
- •Лекцыя 11. Беларусь у міжрэвалюцыйны перыяд. 1905 г. —люты 1917 г.
- •1. Рэвалюцыя 1905—1907 гг. Беларусь ва ўмовах паскарэння мадэрнізацыі Расійскай імперыі
- •2. Працэсы культурнага развіцця на беларускіх землях. Культурнае самасцвярджэнне беларусаў.
- •3. Становішча Беларусі ў гады першай сусветнай вайны. Звяржэнне самаўладдзя.
- •Літаратура
3. Становішча Беларусі ў гады першай сусветнай вайны. Звяржэнне самаўладдзя.
Вайна ў планах беларускіх патрыётаў. Беларускія дзеячы адносіліся да вайны па-рознаму. Адны сталі абаронцамі, бо меркавалі, што перамога знітуе паднявольныя народы і ім будзе лягчэй потым перабудаваць імперыю на федэратыўных пачатках. Іншыя жадалі паражэння Расіі. На іх думку, гэта прывяло б да ўсенароднага паўстання супраць царызму.
1914-ты. Беларускія губерні знаходзіліся на ваенным становішчы. Усякае грамадска-палітычнае жыццё замерла. Запанаваў жорсткі ваенна-паліцэйскі рэжым. Дазваляліся толькі патрыятычныя маніфестацыі, малебны і сходы. Урад разгарнуў шырокую ідэалагічную кампанію пад сцягам абароны самаўладства і Расіі. Квазіпатрыятызм ахапіў тады шмат каго і ў Беларусі, не кажучы ўжо пра ўласна Расію. «Наша ніва» пазбягала гучных слоў пра вайну і, наколькі гэта было магчыма, гаварыла пра бядоты, якія яна з сабою несла. І ўсё спраўджвалася. Тэрыторыя Беларусі знаходзілася ў непасрэднай блізкасці да раёна баявых дзеянняў. Тут маршыравалі расійскія войскі, а інтэнданты абіралі мясцовых гараджан і вяскоўцаў. Сялян Беласточчыны і Гродзеншчыны першых пачалі зганяць на абарончыя работы.
Наступленне немцаў. Летам 1915 г. вайна перакінулася на беларускія землі. Жнівеньскае наступленне немцаў разгортвалася ў накірунку Коўна--Вільня-- Мінск. 3-га верасня акупанты ўварваліся ў старадаўнюю сталіцу Літвы, а праз два тыдні кайзераўская кавалерыя перарэзала чыгуначную лінію Мінск--Масква ў раёне Смалявіч. І толькі цаной вялікіх намаганняў расійкай арміі ўдалося спыніць немцаў і адкінуць іх у раён азёраў Свір і Нарач. Але германскае войска працягвала ўтрымліваць заходнюю Беларусь. У жніўні сядзіба галоўнакамандуючага была перанесена з Баранавіч у Магілёў.
Разарваная Беларусь. У кастрычніку 1915 г. нямецка-расійскі фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск--Браслаў--Паставы--Смаргонь--Баранавічы--Пінск. На працягу двух гадоў і пяці месяцаў (да лютага 1918 г.) ён заставаўся нязменным і дзяліў Беларусь на дзве часткі. Тут канцэнтравалася звыш 1,5 млн. рускіх салдат і афіцэраў і каля 1,0 млн. нямецкіх. Штаб Паўночнага фронта месціўся ў Дзвінску, а штаб Заходняга – у Мінску. У ліпені 1916 г. руская армія спрабавала прарваць фронт у раёне Баранавіч, але толькі аплаціла няўдалую спробу стратай 80 тыс. салдат. Лілася людская кроў, руйнаваўся дабрабыт гарадоў і вёсак. Зямля пакрывалася акопамі, абцягвалася калючым дротам. Людзі ўпершыню зведалі жахі авіяцыйных налётаў і газавых атак.
