Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Скачиваний:
7
Добавлен:
11.05.2015
Размер:
34.38 Кб
Скачать

Уводзіны Уводзіны

 

Гісторыя (ад грэч. hіstorіa) – навука аб мінулым, зведаным. Гісторыя (гістарычная навука) уяўляе сабой комплекс сацыяльна-гуманітарных навук, якія вывучаюць мінулае чалавецтва ва ўсёй яго канкрэтнасці і разнастайнасці. Як комплекс навук гісторыя ўключае ў сябе такія спецыяльныя дысцыпліны, як археалогія і этнаграфія, навукі, якія вывучаюць гісторыю розных бакоў навукі і тэхнікі (гісторыя матэматыкі, гісторыя фізікі, гісторыя радыётэхнікі і электронікі і г. д.) і розных галін культуры (гісторыя тэатра, гісторыя архітэктуры, гісторыя музыкі і г. д.). Гісторыя ўваходзіць у групу сацыяльна-гуманітарных навук, якія вывучаюць той ці іншы рэгіён (афрыканістыка, балканістыка і г. д.), народ (беларусазнаўства, русістыка, сіналогія і г. д.) ці групу народаў (славяназнаўства).

Устанаўленне заканамернасцей гістарычнага развіцця дасягаецца шляхам выяўлення і даследавання фактаў, падзей і працэсаў. Канкрэтна-гістарычны, факталагічны матэрыял з’яўляецца базай гістарычнай навукі, а калі яго няма, то і няма гісторыі як навукі. У сілу сваёй спецыфікі гісторыя адказвае на пытанні аб тым, што, калі, дзе, чаму і пры якіх абставінах адбылося, якія этапы прайшло ў сваім развіцці і чым стала сёння з пункту гледжання гістарычнага вопыту. Гісторыя не адказвае на пытанне аб тым, што было б, калі б тая ці іншая падзея (напрыклад, Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 г ., Другая сусветная вайна 1939 – 1945 гг. і г.д.) не адбылася, бо гэтага ніхто не ведае і гэта не з галіны гістарычнай навукі, а з галіны гаданняў, прадказанняў і таму падобнага, да чаго навука не мае ніякага дачынення. Гісторыя – гэта тое, што было, а не тое, што магло быць.

Гісторыя – складаная, шматгаліновая навука аб прошлым, зведаным, аб тым, калі ўзнікла чалавечая цывілізацыя на нашай Планеце, якія этапы яна прайшла ў сваім развіцці, які агульнацывілізацыйны вопыт набыла і як яна крочыць у будучыню сёння.

Напісаная гісторыкамі і выпушчаная ў свет кнігавыдаўцамі, гісторыя павінна насіць пазітыўны характар, уключаць у сябе станоўчы, творчы зарад, выхоўваць у чытача высокія духоўныя і маральныя якасці і перш-наперш любоў да Айчыны, пачуццё гордасці за краіну і народ, гатоўнасць да здзяйснення добрых спраў у імя краіны і яе квітнення. Кожны грамадзянін, кожны школьнік і студэнт, які вывучыў курс гісторыі, павінен разумець, што будучае краіны і народа, будучае кожнага чалавека заключана ў прошлым, у нашай гісторыі. Напрыклад, Рэспубліка Беларусь стала суверэннай дзяржавай не толькі і не столькі дзякуючы таму, што ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. нацыянальныя дзеячы Беларусі рабілі спробу стварыць нацыянальную дзяржаўнасць на буржуазнай аснове, а дзякуючы таму, што ў 1919 г . была створана Беларуская ССР, у якой у складзе СССР быў створаны магутны вытворча-эканамічны, навукова-тэхнічны і інтэлектуальны патэнцыял, які з’явіўся базай, фундаментам суверэннасці сённяшняй Беларусі. Пагэтаму гісторыя перыяду, калі БССР уваходзіла ў склад СССР, павінна разглядацца намі з патрыятычных пазіцый, насіць пазітыўны характар.

