студэнты Пецярбургскага універсітэта, утварылі беларускую сацыяльна-рэвалюцыйную групоўку «Гоман», якая выдавала аднайменны нелегальны часопіс. На яго старонках з рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцый абвяшчалася пра існаванне беларускай нацыі і гучала патрабаванне яе самастойнасці пасля звяржэння царызму. Вядомымі беларускімі народнікамі былі М.Судзілоўскі, Р.Ісаеў, С.Кавалік і інш. З дзейнасцю рэвалюцыйных народнікаў звязаны пачатак распаўсюджання ў Беларусі марксізму і ўтварэння рабочых гурткоў.
Падагульняючы, неабходна заўважыць, што ХІХ ст. у еўрапейскай гісторыі характарызавалася хуткім развіццём капіталістычных адносін і фарміраваннем нацый. У Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, гэты працэс быў запаволены. Панаванне феадальна-прыгонніцкай сістэмы тармазіла эканамічнае развіццё, як і праведзеная ў 1861 г. аграрная рэформа, якая захавала шэраг феадальных перажыткаў. Беларусь у Расійскай імперыі з’яўлялася раёнам буйнога памешчыцкага землеўладання, і гаспадарчае развіццё беларускіх зямель мела ярка выражаны аграрны характар.
Гэты перыяд быў вельмі складаным і неспрыяльным для фарміравання беларускай нацыі. Абсалютная большасць беларусаў былі жыхарамі сельскай мясцовасці і належалі да сялянскага саслоўя.
Важнай асаблівасцю беларускага этнасу быў падзел паводле веравызнання на праваслаўных і католікаў, што шырока выкарыстоўвалася ў мэтах спачатку паланізацыі, а потым русіфікацыі краю: католікаў запісвалі ў «палякі», а праваслаўных − у «рускія». Заможнае насельніцтва Беларусі, якое магло паспрыяць развіццю беларускай культуры і нацыі, не было беларусамі: памешчыкі паводле сваёй нацыянальнай самасвядомасці былі ў большасці сваёй палякамі і рускімі, а ў гарадах і мястэчках пераважала яўрэйскае насельніцтва. У грамадска-палітычным і культурным жыцці дамінавала руская мова. Сацыяльнай апорай беларускага нацыянальнага руху былі нараджаючаяся нацыянальная інтэлігенцыя, сялянства, частка шляхты (пераважна дробнай і беззямельнай) і невялікая колькасць рабочых, якія карысталіся беларускай мовай.
Паводле перапісу 1897 г. сярод гарадскога насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў беларусаў (па роднай мове) было толькі 14,5 %. Разам з тым беларускую мову назвалі роднай больш за 50 % усёй шляхты, 60 % настаўнікаў, 40 % чыноўнікаў, 20 % медыцынскіх работнікаў. Ва ўмовах жорсткай русіфікацыі гэтыя паказчыкі сведчылі пра значны рост нацыянальнай самасвядомасці.
АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ
Выкупныя плацяжы – памер платы за сялянскі надзел, атрыманы па рэформе 1861 г., роўны 6 % капіталізацыі гадавога аброку з надзела.
Дзесяціна – мера зямлі ў Расійскай імперыі, роўная 1,45 га.
Народніцтва − сацыяльная дактрына другой паловы ХІХ ст., заснаваная на ўпэўненасці ў тым, што Расія можа мінуць капіталістычную стадыю развіцця і праз абшчыну адразу перайсці да сацыялізму.
Прамысловы пераварот (прамысловая рэвалюцыя) – пераход ад ручной працы да машыннай, ад мануфактуры да фабрычна-заводскай вытворчасці.
Сервітуты – абмежаванае права сялян карыстацца зямельнай уласнасцю памешчыка (выпасамі, лугамі, сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі, рыбнымі ловамі).
Тавар – прадукт працы, выраблены для продажу або абмену.
Устаўныя граматы – дакументы, якія рэгулявалі адносіны часоваабавязаных сялян з памешчыкамі паводле «Палажэнняў» аб адмене прыгоннага права 1861 г., вызначалі памеры сялянскіх паслярэформенных надзелаў і павіннасцей за карыстанне імі.
Цераспалосіца – раз’яднанасць і раздробленасць зямлі аднаго землекарыстальніка на некалькі адасобленых частак.
Часоваабавязаныя – катэгорыя былых панскіх сялян, вызваленых ад прыгоннай залежнасці, але не пераведзеных на выкуп. За карыстанне зямлёй працягвалі плаціць дарэформенныя падаткі і выконваць павіннасці.
