Bel_yaz_ch2_htm
.pdf11
Двухмоўныя і шматмоўныя лічацца перакладнымі слоўнікамі, бо ў іх словы адной мовы тлумачацца з дапамогай слоў іншай мовы (“перакладаюцца”). У аднамоўных слоўніках падаюцца або растлумачваюцца словы адной мовы словамі той самай мовы. Сярод аднамоўных слоўнікаў вылучаюцца тлумачальныя, дыялектныя, гістарычныя, этымалагічныя, іншамоўных слоў, тэрміналагічныя, фразеалагічныя, арфаграфічныя, арфаэпічныя, марфемныя, анамастычныя, асацыятыўныя, слоўнікі сінонімаў, паронімаў, амонімаў, антонімаў, слоўнікі мовы пісьменніка і інш.
Утлумачальных слоўніках раскрываюцца значэнні слоў шляхам кароткага апісання або з дапамогай сінонімаў, прыводзяцца прыклады ўжывання (словазлучэнні або сказы на адпаведнае значэнне слова). Акрамя гэтага, у тлумачальных слоўніках адначасова ўказваюцца месца націску ў слове, яго граматычныя ўласцівасці, асаблівасці правапісу, стылістычная прыналежнасць, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні, а часам і паходжанне запазычанага слова: “Тлумачальны слоўнік” у 5-ці тамах пад рэдакцыяй К.Крапівы (1977–1983 гг.), “Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы” (1996 г.) і інш. Як разнавіднасць тлумачальных слоўнікаў дыялектныя (абласныя) слоўнікі змяшчаюць і растлумачваюць дыялектную лексіку, запісаную ў пэўнай гаворцы, у якой-небудзь мясцовасці; на беларускім моўным матэрыяле створана некалькі дзесяткаў такіх слоўнікаў.
Гістарычныя слоўнікі тлумачаць лексіку мінулых эпох: “Гістарычны слоўнік беларускай мовы” (з 1982 г.) і інш. Этымалагічныя слоўнікі вызначаюць паходжанне слоў, іх пачатковае значэнне і наступныя змены: “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы” (з 1978 г.) і інш.
Услоўніках іншамоўных слоў адзначаюцца запазычаныя словы з чужых моў, падаецца напісанне кожнага такога слова са значэннямі як у мовепершакрыніцы ці мове-перадатчыцы, так і ў сучаснай беларускай мове: “Слоўнік іншамоўных слоў” А.М.Булыкі (1993 г.).
Утэрміналагічных слоўніках тлумачацца тэрміны з пэўных галін навукі
ітэхнікі: “Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў” П.Сцяцко, М.Гуліцкага, Л.Антанюк (1990 г.), “Слоўнік музычных тэрмінаў” В.Антаневіч (1994 г.), “Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў” М.Лазарука, А.Ленсу (1996 г.) і інш.
Уфразеалагічных слоўніках тлумачыцца сэнс фразеалагізмаў і іх варыянтаў, прыводзяцца прыклады ўжывання, часам даецца стылістычная афарбоўка і паходжанне: “Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы” ў 2-х тамах І.Я.Лепешава (1993 г.), “Слоўнік беларускіх прыказак” І.Лепешава і М.Якалцэвіч (1996 г.).
Уарфаграфічных і арфаэпічных слоўніках даецца правільнае напісанне і вымаўленне слоў: “Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне” (1987 г.), “Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы” М.П.Лобана, М.Р.Судніка (6-е выд., 1990 г.), “Кароткі слоўнік
беларускай мовы: Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Словаўжыванне” Г.У.Арашонкавай, В.П.Лемцюговай (1994 г.). Марфемныя слоўнікі падаюць дакладны падзел слова на часткі, або марфемы: “Марфемны слоўнік беларускай мовы” А.Бардовіча, Л.Шакуна (2-е выд., 1989 г.).
12
Анамастычныя (ад грэч. onomastike = “майстэрства надаваць імёны) слоўнікі фіксуюць уласныя імёны, геаграфічныя назвы; такія слоўнікі падзяляюцца на антрапанімічныя і тапанімічныя. У антрапанімічных слоўніках рэгіструюцца або тлумачацца ўласныя імёны асоб: “Слоўнік асабовых імён” М.Судніка (1965 г.). У тапанімічных рэгіструюцца ўласныя геаграфічныя назвы або тлумачыцца іх паходжанне: “Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці” (1977 г.), “Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці” (1980 г.), “Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці” (1981 г.), “Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці” (1982 г.), “Слоўнік назваў населеных пунктаў Магілёўскай вобласці” (1983 г.), “Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці” (1986 г.) Я.Н.Рапановіча, “Краткий топонимический словарь Белоруссии” В.А.Жучкевіча (1974 г.).