Гістарычная праўда ўяўляе сабой камбінаваную, многапланавую, многагранную ісціну. Калі з гэтага складанага фарміравання (многагранніка) вылучыць толькі адну грань, паднесці яе блізка да вачэй і закрыць ёю астатнія грані, то мы атрымаем не веды, а аднабаковую, неаб’ектыўную, ненавуковую інфармацыю. Мы не ўбачым шырокай панарамы гістарычных падзей, гістарычнага працэсу ў цэлым, гістарычнай творчасці мільёнаў людзей. Некаторыя вучоныя з гістарычнага працэсу 20 – 50-х гадоў ХХ ст. наўмысна, у мэтах дыскрэдытацыі сацыялізму вырываюць толькі адну грань – палітычныя рэпрэсіі і да гэтага зводзяць усю гісторыю.

Але ж у тыя гады была здзейснена грандыёзная сацыялістычная індустрыялізацыя, створаны буйныя калектыўныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Ажыццёўленая на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў сапраўдная культурная рэвалюцыя не мае аналагаў і сёння, бо ў свеце, прадстаўнікі “залатога мільярда” якога любяць хваліцца сваёй цывілізаванасцю, 1,2 млрд. чалавек не ўмеюць ні чытаць, ні пісаць.

А між тым ужо да канца 30-х гадоў ХХ ст. Савецкі Саюз адносіўся да ліку 3 – 4 краін свету, якім была даступна вытворчасць усіх вядомых тады чалавецтву відаў прамысловай прадукцыі. СССР разам з іншымі саюзнымі дзяржавамі перамог гітлераўскую Германію і яе сатэлітаў і пазбавіў чалавецтва ад карычневай чумы фашызму. У пасляваенныя гады Савецкі Саюз з краіны індустрыяльна-аграрнай ператварыўся ў буйнейшую індустрыяльную дзяржаву свету з магутным вытворча-эканамічным і навукова-тэхнічным патэнцыялам, стаў адной са звышдзяржаў свету. У 1954 г . у Савецкім Саюзе была створана першая ў свеце атамная электрастанцыя, у 1957 г. запушчаны першы ў свеце штучны спадарожнік Зямлі, у 1961 г . здзейснены першы ў свеце пілатуемы палёт грамадзяніна СССР Ю.А. Гагарына ў космас. Быў запушчаны ў космас беспілотны карабель “Буран” і здзейснена яго пасадка, арганізавана работа ў космасе навуковай станцыі “Мір”.

Адказваючы на навязаную міжнародным імперыялізмам гонку ўзбраенняў, Савецкі Саюз у 1949 г . пераадолеў манаполію ЗША на ядзерную зброю, стварыўшы першую ў краіне атамную бомбу. Хутка была пераадолена таксама манаполія ЗША на тэрмаядзерную зброю, створана першая ў краіне вадародная бомба. Савецкі Саюз стварыў лепшыя ў свеце комплексы і сістэмы ўзбраенняў, у тым ліку ракетна-ядзерных і ракетна-касмічных, забяспечваючы існаванне біпалярнага свету, надзейную абароназдольнасць сваю і сваіх саюзнікаў, парытэт палітычных і ваенных сіл паміж дзвюма звышдзяржавамі (СССР і ЗША) і дзвюма ваенна-палітычнымі блокамі (Арганізацыя Варшаўскага Дагавору і НАТА). Гэта – па-першае.

Па-другое, у СССР былі забяспечаны бясплатная адукацыя і медыцынскае абслугоўванне, што трэба разглядаць як агульнацывілізацыйныя дасягненні. Кожны грамадзянін СССР меў рэальную магчымасць атрымаць бясплатнае жыллё, амаль бясплатную пуцёўку ў санаторый, пансіянат, дом адпачынку. Пастаянна раслі заработная плата і іншыя прыбыткі насельніцтва пры нязменнасці і стабільнасці рознічных цэн на тавары і паслугі, што рабіла апошнія даступнымі для шырокіх колаў народа.