Намеры захопнікаў. Урадавыя колы нямецкага рэйха (імперыі), як лічыць беларускі і польскі гісторык Юры Туронак, не збіраліся разбураць Расійскую імперыю. Па яе неабсяжных прасторах маглі добра разыходзіцца вырабы германскай прамысловасці. Галоўным для Вільгельма ІІ было эканамічна прывязаць Расію да Германіі. А таму тэрытарыяльныя дамаганні заваёўнікаў вызначаліся адноснай памяркоўнасцю. Яны спадзяваліся толькі адсунуць рускіх ад сваіх усходніх межаў, а для таго стварыць буферную польскую дзяржаву ды анексаваць Літву і Курляндыю. Беларусь разглядалася як гаспадарча і культурна адсталая частка Расіі са сваёй этнічнай спецыфікай.
Акупацыйная адміністрацыя. Захопленыя Германіяй беларускія землі дзяліліся паміж вайсковым адміністрацыйным абшарам Обэр Ост, які быў створаны ўвосень 1915 г., і вайскова-аперацыйнай паласой, якая прылягала да нямецка-расійскіх акопаў. Усходняя мяжа Обэр Ост праходзіла прыкладна па лініі Браслаў--Ліда--Зэльва--Брэст. Яна супадала з тэрытарыяльнымі дамаганнямі немцаў да Расіі. Землі вайскова-аперацыйнай паласы ўрадавыя колы рэйха збіраліся вярнуць рускаму цару за яго адмову ад прэтэнзій на астатнія акупіраваныя тэрыторыі. Вясной 1917 г. у склад Обэр Оста ўваходзілі Літва, Курляндыя і Беластоцка-Гродзенская акруга. На чале акупацыйнай адміністрацыі стаяў генерал Эрых Людэндорф. Ён падпарадкоўваўся камандуючаму ўсходнім фронтам фельдмаршалу Паўлю фон Гіндэнбургу.
Акупацыйная палітыка. Улады Обер Оста былі зацікаўлены ў захаванні ў прыфрантавой паласе стабільных эканамічных структур, якія працавалі б на патрэбы вайны. Таму ніякіх перашкод у гаспадарчай дзейнасці яны імкнуліся не чыніць. Больш таго, акупанты садзейнічалі забяспяпячэнню маёнткаў і прадпрыемстваў рабочай сілай. Шмат хто зведаў тады і нямецкіх цялесных пакаранняў. А мясцовыя землеўладальнікі і гандлёва-прамысловыя прадпрымальнікі адразу ж трапілі пад прэс ваенных падаткаў. Перад акупацыйнай адміністрацыяй паўстала праблема кіравання шматнацыянальным краем, дзе дамінавалі польская і нямецкая (у Курляндыі) культуры. Але для ўмацавання свайго становішча ў краі акупацыйныя ўлады прынялі правіла аднолькава адносіцца да ўсіх нацый. І толькі да палякаў Э.Людэндорф часам адносіўся прадузята. У адпаведнасці з загадам Гіндэнбурга (ліпень 1915), усялякая палітычная дзейнасць на акупіраваных тэрыторыях забаранялася. Немцы распусцілі нават Саюз беларускіх настаўнікаў. Права на функцыяніраванне атрымалі камітэты дапамогі ахвярам вайны, якія ўзніклі яшчэ да акупацыі па ўсёй прыфрантавой паласе расійскіх войск. Яны былі ўпаўнаважаныя выказваць уладам прапановы ад кожнай нацыі ў сацыяльнай, асветнай і культурнай галінах. У кастрычніку 1915 г. нямецкія ўлады прызналі таксама дзейнасць дазволенага яшчэ царскай уладай Грамадзянскага камітэту, у склад якога ўваходзілі 12 палякаў (у тым ліку Юзеф Пілсудскі), 5 літоўцаў, 2 яўрэі. Беларусаў прадстаўлялі Антон. Луцкевіч, Іван Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі і паляк А. Заштаўт. Аднак ужо ў лістападзе дзейнасць камітэта згарнулася з-за польскіх амбіцый і свавольства акупантаў. У снежні 1915 г. Гіндэнбург выдаў дырэктывы, а ў студзені 1916 г. інструкцыі, якія тычыліся арганізацыі школьніцтва. Нямецкія ўлады забаранялі навучанне па-руску і ўводзілі ў пачатковых школах абавязковае выкладанне на роднай мове для ўсіх карэнных нацый Обэр Оста, але толькі на аснове лацінскага алфавіта. Такі ж ліберальны падыход захоўваўся і пры выкладанні рэлігійных законаў. Вывучэнне нямецкай мовы таксама было абавязковым. Але ніхто не прымушаў бацькоў пасылаць сваіх дзяцей у школы, калі яны лічылі, што мова выкладання непрымальная для іх. Усім нацыянальнасцям Обэр Оста дазвалялася культурная дзейнасць і выданне газет на роднай мове.
