Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ апошн.rtf
Скачиваний:
205
Добавлен:
26.03.2015
Размер:
2.7 Mб
Скачать

Літаратура

1. Бахтин М. М. Проблемы поэтики Достоевского. – 4-е изд. – М.: Сов. Россия, 1979. – 320 с.

2. Бахтин М. М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. – 2-е изд. – М.: Худ. лит., 1990. – 543 с.

3. Бугаёў Д. Горкі роздум пісьменніка // Бугаёў Д. Спавядальнае слова: Літ. крытыка, успаміны. – Мінск: Маст літ., 2001. – С. 218–230.

4. Гілевіч Н. Мой белы дзень: Кн. пра фальклор і мову нашай Бацькаўшчыны. – Мінск: Юнацтва, 1992. – 334 с.

5. Дзягцяр Н. У. Творчасць Віктара Казько: праблемы стылю // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. – 1994. – № 2. – С. 98–104.

6. Казько В. Выратуй і памілуй нас, чорны бусел: Аповесці, апавяданні, эсэ. – Мінск: Маст. літ., 1993. – 319 с.

7. Караткевіч У. Збор твораў: У 8 т. / Аўт. прадм. В. Быкаў. – Мінск.: Маст. літ., 1987–1991. – Т 8. Кн. 1: П’есы. Нарыс. – 1990. – 591 с.

8. Керлот Хуан Эдуардо. Словарь символов. – М.: “REFL-book”, 1994. – 608 с.

9. Козіч В.І. Чалавек і прырода ў сучаснай беларускай прозе. – Мінск: Бел. навука, 1998. – 96 с.

10. Конан У. Ля вытокаў самасвядомасці: Станаўленне духоўных каштоўнасцяў у святле фальклору. – Мінск: Маст. літ., 1989. – 238 с.

11. Криничная Н. А. Корреляция архетипов индивида, коллектива и природы / Карел. фил. АН СССР, Ин-т яз., лит. и истории. – Петрозаводск, 1986. – 42 с.

12. Ненадавец А. Бусел, аист…// Беларуская думка. – 1996. – № 1. – С. 164–166.

13. Ненадавец А.М. Каму пакланяліся продкі / Навук. рэд. А. С. Фядосік. – Мінск: Навука і тэхніка, 1996. – 239 с.

14. Сержпутоўскі А. К. Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў. – Мінск: Універсітэцкае, 1999. – 191 с.

15. Тычына М. Паядынак з лёсам, або Прыцягальнасць безабароннага слова // ЛіМ. – 2000. – 21 крас. – С. 7.

16. Ханеня С.І. Праблема мастацкай умоўнасці ў сучаснай беларускай прозе: Дыс. ...канд. філал. навук: 10. 01. 01 / Гомел. дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. – Гомель, 1998. – 110 с.

17. Штэйнер І. Загляні за люстэрка // Літ. і мастацтва. – 1992. – 8 мая. – С. 6–7.

ВЕЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ” Ў МАСТАЦКІМ АСЭНСАВАННІ АЛЕСЯ ЖУКА

Пачынаючы з сярэдзіны 60-х гадоў ХХ стагоддзя, у цэнтры ўвагі беларускай мастацкай літаратуры аказалася маральна-этычная праблематыка, асэнсаванне духоўнага свету чалавека. Гэта не значыць, што да гэтага часу чалавек заставаўся па-за ўвагай літаратуры. Але, як слушна лічыць С. Андраюк, – у кожны перыяд літаратура скіроўвае асноўную ўвагу на якісьці адзін бок чалавечай дзейнасці: “Сёння – гэта свет чалавечых думак, імкненняў, унутраных магчымасцей, пачуццяў і перажыванняў, дакладней і некалькі вузей – свет чалавечага духу, чалавечай маралі і этыкі” [1, с. 156].

Усё тое, што адбываецца ў складаным чалавечым свеце, залежыць ад чалавека і чалавецтва, іх маральна-этычнага патэнцыялу, духоўных рэзерваў і магчымасцей. Таму зусім правамерна гаварыць пра асаблівую цікавасць мастацкай літаратуры да ўнутранага свету чалавечай асобы, да даследавання таго ці іншага характару ў кантэксце яго ўзаемадачыненняў з грамадствам.