Асацыятыўныя слоўнікі высвятляюць і фіксуюць устойлівую асацыятыўную норму мовы, г.зн. падаюць звесткі пра тое, якія лексічныя адзінкі з якімі звязваюцца ў свядомасці носьбітаў гэтай мовы. Такія слоўнікі даволі спецыфічныя і сустракаюцца рэдка, але аказваюць значную дапамогу пры высвятленні зрухаў у значэннях слоў і, тым самым, з’яўляюцца карыснымі падчас стварэння падручнікаў, слоўнікаў іншых тыпаў, у перакладчыцкай дзейнасці і г.д.
Услоўніках сінонімаў сабраны сінонімы і блізказначныя словы ў сінанімічныя рады, якія размяшчаюцца ў алфавітным парадку паводле пачатковых літар дамінантаў (асноўных, загалоўных слоў з найбольш агульным значэннем). Для кожнага сіноніма з сінанімічнага рада прыводзяцца прыклады ўжывання ў пэўным кантэксце, некаторыя сінонімы могуць суправаджацца стылістычнымі паметамі: “Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў” М.К.Клышкі (2-е выд., 1993 г.).
Слоўнікі паронімаў і амонімаў дапамагаюць правільна ўжываць і не блытаць словы з блізкім або аднолькавым гучаннем і розным значэннем як у беларускай, так і рускай мовах: “Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанню слоў” і “Межъязыковые омонимы и паронимы” С.М.Грабчыкава (адпаведна 1977 і 1980 гг.), “Слоўнік амонімаў беларускай мовы” В.Дз.Старычонка (1991 г.), “Слоўнік паронімаў беларускай мовы” С.М.Грабчыкава (1994 г.).
Услоўніках антонімаў падаюцца словы з супрацьлеглымі значэннямі, аб’яднаныя ў антанімічную пару, тлумачацца іх значэнні і прыводзяцца прыклады ўжывання ў кантэксце.
Слоўнікі мовы пісьменніка фіксуюць ужыванне агульных і ўласных слоў
утворчасці мастака слова, паказваюць асаблівасці яго мовы і стылю: “Слоўнік мовы Скарыны” ў 3-х тамах У.В.Анічэнкі (з 1977 г.), “Слоўнік мовы Янкі Купалы” ў 8-мі тамах (з 1997 г.).
Паняцце стыляў. Стылістычныя пласты лексікі
13
Сучасная беларуская літаратурная мова ў яе вуснай і пісьмовай формах выпрацавала пэўныя прыёмы ўжывання моўных сродкаў з улікам абставін, мэт і задач выказвання. Так, афіцыйная заява або службовая справаздача шмат чым адрозніваюцца ад ліста да сябра, размова ў сям’і – ад выступлення на сходзе і лекцыі. Пісьменнік у мастацкім творы і вучоны ў навуковай працы карыстаюцца рознымі моўнымі сродкамі і прыёмамі для перадачы думак. Гэта звязана з існаваннем стыляў літаратурнай мовы; іх вывучэннем займаецца стылістыка.
Стыль мовы – гэта сукупнасць прыёмаў адбору і выкарыстання моўных сродкаў у залежнасці ад характару і зместу выказвання, з улікам таго, дзе, калі, для чаго і каму выказваецца думка. У адпаведнасці з гэтым вылучаюць пяць асноўных функцыянальных стыляў: службова-справавы (функцыя паведамлення), навуковы (функцыя паведамлення і тлумачэння), публіцыстычны (функцыя паведамлення і ўздзеяння), мастацкі (функцыя пачуццёвага ўздзеяння мастацкімі вобразамі), гутарковы (функцыя абмену думкамі).
Стылі адрозніваюцца адзін ад аднаго адборам лексікі, устойлівых выразаў, граматычных, інтанацыйных сродкаў і прыёмаў.
У кожным стылі ёсць частка слоў, якія могуць выкарыстоўвацца ў любым стылі. Гэта – нейтральная (міжстылёвая) лексіка. Стылістычна нейтральнымі з’яўляюцца шматлікія назоўнікі (дом, нож, навальніца), многія прыметнікі, дзеясловы і прыслоўі (паўднёвы, беларускі; паважаць, рабіць;
добра, радасна), усе лічэбнікі, частка займеннікаў (я, ты, што), большасць прыназоўнікаў, злучнікаў і часціц (на, у; а, і, каб; ж, нават). На фоне нейтральных слоў асабліва прыкметна супрацьпастаўляюцца два стылістычныя пласты лексікі – кніжны і гутарковы.
