
“Уцёкі мазгоў” ці лёсы пратэстантаў Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XVII стагодзьдзя
Андрэй Катлярчук
У час, калі ва Ўсходняй Еўропе пачаўся працэс фармаваньня сучасных этнічных культураў, Летува й Беларусь амаль страцілі нацыянальна сьвядомаю шляхту й месьцічаў – патэнцыйную эліту гэтага працэсу, таму што яна пачала атаясамляць сябе з Польшай. Адной з гістарычных прычынаў гэтага працэсу былі “уцёкі мазгоў” з краіны ў другой палове XVII стагодзьдзя. “Уцёкі мазгоў” зь ВКЛ мелі шэраг прычынаў. Сярод іх быў і посьпех Контррэфармацыі і супрацоўніцтва (“здрада”) пратэстанцкай шляхты са Швэцыяй. Мой артыкул – першая спроба прааналізаваць гэтую зьяву.
Пра Вялікае Княства Літоўскае
Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае (поўная афіцыйная назва дзяржавы) зьяўлялася незалежнай дзяржавай ад XIII ст. да 1569 г., калі была створана фэдэрацыя з Польшай. У краіне жылі людзі розных этнічных групаў; большасьць насельніцтва складалі ўсходнія славяне (русіны) й балты (летувісы і жамойты)[1]. Таксама там жылі габрэі, палякі, літоўскія татары й немцы. У палітычную эліту, у асноўным, уваходзілі прадстаўнікі літоўскай (летувісы, і жамойты) і русінскай шляхты, хоць усе яны з XVI ст. былі вядомы як “ліцьвіны”. Гэты тэрмін выкарыстоўваўся ў палітычным, а не этнічным значэньні. Паводле закона (Статута ВКЛ 1588 г.) толькі летувіская, русінская і жамойцкая шляхта магла займаць дзяржаўныя пасады[2]. Беларускія землі складалі найбольшую частку ВКЛ. Афіцыйнай мовай была згодна праву “руская” (старабеларуская)[3] . Гэта гаворыць пра тое, што гістарычная Літва адрозьніваецца ад сучаснай этнічнай Летувіскай Рэспублікі, што яна зьяўлялася, калі мы скарыстаем сучасную тэрміналёгію, літоўска-беларускай дзяржавай[4]. Швэдзкія навукоўцы раньняга сучаснага пэрыяду даволі добра разумелі шматэтнічны характар народу Вялікага Княства. Напрыклад, Ёхан Батвідыюс (Johan Botvidius), біскуп Лінч’ёпінга (Linkoping), пісаў у адной са сваіх працаў: “Славянская мова зьяўляецца агульнай для харватаў, багемцаў, далматцаў, палякаў, ліцьвінаў, маскавітаў, русінаў”[5].
У другой палове XVII ст. Вялікае Княства Літоўскае складалася з 24 паветаў. Кожны павет мелі уласны соймік (зьезд шляхты).
Летувіская і Жамойцкая этнічная тэрыторыя складалася з:
– Віленскага ваяводзтва (паветы Віленскі і Вількамірскі)
– Троцкае ваяводзтва (паветы Троцкі, Ковенскі і Ўпіцкі)
– Жамойць, якая была аўтаномным стараствам
Зьмешаная этнічная тэрыторыя складалася з:
– Віленскага ваяводзтва (Браслаўскі і Ашмянскі паветы); – Наваградзкага ваяводзтва (Наваградзкі і Слонімскі паветы); – Троцкае ваяводзтва (Гарадзенскі і Лідзкі паветы).
“Русінская” этнічная тэрыторыя складалася з:
– Менскага ваяводзтва (Менскі і Рэчыцкі паветы);
– Наваградзкае ваяводзтва (Ваўкавыскі павет);
– Полацкае ваяводзтва (Полацкі павет);
-
Віцебскае ваяводзтва (Віцебскі і Аршанскі паветы);
-
Берасьцейскае ваяводзтва (Берасьцейскі і Пінскі паветы);
-
Мсьціслаўскае ваяводзтва (Мсьціслаўскі павет).
У той жа час тэрыторыя ВКЛ складалася з чатырох геаграфічных правінцыяў: Літва (Віленскае, Троцкае, Наваградзкае і Менскае ваяводзтвы), Жамойць, Беларусь (Полацкае, Віцебскае і Мсьціслаўскае ваяводзтвы) і Палесьсе (Берасьцейскае ваяводзтва). Сталіца Вільня Vilnius/Vilne/Wilno/Wilda была шматкультурным горадам[6]. Напрыклад, у 1596 годзе ў Вільні было 15 праваслаўных русінскіх цэркваў, 14 каталіцкіх, 1 лютаранская, 2 кальвінскія царквы і некалькі сынагогаў[7]. Вільня была цэнтрам беларускай, літоўскай, польскай, габрэйскай і нямецкай культур. У 1569 годзе ВКЛ і Польскае каралеўства аб'ядналіся ў новую дзяржаву – Рэч Паспалітую абодвух народаў, сёньня вядомую як польска-літоўская Рэч Паспалітая. Сувязі паміж дзяржавамі былі ня вельмі моцнымі: у Польшы і ВКЛ быў кароль, якога выбіралі разам, і супольны сойм. Астатнія ўстановы: войска, скарб, фінансавая сыстэма, суд дзейнічалі аўтаномна, гарантуючы незалежнасьць[8]. Таксама былі адрозненьні ў афіцыйнай мове (у ВКЛ была старабеларуская на кірылічным шрыфце) і законе (Статут 1588 г.). Але асноўным адрозненьнем была рэлігія палітычнай эліты. Праблема ўзмацнялася тым фактам, што якраз перад вуніяй, ВКЛ зрабілася пратэстанцкай краінай. Большасьць яе кіраўніцтва – “паноў-рады” – складалася з пратэстантаў. З 28 сяброў гэтага ўраду – 17 былі пратэстантамі, 9 – праваслаўнымі і 2 – каталікамі (біскупамі)[9]. У той час арыстакратыя ВКЛ мела вельмі моцную ўласную палітычную тоеснасьць у дачыненьні да польскай эліты. Адной з мэтаў Люблінскай вуніі 1569 г. было стварэньне палітычна адзінай нацыі, у якую б уваходзіла польская, літоўская, украінская і нямецкая інфлянцкая арыстакратыя.
Такім чынам, задача інтэграцыі ВКЛ у Польскую каталіцкую дзяржаву, была мэтай Контррэфармацыі, якая прадугледжвала паланізацыю краіны праз акаталічваньне пратэстанцкай і праваслаўнай шляхты ВКЛ. Гэты працэс пачаўся пасьля 1569 г. Але на працягу першай паловы XVII ст. некаталіцкая арыстакратыя праяўляла вельмі моцныя антыпольскія настроі. У 1636 г. Януш Радзівіл сказаў у Варшаве: “Я ведаю, што прыйдзе час, калі мы выкінем усіх палякаў праз вокны”[10]. Гэта было своеасаблівае сплочваньне доўгу знакамітым Праскім падзеям 1618 г. (“праская дэманстрацыя”) калі пратэстанты Чэхіі выкінула з вокнаў нямецкіх габзбурскіх ваяводаў-каталікоў.