Литература по Идеологии / Лебедзева (БНР-УНР)
.docНягледзячы на гэтыя захады, урад П. Скарападскага не спяшаўся з прызначэннем новай камісіі па перамовах аб мяжы, хаця і не адхіліў паўнамоцтваў беларускай дэлегацыі. Практычныя ж захады сведчылі пра намеры паскорыць інтэграцыю новадалучаных тэрыторый. У беларускія паветы прызначаліся “павятовыя камісары” і былі прысланы аддзелы “дзяржаўнай варты”. Практычна пачала здзяйсняцца ўкраінізацыя школы і ўстаноў.
Гэтыя захады вымусілі камісію актывізаваць сваю дзейнасць як прадстаўніка беларускіх інтарэсаў ва Ўкраіне. У кантакт з ёй уступілі сілы, незадаволеныя далучэннем беларускіх тэрыторый да Ўкраіны. На адрас дэлегацыі паступілі пратэсты Гомельскай гарадской думы супраць далучэння гораду да Ўкраіны і прысылкі ўкраінскага камісара 21. З мэтай абароны інтарэсаў беларускіх паветаў Кіеў наведаў прадстаўнік Саюзу землеўладальнікаў Пінскага, Мазырскага, Рэчыцкага і Гомельскага паветаў Ф.Ф. Мухартаў. Ён перадаў у дэлегацыю заяву Саюзу, у якой сцвярждалася, што “насельніцтва азначаных паветаў яскрава цягацее да цэнтру Беларусі — Менску, не ўяўляе свайго дзяржаўнага існавання ў складзе Ўкраіны”. Саюз землеўладальнікаў прапанаваў адклікаць украінскіх камісараў і замяніць іх камісарамі Беларускай Рады, прызначаным са згоды насельніцтва22. Адначасова прадстаўнікі Мазырскага, Рэчыцкага і Гомельскага паветаў наведалі Народны Сакратарыят БНР з мэтай высветліць пытанне аб перспектывах беларуска-ўкраінскіх перамоў і з просьбай аказаць падтрымку ў адкрыцці беларускіх школаў23. Абагульнены матэрыял па зваротах дэлегацыя накіравала міністру замежных спраў Украіны ў выглядзе заявы са свайго боку.
Але адначасова ўкраінскі урад атрымліваў звароты і іншага зместу, якія сведчылі аб рэальнай барацьбе палітычных сіл і дзяржаўніцкіх арыентацый на поўдні Беларусі. Так, напрыклад, у той час, калі Гомельская гарадская дума пратэставала супраць далучэння да Ўкраіны, агульны сход служачых майстэрняў чыгуначнай станцыі Гомель пастанавіў: “Гомель як адзінку Расійскай Рэспублікі пажадана ўліць у адзіную і непадзельную Расію, аднак улічваючы стан абставін — далучыць да Ўкраіны”24.
Амаль разам з заявай Саюзу землеўладальнікаў беларускіх палескіх паветаў Міністэрства замежных спраў атрымала “Дакладную запіску”, аўтарам якой з’яўляліся “карэнныя зямельныя ўласнікі Ігуменскага і Рэчыцкага паветаў” браты Зямлянскія. Спасылаючыся на дасведчанасць у мясцовай сітуацыі, аўтары давалі характарыстыку ўмовам жыцця і палітычным настроям жыхарства ўсёй Менскай губерні. Сярод насельніцтва, на іх думку, дамінавала праўкраінская арыентацыя, якой прытрымлівалася большасць сялян і землеўладальнікаў-“рускіх”, якія гатовы на далучэнне да Ўкраіны не толькі сумежных паветаў, але і ўсёй Менскай губерні, бо менавіта на тавараабмене з Украінай грунтаваўся дабрабыт краю. Значна меншую групу насельніцтва складала “так званая шляхта і зямельныя ўласнікі-палякі”, якія мелі натуральныя памкненні да Польшчы, але былі гатовыя падтрымаць пазіцыю большасці, каб пазбегнуць ломкі гаспадаркі. Даводзілася таксама, што мясцовае насельніцтва ўжо зжыло і “ўтапічныя бальшавіцкія ілюзіі”, і памкненні “да сепарацыі і стварэння ўласнай незалежнай дзяржавы”. Апошняе адбылося на аснове ўсведамлення, “што край бедны хлебаробнай зямлёй і з насельніцтвам далёка палітычна не спелым уяўляе сабой аб’ект сумнеўнай якасці для стварэння самастойнай дзяржавы”. Аўтары запіскі прапаноўвалі ўкраінскаму ўраду скарыстаць настроі беларускага насельніцтва для пашырэння тэрыторыі Ўкраінскай дзяржавы25.
