Дысыдэнты ў вкл
Гістарычна, русіны з XI ст. адносілі сябе да праваслаўнай царквы бізантыйскага абраду, а летувісы з канца XIV ст. былі рыма-каталікамі. Такім чынам, з XV ст. існавала дзьве часткі палітычнай эліты: праваслаўныя і каталікі[11]. Шляхецкі сойм складаўся з гэтых дзьвюх частак. Падчас падрыхтоўкі Літоўскіх Статутаў 1529 г. і 1566 г. існаваў прынцып згодна з якім 50% сябраў заканатворчай камісіі павінны былі быць каталікамі, і 50% – праваслаўнымі. Згодна з законам у гарадах, якія разьмяшчаліся на землях са зьмешаным насельніцтвам, напрыклад Вільня, Гародня, 50% прадстаўнікоў цывільнай улады былі каталікамі і 50% – праваслаўнымі.
Рэлігійныя дысыдэнты, такія як багемскія браты (Геранім з Прагі) першы раз наведалі ВКЛ у 1420 г. З 1523 да 1546 г. дваццаць маладых магнатаў зь Вялікага Княства слухалі лекцыі Марціна Лютара ва ўнівэрсытэце Вітэнбэргу[12]. У 1553 г. князь Мікалай Радзівіл Чорны перайшоў з каталіцтва ў лютаранства й заснаваў адну зь першых лютаранскіх цэркваў у Берасьці. Пратэстанцтва зрабілася надзвычай папулярным сярод праваслаўнай шляхты Беларусі[13]. У той жа час шмат пратэстанцкіх цэркваў было заснавана ў каталіцкай Жамойці. У 1562 г. Сымон Будны, якога падтрымлівалі Радзівілы, выдаў у Нясьвіжы рэфармацкі Катэхізіс на старабеларускай мове. У 1563 г. у Берасьці пры фінансавай падтрымцы Радзівілаў была выдадзена пратэстанцкая Біблія на польскай мове. У 1572 г. у Нясьвіжы была выдадзена арыянская Біблія па-польску. У той жа час шляхціч-кальвініст Васіль Цяпінскі з Цяпіна выдае Новы Запавет (Эвангельлі) па-старабеларуску і царкоўнаславянску. У 1653 г. у Кедайнах быў надрукаваны першы кальвінскі Катэхізіс на летувіскай мове; Радзівілы таксама фінансава падтрымалі гэтае выданне[14].
Пратэстанцкая царква ў ВКЛ была арганізацыйна ўсталявана як “Яднота Літоўская” ў Вільні ў 1578 г. У яе ўваходзілі дзьве часткі: Вялікі Збор (кальвіністы) і Малы Збор (літоўскія браты, або арыяне). Таксама “Яднота Літоўская” падтрымлівала каля 15 лютаранскіх суполак ВКЛ. “Яднота Літоўская” складалася з 6 дыстрыктаў (рэгіёнаў): тры зь іх знаходзіліся на сучаснай летувіскай тэрыторыі, а тры – на беларускіх землях[15].
У 1563 г., пад ціскам з боку пратэстанцкіх магнатаў, кароль Жыгімонт Аўгуст падпісаў указ аб поўным раўнапраўі пратэстанцкай шляхты ў палітычных і іншых дачыненьнях з каталіцкай і праваслаўнай[16]. У 1588 г. выйшла новая рэдакцыя Статута ВКЛ. Разьдзел 3, артыкул 3: “Аб захаваньні ў супакоі ўсіх падданых нашых, абываталяў таго панства, з боку рознага разуменьня і ўжываньня хрысьціянскага набажэнства”[17] замацоўваў поўную роўнасьць і абарону ўсіх хрысьціянскіх веравызнаньняў. Сэнатары ўзгадвалі сумны досьвед рэлігійных войнаў у Заходняй Эўропе (напрыклад, ноч Сьв. Барталамея ў Францыі) і гарантавалі абарону для ўсіх дысыдэнтаў у ВКЛ паводле акту Варшаўскай канфэдэрацыі 1573 г.:
“У нашай краіне, у якой ёсьць вялікая розьніца ў разуменьні хрысьціянства, мы не жадаем мець аніякіх канфліктаў і войнаў, якія бачым у іншых краінах. Таму мы вырашылі заўсёды захоўваць мір у краіне і чалавечай крыві ў нашых цэрквах не праліваць”[18].