Кніжная лексіка – гэта словы і выразы, якія выкарыстоўваюцца звычайна ў службова-справавым, навуковым, публіцыстычным стылях і амаль не ўжываюцца ў штодзённай бытавой гутарцы. Службова-справавы стыль мае непасрэднае дачыненне да дзяржаўнай службы і справаводства. Ён служыць для афармлення дзяржаўных актаў, законаў, міжнародных дагавораў, інструкцый, афіцыйных паведамленняў, розных заяў, даведак, справаздач, пратаколаў, дакументаў і іншых канцылярскіх папер. Яму ўласцівы строгая паслядоўнасць, аднастайнасць, сцісласць выкладання думак, пэўны набор стандартных выразаў-штампаў, свая службова-справавая лексіка (камюніке,
ратыфікацыя, парадак дня, слухалі, пастанавілі, за справаздачны перыяд, даводзіць да ведама, выдадзена для прадстаўлення), апавядальныя сказы.
Навуковы стыль існуе для перадачы дакладных, лагічна паслядоўных думак і абгрунтаваных вывадаў у навуковых працах. Тут сустракаюцца навуковыя тэрміны з розных галін ведаў (аналіз, сінтэз, класіфікацыя, рэзюме,
абстракцыя, мысленне), складаныя сказы з дзеепрыслоўнымі і дзеепрыметнымі зваротамі, з пабочнымі сказамі. Публіцыстычны стыль характэрны для мовы газет, часопісаў, радыё, тэлебачання, дакументальнага кіно. У розных жанрах гэтага стылю – інфармацыях, нататках, карэспандэнцыях, рэпартажах, нарысах, крытычных артыкулах, выступленнях – шырока выкарыстоўваецца
14
публіцыстычная, грамадска-палітычная лексіка (эканамічная прастора,
суверэнітэт, прыватызацыя, мір, дэмакратыя, актыўная жыццёвая пазіцыя,
палітычны, грамадскі). Публіцыстычнаму стылю ўласцівы заклік, пачуццёвасць, урачыстасць, прыўзнятасць, што надаецца і фразеалагізмамі, параўнаннямі, крылатымі выразамі, прыказкамі, клічнымі сказамі.
Гутарковая лексіка ўжываецца пераважна ў гутарковым стылі – штодзённай неафіцыйнай мове двух ці болей суразмоўцаў. У гэтым стылі вылучаюцца словы, якія выражаюць дадатковую ацэнку, станоўчыя ці адмоўныя адносіны субяседніка да прадмета гутаркі: выказваецца адабрэнне або неадабрэнне, ласкальнасць, жартаўлівасць, іронія, знявага або пагарда. Такая вобразна-пачуццёвая ацэначнасць гутарковай лексікі заключаецца ў лексічных значэннях саміх гутарковых слоў (гаршкалеп [ганчар] – разм., жарт., сцяміць [скеміць] – разм., адабр., ветрагон – разм., неадабр., брында – разм., зневаж.) або надаецца ёй памяншальнымі ці павелічальнымі суфіксамі
(карапузік, зямелька, зямліца, конік, каняка, ветрык, даўжэзны). У гутарковым стылі пашыраны простыя і няпоўныя сказы з выклічнікамі, эмацыянальнымі часціцамі.
Умежах гутарковай лексікі вылучаюцца прастамоўныя словы, якія служаць для адмоўнай характарыстыкі людзей, з’яў. Гэта зніжаныя, грубаватыя словы (абібок, дрыхнуць, адроддзе). Самыя грубыя, абразлівыя, вульгарналаянкавыя словы прастамоўнай лексікі застаюцца па-за межамі літаратурнай мовы.
Асобнае месца ў мове займае мастацкі стыль – стыль мастацкай літаратуры, які вызначаецца выразнай мастацкай вобразнасцю, пачуццёвасцю, абгрунтаваным выкарыстаннем кніжнай і гутарковай лексікі, шырокім выкарыстаннем пераносных значэнняў слова, лексічным і сінтаксічным багаццем.
Умастацкім стылі (пераважна ў вершаваных творах) сустракаюцца паэтычныя словы, якія вызначаюцца асаблівай лірычнасцю, узнёсласцю і ўрачыстасцю (ветразь, віцязь, адвечны, белапенны, дыямент, пясняр), а
таксама народна-паэтычныя, што прыйшлі ў літаратурную мову з вуснай народнай творчасці (долечка, зямліца, рэчанька). Блізкія да паэтычных і высокія словы, якія характэрны для ўзвышана-ўзнёслай, урачыстай мовы ў мастацкім (звычайна ў паэзіі) або публіцыстычным стылі (асяніць, багаславіць, валадар,
доблесны, свяшчэнны).