Па-трэцяе, у галіне культуры была здейснена сапраўдная культурная рэвалюцыя. Яшчэ ў 20 – 30-я гады ХХ ст. была ліквідавана масавая непісьменнасць дарослага насельніцтва, а ў 50 – 60-я гады дасягнута поўная пісьменнасць усяго насельніцтва. Беларуская ССР стала рэспублікай суцэльнай пісьменнасці. У 20 – 30-я гады ў БССР было ажыццёўлена ўсеагульнае абавязковае пачатковае навучанне, у 50 – 60-я гады – сямігадовае навучанне, а ў 70 – 80-я гады – усеагульнае навучанне моладзі за курс сярэдняй школы. Сапраўдны росквіт атрымала савецкая навука і культура. Беларускі народ стаў адным з інтэлектуальных народаў свету. Дзякуючы росту яго агульнаадукацыйнага і культурнага ўзроўню, дасягненні айчыннай і сусветнай культуры зрабіліся даступнымі для шырокіх мас працоўных.

Гэтыя і многія іншыя факты гісторыі, дасягненні СССР і БССР маюць не мясцовае, не нацыянальнае, а сусветна-гістарычнае, агульнацывілізацыйнае значэнне. Гаварыць аб “гістарычным краху Расіі” у выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі, аб “гістарычным тупіку”, аб “няўдалым сацыялым эксперыменце бальшавікоў” і г. д. – значыць займацца міфатворчасцю, выконваць палітыка-ідэалагічны заказ з тым, каб людзі, асабліва моладзь, забыліся пра Кастрычніцкую рэвалюцыю, нічога не ведалі аб савецкім дзяржаўным і грамадскім ладзе, аб дасягненнях СССР і БССР у сацыяльна-эканамічнай, палітычнай і духоўнай сферах.

Ход гісторыі мае глыбінны сэнс, які цяжка вызначыць, але які з’яўляецца больш значным за ўсе нашы думкі і разважанні аб гісторыі. Да 1941 г ., напрыклад, ніхто не мог нават уявіць сабе, што краіне і яе народу прыйдзецца весці вайну за сваё існаванне на планеце з магутнай ваеннай машынай, якая ўключыла ў сябе амаль усе рэсурсы Еўропы. Але ход гісторыі ва ўсёй яе паўнаце магчымасць вайны неяк прадбачыў: павялічваўся хуткімі тэмпамі вытворча-эканамічны, навукова-тэхнічны, абаронны і духоўны патэнцыял савецкага грамадства. Калі б гэтага не было – не было б і Вялікай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Вызначыць гэты глыбінны сэнс хода гісторыі – задача ў першую чаргу прафесіянальных гісторыкаў, навукоўцаў, грамадскасці.

Перыядызацыя гісторыі Беларусі. Курс “Гісторыя Беларусі” ахоплівае гісторыю Айчыны ад старажытных часоў да нашых дзён. Ён адлюстроўвае гісторыю той часткі чалавецтва, якая на працягу тысячагоддзяў насяляла тэрыторыю сучаснай Беларусі.

Чалавечае грамадства на тэрыторыі Беларусі прайшло наступныя перыяды свайго развіцця.

Старажытнае грамадства. Яго храналагічныя рамкі – 40 тыс. гадоў да н.э. – V ст. н.э. Гэты перыяд падзяляецца на 3 этапы: каменны век (40 тыс. гг. да н.э. – 2 тыс. гг. да н.э.); бронзавы век (каля 2 тыс. гг. да н.э. – пачатак 1 тысячагоддзя да н.э.); жалезны век (пачатак 1 тысячагоддзя да н.э. – V ст. н.э.).

Сярэднявечча – канец V – ХV ст. Выдзяляюцца 2 этапы: пачатак пераходу да класавага грамадства і ўзнікненне дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі (канец V – перш. пал. ХІІІ ст.); развіццё феадальнай сістэмы (сярэдзіна ХІІІ – ХV ст.).

