Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Литература по Идеологии / Бабкоў (Этыка памежжа).doc
Скачиваний:
29
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
68.1 Кб
Скачать

Беларускі досьвед

Калі напрыканцы 1588 году „подканцлерый” Вялікага Княства Леў Сапега напісаў у прадмове да Статуту (Звароце да ўсіх саслоўяў), што мы „не обчым яким языком, але своим власным права списаныя маем”, наўрад ці ён мог сабе ўявіць, што менш чым праз стагодзьдзе большасьць абываталяў ВКЛ будуць чытаць „списаныя права” менавіта ў „обчым (г. зн. польскім) языку”, а яшчэ праз трыста год ягоны „власны язык” будзе характарызавацца некаторымі ангажаванымі навукоўцамі новай, уласна літоўскай Літвы як штучны канцылярскі жаргон Вялікага Княства, выпрацаваны на падставе „славянскіх дыялектаў”. Калі ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя Міцкевіч ужо крыху іранічна цьвердзіў у EXEGI MUNI-MENTUM AERE PERENNIUS... што „Mnie w Nowogródku, mnie w Mińsku czytuje młodź, і далей, больш гераічна ...mimo carskich groźb, na złość strażnikom ceł/Przemyca w Litwę Żyd tomiki moich dzieł”, ён таксама ня мог сабе ўявіць, што праз стагодзьдзе гебраям будзе не да ягоных кнігаў, а томікі ягоных твораў будуць чытацца ў Менску і Наваградку пераважна ў перакладах. Калі рэалізоўвалася савецкая мадэрнізацыя і задумваўся савецкі народ як найвышэйшая супольнасьць, наўрад ці хто мог сабе уявіць, што напрыканцы сямідзясятых цэлая генэрацыя беларусаў, выхаваная ў расейскай мове, расейскіх школах і на ўзорах вялікай рускай культуры, раптам сыйдзе ў беларускі нацыяналізм, прычым у самым культур-радыкальным ягоным варыянце, зьмяняючы — раптам і адразу — мову, мэнтальнасьць, культурную ідэнтычнасьць і геапалітычныя арыентацыі — як свае ўласныя, так і нованабытай традыцыі.

 

..........

Назавем традыцыю, у якой магчымыя і ў якой адбываюцца такія рэчы, — транскультурнай. Такая — транс-культурная — традыцыя складаецца з гетэрагенных элемэнтаў, ейныя тэксты напісаныя на розных мовах, належаць да розных культурных і цывілізацыйных тыпаў, часам зьвязаныя з больш шырокім макрарэгіянальным кантэкстам, уваходзяць у некалькі традыцыяў.

Пры гэтым уласна народ — пры ўсёй ягонай сацыяльнай і культурна-палітычнай дыфэрэнцыяцыі — падзяляючыся на шляхту і сялянаў, праваслаўных і каталікоў, беларусаў і западных русских… вагаючыся, адхіляючыся, пераходзячы ад адной ідэнтычнасьці да іншай, вандруючы праз мовы, дыялекты, імпэрыі і культурныя эпохі, заставаўся адзіным і цэльным этнакультурным масывам — які задаваў шчэпленасьць, цэльнасьць, лучнасьць усіх гэтых узаемавыключальных рознасьцяў і прымушаў імкнуцца да мэта-пазыцыі, у якой усе гэтыя размаітасьці маглі б быць убачаныя як часткі аднаго цэлага.

 

..........

Для культуры нацыянальнай альбо прота-нацыянальнай, арыентаванай на нутраную гамагеннасьць, транскультурная традыцыя ёсьць заўсёды праблемай і выклікам. Нацыянальная культура, пішучы традыцыю, ствараючы наратыў традыцыі, імкнучыся быць поўнай, натыкаецца на зоны непразрыстасьці, тэрыторыі Іншага. Нацыянальная ідэнтычнасьць сутыкаецца з тэкстамі і кантэкстамі, дзеля за-сваеньня і пры-сваеньня якіх недастаткова фармальнай (ці рытуальнай) адаптацыі, — прысвойваючы іх, культура вымушаная засноўваць у сабе самой новыя тэрыторыі, ідэнтычнасьць, улучаючы ў сябе іншае, сама мусіць зьмяніцца. Адказваючы на выклік традыцыі, імкнучыся быць поўнай, нацыянальная культура ў выніку вымушаная ставіць пад пытаньне саму сябе.

 

..........

Калі паспрабаваць вызначыць крыніцы транскультурнасьці ў беларускай традыцыі, дык у розныя гістарычныя эпохі яны будуць рознымі. Але дзьве фундамэнтальныя рэчы застаюцца ў якасьці канстанты: існаваньне ў зоне цывілізацыйнага разлому і каляніяльныя — нэа- і посткаляніяльныя практыкі.

Гэта значыць, што за любымі франтальнымі зьменамі культурнай прасторы, як бы натуральна гэтыя зьмены ні выглядалі, — стаіць фэномэн улады.

 

..........

Беларусь як праект канца дзевятнаццатага стагодзьдзя, праект культуры нацыянальнай, г. зн. мэта-культуры і быў запачаткаваны як спроба мэта-наратыву, як спроба культурнай цэльнасьці і цэласнасьці, у якім усе гэтыя ўзаемавыключныя рознасьці знайшлі б сваё мейсца. Але, нягледзячы на высілкі, маючы тэкстуальныя мэта-амбіцыі, прасторава, тапалягічна Беларусь засталася на ўзроўні суб-культуры, адной зь некалькіх канкурэнтных праграмаў мадэрнізацыі Беларусі.

Сёньня беларуская культурная прастора ня ёсьць гамагеннай прасторай нацыянальнай культуры, у якой дынаміка (альбо дыялектыка) разгортваньня адбываецца як складаная гульня цэнтру і пэрыфэрыі, чаргаваньне рамантычных, мадэрных і постмадэрных мітаў. Беларуская культурная прастора мае складаную канфігурацыю бікультурнасьці: канфігурацыю суіснаваньня ў межах пэўнага паўвызначанага цэлага беларускай і заходнерускай частак. І галоўныя падзеі ў межах культурнай прасторы адбываюцца паміж гэтымі складнікамі: барацьба за цэнтар, імкненьне быць лідэрам у гэтай канфігурацыі, жаданьне заваяваць найбольшую прастору, выцясьняючы, дыскрэдытуючы суперніка, робячы яго аб’ектам. Адным словам, культурная рэальнасьць апошняга стагодзьдзя ў Беларусі — гэта вайна культураў, з усімі яе эмпірычнымі і мэтафізычнымі наступствамі.

 

..........

Вайна правакуе стан унутранай мабілізацыі, стан культуры-супраціву, падзел тэрыторыі і правядзеньне дэмаркацыйных лініяў, выпрацоўку суб-культурамі стратэгіяў экспансіі і абароны...