Вызначыць прыналежнасць слова да таго ці іншага стылю дапамагаюць слоўнікі. У іх часта даюцца стылістычныя паметы, якія ўказваюць на адпаведны стылістычны пласт лексікі (кніжн. – кніжнае, высок. – высокае, паэт. – паэтычнае, нар.-паэт. – народна-паэтычнае, разм. – размоўнае, праст. – прастамоўнае слова), сферу ўжывання слова (уст. – устарэлае, гіст. – гістарычнае, спец. – спецыяльнае, абл. – абласное, мясцовае, царк. – царкоўнае, царк.-кніжн. – царкоўна-кніжнае, рэл. – рэлігійнае слова), яго эмацыянальнаэкспрэсіўную ацэнку (ласк. – ласкальнае, жарт. – жартаўлівае, неадабр. – неадабральнае, іран. – іранічнае, асудж. – асуджальнае, пагард. – пагардлівае, груб. – грубае, лаянк. – лаянкавае слова).
15
У сучаснай беларускай літаратурнай мове адбываюцца ўзаемадзеянне і ўзаемапранікненне стыляў. Пры ўмелым адборы нават самыя спецыфічныя словы аднаго стылю могуць ужывацца ў іншым. З пашырэннем адукацыі кніжныя словы паступова замацоўваюцца ў гутарковым стылі, а гутарковыя словы ў іншых стылях, што звязана з агульным імкненнем да збліжэння літаратурнай мовы з народнай.
Паняцце дакумента. Мова дакументаў. Апiсанне некаторых вiдаў дакументаў
Уштодзённым жыцці чалавек наладжвае і падтрымлівае афіцыйныя, службовыя адносіны з іншымі людзьмі, арганізацыямі, установамі. Гэтыя адносіны рэгулююцца прававымі нормамі, замацаванымі ў законах, указах, пастановах, дагаворах і іншых дакументах. Існуе некалькі вызначэнняў гэтага паняцця. Доўгі час пад дакументамі разумеліся “адпаведным чынам складзеныя, падпісаныя і засведчаныя справавыя паперы, якімі афармляюцца розныя гаспадарчыя аперацыі, прававыя адносіны і дзеянні юрыдычных асоб і грамадзян”. Але відавочна, што ў апошнія гады папера перастала быць адзіным сродкам за-хавання, перадачы і выкарыстання інфармацыі, і таму зараз дакумент можна вызначыць як “матэрыяльны аб’ект з інфармацыяй, замацаванай створаным чалавекам спосабам для перадачы ў часе і прасторы”.
Узалежнасці ад падыходаў да класіфікацыі дакументаў вылучаецца розная колькасць іх відаў. Так, падчас разгляду дзейнасці ўстановы яе дакументацыя падзяляецца на наступныя групы: распарадчыя дакументы (пастановы, распараджэнні, рашэнні, загады і інш.), арганізацыйныя дакументы (статуты, палажэнні, інструкцыі), арганізацыйна-распарадчыя дакументы (пратаколы), інфармацыйна-даведачныя дакументы (даведкі, дакладныя і тлумачальныя запіскі, зводкі, агляды, акты, лісты і інш.).
Удачыненні да справаводства дакументы могуць класіфікавацца паводле зместу (простыя і складаныя, у залежнасці ад таго, адно ці некалькі пытанняў ахоплівае іх змест), паходжання (службовыя і асабістыя), паводле тэрміновасці (тэрміновыя і нетэрміновыя) і г.д.
Па форме дакументы падзяляюцца на агульныя, стандартныя і тыпавыя. Агульнымі з’яўляюцца дакументы, якімі афармляюцца розныя дзеянні і адносіны, напрыклад, загады, службовыя лісты, заявы і інш.; на кожны раз тут складаецца новы дакумент. Стандартныя запаўняюцца ў пэўнай паслядоўнасці і па строга абавязковых правілах; сюды адносяцца даручэнні на атрыманне таварна-грашовых сродкаў, камандзіровачныя пасведчанні, даведкі пра заработную плату і пад. Для тыпавых дакументаў, акрамя формы, органы кіравання вызначаюць і прыкладны змест.
Адны дакументы (службовыя лісты, акты, анкеты, аўтабіяграфіі, лісткі ўліку кадраў, заявы, даведкі, дагаворы, дакладныя запіскі, загады) з’яўляюцца дакументамі справаводства; другія (прыймовыя квіткі нарыхтоўчых арганізацый, таварна-транспартныя накладныя, прыходныя і расходныя ордэры) належаць да бухгалтарскіх дакументаў.
16
Кожны дакумент складаецца з асобных элементаў, якія называюцца рэквізітамі (аўтар, адрасат, подпіс, дата і інш.). Розныя віды дакументаў маюць свае “наборы рэквізітаў”, абумоўленыя прызначэннем дакумента.