Беларуская справа. Такія шырокія правы беларусы атрымалі ўпершыню. Улады Расіі, як вядома, не падтрымлівалі адкрыццё беларускіх школ. Цар пачаў абяцаць увод беларускай мовы ў школьніцтве толькі ў 1915 г. А таму нямецкімі ільготамі не маглі не скарыстацца беларускія дзеячы дзеля нацыянальнага самасцвярджэння, хоць ва ўмовах вайны іх ажыццявіць было цяжка. Не хапала нацыянальнай інтэлігенцыі. Народ пакутаваў ад рэквізіцый, прымусовай працы на ваенных збудаваннях. Было не да адукацыі. Ды і акупацыйныя ўлады больш займаліся рабаваннем беларускіх земляў, чым павышэннем культуры іх жыхароў. Асабліва гэта тычылася вайскова-аперацыйнай паласы, насельніцтва якой увогуле ніякіх правоў ад немцаў не атрымала. А таму адзіным больш менш значным востравам беларускай культуры пад нямецкай акупацыяй стала Вільня. Яшчэ ў лістападзе 1915 г., тут адчынілася першая ў гісторыі беларуская публічная школа (дагэтуль навучанне на беларускай мове вялося патаемна). У той жа перыяд намаганнямі польскай інтэлігенцыі ў Вільні былі адчынены чатыры польскія гімназіі, восем прагімназій і 30 пачатковых школ. Сотні польскіх школ узнікалі ў правінцыі. Яны прызначаліся і для беларускіх дзяцей. Перавага палякаў у інтэлектуальных і матэрыяльных сілах з непазбежнасцю вяла да паланізацыі беларусаў ва ўмовах, калі рускае супрацьстаянне здымалася. Культурна-асветная беларуская праца магла паспяхова разгортвацца толькі пры падтрымцы акупацыйных улад. Шмат намаганняў паклалі нешматлікія беларускія дзеячы, каб давесці да кіраўніцтва Обэр Оста, што за плячыма беларускага народа багатая гісторыя і культура, і што ён ў роўнай меры з іншымі народамі мае права на незалежнасць. Прызнанне немцамі нацыянальнай адметнасці беларусаў у рэшце рэшт адбылося, і іх нацыянальны рух адразу ажывіўся.
Віленскі цэнтр нацыянальнай дзейнасці. Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны ў старадаўняй сталіцы Літвы пачаў дзейнічаць яшчэ з сакавіка 1915 г. пад старшынствам Вацлава Іваноўскага. З прыходам жа немцаў камітэт узначальваў Антон Луцкевіч, бо Вацлаў Іваноўскі эвакуіраваўся ў глыб Расіі. Новы старшыня згуртаваў вакол сябе амаль усіх беларускіх дзеячаў, што засталіся пад нямецкай акупацыяй. Сярод іх вылучаліся Францішак Аляхновіч, Алаіза Пашкевіч-Кейрыс (Цётка), Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, немка Юліана Менке. Ужо ў снежні 1915 г. камітэт арганізаваў у Вільні настаўніцкія курсы, дзе выкладаў Іван Луцкевіч. 15 лютага 1916 г. у Вільні пад рэдакцыяй Вацлава Ластоўскага пачала выходзіць беларуская газета «Гоман», якая праіснавала да канца 1918 г. З лета 1916 г. у Вільні працаваў Беларускі клуб, у рамках якога Францішак Аляхновіч арганізаваў аматарскі тэатр. Там жа адчыніліся беларуская бібліятэка, навуковае таварыства, кааперацыйнае аб’яднанне «Раніца», дзіцячы прытулак «Золак», выдаваліся падручнікі і школьная літаратура. З 1 студзеня 1919 г. пачала працаваць беларуская гімназія.
