
- •1. Біяграфічныя звесткі пра аўтара
- •2. Інтэлектуальны кантэкст узнікнення тэксту
- •3. Жанр і структура тэксту
- •4. Беларусь як мяжа паміж Захадам і Ўсходам
- •4.1. Падзеленасць "беларускай душы"
- •4.2. Гісторыя "ваганьняў паміж Захадам і Ўсходам"
- •4.3. Вызначэнне Захаду і Ўсходу
- •4.4. Неабходнасць сінтэзу
- •5. Форма як механізм падпарадкавання
- •5.1. Гісторыя Еўропы як гісторыя форм
- •5.2. Форма як механізм падпарадкавання
- •5.3. "Ліючаяся" форма
- •6. Творчасць як жыццёвая падстава
- •6.1. Містычны аспект творчасці
- •6.2. Сацыяльны аспект творчасці
4. Беларусь як мяжа паміж Захадам і Ўсходам
Як ужо было адзначана, тэкст быў напісаны ў 1921 годзе — у час Адраджэння (ці фармавання) новай беларускай культуры. І пытанне ідэнтычнасці, пошуку (вяртання) свайго шляху, натуральна, было надзвычай актуальным. Да гэтага пытання звярталіся ў той час многія аўтары (В.Ластоўскі, Дрыгвіч, Янка Купала, Тадэвуш Урублеўскі, Альбін Стаповіч, Усевалад Ігнатоўскі ды інш.), аднак толькі Абдзіраловіч надаў яму метафізічнае вымярэнне. Толькі ў Абдзіраловіча онталягічны статус Беларусі супадае са статусам мяжы паміж Захадам і Ўсходам, якая адначасна іх падзяляе і аб'ядноўвае, аднак, пры гэтым, не з'яўляецца ні тым, ні іншым. Мяжа, якая зазвычай акрэсьлівае, фармуе нацыю, у дадзеным выпадку стаецца ейнай сутнаснай адзнакай, ейнай ідэнтычнасцю.
Для пазнейшых даследчыкаў (да прыкладу, для Ігара Бабкова) падзеленасць Беларусі паміж Усходам і Захадам ёсць падставай разглядаць Беларусь як "памежжа": "памежжа — гэта прастора, прылеглая да мяжы, злучаная і зьнітаваная мяжой, прастора, для якой менавіта мяжа ёсць арганізуючым прынцыпам, сутнасьцю і цэнтрам прыцягненьня. Памежжа разьлягаецца паабапал мяжы, і ягоны тапалягічны статус парадаксальны: памежжа набывае пэўную цэльнасць праз факт уласнай падзеленасьці, г.зн. праз дынамічную падзею размежавання, сустрэчы і пераходу Свайго і Чужога, альбо Аднаго і Іншага. Менавіта гэтая дынамічная падзея адпавядае таму, што ў эўрапейскім мысленні завецца сутнасцю, цэнтрам, прынцыпам, першапрычынай, Богам.
Калі нацыя асацыюецца з мяжой, то паўстае сумнеў у ейнай наяўнасці. Іншымі словамі, калі ёсць Захад і Ўсход са сваімі выразна акрэсленымі ідэнтычнасцямі, то ці існуюць тады свая адметнасць і свой шлях? Аднак варта азначыць: падобнае пытанне аўтарам нават не ставіцца, у яго няма сумневаў ані ў магчымасці знайсці "свае формы", ані ў існаванні беларускай ідэнтычнасці. Зрэшты, "адвечны шлях" нельга стварыць — на яго можна толькі вярнуцца. Доказам таму шматвекавая гісторыя, цягам якое, паводле Абдзіраловіча, толькі тыя творчыя асобы, што не аддавалі пераваг ніводнаму з бакоў, рабіліся нацыянальнымі героямі ці геніямі — Скарына, Усяслаў Чарадзей. Міцкевіч, які "заблукаў на чужыне" (у значэнні — страціў сваю ідэнтычнасць), быў няшчасны і амаль нічога не пісаў напрыканцы жыцця: "Не знайшоў сваёй праўды вялікі Адам і загінуў на чужыне з болем у сэрцы. Можна спрачацца пра пераканаўчасць аргументаў, аднак сама назва тэксту "Адвечным шляхам" адсылае да ідэі пра вяртанне да страчанага, але існага шляху, і такім чынам аўтар пакідае па-за тэкстам пытанне пра наяўнасць беларускай ідэнтычнасці і скіроўвае сваю ўвагу на вызначэнне і аналіз існай сітуацыі і пошук шляхоў да пераадолення яе. Ці, кажучы ў катэгорыях аўтара, яго цікавіць не абгрунтаванне існавання беларускага шляху, а здзяйсненне яго.
