Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
27
Добавлен:
25.02.2016
Размер:
286.84 Кб
Скачать

- А ты хто? - адказала яму запытаннем жанчына, чуючы яго ламаную мову. - Ты можа чэх?

- А тут ёсць чэхі? - хітра запытаў ён.

- Немцы везлі кудысьці чэхаў, дык яны ўзбунтаваліся, паўцякалі і бадзяюцца па дарогах, - сказала наіўная старая.

- Я чэх, - адказаў Шрэдэр.

- Дык на Баранавічы ідзі проста шляхам да скрыжавання, а там па шашы.

Цяпер ён пачаў ісці начамі, а днём сядзеў дзе-небудзь у зацішку. Ужо зямля ўмерзла, і ночы сталі доўгімі вельмі. Бульба на полі была ўжо мерзлая. Але непрыбранае збожжа добра высыпалася з каласоў і многа зерня было нацярушана. Часам высвечвала сонца і яшчэ крыху грэла. Тады зямля пачынала раставаць і чарнець. У ім сфарміраваўся свет вялікай адзіноты. І вось шлях дайшоў да такога месца, дзе Шрэдэр спыніўся і выразная думка аб блізкай гібелі стала ў яго цвёрдай і выразнай. У гэты дзень сеялася мокрая імгла, але к вечару выяснілася і заход сонца быў чысты. Ружовасць ляжала на небе, і вочы маглі цешыцца з адзінокай травіны, якая дзе-нідзе праз нейкі цуд захавалася на ржышчы. Так дзень пачынаў згасаць, калі Шрэдэр убачыў проста на дарозе абломкі машын і мноства трупаў нямецкіх салдат. Патрушчаныя галовы, паадрываныя ногі і рукі і ўсюды высахлая кроў. Шрэдэр мінуў гэты жах, і яшчэ не змеркла, калі ён убачыў перад сабою велічэзнае дрэва. Божа! Ён ужо два разы бачыў яго! Ці гэта сон, ці гэта страшная сапраўднасць?! Калісьці ён упаў тут хворы, і канвойны расейскі салдат узяў яго пад руку і павёў далей, дзе пры дарозе стаяла ў полі адзінокая хвоя. Мілы Божа! Тады яго паклалі на воз і павезлі. Ён сеў на край нейкай труны... Яму хацелася заплакаць. Але ж ён тады, ад слабасці свае, не вытрымаў і адчыніў сваю душу перад тымі, хто ратаваў яго і нахіляўся над ім з ясным позіркам. І тое, што ён аддаўся патрэбе свайго сэрца, згубіла Гертруду і цяпер губіць яго. Ці здолее ён цяпер быць цвёрдым да канца і не сказаць сустрэчнаму: «Хоць ты і не немец, але не буду я цябе ненавідзець. Пашкадуй мяне». У страшным утрапенні ён прайшоў яшчэ крокаў дзвесце і ўбачыў: збоку пры самай дарозе насыпана зямля, на насыпе ўбіты ў зямлю кол і на ім дошка з надпісам: «Тут закапана сто семдзесят шэсць немцаў, якія навалакліся сюды таптаць нашу зямлю і на гэтым самым месцы падохлі ад партызанскіх куль. Гітлераўцам сабачая смерць. Чытайце, немцы, і вучыцеся». Шрэдэр прачытаў і зноў рушыў далей. Перад ім была брукаваная паваротка і надпіс на слупе: «На Сумлічы. Шэсць кіламетраў». Нічога гэты надпіс не сказаў яму. Але ногі яго захісталіся, і ён сеў, а пасля лёг на зямлю. Усё цела яго ныла, галава кружылася, і кашаль пачаў ірваць яму грудзі. На Вялікім скрыжаванні ён ляжаў, і раптам страшная думка цюкнула яму: «А ці не ступіў я ўжо на дарогу за сваёй Гертрудай?» Ён падняў галаву. Надпіс на слупе ўжо ледзьве вырысоўваўся ў змроку ранняга вечара. Ён устаў без жадання і волі. Прыпёрся плячыма да вялікага дрэва і звяў. І толькі кашаль час ад часу вырываў яго з забыцця. Божа, якая доўгая была ноч! Тая чвэрць веку, якую ён пражыў з таго, калі ўпершыню ўбачыў гэтае дрэва, была карацейшая за гэту ноч. Ён сядзеў з усходняй стараны дрэва і, калі ўзышло сонца і паклала на яго страшны твар праменне, ён паварушыўся і падняўся. Надпіс на дошцы зноў стаяў перад яго вачыма: «На Сумлічы». Тут ён раптам уздрыгануўся. Божа, які дзіўны лёс! Гэтае слова ён пісаў калісьці свайму малому Густаву, калі думаў, што памрэ сярод чужых людзей. Там была дзяўчынка з яснымі вачыма, тая, што паіла яго малаком. Ён не вытрымаў. Цяпер ужо слова «Сумлічы» пранізвала яго вострым болем і смуткам аб нечым навек страчаным і апаганеным. Ахоплепы дзікай думкай, ён рушыў у брукаваную паваротку. Каля Сумліч жанчына везла воз дроў. У першай сумліцкай вуліцы дзяўчынка несла вядро вады. Яна азірнулася на прысутуленую дзіўную постаць, якая ледзьве грабла нагамі. Стаялі дрэвы без лісця, і дым ішоў з аднаго коміна. Тут жылі людзі. Шрэдэр падышоў да дзяўчынкі. Ламанай мовай ён сказаў:

