
У глабальнай светасістэме нацыянальныя каштоўнасці, магчыма, нават набрыняюць дадатковай вартасцю
Вось мы сядзім побач з Макдональдсам. Ва ўсім свеце будзе стаяць Макдональдс, але калі мы будзем прыязджаць у любы іншы куточак свету, усё роўна будзем там шукаць нацыянальныя адметнасці, а не Макдональдс. Можам, зразумела, і ў Макдональдс заскочыць, але будзем шукаць і нацыянальную кухню, прыглядацца да нацыянальнай вопраткі…
Нацыянальныя каштоўнасці – так. Нацыянальная ідэя – не.
Гэта азначае, што для нацыянальна заангажаваных беларусаў застаецца задачай падтрымліваць і актуалізоўваць нацыянальныя каштоўнасці. Але не дурыць сабе галаву нацыянальнай ідэяй. Сучасная “прасунутая” моладзь становіцца больш “глабальнай” – падарожнічае па ўсім свеце, навучаецца ў розных краінах Еўропы, цікавіцца музыкай, кіно з розных краінаў… То бок, межы размываюцца. Ці значыць гэта, што сучасная беларуская моладзь яшчэ менш нацыянальная? Чым гэта пагражае? З аднаго боку, безумоўна, такое рассейванне па ўсім свеце і па ўсіх культурах – з’ява для нацыянальнага станаўлення не самая добрая. Каб я быў нацыяналістам адраджэнскага кшталту, я б з гэтай прычыны сумаваў. Але паколькі я зразумеў, што наш класічны нацыянальны канон хутчэй за ўсё не спрацуе, то на ўсё гэта я гляджу вясёлым вокам, бо гэта натуральна. Савецкую нацыю і савецкага чалавека такім чынам і стваралі – абмежаваннямі. Мне гэта страшэнна не падабаецца. Я не хачу, каб дзеля нейкага ўніверсалісцкага праекту як нацыя, штосьці абмяжоўвала маладых людзей у іх пакліканні да вандровак, музыкі, якая падабаецца, да аўтараў кніг і кіно, не важна з якіх кантынентаў… Нават калі гэта і дрэнна для нацыі, але добра для людзей, то я за тое, каб было добра людзям. Цяпер ізноў абвастрыўся канфлікт з Расіяй. Вось, нядаўна нават закідалі "кактэйлямі Молатава" расійскую амбасаду. Ці дапаможа нам гэты канфлікт у стварэнні нацыі? Магчыма абарвецца тая сувязь з Расіяй, якая была раней і беларуская нацыя дааформіцца? Нехта з еўрапейскіх філосафаў сказаў вядомую фразу, што не адна нацыя не паўстала без сваёй вайны. І дай божа, каб наша вайна з Расіяй рэалізоўвалася праз розныя нафтавыя войны, газавыя канфлікты, інфармацыйныя войны і г.д. Я спадзяюся, што сапраўды гэтага нам хопіць. Пакуль мы не разарвем пупавіну з Расіяй, і менавіта з Расіяй, найперш і толькі з Расіяй, датуль мы сапраўды не будзем паўнавартаснай нацыяй. Не істотна па якой мадэлі, па якім каноне. Таму, усё гэта працуе адназначна на сталенне нас як нацыі, тут няма пытанняў.