Школьніцтва. Найважнейшай праблемай быў недахоп настаўнікаў, якіх мабілізавалі ці эвакуавалі ў Расію. І нямецкая адміністрацыя пайшла на адкрыццё беларускай настаўніцкай семінарыі ў Свіслачы (Гродзеншчына). Доўга шукалі выкладчыкаў. У Свіслачы нават часова працаваў немец-прафесар Рудольф Абіхт з Брэслаўскага (Вроцлаўскага) універсітэта. Семінарыя адчынілася толькі 15 кастрычніка 1916 г. і працавала да 15 лістапада 1918 г. За гэты час яна падрыхтавала 144 настаўнікі беларускіх школ. У кастрычніку 1916 г. такіх школ налічвалася на тэрыторыі Обэр Оста ўсяго восем, а пад канец нямецкай акупацыі -- 89. Большасць іх знаходзілася ў Беластоцка-Гродзенскай акрузе. Намаганні нямецкіх улад пашырыць сетку беларускіх школ сустракалі супраціўленне большасці ксяндзоў, асабліва ў каталіцкіх асяродках, дзе ўсе беларусы каталіцкага веравызначэння традыцыйна лічыліся палякамі. У паводзінах кліру знаходзіла адлюстраванне імкненне большасці палітычных груповак Польшчы да федэралізацыі або анексіі беларускіх зямель. У аперацыйнай вайсковай паласе беларускі рух немцамі бадай што не падтрымліваўся, але і тут да канца 1918 г. узнікла каля 60 беларускіх школ. Значыць, усяго іх пад нямецкай акупацыяй існавала каля 150 (па іншых звестках – да 350).
Праблема палітычнага самавызначэння. Германская акупацыйная палітыка не давала падстаў для надзеі на стварэнне асобнай беларускай дзяржавы з дапамогай немцаў. Яны абмяжоўвалі беларусаў культурна-асветнымі справамі. Але ўжо ў 1915 г. у Вільні ўтварыўся агульнанацыянальны канспіратыўны орган -- Беларускі Народны Камітэт, які займаўся не толькі культурнымі, але і палітычнымі пытаннямі беларускага руху. Членамі яго былі браты Луцкевічы, браты Станкевічы, паэтэса Канстанцыя Буйло, пісьменнік Максім Гарэцкі. Усведамляючы нерэальнасць ажыццяўлення ідэі беларускай дзяржаўнасці, група сацыял-дэмакратычнай арыентацыі на чале з братамі Луцкевічамі звярнулася да ідэі ўзнаўлення Вялікага Княства Літоўскага, дзе беларускія і літоўскія землі злучаліся б па прынцыпу аўтаноміі і мелі б свой сойм у Вільні. Беларуская палітычная ініцыятыва знайшла падтрымку. Для ажыццяўлення пастаўленай мэты ў снежні 1915 г. была ўтворана Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага з прадстаўнікоў адпаведных арганізацый беларусаў, літоўцаў, палякаў і яўрэяў. Тады ж Канфедэрацыя выдала на чатырох мовах Універсал, у якім заклікала розныя арганізацыі далучыцца да яе, і вылучыла прынцып поўнай дзяржаўнай незалежнасці Беларусі і Літвы.
Гэты Універсал сведчыць, што погляды віленскіх беларускіх дзеячаў у параўнанні з 1905 г. істотна змяніліся. Тады сябры БСГ і не ўяўлялі сабе Беларусь па-за складам будучай дэмакратычнай федэратыўнай Расіі. А зараз, больш таго, ліберальная групоўка на чале з Вацлавам Ластоўскім, якая мела назву «Сувязь (Саюз) незалежнасці і непадзельнасці Беларусі», ўвогуле адмаўлялася ад усялякіх саюзаў, у тым ліку і з літоўцамі. Яна выступала за поўную дзяржаўную незалежнасць і тэрытарыяльную цэласць Беларусі ў яе этнаграфічных межах. З усіх суседніх народаў «Сувязь» давярала толькі ўкраінцам. Тагачасовы ліберал Вацлаў Ластоўскі быў першым сярод беларускіх палітычных лідараў, хто выказаў ідэю поўнай незалежнасці Беларусі. Але беларускія лібералы, князь Вінцэнт Святаполк-Мірскі, барон Казімір Шафнагель, ксёндз Уладзіслаў Талочка, якія падтрымлівалі праграму Вацлава Ластоўскага, не маглі паразумецца з беларускімі сацыялістамі на чале з братамі Луцкевічамі. Не заціхалі і міжнацыянальныя спрэчкі. Палякі навязвалі ідэю ўзнаўлення Рэчы Паспалітай. Літоўцы прэтэндавалі на ўласную нацыянальную дзяржаву. Канфедэрацыя не знайшла падтрымкі і ў немцаў, а таму хутка распалася. Агорнутая рамантызмам ідэя аказалася не жыццёвай.