У 1569 г. была падпісана Люблінская вунія, у тым самым годзе ў ВКЛ зьявіліся езуіты з Польшчы і заснавалі свой першы калегіюм у Вільні. Толькі на беларускіх землях езуіты адкрылі: у 1585 г. калегіюм у Полацку, у 1586 г. – у Нясьвіжы, у 1616 г. – у Воршы, у 1623 г. – у Берасьці, у 1625 г. – у Гародні, у 1645 г. – у Менску, у 1648 г. – у Віцебску. Пачалася Контррэфармацыя. Галоўнай мэтай было акаталічваньне некаталіцкай часткі палітычнай эліты. Насьцярожаная масавым навярненьнем праваслаўнай шляхты ў пратэстанцтва герархія праваслаўнай царквы ўхваліла аб’яднаньне з рыма-каталіцкай царквой і ў 1596 г. у Берасьці была створана новая вуніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. Жыгімонт III Ваза, езуіты і каталіцкая эліта падтрымалі гэта. У выніку, пасьля страты біскупаў праваслаўная царква апынулася па-за законам. Усе праваслаўныя цэрквы павінны былі ператварыцца ў грэка-каталіцкія. Але пратэстанцкая і праваслаўная арыстакратыя былі супраць гэтых дзеяньняў Варшавы. Яны правялі альтэрнатыўны антывуніяцкі праваслаўную царкоўны сабор у Берасьці, на чале з арыянскім шляхцічам Дзям’янам Гулевічам у будынку, які належаў шляхцічу-кальвіністу Мальхеру Райскаму[19]. У 1599 г. у Вільні быў абвешчаны палітычны хаўрус паміж антывуніяцкай праваслаўнай і пратэстанцкай шляхтай[20]. Пратэстанцкая і праваслаўная эліта нават спрабавалі стварыць новае праваслаўна-пратэстанцкае задзіночаньне, але гэта было ня так лёгка[21]. У кожым выпадку, калі ў XVI ст. пратэстанты лічылі праваслаўе рэлігіяй ідалапаклоньнікаў, то ў XVII ст. іх погляд зьмяніўся і яны пачалі супрацоўнічаць з праваслаўнымі. З пункту гледжаньня пратэстантаў Вялікага Княства праваслаўе зрабілася раўнапраўнай верай, якая паказвала альтэрнатыўны шлях да Неба[22].
Рэакцыя каталікоў была наступнай: прапаганда супраць пратэстантаў і праваслаўных пачалася адразу пасьля 1596-1599 гг. Звычайны грэка-каталіцкі сьвятар ведаў, што “антыхрыст прыйдзе з герэтычных пратэстанцкіх краінаў”[23]. Нянавісьць да пратэстантаў з боку каталіцкай арыстакратыі і месьцічаў прывяла да нападаў на іх цэрквы: Вільня – 1574, 1611 г., Полацак – 1632 г., Наваградак – 1638 г.
У 1610 – 1620 гг. была зьнішчана значная колькасьць пратэстанцкіх і праваслаўных храмаў. У выніку пракаталіцкай палітыкі Жыгімонта III Вазы ўсе сэнатары ад ВКЛ былі каталікамі (1632 г.)[24]
Толькі належны супраціў пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты зрабіў магчымым зьмяненьне гэтай палітыкі. Новы кароль Уладзіслаў IV Ваза зноў легалізаваў праваслаўную царкву ў 1633 г., вярнуў некаторых магнатаў некаталікоў у сэнат і спыніў далейшыя нападкі на пратэстанцкія храмы.
У той час пратэстанцкая і праваслаўная эліта (апошнія сэнатары-некаталікі Рэчы Паспалітай) зрабіліся абаронцамі дысыдэнтаў. Кальвіністамі былі: Януш Радзівіл (1612 – 1655), вялікі гетман і ваявода віленскі; Багуслаў Радзівіл (1620 – 1669), князь слуцкі, Ян Сасноўскі (? – 1660), кашталян полацкі; Тамаш Касакоўскі (? – 1664), кашталян віцебскі.
Праваслаўнымі былі: Аляксандар Агінскі (1585 – 1667), ваявода менскі, потым кашталян троцкі; ягоны брат Самуэль Агінскі (1595 – 1657); Багдан Статкевіч (?-1651), кашталян мсьціслаўскі; ягоны брат Самуэль Статкевіч, кашталян наваградзкі. Пратэстанцкія і праваслаўныя магнаты, асабліва Радзівілы і Агінскія, мелі паміж сабой моцныя сувязі[25]. Сэнатары-некаталікі падтрымлівалі ўсе пратэстанцкія і праваслаўныя цэнтры ў Рэчы Паспалітай і заснавалі нават некалькі новых[26]. Русінская арыстакратыя й месьцічы былі актыўнымі ўдзельнікамі праваслаўных брацтваў у Вільні, Полацку, Магілёве, Слуцку й Воршы.