У гэтых умовах захады дэлегацыі па перамовах не аказвалі належнага ўплыву на пазіцыю ўкраінскага ўраду ў тэрытарыяльным пытанні. На пачатку чэрвеня замест Дрыгавіцкай зямлі была створана часовая Палеская губерня з уключэннем у яе Рэчыцкага, Пінскага і Мазырскага паветаў. Гомельскі павет далучаўся да Чарнігаўскай губерні26. Адначасова прымаецца “Законапраект аб адміністрацыйным дзяленні далучаных да Ўкраіны паветаў паміж губернямі”, які сведчыў, што тэрытарыяльныя прэтэнзіі ўраду Скарападскага не абмяжоўваюцца абшарамі, вызначанымі Берасцейскім мірным дагаворам. Адпаведна з праектам, беларускія паветы размяркоўваліся наступным чынам: Пінскі, Брэст-Літоўскі і Кобрынскі далучаліся да Валынскай губерні, Мазырскі і Рэчыцкі — да Кіеўскай, Гомельскі — да Чарнігаўскай. Планавалася таксама ўключэнне ў склад губерняў Украінскай дзяржавы частак суседніх сумежных паветаў, у тым ліку і беларускіх: частка Пружанскага павету Гарадзенскай губерні далучалася да Кобрынскага павету, часткі Слуцкага і Бабруйскага — да Рэчыцкага, частка Сенненскага павету — да Глухаўскага Чарнігаўскай губерні, частка Рагачоўскага — да Гомельскага27.
Усвядоміўшы немагчымасць вырашэння тэрытарыяльнага пытання на міждзяржаўным узроўні, дэлегацыя прапанавала Народнаму Сакратарыяту абараніць беларускія інтарэсы ў далучаных да Ўкраіны паветах праз прызначэнне ў іх камісараў ад БНР28. На пачатку чэрвеня камісарам у далучаныя паветы быў прызначаны служачы праўлення Лібава-Роменскай чыгункі Язэп Няцецкі. Яго паўнамоцтвы былі вызначаны ў спецыяльным пасведчанні: “Народны Сакратарыят, згодна з пастановай сваёй за 4 чэрвеня г.р., мае гонар паведаміць Вам, што Вы назначаны Намесьнікам Народнага Сакратарыяту БНР на ўсю Гомельшчыну і Палесьсе (паветы Менскай губерні: Пінскі, Мазырскі, Рэчыцкі; Магілёўскай губерні: Гомельскі; Чарнігаўскай: Навазыбкаўскі, Ноўгарад-Северскі, Суражскі, Мглінскі і Арлоўскай губерні: Бранскі). Дзеля гэтага Вы павінны ўвайсці ў адносіны як з найвышэйшай акупацыйнай Уладай, так і з Гарадамі і Земствамі і іншымі грамадскімі арганізацыямі, каб там на месцах арганізаваць беларускую ўладу, на каторую бы маглі апірацца ўсе тамашнія жыхары — беларусы і грамадзяне Беларусі, а ў першы чарод — уцекачы, каторыя варочаюцца на сваю бацькаўшчыну. Са сваей стараны Народны Сакратарыят прыме ўсе неабходныя меры, каб праца Ваша на такім атветным становішчы прынесла рэальныя скуткі для дабра Беларусі”29.
Найвастрэйшым пытаннем дзейнасці дэлегацыі на апошнім этапе стала праблема бежанцаў, якіх на тэрыторыі Ўкраіны, па звестках Народнага Сакратарыяту, налічвалася каля 200 тысяч. Пытанне набывала палітычнае значэнне, таму што сярод іх актыўную працу вялі літоўскія і польскія камісіі, якія рэгістравалі уцекачоў як грамадзян Польшчы і Літвы. З пратаколу дэлегацыі зразумела, што ёй ставілася пытанне аб заснаванні ў Кіеве беларускага этапна-рэгістрацыйнага пункта і прыгадваецца дзейнасць Беларускай бежанскай камісіі 30. Захаваліся таксама звесткі аб існаванні аналагічнай камісіі ў Гомелі пад кіраўніцтвам Я. Няцецкага.