Маральна-этычны свет – паняцце надзвычай шырокае. Яно ўключае ў сябе такія аспекты, як людскія ўзаемаадносіны, стаўленне да жыцця, прыроды, працы. Мараль – найвышэйшая мера чалавечнасці. Яна пачынаецца са свядомага абавязку чалавека, з добраахвотнага рашэння ахвяраваць асабістымі інтарэсамі ў карысць іншага чалавека ў адказ на звычайнае пачуццё ўдзячнасці. Маральныя якасці чалавека – прадукт сацыяльна-гістарычны. Яны не перадаюцца па спадчыне, а выпрацоўваюцца ў працэсе творчай практыкі народа і выхоўваюцца ў кожным індывідууме. Вось чаму ва ўсе эпохі праблема маральнага выхавання займала важнае месца ў грамадскім жыцці. Даследаваць чалавека ў яго складаных узаемаадносінах з акаляючым асяроддзем, пазнаць яго генетычныя, біялагічныя, псіхалагічныя і асабліва сацыяльна-грамадскія якасці – галоўная задача мастацкай літаратуры як чалавеказнаўства.

У цэнтры такіх твораў, як “Палеская хроніка” І. Мележа, “Птушкі і гнёзды” Я. Брыля, “Вазьму твой боль” І. Шамякіна, “Знак бяды” В. Быкава, “Карнікі” А. Адамовіча аказаліся праблемы, звязаныя з выяўленнем складаных духоўных працэсаў, маральнага выбару, адпаведных паводзін чалавека ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях. Рэальнае жыццё і мастацкая літаратура красамоўна пацвердзілі, што чалавек найбольш глыбока і адкрыта выяўляе сваю ўнутраную сутнасць, свой духоўны патэнцыял, свае маральныя магчымасці ў сітуацыях сацыяльна-значных, у падзеях вялікага грамадскага зместу. Вытокі іх учынкаў, паводзін – у жыцці народа, грамадства. Прычым, гэты момант адчуваецца асабліва моцна і выразна.

Маладзейшае пакаленне празаікаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў канцы 60-х – пачатку 70-х гадоў (В. Адамчык, В. Гігевіч, Г. Далідовіч, В. Казько, Л. Калодзежны, І. Пташнікаў, Я. Сіпакоў), плённа працягвалі развіваць набыткі сваіх папярэднікаў у асэнсаванні надзённых маральна-этычных праблем. Пры ўсёй мастацкай непаўторнасці гэтых аўтараў іх збліжае імкненне ўласныя крытэрыі суадносіць з народнымі ўяўленнямі аб добрым і прыгожым і ўвага да рэальных, зямных перажыванняў, клопатаў, турбот простага чалавека.

У шматгалосым хоры беларускай мастацкай прозы апошніх сарака год выразна гучыць голас А. Жука. Яго першыя апавяданні былі надрукаваны ў 1965 годзе. Невялікая кніга “Асеннія халады” (1972) засведчыла, што ў літаратуру прыйшоў арыгінальны пісьменнік, чалавек творчы і патрабавальны. З першых твораў (“Асеннія халады”, “Мужчыны”, “Жонка героя”, “Дома”) выразна акрэслілася аўтарская канцэпцыя жыцця, сацыяльна-дзейснага літаратурнага героя. А. Жук маляваў штодзённае жыццё, звычайны побыт вясковых людзей, сваіх землякоў са Случчыны. Персанажы яго твораў не здзяйснялі незвычайных подзвігаў. Яны рабілі свае штодзённыя справы, учынкі, кіруючыся спрадвечнай мараллю вёскі. Але, як бачна з апавяданняў, выпрабаванне бытам, штодзённасцю для чалавека часамі з’яўляецца надзвычай адказным і важным. Заглыбленасць самога мастака ў духоўны змест побыту гаварыла пра перспектыўнасць яго творчых пошукаў.