Выхад на міжнародную арэну. У 1916 г. віленскія нацыянальныя дзеячы прадстаўлялі Беларусь (як заходнюю, так і ўсходнюю) на канферэнцыях народаў Расіі ў Стакгольме (красавік) і Лазане (чэрвень). Упершыню на міжнародным узроўні беларусы ставілі пытанне аб сваей будучай палітычнай самастойнасці і выказалі разам з іншымі народамі рашучае жаданне пазбавіцца ад прыгнёту расійскіх улад. Дэлегаты Стакгольмскай канферэнцыі ў тэлеграме да прэзідэнта ЗША Вудро Вільсана прасілі аб дапамозе. Іх імкненні аднак не ўзбудзілі зацікаўленасці ні ў Амерыцы, ні ў Еўропе.
Беларусь і Літва: пачатак палітычнай канкурэнцыі. Прыход у Беларусь акупацыйных войск Германіі (1915) прынёс новыя беды, але ў той жа час крыху аслабіў духоўны ўціск рускіх і палякаў. Беларускі і літоўскі народы рабілі важныя крокі ў сваім нацыянальным самасцвярджэнні. Прагерманская арыентацыя збліжала суседзяў. Тым больш, што гэтаму садзейнічалі немцы дзеля супрацьвагі польскаму нацыяналізму. Праўда, шлях да паразумення беларускіх палітыкаў з літоўскімі быў цяжкім і складаным. Акупанты мелі намер стварэння асобнай дзяржавы толькі для літоўцаў. А гэта паспрыяла ўзнікненню ў студзені 1917 г. Літоўскай тарыбы (савета) і прыдало смеласці літоўцам выказаць прэтэнзію на беларускія землі, што знаходзіліся ў складзе Обэр Оста. Магчымасць стварэння супольнай беларуска-літоўскай дзяржавы знікала. Беларускі клуб вынес рэзалюцыю пратэсту супраць тэрытарыяльных дамаганняў Тарыбы і патрабаваў, каб нямецкія ўлады дазволілі правядзенне ў Вільні беларускай нацыянальнай канферэнцыі для ўтварэння свайго прадстаўнічага органа па прыкладу літоўцаў, але безвынікова. Вільня рабілася своеасаблівай беларускай Меккай, дзе пад нямецкай акупацыяй нараджаліся першыя незалежніцкія ідэалы беларускага народа. Такую ж вядучую ролю займала Вільня і ў літоўскім руху. Горад станавіўся для двух народаў агульным святым месцам і побач з агульнай гістарычнай спадчынай (Вялікае Княства Літоўскае) ператвараўся ў дадатковы фактар палітычнай канкурэнцыі пры змаганні за дзяржаўнае самасцвярджэнне. Літоўцы апераджалі беларусаў. Ідэю незалежнасці яны вылучылі яшчэ ў 1896 г.
Бежанства - трагедыя народа. Адступленне рускіх войск у 1915 г. суправаджалася перамяшчэннем на ўсход соцен тысяч людзей, пераважна жанчын, дзяцей і старых. Па прыблізных падліках з тэрыторыі Беларусі выехала і выйшла ў глыб Расіі каля двух мільёнаў чалавек (пераважна праваслаўных). Людзі ратаваліся ад ваеннага тэрору ў прыфрантавой паласе. Вайскоўцы наўмысна распускалі чуткі аб здзеках немцаў над мірным праваслаўным насельніцтвам, а то і прымусова высялялі. У некаторых месцах казакі, што адступалі апошнімі, палілі вёскі і мястэчкі ды гналі беларусаў і яўрэяў на ўсход амаль што з пустымі рукамі. Для вядзення вайны расійскім ўладам патрабаваліся людзкія рэсурсы. Па трактах цягнуліся велізарныя абозы, якія часам абстрэліваліся і бамбардзіраваліся немцамі. У дарозе здараліся эпідэміі. Бежанскі шлях лёгка можна было распазнаць па тых капцах-могілках, што насыпаліся з двух бакоў дарогі.