Адным з апошніх дыпламатычных крокаў дэлегацыі стала ўручэнне 29 мая старшыні расійскай дэлегацыі ва Ўкраіне Х. Ракоўскаму спецыяльнай ноты, адрасаванай ураду Савецкай Расіі. У дакуменце нагадвалася аб абвяшчэнні БНР і яе незалежнасці, паведамлялася аб непрызнанні ў сувязі з гэтым пунктаў Берасцейскага міру, што датычаць тэрыторыі і інтарэсаў БНР. Да ноты былі прыкладзены Другая і Трэцяя Ўстаўныя граматы БНР. Савецкаму ўраду прапаноўвалася заключыць з паўнамоцнымі прадстаўнікамі БНР дагавор аб дзяржаўных межах.
Апошні пратакол кансультацыйнага пасяджэння беларускай дэлегацыі датаваны 10 чэрвеня, пасля чаго па патрабаванні Народнага Сакратарыяту БНР яе афіцыйныя сябры А. Цвікевіч і С. Рак-Міхайлоўскі вярнуліся ў Менск.
Такім чынам, першы кантакт Беларусі і Ўкраіны як самастойных дзяржаў не даў пэўных палітыка-юрыдычных вынікаў. Цяжкасці вядзення перамоваў былі абумоўлены шэрагам аб’ектыўных фактараў, якія ад пачатку аслабілі пазіцыі беларускага боку, галоўны сярод якіх — няўдзел Беларусі ў падпісанні Берасцейскага міру, што паставіла яе па-за рамкі міжнароднага дагавору і пазбавіла міжнароднай падтрымкі. Украіна ў гэтым сэнсе мела абсалютную перавагу. Прысутнічаў, на наш погляд, і суб’ектыўны момант — нягледзячы на афіцыйны статус дэлегацыі па перамовах, яе пазіцыя не была цвёрда вызначана, а змена тактыкі са спасылкай на непаўнамоцнасць толькі знізіла аўтарытэтнасць перад украінскім бокам і дала яму падставы перайсці да ўльтыматыўнага тону. Толькі праз паўгоду ўзаемны цяжкі досвед барацьбы за незалежную дзяржаўнасць прывёў да збліжэння суседніх краін — увосень 1918 году ўрад Украінскай Дырэкторыі пайшоў на афіцыйнае прызнанне Беларускай Народнай Рэспублікі. Але і тады тэрытарыяльнае пытанне не было пастаўлена пад перагляд — паўднёвыя раёны Беларусі фармальна ўваходзілі ў склад Украіны да пачатку 1919 г., пакуль нямецкія войскі канчаткова не эвакуяваліся і не саступілі іх Чырвонай арміі. Але надалей лёс гэтага рэгіёну і яго дзяржаўную прыналежнасць вырашала ўжо іншая краіна — РСФСР і іншая ўлада — бальшавіцкая.
1 Українська Центральна Рада: документи і матеріали. В 2-х томах. Т. 2. — Київ: 1997. С. 138.
2 Верстюк В.Ф., Осташко Т.С. Діячі Української Центральної Ради. Біографічний довідник. — Київ: 1998. С. 244.
3 Українська Центральна Рада: документи і матеріали. С. 181.
4 Спадчына. 1993. № 2. С. 107.
5 Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Менск-Вільня-Прага-Нью-Ёрк. Т. 1. Кн. 1. Сс. 60—61.
6 Тамсама. С. 109.
7 ЦДАВО Ўкраіны. Ф.1064, воп.1, спр.4, арк.67—68.
8 ЦДАВО Ўкраіны. Ф.2592, воп.1, спр.62, арк.5, 5-адв.
9 Тамсама. Арк. 9.
10 Тамсама. Арк. 25-адв., 26, 26-адв.
11 Тамсама. арк. 43—44.
12 Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. С. 110.
13 НАРБ. Ф.62. воп.1, спр.191, арк.182.
14 Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. С. 110.
15 Тамсама. С. 111—112.
16 ЦДАВО Ўкраіны. Ф.2592, воп.1, спр.62, арк.48—49.
17 Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. С. 50—51.
18 Тамсама. С. 125—127.
19 ЦДАВО Ўкраіны. Ф.3766, воп.1, спр.68, арк.4, 4-адв.
20 Тамсама. С. 151.
21 Тамсама. Спр.139, арк.1, 1-адв.
22 НАРБ. Ф.62. воп.1, спр.47, арк.116.
23 ЦДАВО Ўкраіны. Ф.3766, воп.1, спр.186, арк.38.
24 Тамсама. Арк.75—77.
25 Тамсама. Арк.39.
26 Тамсама. Арк.15—19.
27 Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. С. 148.
28 НАРБ. Ф.62, воп.1, спр.22, арк.162.
29 Архівы БНР. Т. 1. Кн. 1. С. 147.
30 Турук Ф.Ф. Белорусское движение. Москва. 1921. С.118—119.