У XVII беларускія праваслаўныя цэнтры ў ВКЛ знаходзіліся ў наступных гарадах:
Вільня: манастыр Сьвятога Духа, брацтва, школа, друкарня; падтрымліваліся родамі Радзівілаў і Агінскіх.
Магілёў: рэзыдэнцыя біскупа, праваслаўная брацтва, школа, манастыр, друкарня; падтрымлівалі роды Агінскіх і Статкевічаў.
Ворша: праваслаўнае брацтва, школа, манастыр, друкарня; падтрымліваў род Статкевічаў.
Слуцак: праваслаўнае брацтва і школа, падтрымліваў Багуслаў Радзівіл.
Літоўскія пратэстанцкія цэнтры, якія падтрымліваў Януш Радзівіл, знаходзіліся ў наступных гарадах:
Вільня: пратэстанцкая школа, катэдра.
Кейданы: пратэстанцкая гімназія, друкарня, лютаранскі й кальвініскі зборы.
Біржы: пратэстанцкая школа, кальвініскі й лютаранскі зборы.
Цэнтрам дысыдэнцкага руху на беларускіх зямлях быў Слуцак. Гэты горад быў уласнасьцяй Багуслава Радзівіла. Гэта быў найбагацейшы прыватнаўласьніцкі горад, у якім жыло каля 7000 чалавек. У пэрыяд з 1596 да 1632 г., калі праваслаўная царква ў краіне была па-за законам, у Слуцку было 14 праваслаўных цэркваў, 2 кальвінскія, адна лютаранская і ніводнага каталіцкага касьцёлу.
У час ваяводзкага кіраваньня Януша Радзівіла, у сталічнай Вільні войтамі былі два дысыдэнты: нямецкі гандляр, лютаранін Якуб Гібель і русінскі гандляр Пракоп Дарафіевіч[27]. У той самы час войтам Слуцку быў праваслаўны гандляр Амяльян Тышэвіч, а камэндантам гораду быў кальвініст шкот (шатляндзец) Ўільям Патэрсан[28].
Пратэстанцкія і праваслаўныя магнаты вельмі шмат зрабілі для развіцьця старалетувіскай і старабеларускай культуры. Яны фундавалі культурныя цэнтры, апекаваліся над шматлікімі навукоўцамі дысыдэнтамі, фінансавалі выданьне кнігаў на беларускай і летувіскай мовах. На працягу першай паловы XVII ст. з падтрымкай у асноўным магнатаў-некаталікоў было выдадзена 120 старабеларускіх і каля 40 летувіскіх кніг. У гэты самы пэрыяд было выдадзена каля 400 кнігаў на польскай мове. Такім чынам, кнігі на старабеларускай і летувіскай мовах складалі 40% ад польскіх выданьняў. Мы бачым, што на працягу першай паловы XVII ст. умовы для адукаванай часткі дысідэнтаў былі больш-менш спрыяльнымі, і падставаў для эміграцыі не было. Але ў другой палове XVII ст. сытуацыя радыкальна зьмянілася. Пасьля таго, як усе магнаты зрабіліся каталікамі (1667 г.) на старабеларускай і летувіскай мовах разам было выдадзена толькі 20 кнігаў. З 1654 г. да 1691 г. не было ніводнага выданьня на старабеларускай мове. У 1687 г. каталіцкая царква дамаглася закрыцьця ў Слуцку апошняй пратэстанцкай друкарні. Нягледзячы на вайну, колькасьць польскіх выданьняў заставалася ранейшай (400). Такім чынам, кнігі на старабеларускай і летувіскай мовах складалі толькі 5% ад выданьняў па-польску[29]. У 1660-я – 1680-я гг. польская мова хутка выціснула старабеларускую з афіцыйнага справаводзтва [30].
З 1622 г. да 1710 г. Рэч Паспалітая абодвух народаў і Швэцыя маюць агульную мяжу, якая праходзіць праз тэрыторыю сучаснай паўднёвай Латвіі.