Табары бежанцаў асядалі вакол маёнткаў, чыгуначных станцый і ў гарадах прыфрантавой паласы. Царскія ўлады спрабавалі выкарыстаць танныя рабочыя рукі бежанцаў на пабудове ваенных аб’ектаў, на ваенных прадпрыемствах і ў памешчыцкіх маёнтках. Працаздольныя яшчэ маглі зарабіць нейкую капейку. А слабыя і хворыя галадалі, паміралі. Становішча бежанцаў у прыфрантавой паласе мала чым адрознівалася ад ваеннапалонных. Гэтая галодная і абяздоленая маса была пагрозлівай для мясцовых улад, і яны стараліся размеркаваць заходніх беларусаў па ўсёй імперыі. У розных гарадах Расіі закладваліся бежанскія камітэты дапамогі ахвярам вайны. Будаваліся баракі, харчавальныя пункты, раздаваліся пайкі і грашовая дапамога.
Ваенная мабілізацыі. Дэмаграфічная сітуцыя ў Беларусі дэфарміравалася не толькі бежанствам, але і татальнымі мабілізацыямі ў расійскае войска. З падуладных цару тэрыторый (Мінская, Магілёўская і Віцебская губерні) у армію было забрана 633,6 тыс. чалавек -- больш паловы працаздольных мужчын. Сялянскія сем’і заставаліся без кармільцаў. Некаму было засеяць поле. Асобныя надзелы пуставалі, што даўно ўжо не здаралася на беларускай зямлі.
Вынікі дэмаграфічных зрухаў. Сярод вайскоўцаў і бежанцаў апынуліся найбольш актыўныя, адукаваныя і нацыянальна свядомыя людзі. Вайна выштурхоўвала іх з самага сэрца Беларусі -- цэнтра кансалідацыі беларускай нацыі -- і раскідвала па ўсяму свету. Затое месца беларусаў займалі расійцы. Яны зганяліся ў беларускую прыфрантавую паласу ў якасці вайскоўцаў, рабочых ваенных прадпрыемстваў, усемагчымых ураднікаў. Гэтыя дэмаграфічныя змены вызначылі потым у значнай ступені далейшы лёс беларускага народа, бо аслабілі яго нацыянальна-вызваленчы рух і ўзмацнілі тут прарускія настроі.
Жыццё прыфрантавой вёскі. 1915 год паклаў пачатак татальнаму руйнаванню гаспадарчага жыцця ў Беларусі, невыносным пакутам яе жыхароў. Восенню на працы па капанню акопаў, рамонту дарог і мастоў было прыцягнута практычна ўсё працаздольнае насельніцтва прыфрантавых Мінскай і Віцебскай губерняў. Людзей бралі, не зважаючы на пільныя сельскагаспадарчыя работы. З пачаткам дажджоў і халадоў мабілізаваным рабочым недзе было прытуліцца, абагрэцца. Дрэннае харчаванне і невыносныя ўмовы працы прыводзілі да эпідэмічных захворванняў. Летам 1916 г. працоўная мабілізацыя паўтарылася. Магілёўшчына, дзе месцілася Стаўка Вярхўнага галоўнакамандуючага, поўнілася вайсковымі рэзервамі, інтэнданцкімі службамі, рознымі спекулянтамі. Як і нямецкія, расійскія вайсковыя ўлады бязлітасна аббіралі беларускіх сялян. У выніку бясконцых рэквізіцый вяскоўцы пазбаўляліся коней, кароў, збожжа, фуражу, а самі галадалі.
