
Усходняя Прусія – Кралявец/Кёнігзбэрг/Калінінград
Буйная грамада пратэстантаў Вялікага Княства, утвораная ў сярэдзіне XVII ст. у Прусіі, існавала да 1767 г., калі ў Рэчы Паспалітай зноў была абвешчана свабода сумленьня і некаторыя пратэстанты вырашылі вярнуцца на гістарычную бацькаўшчыну. Увесь той час у Кёнігзбэргу быў кальвінскі збор, які належаў да Ядноты Літоўскай , вернікі карысталіся польскай мовай якая выконвала функцыі мовы міжнародных стасункаў, таксама там была друкарня[52]. У другой палове XVII ст. набольш вядомымі вернікамі грамады былі наступныя постаці:
Багуслаў Радзівіл, князь слуцкі, адзін з галоўных лідараў дысыдэнтаў Вялікага Княства. Ён быў ахрышчаны ў лютаранскай царкве й меў нямецкія, літоўскія і русінскія карані. Ягонай маці была Элізабэта Сафія Гагэнцолерн. Швэдзкі кароль Караль Х, вялікі электар Прусіі Фрыдрых Вільгельм і французкі кароль Люі ХІІІ былі ягонымі сваякамі. Але ў ВКЛ ён ня быў нават сэнатарам, таму што належаў да пратэстантаў. Як вынік, ён быў незадаволены кіраваньнем караля Яна Казімера Вазы і падтрымліваў швэдаў у 1655 – 1657 гг. Ад 1659 да 1669 г. ён знаходзіўся на службе ў свайго сваяка вялікага электара Фрыдрыха Вільгельма і быў генэральным губэрнатарам Усходняй Прусіі. Плён Радзівілавай палітыкі быў у тым, што Слуцак быў адзіным буйным горадам ВКЛ, які ня здолелі захапіць расейскія войскі падчас вайны 1654 – 1667 гг. Ён фінансава падтрымліваў слуцкую пратэстанцкую гімназію заснаваную ў 1617 г., якая лічылася найлепшай гімназіяй у Беларусі і праіснавала да 1914 г. Ён сабраў вялікую бібліятэку, у якой знаходзіўся ўнікальны рукапіс, адзін з найстаражытнейшых усходнеславянскіх летапісаў, гэтак званы “Радзівілаўскі летапіс”. Ягоны кнігазбор быў перададзены Кёнізбэрскаму ўнісэрсытэту. Б. Радзівіл быў выбітным палітычным дзеячом у гісторыі ВКЛ і Прусіі[53].
Самуэль Пшыпкоўскі (1592-1670), значная постаць сярод арыянаў. Ён быў палякам паводле паходжаньня. Навучаўся ў Галяндыі (Ляйдэнскі ўнівэрсытэт). У 1628 г. у Галяндыі выйшла ягоная кніга на лаціне “Роздум пра супакой і згоду ў Царкве”, якая тычылася магчымай еднасьці паміж арыянамі, кальвінамі й лютаранамі. Кніга была перакладзена на ангельскую мову Джонам Дз’юры, які быў службоўцам у Ангельскай Гандлёвай Кампаніі ў Эльблёнгу. Самуэль Пшыпкоўскі вярнуўся ў Польшчу ў 1630-я гг. Пасьля зьнішчэньня Ракава – польскага цэнтру радыкальнага пратэстанцтва – ён пераехаў у Вялікае Княства. У ВКЛ Пшыпкоўскі жыў ад 1638 да 1659 г. і супрацоўнічаў з Багуславам Радзівілам. Пасьля выгнаньня арыянаў ён мусіў пераехаць у Прусію, дзе зрабіўся сакратаром новага губэрнатара. У Прусіі ён працягваў падтрымліваць стасункі з арыянамі й галяндзкімі пратэстантамі. Шмат лістоў даслаў Самуэль Пшыпкоўскі з Кёнізбэргу ў Галяндыю, напрыклад пастару Джону Нэранусу (John Naeranus) і Яну ван дэр Нэеру (Jan van der Neer). Таксама ён выдаў апалёгію ў абарону Януша Радзівіла супраць абвінавачваньня яго ў дзяржаўнай здрадзе падчас Малой Паўночнай вайны са Швэцыяй, а пазьней ён напісаў апалёгію Багуслава Радзівіла[54]. Тэалягічныя працы Пшыпкоўскага якія належаць да залатой думкі эўрапейскай Рэфармацыі складаюць апошні том выданьня “Bibliotheca fratrum polonorum”, надрукаванага ў Амстэрдаме[55].