Калі Польшча мае ўласны марскі порт Гданьск/Данцыг, то ВКЛ мае адзіны наўпроставы гандлёвы шлях да Балтыкі і ў Заходнюю Эўропу. У той час гэты шлях праходзіў праз швэдзкую Рыгу. Рыга была найбуйнейшым горадам Швэдзкага каралеўства й мела вялікае значэньне для эканомікі Вялікага Княства. Гандляры з ВКЛ прывозілі па Дзьвіне ў Рыгу мёд, футра, скуры жывёлаў. Са Швэцыі прывозіліся мэталёвыя вырабы, медзь, фаянс і “швэдзкі мармур”. Бізнэс гандляроў і што яшчэ важней гандаль збожжам са шляхецкіх фальваркаў цалкам залежалі ад швэдзкага рынку. Такім чынам, падчас першай Паўночнай вайны (1600 – 1629) паміж Рэччу Паспалітай і Швэцыяй кіроўныя колы ВКЛ падпісалі ў Бальдэнмойжы у 1627 г. сэпаратную дамову са Швэцыяй, накіраваную супраць замежнай палітыкі Польшчы[31].
Калі ў 1654 г. пачалася вайна паміж Рэччу Паспалітай і Расеяй, пратэстанцкая арыстакратыя спрабавала наладзіць дачыненьні са Швэцыяй. Вялікі гетман Януш Радзівіл і ягоны стрыечны брат Багуслаў Радзівіл, якіх падтрымлівала пратэстанцкая арыстакратыя, папрасілі швэдзкага караля Караля X дапамагчы ВКЛ палітычна адасобіцца ад Польшчы. Швэдзкае войска акупавала заходнюю частку ВКЛ (сучасную Летуву і паўночна-заходнюю Беларусь). 20 кастрычніка 1655 г. была падпісана вунія ў Кейданах, паводле якой ВКЛ разрывала свае стасункі з Польшчай і аб’ядноўвалася з пратэстанцкай Швэцыяй у фэдэральную дзяржаву[32]. У той жа час найбуйнейшыя русінскія магнаты Самуэль Статкевіч, Ян Агінскі, Самуэль Агінскі і Сымон Агінскі[33] перайшлі пад расейскую пратэкцыю[34].
Не было выпадковым тое, што русінскія гандляры з Вільні (“ryska kopman av Vilna”) падтрымлівалі зьвяз ВКЛ і Швэцыі. У ліпені 1655 г. яны дапамаглі наладзіць стасункі, праз сваіх партнэраў з Рыгі, паміж губэрнатарам Лівоніі Магнусам дэ ля Гардам і Янушам Радзівілам[35]. Апроч гэтага праваслаўныя гандляры забясьпечвалі швэдзкага караля Караля X грашыма[36]; трое зь іх падпісалі вунію са Швэцыяй.
У сваю чаргу, з той найвышэйшай арыстакратыі, якая падпісала Кейданскую вунію, большасьць складалі дысыдэнты. Пратэстантамі былі: Януш Радзівіл, вялікі гетман ВКЛ; лівонец Мікалай Корф, кашталян вэндэнскі; Яўстах Кірдзей, кашталян жмудзкі; Ян Мяжынскі, маршалак шляхты Вількамірскага павету; Ян Дэспат-Зяновіч, маршалак шляхты Ашмянскага павету; Тэафіл Дунін-Раецкі, маршалак шляхты Лідзкага павету; Ян Храпавіцкі, пасол ад Віцебскага павету, Самуэль Пуцята маршалак шляхты Браслаўскага павету ды іншыя[37]. У 1655-1656 гг. з 16-ці мясцовых чальцоў Рады швэдзкай Літвы 11 былі пратэстантамі[38].
Войны Рэчы Паспалітай з Расеяй і Швэцыяй (1654 – 1667) сталі катастрофай для ВКЛ. Краіна страціла 48,4% свайго насельніцтва. Ва ўсходняй частцы Беларусі гэта лічба дасягнула 72%[39] . Тысячы людзей былі гвалтоўна вывезеныя ў Расею. Толькі ў Маскве ў другой палове XVII ст. каля 15% насельніцтва былі беларусамі[40]. Расейскае войска захапіла ўсе друкарні, якія выдавалі кнігі кірыліцай, і разбурыла некалькі рэлігійных і культурных цэнтраў пратэстантаў.