Абвастрэнне аграрных адносін. У буйных землеўладаннях не хапала рабочых рук. Вайсковая адміністрацыя зганяла сялян на памешчыцкія палі як на вайсковую павіннасць. Землеўласнікі нажываліся на ваенных пастаўках і на спекуляцыі прадуктамі харчавання. Гэта абвастрала сацыяльную напружанасць у вёсцы. На правах асноўных абаронцаў цара і Расіі сяляне адкрыта рабавалі панскае дабро -- рабілі парубкі і патравы, а часам і прамыя захопы ды грабяжы. Вайна не давала мажлівасці зарабіць ды пракарміць сябе.
Прыфрантавы горад. У гарадскіх цэнтрах ваеннай Беларусі пачалося няведамае раней жыццё. За кошт вайскоўцаў і бежанцаў колькасць гарадскога насельніцтва павялічвалася ўдвая, а то і болей. Калі ў 1914 г. у Мінску жыло 100 тыс., то ў 1915 г. ужо 250 тыс.чалавек. Адпаведна гэтаму амаль удвая ўзрастала і квартплата. Чыгунка ледзь спраўлялася з ваеннымі перавозкамі. Забяспячэнне таварамі цывільнага насельніцтва рэгулярна зрывалася. Гараджане першымі зведалі, што такое голад, спекулятыўныя цэны, бясконцыя чэргі. Сярэдняя намінальная зарплата тут была ў 1915 г. ніжэй агульнарасійскага ўзроўню амаль напалову. Ваеннае становішча спрыяла панаванню органаў палітычнай бяспекі і мілітарнай контрразведкі. Штодённа праходзілі пахаванні.
Другі цэнтр нацыянальнага руху. У гады першай сусветнай вайны ў Мінску пачаў фарміравацца другі пасля Вільні цэнтр беларускай нацыянальнай дзейнасці. Бежанцы адразу ж павялічылі ўдзельную вагу беларусаў сярод мінчан ды і жыхароў іншых гарадоў Беларусі. Яшчэ летам 1915 г. у Мінску адчынілася Беларускае таварыства па аказанню дапамогі пацярпелым ад вайны, якое аб’ядноўвала 50 чалавек. Яно арганізоўвала для бежанцаў начлежныя прытулкі, платныя і бясплатныя сталоўкі, дапамагала ў працаўладкаванні. Усе супрацоўнікі таварыства на чале з адвакатам В.Чаусавым харчаваліся ў платнай сталоўцы, што месцілася каля Чырвонага касцёла і атрымала назву «Беларуская хатка». Сюды часта прыходзілі беларускія пісьменнікі Змітрок Бядуля, Ядвігін Ш., Альберт Паўловіч, Язэп Фарботка, Фабіян Шантыр, Зоська Верас (Людзвіка Сівіцкая), тэатральныя дзеячы Уладзіслаў Галубок, Усевалад Фальскі, архітэктар Лявон Дубяйкаўскі. Фактычна гэта быў мінскі клуб творчай беларускай інтэлігенцыі, якая нелегальна ладзіла для бежанцаў вечарыны. Збіраліся маладыя хлопцы, дзяўчаты, перад якімі з лекцыямі і сваімі вершамі выступаў Максім Багдановіч, які прыехаў у Мінск восенню 1916 г. Менавіта тут, у «Хатцы», упершыню прагучаў і яго знакаміты верш «Пагоня».
Беларуская справа. Умовы для беларускага руху пад царскім ярмом былі непараўнальна горшымі, чым пад нямецкай акупацыяй. Царскі ўрад дазваляў толькі беларускія камітэты дапамогі бежанцам ды і то з вялікай неахвотай. Лічылася, што беларусы нічым не адрозніваліся ад жыхароў Тульскай ці Пензенскай губерні, і таму ніякіх сваіх нацыянальных арганізацый ім не патрэбна. Аж да 1917 г. на тэрыторыі Беларусі, не занятай немцамі, не выходзіла ніводная беларуская газета. Толькі ў Петраградзе восенню 1916 г. з’явіліся невялічкія штотыднёвікі «Дзяньніца» (рэдактары Зміцер Жылуновіч, Эдзюк Будзька) і «Swietаc» («Светач»), ды і тыя выходзілі толькі да пачатку 1917 г.