Язэп Нарановіч-Наронскі (? – 1678), знакаміты картограф Беларусі, Летувы й Прусіі, інжынэр і гісторык. Ён навучаўся ў кальвінскай гімназіі ў Кейданах, і, магчыма, у Галяндыі. З 1644 г. Нарановіч-Наронскі быў на службе ў Януша Радзівіла. У 1644 –1653 гг. ён зрабіў пляны радзівілаўскіх гарадоў Беларусі й Летувы[56]. У 1650-м г. Нарановіч-Наронскі напісаў “Мастацтва матэматычных навукаў”, прысьвечанае оптыцы, геамэтрыі й ваенным фартыфікацыям. Пасьля спачыну Януша Радзівіла Нарановіч-Наронскі быў вымушаны перахаць у Прусію да Багуслава Радзівіла. У Прусіі ён стварыў “Генэральную мапу Ўсходняй Прусіі”[57]. Нарановіч-Наронскі прыдумаў праект злучэньня рэкаў Нёману й Прэголі, які прадугледжваў наўпроставы гандлёвы шлях, што зьвязаў бы ВКЛ з Прусіяй ды іншымі балтыйскімі краінамі. У 1665 г. ён напісаў трактат “Мастацтва артылерыі”. У 1670 г. Нарановіч-Наронскі напісаў гісторыю Рэчы Паспалітай пад назвай “Праўдзівая гісторыя манархіі скіфаў і сарматаў”. На жаль большасьць ягоных працаў не захавалася. Памёр Нарановіч-Наронскі у Краляўцы ў 1678 г.[58]
Ангельшчына-Лёндан Самуэль Багуслаў Хілінскі (1631-1668). Самуэль Хілінскі нарадзіўся ў Жамойці, у сям’і кальвінскага пастара. У 1653 г., ён паступіў у Кейданскую кальвінскую гімназію. У 1654 г. Самуэль Хілінскі атрымаў стыпэндыю на тэалягічную адукацыю за мяжой і пачаў навучаньне ў Франэкерскім унівэрсытэце. Ён ня меў магчымасьці вярнуцца дадому, таму што каталікі зруйнавалі кальвінскі збор у ягоным горадзе. Таму, ў 1657 г. ён зьехаў у Лёндан і распачаў навуку ў Оксфардзкім унівэрсытэце. У тым самым годзе (22 кастрычніка) ён распачаў перакладаць Біблію на летувіскую мову, карыстаючыся, у асноўным, галяндзкім перакладам. У 1659 г. Хілінскі скончыў пераклад. У 1660 г. ён пачаў друкаваць свой пераклад у Лёндане. У 1661 г. Хілінскі вярнуўся ў Літву й распавёў пра сваю працу кальвінскай грамадзе. Але ягоная праца была ацэнена адмоўна, і ў 1662 г. друкаваньне Бібліі было спынена. Памёр Хілінскі у галечы ў Лёндане. На сёньняшні дзень захаваліся толькі тры асобнікі ягонай няскончанай Бібліі (ад Кнігі Роду да 40-га Псальма). У 1958 г. гэты пераклад у рэшце рэшт быў выдадзены ў Польшчы[59].