- Гэта Сумлічы?

- Сумлічы.

- А немцаў не чуваць тут?

- А ты хто?

- Чэх.

- Немцаў няма, тут нашы. Пасля таго як па шашы пачалі душыць немцаў, дык яны сюды і носа не ткнуць. Трасцы!

- Партызаны ўсюды?

- Немцы толькі па гарадах асталіся.

Зноў адчай і трывога выгналі з Шрэдэравай душы нядаўняе жаданне сказаць першаму сустрэчнаму чалавечае слова. Тут падышла другая дзяўчынка, і новае пачуццё ажыло ў Шрэдэра. Гэта быў страх. А страх пачаў зменьвацца слабасцю волі і думкі. Аднак жа думка яго працавала даволі цвёрда. Разам з тым зноў пачало варочацца да яго імкненне да чалавечага слова кожнаму, хто натрапіцца на яго дарозе. Настрой яго зменьваўся кожную секунду. То хацелася яму крыкнуць: «Густаў, сын мой! Дзе ты? Дзе твае салдаты і слава фюрэра?» То хацелася сказаць: «Пракляцце табе, фюрэр, за тое, што ты павёў мяне туды, куды я прыйшоў!» - і цалаваць гэтых дзяўчынак.

- Гэта чэх, - сказала дзяўчынка з вядром той, другой, якая толькі што падышла.

- Дык чаго ж ты стаіш, - сказала Шрэдэру новая дзяўчынка. - Калі ты чэх, дык ідзі папрасіся ў людзей у хату. Ты ж ледзьве стаіш.

Вось і чалавечае слова! Яго моцна ўразіла. Ён аж хістануўся на нагах. Раптам ён успомніў. Дастаў з кішэні запісную кніжачку і хутка знайшоў запісанае яшчэ ў Германіі, калі збіраўся сюды. Запісана было рукою Гертруды, перапісана з яго пісем. Яна пісала з нядобрым пачуццём да яго і з пэўнай думкай. Гледзячы ў гэты запіс, ён сказаў:

- Дом Нявады.

- Мы завядзём, - сказалі ў адзін голас дзяўчаткі.

- А ты праўда чэх, ці можа немец? - сказала адна.

- Чэх, - адказаў ён.

І яны павялі яго на край мястэчка, дзе радзей стаялі хаты і відно было поле. У хату яны ўвайшлі разам з ім і ў адзін голас сказалі:

- Гэта чэх, хоча есці і спаць.