Рэвалюцыйныя падзеі ў Петраградзе. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. скінула з трона апошняга расійскага самадзержца Мікалая ІІ. Царская хэўра настолькі самаізалявала сябе, што дастаткова было 23 лютага выйсці на вуліцы Петраграда галодным жанчынам-работніцам, каб потым да іх далучыўся ўвесь працоўны люд сталіцы і вайскоўцы петраградскага гарнізона. Ні адно буйнае вайсковае злучэнне, ні адна палітычная партыя не ўстала на абарону Мікалая ІІ. 27 лютага Петраград ужо быў у руках паўстанцаў. Неўзабаве Мікалай ІІ (1894-1917) адрокся ад трону.
Звяржэнне царызму ў Беларусі. У лічаныя дні царская адміністрацыя была знішчана па ўсёй краіне. Рэвалюцыя ў Беларусі разгортвалася па агульнарасійскаму сцэнарыю. Тэлеграфныя весткі аб падзеях у Петраградзе выклікалі ўсеагульную радасць. Ва ўсіх буйных гарадах прайшлі мітынгі і дэманстрацыі ў падтрымку Часовага ўрада. Функцыю разбурэння і вынішчэння старых парадкаў узялі на сябе саветы салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якія ствараліся ў Беларусі ўпершыню і пераважна па ініцыятыве вайскоўцаў. Яны ж выступалі і абаронцамі сацыяльных правоў. Разбройвалася паліцыя і жандары, вызваляліся палітычныя вязні, стваралася народная міліцыя з дабраахвотнікаў. Рэвалюцыйныя перамены дасягнулі і вёскі. Сяляне праганялі ўраднікаў і земскіх начальнікаў, перавыбіралі валасных старшынь. У асобных месцах Магілёўскай губерні рабаваліся панскія маёнткі. Узнікалі саветы сялянскіх дэпутатаў. Стварэннем новай адміністрацыі, падпарадкаванай Часоваму ўраду Расіі, займаліся грамадскія камітэты парадку. Яны фарміраваліся з дзеячаў былых земскіх і гарадскіх упраў, а таксама прадстаўнікоў ад саветаў. Кіраўніцтва камітэтамі парадку паступова перайшло да губернскіх і павятовых камісараў, якія назначаліся з ліку мясцовых ураднікаў ад імя Часовага ўрада. Мясцовыя саветы звычайна падпарадкоўваліся новаму кіраўніцтву і новаму ўраду ў Петраградзе.
Некаторыя вынікі царскага панавання. 300-гадовае самаўладдзе Раманавых, якое амаль паўтара стагоддзя трымала ў падпарадкаванні і беларускі народ, -- рухнула. Расійскі царызм пакінуў пасля сябе цяжкую спадчыну. Край раздзіраўся непрымірымай варожасцю паміж беларускімі землеўладальнікамі, якіх адштурхвалі да польскасці, і беларускімі сялянамі, якіх прыцягвалі да рускасці па рэлігійнай адзнацы. Эканоміка заставалася слабаразвітай. За гады царскага панавання беларускія землі пазбавіліся навыкаў палітычнага самакіравання, нацыянальна перспектыўнага уніяцтва, пабудаванага на мясцовых традыцыях прафесійнага мастацтва, узрастаючага на шляхецка-сялянскай глебе трэццяга саслоўя. Беларускі народ служыў сцяной ва ўсіх асноўных ваенных канфліктах, у якіх удзельнічала царская Расія. Толькі ў гады Першай сусветнай вайны ён страціў 1200 тыс. чалавек. Рускае самаўладдзе метадычна вынішчала мясцовую эліту (1830, 1863, 1905 гг.). Тым не менш, беларускі рух не спыняўся. А з канца ХІХ ст. ён ужо набыў устойлівую тэндэнцыю да нарастання і актыўна ўплываў на вырашэнне лёсу пасляцарскай Расіі. Беларусаў ратавала ад дэнацыяналізацыі іх даволі высокая этнічная маса, польска-рускае супрацьстаянне, наяўнасць уласнай гісторыка-культурнай традыцыі і непрываблівасць імперскіх ідэалаў.