Ян Краінскі (1625-1685), кальвінскі пастар і гісторык кальвінскае царквы ВКЛ. Ён быў сынам чэскага сьвятара Валента Грацыяна (Valent Gratian) – кальвініста, які эміграваў з Багеміі пасьля бітвы на Белай Гары ў 1620 г. Перад 1643 г. Краінскі зьмяніў імя па-бацьку на больш славянскае. Навучаўся Краінскі ў Галяндыі. З 1654 ён працаваў выкладчыкам у новай кальвінскай школе ў Заблудаве (Гарадзенскі павет). З 1658 г. быў асабістым сьвятаром Багуслава Радзівіла. З 1660 да 1666 г. Краінскі жыў у выгнаньні ў Лёндане. Ён атрымаў “рэкамэндацыйны ліст” ад Багуслава Радзівіла. У 1661 г. Краінскі сустракаўся з ангельскім каралём Чарльзам ІІ. Падчас гэтай сустрэчы Краінскі афіцыйна папрасіў у караля дазволу на збор грошай у Ангельшчыне дзеля дапамогі кальвінскай царкве Вялікага Княства. У выніку Краінскі атрымаў “прывілей” ад караля і пачаў зьбіраць грошы ў Ангельшчыне й Уэльсе[60]. У Лёндане Краінскі меў сутычку зь яшчэ адным літоўскім кальвіністам, Самуэлем Хілінскім, які хацеў, каб усе грошы сабраныя Краінскім, былі выкарыстаныя на друкаваньне Бібліі на летувіскай мове. Пасьля таго як скончылася вайна ў 1667 г., Краінскі вярнуўся дадому і пачаў служыць пастарам у беларускай Орлі ля Горадні (сучасная Польшча). Краінскі – аўтар унікальнага гістарычнага нарысу “Рэляцыя пра гаротны стан Царквы Хрыстовай, што вызнае Пратэстанцкую рэлігію ў Вялікім Княстве Літоўскім, пададзеная ўвазе ўсіх спачувальных Хрысьціянаў”[61].
Галяндыя-Амстэрдам Фларыян Крыцкі (? – пасьля 1660) – найбольш выбітны пратэстанцкі філёзаф Рэчы Паспалітай XVII ст. Ён нарадзіўся ў Жамойці, адукацыю атрымаў у Кёнігзбэрскім унівэрсытэце. Пазьней, як ахвяра рэлігійнай нецярпімасьці, пераехаў з ВКЛ у лютаранскі Гданьск. У Гданьску працаваў лекарам. Аднак, згодна з рашэньнем рады Гданьску быў выгнаны з гораду як арыянін. Пра ягонае жыцьцё ёсьць мала зьвестак. У 1657 г. ён наведаў мараўскіх арыянаў у Вугоршчыне. У той самы час у Амстэрдам праз Курляндыю прыехала шмат пратэстантаў зь Вялікага Княства, сярод іх Ян Старкевіч (Starkius), які 24 гады быў рэкратам Кейданскай пратэстанцкай гімназіі. Магчыма, менавіта дзеля гэтага Фларыян Крыцкі пасьля 1657 г. прыехаў у Амстэрдам і рэшту свайго жыцьця пражыў у гэтым горадзе. Славуты чэх Ян Амос Каменскі, галоўная постаць у пратэстанцкіх інтэлектуальных колах Эўропы клапаціўся пра побыт Яна Старкевіча ды іншых пратэстантаў з Літвы ў Амстэрдаме[62]. Каменскі ведаў асабіста шмат каго з пратэстантаў Вялікага Княства таму дапамагаў ім пачаць новае жыцьцё на эміграцыі[63]. У Амстэрдаме Фларыян Крыцкі напісаў некалькі працаў, з філязофіі, астраноміі і матэматычных навук[64] .