І выйшлі з хаты. Ён пераступіў з нагі на нагу і ўбачыў: на лаве ляжаць вінтоўка і патроны, на табурэце сядзіць чалавек, пасярод хаты стаіць жанчына і ў пасцелі ляжыць дзяўчынка. Падлогі ў хаце няма, а ўбітая зямля. Гэтая зямля і ўразіла яго перш за ўсё. Гэта ж зямля гэтая так была тады асветлена сонцам, калі ён тут скінуў з сябе хваробу і раскрыў перад людзьмі душу. І вось ён пачаў пазнаваць у гэтай хаце ўсё. А дзяўчынка! Яна ляжыць і, мусіць, хворая. Бо такі худы і жоўты яе твар. Можна падумаць, што яна цэлыя годы праседзела ў турме. І зноў яму душу сціснула новае ўражанне. Вочы ў гэтай дзяўчынкі. Гэта ж тыя самыя вочы. Можна падумаць, што гэта тая самая, што так даўно, калісьці, паіла яго малаком. Ён пачаў калаціцца.

- Ну дык садзіся, чэх, - сказаў чалавек, - зараз цябе накормім.

Шрэдэр сеў, і думкі яго зноў аслабелі. Яго хіліла да забыцця. І смутак, вялікі смутак аб усім свеце і аб сабе здушыў яго.

- Садзіся бліжэй да стала, налью табе есці, - сказала жанчына.

Ён сеў за стол і сказаў, хоць ломанай, але расейскай мовай. Відаць, ён як мае быць рыхтаваўся ехаць сюды, каб тут пакінуць быць арандатарам.

- Я некалі падараваў быў вам золата. Гадзіннікі, пярсцёнкі, крыж. У тую вайну я быў хворы і палонны. Яно пайшло гэтаму дому на карысць?

Ён не памятаў, што казаў. У вачах яго цямнела, душа ныла.

- Божачка! - шпарка прагаварыла жанчына. - Адкуль ты ведаеш?.. А... Гэта быў ты? Я тады была яшчэ малая.

- Дык ты немец? - Раптам заварушыўся чалавек. - І я тады быў малы. А яна цяпер малая, - і чалавек ткнуў рукой туды, дзе ляжала хворая дзяўчынка. - Дык ты немец? Выйдзі з хаты! Чуеш? Ідзі! - Чалавек узяў з лавы вінтоўку і грукнуў прыкладам у зямлю. Шрэдэр саскочыў з лавы і пайшоў у дзверы.

- У сад ідзі! - закрычаў чалавек. - Унь туды!

Шрэдэр увайшоў у сад, дзе густа стаялі голыя дрэвы, і зямля была зацярушапа мерзлым лісцем.

- Стой!.. - сказаў чалавек.

Шрэдэр стаў і штосьці шпарка пачаў гаварыць, перамешваючы нямецкія словы з расейскімі.

Чалавек не слухаў, прыцэліўся і стрэліў. Шрэдэр упаў і сканаў, лежачы, праз хвілін паўтары.

Кастусь Лукашэвіч убачыў на дрэве падмерзлую бэру сярод чорнага лісця. Падумаў, на яе гледзячы, зазірнуў у пуньку, узяў з саломы два яблыкі і ўвайшоў у хату.

- На, Лізачка, еш антонаўкі, - сказаў ён, падыходзячы да хворай дзяўчынкі.

 

1943-1944

 

 

Каментары

 

Друкуецца па аўтографе. На вокладцы - назва рамана і малюнак, які належыць пяру К.Чорнага: два дрэвы на першым плане і трэцяе ўдалечыні. На першым лісце рукапісу намалявана высокае дрэва і будынак, у якім можна ўгадаць гумно з шырокімі варотамі, каля сцяны знаходзіцца фрагмент агароджы. На другім лісце слупком выпісаны імёны і прозвішчы галоўных персанажаў рамана. У канцы аўтографа пазначана: «Канец. Кузьма Чорны. 7 гадзін вечара, 18-га верасня 1943 г. Масква. Гасцініца «Якорь». 2 ліпеня 1944 года Чорны запісаў у сваім «Дзённіку», што, ачуняўшы пасля цяжкай хваробы, якая суправаджалася амаль поўнай слепатой, ён перапісваў рукапіс рамана: «А яшчэ шэсць месяцаў таму, калі пачынаў перапісваць «Пошукі будучыні», мне была пакута выпісваць роўна загаловак і першы радок».

Упершыню раман публікаваўся ў часопісе «Полымя», 1950, № 11-12, дзе быў падвергнуты прыкметнай рэдактарскай апрацоўцы.