Для напісання дакументаў, заканадаўчых актаў выкарыстоўваецца такая разнавіднасць літаратурнай мовы, як афіцыйна-справавы стыль. Калі ў мастацкім, публіцыстычным, навуковым тэксце рэалізуюцца такія тыпы выкладання, як апавяданне, апісанне, разважанне, то ў афіцыйных дакументах выклад ідзе ў форме прадпісання, канстатацыі, сцвярджэння. Прадпісальны характар дакументаў выяўляецца ў адметнасці выкарыстання моўных сродкаў.
Шырока ўжываюцца дзеясловы ў неазначальнай форме, часта ў спалучэнні са словамі неабходна, трэба, абавязаны, забараняецца, мець права і
інш. Напрыклад, у Законе Рэспублікі Беларусь “Аб ахове навакольнага асяроддзя” запісана: “Грамадзяне Рэспублікі Беларусь і іншыя асобы, якія пражываюць на яе тэрыторыі, абавязаны: берагчы і ахоўваць прыроду, рацыянальна выкарыстоўваць яе багацці, выконваць патрабаванні прыродаахоўнага заканадаўства, павышаць экалагічную культуру, садзейнічаць экалагічнаму выхаванню падрастаючага пакалення, выконваць іншыя абавязкі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”. Прадпісальнае значэнне афіцыйных тэкстаў перадаецца таксама дзеясловамі цяперашняга часу. Так, у законе “Аб акцыянерных таварыствах, таварыствах з абмежаванай адказнасцю і таварыствах з дадатковай адказнасцю” запісана: “Праўленне таварыства:
арганізуе выкананне рашэнняў сходу ўдзельнікаў; у вызначаным статутам таварыства парадку наймае дырэктара; зацвярджае дагаворы на суму звыш указанай у статуце таварыства; прыцягвае аўдытараў для праверкі дзейнасці таварыства”.
У пераважнай большасці дакументаў прававыя нормы, прадпісанні падаюцца не як выказаныя канкрэтным размоўцам, аўтарам, а ідуць ад асобы вельмі абагульненай, ад імя дзяржавы. Іншымі словамі, афіцыйнаму стылю ўласцівы неасабовы характар выказвання. Таму ў справавым тэксце дзеясловы звычайна не ўжываюцца ў форме першай асобы, за выключэннем загадаў, заяў, дакладных, аўтабіяграфій.
Афіцыйнаму стылю супрацьпаказаны эмацыянальнасць, суб’ектыўная ацэначнасць, гутарковасць (параўн.: салдацік, дачушка, дзеткі, госцейкі – салдат, дачка, дзеці, госці). Характэрная рыса справавой мовы – асаблівая афіцыйнасць афарбоўкі.
Дакумент адпавядае свайму прызначэнню, калі ён дакладны, г.зн. выклад у ім адлюстроўвае сапраўдны стан рэчаў і не дапускае магчымасці іншага тлумачэння слоў і выразаў. Дакладнасць забяспечваецца ўжываннем характэрных слоў-тэрмінаў (адказчык, заяўнік, кватэранаймальнік, пастанова, статутны фонд, тарыфная стаўка, устаноўчы дагавор), а таксама адназначных і нявобразных слоў. Патрабаванне дакладнасці тэксту не дазваляе рабіць замену назоўніка займеннікам, таму ў справавой мове назоўнікі часта паўтараюцца.
Функцыя дакумента патрабуе таго, каб ён быў ясны, выкладзены лагічнай, нескладанай мовай. Дакументу аднолькава шкодзяць як
17
недагаворанасць, так і шматслоўнасць. Поўная абгрунтаванасць дакумента і важкія доказы робяць яго пераканаўчым. Непажадана ўжываць у дакуменце без патрэбы запазычаныя словы. Не дапускаюцца таксама дыялектызмы, жарганізмы і іншыя нелітаратурныя сродкі. У дачыненні да сінтаксісу перавага аддаецца простым сказам.
Афіцыйны стыль вызначаецца вялікай колькасцю стандартных сродкаў
–канцылярскіх штампаў, г.зн. устойлівых зваротаў, якія паўтараюцца пры апісанні аднолькавых сітуацый, абазначэнні пашыраных паняццяў: перадаць у адпаведныя інстанцыі, прыцягнуць да адказнасці, узяць пад кантроль, за справаздачны перыяд, ставіць у віну і інш.