Гальляш Капіевіч (1651-1714), найбуйнейшы выдавец славянскіх кнігаў у Заходняй Эўропе, перакладчык і аўтар сучаснай вэрсіі кірылічнага альфабэту. Капіевіч нарадзіўся ў кальвінскай сям’і русінскай шляхты. У 1660 г., у 9 год, ён быў захоплены ў палон расейскімі войскамі і вывезены ў Маскву, дзе ён авалодаў расейскай мовай (маскоўскім дыялектам). Пасьля заканчэньня вайны з Расеяй, Капіевіч вярнуўся на бацькаўшчыну. Але каталіцкая царква захапіла ягоную маёмасьць. Сам ён быў абвінавачаны ў калябарацыі з Расеяй. У 1667 г. Капіевіч эміграваў у Галяндыю. Ён навучаўся ў Амстэрдамскім унівэрсытэце, а пазьней ва ўнівэрсытэтэце Капэнгагэну. Каля 1682 г. ён зрабіўся пастарам у Амстэрдаме. У тым самым часе ягоны брат Багуслаў Капіевіч быў кальвінскім пастарам у беларускім Койданаве[65].
Выпадковая сустрэча з расейскім царом Пятром І у Амстэрдаме ў 1697 г. зьмяніла жыцьцё Капіевіча. Пётар І папрасіў яго як адмыслоўца ў лаціне, нямецкай, галяндзкай, польскай, беларускай і асабліва расейскай мовах заснаваць у Амстэрдаме друкарню, якая б выдавала навуковыя кнігі для Расеі. Капіевіч пакінуў пастарства й заснаваў выдавецтва кнігаў у Амстэрдаме ў друкарні Яна Тэсінга (Jan Tessing), а пазьней у сваіх уласных друкарнях у Амстэрдаме, Капэнгагэне й Бэрліне. Усяго, паміж 1698 – 1706 гг. Капіевіч падрыхтаваў і выдаў каля 20 кнігаў па астраноміі, матэматыцы, ваенным мастацтве й караблебудаваньні на расейскай і царкоўнаславянскай мовах. Гэта складала 30% ад усіх расейскіх кнігаў, выдадзеных у той пэрыяд. Капіевіч распрацаваў новы шрыфт для сваіх кнігаў, які пазьней атрымаў назву “гражданка”. Ён зьмяніў фармат кірылічнага шрыфту. Новы шрыфт быў прасьцейшы, ягоная форма была выразная, і істотна адрозьнівалася ад старога царкоўнаславянскага альфабэту, які выкарыстоўваўся раней. Альфабэт быў створаны на базе шрыфтоў беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Шрыфт Капіевіча сёньня выкарыстоўваецца ў Беларусі, Баўгарыі, Македоніі, Расеі, Сэрбіі-Чарнагорыі, Ўкраіне, Казахстане ды іншых краінах. Цікава, што Капіевіч ліставаўся з Готфрыдам Ляйбніцам. У часе Вялікай Паўночнай вайны Капіевіч прыняў расейскае падданства (1707 г.) і пераехаў у Маскву, дзе быў перакладчыкам на дзяржаўнай службе.
Расея-Масква Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітніяновіч, 1629-1680), выдатны беларускі й расейскі пісьменьнік. Заснавальнік сучаснай расейскай паэзіі. Ён паходзіў з Полацку, належаў да адной з найбагацейшых сем’яў гандляроў і пры народзінах быў ахрышчаны ў праваслаўе. З 1643 г. Полацкі вывучаў тэалёгію ў Кіеўскім калегіюме, адзінай праваслаўнай вышэйшай школе ў Рэчы Паспалітай. Каля 1650 г. паступіў у Віленскую езуіцкую акадэмію дзе яму давялося прыняць грэка-каталіцтва. Падчас літоўскага пэрыяду Полацкі пісаў па-старабеларуску, польску і на лаціне. У той час ён быў абсалютна верны Рэчы Паспалітай. Напрыклад, нядаўна быў адшуканы верш-эпітафія Полацкага ў якім ён нэгатыўна выказваецца пра расейскія войскі[66]. Сімяон Полацкі – аўтар дзьвюх “швэдзкіх паэмаў” пра Караля Х: “Кароль шукае швэдзкіх афіцэраў” і “Адчай швэдзкага караля” (1657 г.)