Новы час – ХVІ – пачатак ХХ ст. Падзяляецца на 2 этапы: афармленне феадальнай сістэмы і выспяванне яе крызісу (ХVІ – канец ХVІІІ ст.); генезіс і зацвярджэнне капіталізму, выспяванне крызісу буржуазнага грамадства (канец ХVІІІ ст. – 1917 г .).

Навейшы час – з 1917 г . – да нашых дзён.

Крыніцы па гісторыі Беларусі. Гісторыя Беларусі вывучаецца на падставе даных разнастайных гістарычных крыніц. Гістарычныя крыніцы – пісьмовыя дакументы і рэчавыя прадметы, якія непасрэдна адлюстроўваюць гістарычны працэс і даюць магчымасць вывучаць прошлае чалавечага грамадства. Гістарычная дысцыпліна, якая распрацоўвае тэорыю і методыку вывучэння і выкарыстання гістарычных крыніц (у асноўным пісьмовых), называецца крыніцазнаўствам.

Гістарычныя крыніцы падзяляюцца на 6 асноўных груп: археалагічныя, этнаграфічныя, лінгвістычныя, вусныя, пісьмовыя і кіна-фота-фона. Асабліва важнае значэнне маюць пісьмовыя крыніцы. Сярод іх – заканадаўчыя акты (“Русская Правда” ХІ ст.; дагаворы Русі з грэкамі 907, 911 і 914 гг.; прывілеі, якія выдаваліся вялікімі князямі літоўскімі і каралямі Рэчы Паспалітай, а таксама агульназемскія і абласныя прывілеі; Судзебнік Казіміра 1468 г .; Статуты Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566 і 1588 гг.; уніі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай; законы, маніфесты, палажэнні, указы, рэскрыпты ўрада Расійскай імперыі; акты заканадаўчых і выканаўчых органаў БССР і СССР, Рэспублікі Беларусь і г. д.

Да пісьмовых крыніц адносяцца матэрыялы справаводства. Гэта – “Литовская метрика” – дзяржаўны архіў Вялікага княства Літоўскага; сеймавыя матэрыялы ХVІ – ХVІІІ стст. (напрыклад, “Дзённік Люблінскага сейма 1569 г .”); матэрыялы судовых устаноў Вялікага княства Літоўскага (актавыя кнігі); дакументацыя дзяржаўных устаноў, прадпрыемстваў, банкаў, а таксама палітычных партый і грамадска-палітычных арганізацый мінулага і сучаснага.

Спецыфічны тып дакументаў прадстаўляе комплекс эканоміка-геаграфічных, гаспадарчых і статыстычных апісанняў ХVІ – ХХ стст. Сярод іх гаспадарчыя апісанні ХVІ – ХІХ стст. (пісцовыя кнігі, інвентары); эканоміка-геаграфічныя і гаспадарчыя апісанні канца ХVІІІ – ХІХ ст. (матэрыялы генеральнага межавання канца ХVІІІ ст., інвентары памешчыцкіх маёнткаў першай паловы ХІХ ст., ваенна-тапаграфічныя апісанні); пазямельныя даследаванні, ваенна-конскія перапісы, спісы фабрык і заводаў, перапісы насельніцтва (напрыклад, “Первая всеобщая перепись населения Российской империи 1897 года”, усесаюзныя перапісы насельніцтва 1923, 1926, 1937, 1939 гг. і інш.).

Адной з важнейшых гістарычных крыніц з’яўляюцца летапісы. Сярод іх “Аповесць мінулых гадоў” (ХІІ ст.), Лаўрэнцьеўскі, Іпацьеўскі, Радзівілаўскі (Кёнігсбергскі) летапісы, “Летописец великих князей литовских”, “Хроника Великого княжества Литовского и Жомойтского”, “Хроника Быховца” (ХV – ХVІ стст.), Баркулабаўскі летапіс канца ХVІ – пачатку ХVІІ ст.

Да гістарычных крыніц адносяцца мемуары і дзённікі. Часта яны з’яўляюцца адзіным сведчаннем, якое дае ўяўленне аб той ці іншай падзеі або факце.