4.1. Падзеленасць "беларускай душы"
Адпаведна з тагачаснай сітуацыяй, 1-ы раздзел Абдзіраловіч пачынае са згадкі пра тое, што нашую культуру звыклі лічыць невыразнай, а мінулае — цьмяным: "На беларускую справу прызвычаіліся глядзець як на нешта надта невыразнае, нявызначанае, ня маючае ў сабе духу жывога, каторы можа даць беларусам права на законнае сярод іншых народаў істнаваньне. У невыразнасці беларускай культуры хочуць бачыць духовую сьмерць народу, яго няздольнасць вызначыць свой духовы ідэал".
Варта зазначыць, што пытанне нявызначанасці і невыразнасці беларускай культуры, ейнае залежнасці паўстае ў пераважнай большасці артыкулаў інтэлектуалаў таго часу. Так, Антон Луцкевіч, адзін са стваральнікаў БНР, пачынае свой артыкул "Краёвае становішча" (1918) з пытання: "Чаму гібее народ беларускі?", і ў якасці прычын нагадвае пра падзеленасць паводле рэлігійных канфесій, эканамічную залежнасць, адсутнасць веды пра сябе, а таксама адсутнасць нацыянальнага ўніверсітэту.
Абдзіраловіч не аспрэчвае цверджання пра невыразнасць беларускай культуры, але адзначае, што прычына гэтага ў падзеленасці/падвойнасці, якую называе "трагедыяй народнага духу" (Ніцшэ), і ў адсутнасці "ўласных формаў жыцьця". Некаторыя іншыя даследчыкі таксама бачылі прычыны культурнага заняпаду ў падвойнасці беларускай душы:
"Dusza czlowieka czy narodu w wewnetrznej rozterce, nie wyda zadnego zbawczego czynu — bo walczy sama z soba".
Але істотна прыкмеціць: для Абдзіраловіча з падобнай фармулёўкі праблемы вынікае не заклік пазбавіцца ад уплываў праз іх адмаўленне, а ідэя сінтэзу супрацьлеглых тэндэнцый, з'яднання іх у адно — каб на гэтай аснове будаваць уласную сістэму каштоўнасцяў ("уласных форм жыцьця"). Дзеля таго ён даволі падрабязна аналізуе гісторыю гэтых уплываў, сродкі, праз якія адбываецца ўплыў (ці, іначай, асіміляцыя беларускай культуры). І на гэтай аснове вызначае спосаб, пры дапамозе якога можна пазбегнуць як асіміляцыі адным з бакоў іншага, так і змагання паміж "дзвюма душамі" беларускага народу.
Кажучы пра падвойнасць, аўтар найперш мае на ўвазе падзеленасць Беларусі паміж Захадам і Ўсходам на рыма-католікаў і праваслаўных. "Рэлігія ў гэтым выпадку выступае ня проста як разнавіднасць веравызнання, але як носьбіт нечага большага. Яна з'яўляецца знакам, сымбалем у гегелеўскім разуменні, адзінствам, змест якога пераважае над формай. Гэта азначае, што асоба, якая стаіць перад выбарам рэлігіі, выбірае адначасна і пэўны тып цывілізацыі, культурную традыцыю, сьветагляд, грамадзкі і дзяржаўны лад… Сапраўднай жа прычынай… з'яўляецца сутыкненне геапалітычных і эканамічных інтарэсаў суседніх дзяржаў".
Янка Купала таксама лічыў рэлігійнае пытанне на Беларусі вельмі важкім для нацыянальнага самавызначэння і сцвярджаў, што, "апрача палітычнай і эканамічнай залежнасьці, была і другая прычына, асьляпіўшая сьветапогляд беларуса,— гэта рэлігійная нязгода двух хрэсціянскіх абрадаў у нашым краю: каталіцтва і праваслаўя… Гэтае змаганьне двух вер ня толькі дзеліць беларусаў на дзве часьці па рэлігіі, але, самае важнае, забіваіць у іх сьведамасьць і пачуцьцё національной еднасьці. Беларусу-каталіку ўгаварываюць, што раз ён каталік, то ён — паляк і не павінен братацца з тым, хто іншай веры; беларусу-праваслаўнаму кажуць, што раз ён праваслаўны, то ён — расеец і каталіка-беларуса павінен сьцерагчыся, бо ён — паляк… Расьце нязгода, расьце нянавісьць — рэчы нікому не патрэбныя, апрача хіба ворогом нашога народу".
Такім чынам, падзеленасць паводле веравызнання вядзе да падзеленасці на два цывілілзацыйныя і культурныя тыпы ў межах адной культуры. Зыходзячы з гэтай тэзы, Абдзіраловіч ставіць пытанне пра прычыны такой падвойнасці і знаходзіць яе ў гісторыі Беларусі.