Акрамя таго, гэтыя войны паклалі канец уладзе пратэстанцкай і праваслаўнай эліты ў ВКЛ. Пратэстантаў і праваслаўных можна было абвінаваціць у супрацоўніцтве з двума галоўнымі ворагамі Польшчы – Швэцыяй і Расеяй. Пасьля гэтых войнаў пачалася моцная антыпратэстанцкая і антыправаслаўная прапагандысцкая кампанія. Каталіцкая і грэка-каталіцкая царква лічылі швэдзкае й расейскае нашэсьце Божай карай за дазвол пратэстантам і праваслаўным жыць у супакоі. Вобраз пратэстантаў Вялікага Княства ў польскай культуры XVII -XVIII ст. – гэта вобраз здраднікаў[41]. Урэшце рэшт большасьць пратэстанцкага і праваслаўнага магнацтва перайшла ў каталіцтва разам з парафіямі, якія былі на іхных землях, а таксама шмат з кім са сваіх васалаў.
Найбольш радыкальная частка пратэстантаў, арыяне, у 1658 г. былі вымушану альбо прыняць каталіцтва, альбо быць выгнанымі з краіны[42]. Найбольш актыўныя арыяне пераехалі ў Кралявец (Кёнігзбэрг), дзе Багуслаў Радзівіл зрабіўся генэральным губэрнатарам Усходняй Прусіі. Яшчэ адна частка зь іх пераехала ў Амстэрдам, дзе яны разам з польскімі братамі выдалі “Bibliotheca fratrum polonorum”, манумэнтальнае збор дакумэнтаў да гісторыі гэтага руху. Некаторыя зь іх пакінулі Галяндыю й пераехалі ў Амэрыку, дзе яны заснавалі вунітарыянскую царкву[43]. Напрыклад, у 1659 г. Аляксандар Караль Курцыюс (Alexander Carolius Curtius), гадаванец пратэстанцкай гімназіі ў Кейданах, быў прызначаны дырэктарам першай школы ў Нью-Ёрку[44].
Апошнія пратэстанцкія сэнатары Ян Сасноўскі і Тамаш Касакоўскі памерлі паміж 1660 і 1664 гг. У 1667 г. памёр праваслаўны сэнатар Аляксандар Агінскі. Ён быў апошнім сэнатарам некаталіком у гісторыі Рэчы Паспалітай. У 1669 г. апошні праваслаўны магнат Марцыян Агінскі быў вымушаны перайсьці ў каталіцтва. Ён мусіў выбіраць паміж рыма-каталіцкай і грэка-каталіцкай царквой. Гэта было абавязковым патрабаваньнем уладаў і галоўнай умовай для працягу ім палітычнай кар’еры[45]. Без апекуноў пратэстанцкія і праваслаўныя цэрквы зрабіліся аб’ектам атакі каталікоў. Напрыклад, больш за палову грамадаў кальвінскай царквы “Беларускага” дыстрыкту (Полацак, Віцебск, Магілёў, Шацк, Галоўчын, Сакольня й Сервеч) былі зьнішчаныя ў 1670-я гг.[46] Кульмінацыяй рэпрэсіяў было зьнішчэньне кальвінскага збору ў Вільні ў 1682 г.[47] Напрыканцы XVI ст. у ВКЛ было 150 кальвінскіх грамадаў, у 1655 – 110, у 1696 – толькі 46[48].
Больш за 10 год пачынаючы ад 1678 г. у адзінай праваслаўнай эпархіі ВКЛ нават не было біскупа[49]. На працягу другой паловы XVII ст. пратэстанцкае і праваслаўнае магнацтва й месьцічы паступова пераходзілі ў становішча нязначнай рэлігійнай меньшасьці. Контррэфармацыя ў ВКЛ скончылася пасьпяхова[50]. У той самы час каля 15 студэнтаў-кальвіністаў з ВКЛ навучаліся ва ўнівэрсытэтах Заходняй Эўропы: чацьвёра ў Ляйдэнскім унівэрсытэце, трое – у Марбурскім, двое ва ўнівэрсытэце Фракфурта-на-Одэры, двое – у Бэрлінскай Ёахімстальскай гімназіі. Большасьць зь іх ня мелі магчымасьці вярнуцца[51].
У такіх умовах для шматлікіх інтэлектуалаў-некаталікоў засталіся толькі два варыянты: перайсьці ў каталіцтва, або пакінуць краіну. Шмат хто зь іх абраў эміграцыю. Пратэстанты пераехалі на Захад, а праваслаўныя – у адзіную незалежнаю праваслаўную краіну Эўропы – Расею. Некаторыя русінскія пратэстанты таксама абралі Маскву.