У якасці гістарычных крыніц могуць выкарыстоўвацца і літаратурныя творы. Гераічная, часам трагічная гісторыя беларускага народа яскрава адлюстроўваецца ў творах В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, П. Броўкі, І. Мележа, І. Шамякіна і іншых выдатных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў.

У Новы і Навейшы час беларускай гісторыі важнае значэнне набыў перыядычны друк. Ён адрозніваецца разнастайнасцю палітычнага спектра і аператыўным распаўсюджаннем інфармацыі аб падзеях і фактах у жыцці Беларусі і за яе межамі.

Асобную і вельмі важную групу гістарычных крыніц складаюць рэчавыя прадметы – прадметы вытворчай гаспадаркі (прадметы і сродкі працы, прадукты вытворчасці) і творы мастацтва (пабудовы, скульптуры, карціны і г. д.). Створаныя людзьмі, яны сведчаць не толькі аб узроўні прафесійнага майстэрства іх аўтараў, але і аб ступені развіцця матэрыяльнай і духоўнай культуры грамадства.

Гістарыяграфія гісторыі Беларусі. Гістарыяграфія (ад слоў “гісторыя” і грэч “grapho” – пішу) – літаральна апісанне гісторыі, адсюль гістарыёграф (тое ж, што і гісторык). Сэнс гэтага паняцця зводзіцца да наступнага: 1) Гісторыя гістарычнай навукі (накапленне гістарычных ведаў, рознае тлумачэнне гістарычных з’яў, змена метадалагічных накірункаў у гістарычнай навуцы і інш.). 2) Сукупнасць гістарычных даследаванняў, прысвечаных пэўнай эпосе (гістарыяграфія эпохі феадалізму (капіталізму), тэме ці перыяду (гістарыяграфія гісторыі рабочага класа Беларусі ХІХ – ХХ стст.), ці сукупнасць гістарычных работ, аб’яднаных агульнымі рысамі: тэарэтычнымі (ліберальна-буржуазная, дэмакратычная, марксісцкая гістарыяграфія і інш.), нацыянальнымі (беларуская, расійская, украінская, польская гістарыяграфія).

Першымі прафесійнымі гісторыкамі, якія заклалі падмурак канцэпцыі беларускай гісторыі, былі прафесары Віленскага універсітэта І. Анацэвіч, М. Баброўскі, І. Даніловіч, Т. Нарбут, Ю. Ярашэвіч і інш. І. Даніловіч упершыню апублікаваў Статут Вялікага княства Літоўскага 1529 г ., Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г . і іншыя крыніцы па гісторыі Беларусі. Ю. Ярашэвіч апублікаваў фундаментальнае даследаванне “Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца ХVІІІ ст. (Вільня, 1844 – 1845. Т. 1 – 3). Вывучэннем гісторыі Вялікага княства Літоўскага, збіраннем археалагічных крыніц, пошукамі і апрацоўкай матэрыялаў для “Актов Западной России” (СПб., 1846 – 1853. Т. 1 – 5) займаўся І. Анацэвіч.

Браты Я. І К. Тышкевічы з’яўляюцца пачынальнікамі беларускай археалогіі, З. Даленга-Хадакоўскі – заснавальнікам беларускай фалькларыстыкі і мовазнаўства, Т. Нарбут – аўтарам 9-томнай “Гісторыі літоўскага народа” (Вільня, 1835 – 1841), А. Кіркор – вучоным і грамадскім дзеячам, Я. Чачот – збіральнікам і выдаўцам (на польскай мове) народных песень.

Вывучэнне айчыннай гісторыі звязана з імем беларускага археографа І. Грыгаровіча. Ён сабраў і на сродкі графа М.П. Румянцава выдаў “Белорусский архив древних грамот”, быў аўтарам гістарычнага даследавання “Беларуская іерархія” (напісана ў 1824 г ., выдадзена ў 1992 г . у Мінску), прымаў удзел у выданні “Актов Западной России”. Аўтарам навуковых твораў “Путешествие по Полесью и Белорусскому краю” (СПб., 1853, 1856) быў пісьменнік-этнограф П. Шпілеўскі. У 1855 г . у Санкт-Пецярбургу М.В. Без-Карніловічам былі выдадзены “Исторические сведения “о примечательных местах Белоруссии…”, тэрыторыю якой ён абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губернямі, астатнія беларускія землі называў Літвой.