Калі выбухнула вайна з Расеяй Полацкі вярнуўся ў свой родны горад і зноў перайшоў у праваслаўе. У Полацку ў 1656 і 1660 г. ён арганізоўваў урачыстыя сустрэчы расейскага цара Аляксея Міхайлавіча. У 1664 г. Полацкі пераехаў у Маскву, дзе зрабіўся галоўным ідэолягам засяроджаньня ўсіх праваслаўных земляў пад уладай Расеі, і выкладчыкам лаціны й польскай мовы ў расейскай выведцы (“приказ тайных дел”). У 1667 г. ён зрабіўся настаўнікам дзяцей цара Аляксея Міхайлавіча. У Расеі Полацкі пачаў пісаць на расейскай і царкоўнаславянскай мовах. Ён напісаў некалькі паэмаў і п’есаў для першага расейскага тэатру. У 1678 г. арганізаваў друкарню ў Крамлі. У 1680 г. стварыў праект заснаваньня першай вышэйшай навучальнай установы ў Расеі “Славяна-грэка-лацінскай акадэміі”. Полацкі зьяўляецца адной з галоўных постацяў расейскай і беларускай літаратуры XVII ст.[67]
Ян Мануэль Белабоцкі (калі 1650 – пасьля 1700), беларускі і расейскі пісьменьнік і літаратурны перакладчык канца XVII ст. Нарадзіўся ў Слуцку. Пасьля заканчэньня Слуцкай кальвінскай гімназіі ён навучаўся ў пратэстанцкай школе ў Торуні, пазьней у Францыі. Вярнуўся ў ВКЛ каля 1670 г. і пачаў працаваць пастарам у Слуцкім кальвінскім зборы. Сярод людзей ягоныя казані былі вельмі папулярныя. Вынікам гэтага быў перасьлед з боку езуітаў. Белабоцкі быў вымушаны зьехаць у Магілёў, цэнтар праваслаўя і месца рэзыдэнцыі адзінага праваслаўнага біскупа. У Магілёве ён хацеў заснаваць гімназію, але беспасьпяхова. Адтуль ён мусіў пераехаць у Смаленск, які ад 1667 г. належаў да Расеі. Аднак езуіты напісалі былому вялікакняскаму магнацтву ў расейскім Смаленску, каб тыя моцна асьцерагаліся сьвятара Яна Белабоцкага, таму што ён прагне заснаваць “герэтычную школу”[68].
У 1681 г. Ян Белабоцкі пераехаў у Маскву і перайшоў у праваслаўе, прыняў імя Андрэй і працаваў у міністэрстве замежных справаў (“посольский приказ”) у якасьці перакладчыка з лаціны, польскай і старабеларускай моваў. Пазьней ён беспасьпяхова імкнуўся зрабіцца выкладчыкам у першай вышэйшай школе, гэтак званай “Славяна-грэка-лацінскай акадэміі”, якую заснаваў другі эмігрант Сімяон Полацкі. У 1685 г. ён напісаў філязофскую працу “Кароткая дыскусія паміж Дабрынёй і Праўдай”. Таксама ён пераклаў на беларускую вэрсію царкоўнаславянскай мовы знакамітую працу Томаса Кэмпіса (Thomas Kempis) “De imitatione Christi”. У 1686 – 1690 гг. ён жыў у Кітаі як чалец расейскай дыпляматычнай місіі. У расейскай літаратуры ён вядомы як аўтар першай доўгай рэлігійнай паэмы, “Пэнталёгія, альбо пяць кароткіх гісторыяў пра чатыры галоўныя рэчы ў чалавечым жыцьці”. У 1698 – 1699 гг. ён перакладаў з лацінскай на царкоўнаславянскую сярэднявечную філязофскую, кабалістычную й альхімічную кнігу “Ars Magna” напісаную Раймундусам Люліюсам (Raimundus Lullius)[69]. Памёр у Маскве.