А. Жук не дае просталінейных адказаў на тыя вострыя маральныя праблемы, што, як правіла, ставяцца амаль у кожным творы. Сам аўтар знаходзіцца “па-за кадрам”, а перад чытачом праходзяць шматлікія вобразы-персанажы са сваім лёсам, рознымі поглядамі на жыццё, сваімі адметнымі абліччамі і галасамі. Адсюль вялікае месца ў творчасці пісьменніка адыгрывае мастацкі прыём кантрасту, супрацьпастаўлення. А гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да паглыбленага даследавання філасофіі жыцця, псіхалагічнага свету герояў. Пісьменнік, гаворачы словамі літаратуразнаўцы М. Тычыны, “захоплена разгадвае людскія лёсы, характары, учынкі, магчыма, нават толькі дзеля таго, каб яшчэ і яшчэ раз адчуць глабальнасць свету” [9, с. 243].

Героі-антыподы А. Жука жывуць у адной мясцовасці, у аднолькавых сацыяльных умовах, але іх разуменне самога сэнсу чалавечага жыцця зусім рознае. Напрыклад, аўтар зводзіць у бязлітасным моўным паядынку Анэту і Дзягеля з аповесці “Халодная птушка”. Яго роля ў сюжэтнай канве твора надзвычай важная. Яна нібы завяршае, падводзіць вынік сумленна пражытага жыцця і жыцця чалавека-эгаіста, прыстасаванца. Анэта і Дзягель усё жыццё пражылі ў адной вёсцы, і “колькі яна памятала, кіраваў ёю”.

Сумленна пражытае жыццё дае Анэце маральнае права правесці размежаванне паміж сабой і Дзягелем. Не больш як пустазвонствам гучыць для яе спроба Дзягеля параўнаць сябе з ёю, даказаць, што і ў яго “душа балела на ўсё гледзячы. Час быў такі, некаму трэба было рабіць работу, ... некаму над табою стаяць” [5, с. 481]. Анэта не можа прыняць такой філасофіі. У яе разуменні і радавы працаўнік, і высокі начальнік павінны быць перш за ўсё людзьмі. І цяпер, калі яны “роўныя”, пенсіянеры, Анэта бязлітасна развенчвае жыццёвую філасофію Дзягеля, разумеючы, што ён да канца сваіх дзён застаўся чалавекам, “які толькі памятае, як дабро яму хто зробіць, і забывае пра той боль, які сам чыніць людзям” [5, с. 483]. Рэгіянальна-мясцовы канфлікт, такім чынам, набывае нацыянальны і нават агульначалавечы змест.

– Ды не, Аляксандарка, ты да мяне не раўняйся! Твая і мая жызня – дзве дарожачкі! Я век дабро нарабляла, а ты яго ўсюды распіхаў за тое, што ўварваць сабе можна было. Мая дарога ў жызні во гэтакая, – Анэта паказала рукою наперад, па дарозе, а потым убок, на сцяжынку на перавораным полі, якая блудзіла па ўмерзлай раллі, – а твая такая. Яна бытта і выгадная, і нацянькі, але ж ненадоўга. Перааруць яе – і следу не стане.

– Ты век зямлю драла, нічога, акрамя зямлі, не ведаеш і не бачыла!.. Каб троха разумнейшая была і язык каротшы быў, то і менш рабіла б, і больш мела б, і з голаду не пухла б!.. А цяпер самую за свет звязуць...

– Дарма. Я, можа, і ў зямлю ўжэ. Але я чалавекам туды пайду, а ты крутасветам. І ты на маю жызню не раўняйся! Не табе яе судзіць. Я тваю судзіць магу! Мне месца і тут ёсць, і ў горадзе будзе. А ты, як ні гроб пад сябе, нідзе свайму дабру месца не знойдзеш! Ні сам не спажывеш, ні дзеці! Разам з гэтаю капліцаю сваёю і даканаеш тут! [5, с. 481–482].

Прыведзены дыялог сведчыць пра тое, што А. Жук умее па-мастацку пераканаўча падвесці чытача да пэўнага філасофскага вываду адносна сэнсу жыцця і грамадскага прызначэння чалавека на зямлі. А дапамагае яму ў гэтым зноў-такі рэгіянальны моўны кампанент, “павышаная ўвага да народнага слова” [9, с. 237], уменне перадаць асаблівасці лексікі, фразеалогіі, фанетычнага гучання мовы Случчыны.