Важнай вехай у станаўленні і развіцці нацыянальнай гістарыяграфіі з’явілася кніга В. Ластоўскага “Кароткая гісторыя Беларусі”, выдадзеная ў Вільні ў 1910 г . Беларускі гісторык і этнограф М. Доўнар-Запольскі ў 1926 г . падрыхтаваў фундаментальную працу “Гісторыя Беларусі” (выдадзена ў 1994 г . у Мінску). Даследчык і гісторык беларускай мовы, акадэмік Я. Карскі ў 1903 – 1922 гг. выдаў трохтомную працу “Беларусы”, якую называюць энцыклапедыяй беларусазнаўства. Значны ўклад у беларускую гістарыяграфію ўнеслі грунтоўныя даследаванні гісторыкаў, этнографаў і лінгвістаў М. Янчука, А. Слупскага, І. Насовіча, М. Дзмітрыева, М. Федароўскага, Е. Раманава і інш., выдадзеныя ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі вучоны-гісторык і дзяржаўны дзеяч Савецкай Беларусі У. Ігнатоўскі выдаў працы па айчыннай гісторыі і манаграфію пра паўстанне 1863 – 1864 гг. Яго “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі” ў 1920-я гады з’яўляўся падручнікам па айчыннай гісторыі для вучняў школ, а “Гісторыя Беларусі ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя” вывучалася ў вышэйшых навучальных установах. У 1920-я гады публікаваліся таксама навуковыя працы Ф. Турука, У. Пічэты, А. Цвікевіча, А. Луцкевіча, М. Гарэцкага, З. Жылуновіча і інш. У пачатку 1930-х гадоў некаторыя гісторыкі былі рэпрэсіраваны, а іх працы на доўгі час трапілі ў “спецсховішчы”.

Дэмакратызацыя савецкага грамадства, якая пачалася з другой паловы 1950-х гадоў, садзейнічала далейшаму развіццю беларускай гістарычнай навукі. У 1960 – 1980-я гады выйшлі ў свет манаграфіі, прысвечаныя актуальным праблемам айчыннай гісторыі, а таксама калектыўныя працы – двухтомная “История Белорусской ССР” ( 1961 г .), пяцітомная “Гісторыя Беларускай ССР” (1972 – 1975 гг.), аднатомная “История Белорусской ССР” ( 1977 г .).

У 1994 – 1995 гг. Інстытут гісторыі АН Беларусі падрыхтаваў і выдаў (у дзвюх частках) “Нарысы гісторыі Беларусі”, многія раздзелы якіх напісаны тэндэнцыйна і празмерна палітызаваныя.

У 2006 г . выйшла ў свет чацвёртае выданне “Гісторыі Беларусі” (у дзвюх частках), падрыхтаванай гісторыкамі кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі пры ўдзеле гісторыкаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М. Танка, Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта. На сённяшні дзень гэта адзіная ў рэспубліцы вучэбная кніга, якая мае грыф падручніка для студэнтаў устаноў, забяспечваючых атрыманне вышэйшай адукацыі.

У якасці вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў устаноў, забяспечваючых атрыманне вышэйшай адукацыі, выдадзены “Гісторыя Беларусі з 1795 да вясны 1917 г .” (падрыхтавана калектывам гродзенскіх гісторыкаў) ( 2001 г .), “Гісторыя Беларусі. ХІХ – ХХ стагоддзі” (падрыхтавана гісторыкамі Беларускага дзяржаўнага універсітэта) ( 2002 г .), “История Беларуси. С древности до наших дней” П.Г. Чыгрынава ( 2004 г .) і інш.