Дарэчы, сучаснае беларускае справаводства знаходзіцца ў стадыі станаўлення. Навідавоку дзве тэндэнцыі: перайманне ўзораў, выпрацаваных у рускай мове, і пошук уласных моўна-стылёвых сродкаў (новыя моўныя адзінкі, а таксама вяртанне даўніх слоў і зваротаў). Адсюль у практыцы непазбежна ўзнікаюць варыянты, сінонімы: аб’ява – абвестка, дагавор – дамова, даручэнне
–даверанасць, перагаворы – перамовы, тыраж – наклад, экземпляр – паасобнік, спонсар – фундатар і інш. Ацэньваючы нарматыўнасць ужывання такіх варыянтаў, трэба памятаць, што законы і правілы выкарыстання самых розных адзінак у мове не ўзнікаюць “імгненна”, а выпрацоўваюцца паступова, з цягам часу. Таму сёння, мусіць, нельга заўсёды з поўнай упэўненасцю сцвярджаць, які з існуючых варыянтаў замацуецца ў мове, а які выйдзе з выкарыстання як недакладны або чужы для беларускай моўнай сістэмы.
Апісанне некаторых відаў дакументаў
1Акт – дакумент, які складаецца некалькімі асобамі і пацвярджае ўстаноўлены факт, падзею, дзеянне. Часцей за ўсё акты складаюцца камісіямі (як сталадзейнымі, так і прызначанымі распарадчым дакументам вышэйшай арганізацыі або кіраўніка). Як і ў іншых дакументах, у акце перад тэкстам даецца загаловак. Тэкст акта падзяляецца на тры часткі: уводзіны, канстатавальная частка і вывады. Ва ўводзінах паказваецца падстава складання акта, пералічваюцца асобы, якія складаюць акт. Канстатавальная частка пачынаецца з абзаца. У ёй выкладаюцца мэты, задачы і сутнасць працы, выкананай складальнікамі акта, яе вынікі. У заключнай частцы акта робяцца вывады або даюцца рэкамендацыі, але гэтая частка неабавязковая, акт можа заканчвацца і канстатацыяй фактаў.
2Аўтабіяграфія – дакумент, які пішацца ад першай асобы і паведамляе афіцыйныя звесткі: год і месца нараджэння, сацыяльнае становішча, найбольш важныя вехі жыццёвага шляху чалавека. У аўтабіяграфіі не трэба раскрываць рысы характару, звычкі, схільнасці і г.д.
3Даведка – дакумент, які змяшчае апісанне і пацвярджэнне тых ці іншых фактаў, падзей. Даведкі падзяляюцца на дзве групы: даведкі інфармацыйнага характару, дзе падаюцца службовыя звесткі, і даведкі, якія сведчаць юрыдычны акт і выдаюцца зацікаўленым грамадзянам або ўстановам. Даведкі інфармацыйнага характару складаюцца ўпаўнаважанымі органамі ці службовымі асобамі на запыт ці прапанову вышэйшай у адміністрацыйных адносінах арганізацыі або непасрэднага кіраўніка. У фармуляр інфармацыйнай
18
даведкі ўваходзяць: назва ўстановы, назва віду дакумента, дата, загаловак да тэксту, тэкст, подпіс. Даведкі, якія сведчаць юрыдычны факт, выдаюцца зацікаўленым асобам на рукі (напрыклад, пацвярджаюць месца вучобы, пасаду, жыллёвыя ўмовы і г.д.); абавязковы рэквізіт такой даведкі – пячатка. Тэкст даведкі пачынаецца з напісання ў назоўным склоне прозвішча, імя, імя па бацьку асобы, пра якую паведамляюцца звесткі. У канцы тэксту ўказваецца, у якую ўстанову гэты дакумент накіроўваецца.
4 Дагавор – гэта дамова дзвюх ці некалькіх асоб ці арганізацый пра вызначэнне, змяненне або спыненне ўзаемных правоў і абавязкаў. Напрыклад, працоўны дагавор – гэта пагадненне на выкананне адным з бакоў пэўных работ, а дагавор арэнды – гэта канкрэтнае абавязацельства наконт перадачы ў часовае карыстанне прадпрыемства, будынка, зямлі і г.д. Зараз дагаворы афармляюцца звычайна на тыпавых бланках у двух экземплярах. У дагаворы павінна быць адлюстравана: месца і дата яго заключэння; назва дакумента; прозвішчы, імёны, імёны па бацьку асоб, упаўнаважаных заключыць дагавор; праца, якую трэба выканаць; тэрмін выканання (пачатак і канец); парадак разліку; парадак вырашэння спрэчак; адрасы бакоў; подпісы і пячатка.
5 Даручэнне – дакумент, па якім прадпрыемства ці асоба дае права іншай асобе выступаць ад іх імя, ажыццяўляць якія-небудзь юрыдычныя дзеянні або атрымліваць матэрыяльныя каштоўнасці. У даручэнні трэба напісаць: хто даручае (поўнае найменне даверніка); каму даручаецца (прозвішча, імя, імя па бацьку, а ў афіцыйных даручэннях і пасада); што даручаецца (якія дзеянні даручаецца выканаць). Пасля назвы каштоўнасцяў іх колькасць пішацца як лічбамі, так і словамі. Подпіс даверніка павінен быць засведчаны адказнай асобай установы і пячаткай, а афіцыйнае даручэнне – дырэктарам установы, галоўным бухгалтарам і пячаткай. Даручэнне можа быць разавага і шматразовага дзеяння.