Сымон Гутоўскі (? – 1685), распрацоўнік першага расейскага друкарскага варштату для музычных кнігаў. Нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і. Верагодна быў вывезены расейцамі ці эміграваў з уласнай волі пасьля вайны 1654 – 1667 гг. Гуткоўскі быў першым у Маскве майстрам па арганах. Ён стварыў першы арган у Расеі. Сярод ягоных вырабаў былі арганы ў Крамлі і ў дамах “эўрапейскіх” баяраў Артамона Матвеева й Мікалая Раманава. Ён уваходзіў у склад расейскай амбасады ў Іране (1662 – 1664 гг.). Там ён ад імя расейскага цара Аляксея Міхайлавіча падараваў арган пэрсыдзкаму шаху Абасу ІІ. Гэта быў адзін зь першых арганаў у Азіі. У 1677 г. Гутоўскі рапрацаваў першы расейскі варштат музычных кнігаў. Абодва ягоныя сыны Іван і Самуіл, зрабіліся знакамітымі ў Расеі арганнымі майстрамі[70].
Лявон Тарасевіч (1650 – 1710), выбітны мастак і гравёр Беларусі, Летувы, Украіны й Расеі. Ён нарадзіўся ў беларускім мястэчку Глуск у праваслаўнай сям’і. Уладальнікам мястэчка быў князь Аляксандар Гіляры Палубінскі маршалак вялікі Літоўскі. Ягоны бацька русінскі магнат Аляксандар Палубінскі быў вядомым апекуном праваслаўнай царквы, аднак Аляксандар Гіляры з палітычных меркаваньняў перайшоў у каталіцтва. Нягледзячы на гэта ён пачаў апекавацца двума маладымі праваслаўнымі мастакамі, якія яму служылі – Лявонам і ягоным братам Аляксандрам. Палубінскі паслаў Тарасевіча ў Аўсбург у майстэрню братоў Кіліян (Cilian). Скончыўшы навуку Тарасевіч вярнуўся ў ВКЛ і працаваў у Вільні пад патранажам Палубінскага. Тут ён стварыў сэрыю партрэтаў магнатаў і біскупаў Вялікага Княства. У 1695 г. Тарасеві аформіў адну з апошніх кнігаў на старабеларускай мове “Служэбнік”, якая выйшла ў Вільні з партрэтам князя Караля Радзівіла. Пасьля сьмерці ў 1679 г. Аляксандра Палубінскага, Тарасевіч быў вымушаны пакінуць каталіцкую Літву і пераехаць у гетманскую Ўкраіну, а пазьней у Расею. Ад 1688 г. Тарасевіч жыў у Маскве, дзе стварыў шэраг партрэтаў расейскай арыстакратыі, сярод іх партрэт царыцы Соф’і (1688). Сёньня адзіная копія гэтага партрэта захоўваецца ў Амстэрдаме, таму што пасьля прыходу да ўлады Пятра І, усе копіі гэтага партрэта былі зьнішчаныя. Памёр Тарасевіч у Маскве[71].
Апроч вышэйзгаданых асобаў у Маскве ў другой палове XVII ст. жыло некалькі адукаваных эмігрантаў зь Беларусі: выдатны кампазытар і заснавальнік сучасных расейскіх царкоўных сьпеваў Мікалай Дылецкі; музыкі Ян Кокля й Казімер Васілеўскі; скульптар Клім Міхаловіч; стваральнік першага расейскага тэатру Іван Падборскі; заснавальнік першай у Расеі мануфактуры па вытворчасьці каляровай пліткі Ігнат Максімовіч ды інш.