6 Загад – прававы акт, што выдаецца органам улады, кіраўніком установы, прадпрыемства, арганізацыі з мэтай вырашэння асноўных і аператыўных задач дзейнасці гэтай установы. Тэкст загаду, як правіла, складаецца з дзвюх частак: канстатавальнай і рэзалютыўнай (распарадчай). Загад уступае ў сілу з моманту яго падпісання.
7 Заява – гэта пісьмовая просьба асобы ці групы асоб, накіраваная ва ўстанову, арганізацыю або да службовай асобы. У залежнасці ад таго, куды падаецца заява, аўтае яе можа выступаць як “студэнт”, “грамадзянін”, “жыхар”, “выкладчык” і г.д. Калі заяўнік адрасуе заяву кіраўніку сваёй арганізацыі, дамашні адрас не ўказваецца (бо ён і так вядомы). Калі няма звестак пра прозвішча, імя, імя па бацьку асобы, да якой звернута заява, то іх пісаць неабавязкова, досыць толькі дакладна ўказаць пасаду.
8 Пратакол – дакумент, які фіксуе ход абмеркавання пытанняў і прыняцце пастаноў на сходах, канферэнцыях, пасяджэннях і г.д. Датай пратакола з’яўляецца дзень пасяджэння, а нумарам пратакола – парадкавы нумар пасяджэння калегіяльнага органа. У тэксце пратакола вылучаюцца дзве часткі. У першай змяшчаюцца звесткі пра тое, хто з’яўляецца старшынёй сходу, сакратаром, у алфавітным парадку пералічваюцца прысутныя на сходзе,
19
падаецца парадак дня з указаннем пытанняў, што прапаноўваюцца на абмеркаванне. У другой частцы пратакола запісваюцца ўсе выступленні; складаецца гэтая частка з раздзелаў адпаведна паслядоўнасці абмеркавання пытанняў парадку дня. Кожны раздзел мае тры часткі: “слухалі”, “выступілі”, “пастанавілі”; калі тэкст або тэзісы выступленняў падрыхтаваны загадзя, выступленне не запісваецца, а дадаецца да пратакола. Калі пасля выступлення дакладчыка або ў ходзе абмеркавання задаюцца пытанні, іх трэба занатаваць разам з адказам.
9 Распіска – гэта дакумент, які пацвярджае факт атрымання пэўнай асобай матэрыяльных каштоўнасцяў або важных дакументаў на часовае ці сталае карыстанне. Распіска з’яўляецца сродкам уліку матэрыяльных каштоўнасцяў або сведчаннем таго, што дакумент (загад, распараджэнне і г.д.) уручаны па прызначэнні і ў тэрмін. Форма распіскі ўключае наступнае: назва дакумента; хто атрымаў; ад каго атрымаў; што атрымаў (у пераліку каштоўнасцяў іх колькасць пішацца лічбамі і словамі); з якой мэтай; на які тэрмін; дата, подпіс. Распіска складаецца ў адным экземпляры і захоўваецца нароўні з каштоўнымі дакументамі.
10 Справавыя лісты – гэта дакументы, накіраваныя адной арганізацыяй (або асобай) у другую арганізацыю з мэтай высветліць пэўныя пытанні. Яны могуць мець асабісты характар ці службовы; у апошнім разе ліст павінен быць засведчаны пячаткай або складацца на спецыяльным бланку са штампам арганізацыі. Суправаджальны ліст пасылаецца пры накіраванні адрасату пэўных дакументаў. Калі дакументы пасылаюцца на некалькі адрасоў, то і суправаджальных лістоў пішацца такая ж колькасць. Арыгінал суправаджальнага ліста падпісвае кіраўнік установы, а копіі – сакратар. Форма суправаджальнага ліста ўключае наступнае: назва адпраўніка; адрас адпраўніка; нумар ліста і адпраўлення; назва і адрас арганізацыі і службовай асобыатрымальніка; тэкст ліста; пералік дадатку з указаннем колькасці аркушаў і экземпляраў; подпіс адпраўніка. Ліст-запыт пасылаецца пры неабходнасці атрымання ад арганізацыі або службовай асобы пэўнай інфармацыі. Форма такіх лістоў наступная: назва адпраўніка; яго адрас; нумар і дата адпраўкі; назва атрымальніка ліста і яго адрас; змест ліста; подпіс. Ліст-адказ складаецца пры атрыманні запыту па пэўнаму пытанню; ён мае форму, падобную да формы ліста-запыту, але перад тэкстам (або ў яго пачатку) абавязкова змяшчае спасылку на нумар і дату ліста-запыту.
Мова навукі і яе асаблівасці
Мова навуковых артыкулаў, манаграфічных даследаванняў, падручнікаў па розных галінах навукі і тэхнікі неаднародная, паколькі выбар слоў, іх спалучэнне, будова сказаў вызначаюцца задачамі, умовамі, у якіх адбываецца маўленне, і спецыфікай навукі. Адметнасцю мовы навукі з’яўляецца аб’ектыўнасць яе інфармацыі.
Лексічныя і фразеалагічныя асаблівасці навуковых тэкстаў
Аснову навуковага стылю, як і іншых стыляў, складаюць
20
агульналітаратурныя, стылістычна нейтральныя словы, ці, як іх яшчэ называюць, міжстылёвая лексіка. Міжстылёвая лексіка аб’ядноўвае словы, якія аднолькава свабодна выкарыстоўваюцца ў любым тыпе выказвання; яна складае аснову ўсёй мовы. Такія словы ў плане ацэнкі нейтральныя, не маюць стылістычнай афарбоўкі.
Агульналітаратурныя нейтральныя словы складаюць найбольшую групу, паколькі, акрамя самастойных часцін мовы, сюды далучаюцца і службовыя (злучнікі, прыназоўнікі, часціцы), якія выконваюць звычайныя для іх функцыі і маюць пэўныя значэнні. Дарэчы, выкарыстанне агульнаўжывальных, агульназразумелых слоў у навуковых тэкстах – звычайная з’ява, выкліканая патрэбамі камунікацыі.
Пэўную частку лексікі тэкстаў навуковага стылю складаюць словы агульнанавуковага выкарыстання, якія ўжываюцца ў навуковых працах самых розных галін ведаў (аналіз, сінтэз, дослед, працэс, гіпотэза, даказаць і інш.).
Адметна, што сярод слоў гэтай групы шмат іншамоўных і інтэрнацыянальных слоў, паколькі гэта пераважна словы лацінскага ці грэчаскага паходжання (асіміляцыя, асацыяцыя, індэкс і інш.). Ужыванне такіх слоў становіцца магчымым у выніку пашырэння ведаў у грамадстве, росту адукаванасці, дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, якія досыць шырока асвятляюць сферу навукі, яе дасягненні і, зразумела, аперыруюць пры гэтым пэўнай лексікай.
Самую спецыфічную групу лексікі навуковых тэкстаў складаюць тэрміны – г.зн. словы або спалучэнні слоў, што групуюцца ў тэрміналагічныя аб’яднанні паводле пэўнай галіны навукі, тэхнікі, культуры. Словы агульналітаратурнай мовы выяўляюць сваё значэнне ў пэўным кантэксце, які часта адыгрывае важную ролю ў высвятленні значэння слова (свежыя навіны – свежы хлеб – свежы ручнік – свежае сена). Тэрміны ж не патрабуюць кантэксту для свайго выяўлення; іх змест залежыць ад той навукі, якую тэрмін прадстаўляе. Асаблівасцю навуковага стылю з’яўляецца і шырокае выкарыстанне ў ім разнастайных лічбавых, літарных скарачэнняў, спецыяльных знакаў, формул і г.д.
Адметнасць навуковых тэкстаў вызначаецца і праз адбор і выкарыстанне фразеалагізмаў. Фразеалагізмы, ці ідыёмы,– гэта ўстойлівыя моўныя выразы, значэнне якіх не супадае са значэннем асобных слоў, што яго складаюць. З пункту гледжання стылістычнай функцыі іх можна падзяліць на дзве групы: функцыянальна замацаваныя за пэўнымі стылямі і не замацаваныя за асобным стылем. У першай групе выдзяляюцца кніжныя, размоўныя і прастамоўныя фразеалагізмы; фразеалагізмы ж, якія з’яўляюцца стылістычна нейтральнымі і могуць выкарыстоўвацца ва ўсіх стылях мовы, сустракаюцца рэдка (час ад часу, у крайнім выпадку і інш.).
Кніжныя фразеалагізмы выкарыстоўваюцца ў публіцыстычных, навуковых і мастацкіх тэкстах. Навуковыя тэксты вызначаюцца ў параўнанні з астатнімі абмежаванай колькасцю фразеалагізмаў (актуальная тэма, навуковы інтарэс, аддаваць належнае, камень спатыкнення і інш.). У навуковых тэкстах фразеалагізмы выкарыстоўваюцца не часта і маюць пры гэтым своеасаблівую функцыю – намінатыўную, у той час як у мастацкіх і публіцыстычных тэкстах