Героі А. Жука па-рознаму бачаць сэнс свайго жыцця і ў адпаведнасці з гэтым па-рознаму вызначаюць свае паводзіны, свае адносіны з людзьмі. Не можа зразумець былы партызан Хведар паводзін свайго суседа Веціка (“Свята перамогі”). Не можа зразумець, “чаму гэта ён мог сядзець спакойна, гнаць самагонку і прадаваць, пакуль людзі ў лясах у блакадах паміралі” [5, с.210].

А. Жук у сваіх творах часта звяртаецца да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. І ўсюды гэтая тэма набывае маральны аспект, бо вайна стала сапраўдным крытэрыем вымярэння чалавечай годнасці, вартасці, сумлення. Станоўчыя героі А. Жука не прымаюць такую жыццёвую філасофію: вайна ўсё спіша. Пякучым болем жыве людская памяць, тая памяць, адносна якой вядомы рускі пісьменнік К. Сіманаў сказаў наступнае: “Наша памяць набіта падзеямі мінулага. Яны – частка нас саміх, і ад гэтага нікуды не схаваешся. Ні ў кусты палахлівасці, ні ў слепату тупога раўнадушша, ні ў ілюзіі чыстага мастацтва. Наша памяць пры нас” [7]. Тая памяць, якая перавярнула жыццё Івану Батраку з рамана І. Шамякіна “Вазьму твой боль” і якая прыводзіць да вялікіх псіхалагічных стрэсаў Хведара з апавядання А. Жука “Свята перамогі”. Праз столькі год пасля вайны быццам бы і няма за што ненавідзець Веціка. Ён адбыў пакаранне за сваё злачынства перад радзімай, вярнуўся ў вёску і стаў, па словах яго сына, “гэтакім самым грамадзянінам, як і ўсе... Цяпер роўнае права”. Сапраўды, юрыдычна Вецік мае такое ж права, як і Хведар, і Ванька, і Пятрок, і іншыя франтавікі. Але маральнага права сядзець побач з імі за святочным сталом у дзень Перамогі не будзе мець ніколі па той прычыне, што яго “праўда” несумяшчальная з праўдай ветэранаў вайны, што ён, “так і не зразумеў і не прыняў да душы свае віны, мусіў толькі затаіцца і скарыцца... А ён, Хведар, ведаў другую, сваю праўду, праўду тых, хто даўно застаўся ў балотах і пад зямлёю на партызанскіх могілках і пры лесавых дарогах, ляжыць там з вераю не толькі ў тое, што пасля вайны будзе ўволю і пад’есці, і пагуляць, а і ў тое высокае, светлае жыццё, дзе не будзе злосці, жорсткасці, подласці, дзе не толькі жываты будуць поўныя, а і душы чалавечыя светлыя і родныя адна адной” [5, с. 217]. Прыведзены прыклад пераканаўча паказвае, як цесна знітаваны ў прозе А. Жука мясцова-прыватнае і агульнанароднае.

Высвятляючы такія антаганістычныя з’явы жыцця як дабро і зло, праўда і падман, высокая духоўнасць і крывадушная чэрствасць, А. Жук спрабуе прасачыць самі вытокі акрыленасці чалавечага духу, узвышэння асобы або яе дэградацыі. Кожны чалавек стаіць перад праблемай выбару і кіруецца пры гэтым сваім светапоглядам, мараллю, уласнай канцэпцыяй жыцця. Момант выбару ў канфліктнай, крызіснай сітуацыі заўсёды паўстае як маральная кульмінацыя, якая выцякае з усяго папярэдняга жыцця герояў і якая прадвызначае іх далейшы жыццёвы шлях. Па-рознаму распарадзіліся сваім жыццём старая Антосіха (“Асеннія халады”) і Ігнат (“Чыгун”). Ужо першапачатковая аўтарская характарыстыка ўказвае на ўнутраную сутнасць персанажаў: Антосіха – “справядлівая перад богам і людзьмі, працавітая і зычлівая” [5, с. 6]. І Ігнат, які “ні на кога не падыме воч, не павітаецца... Толькі на твары абазначаецца зласлівая, пагардлівая да ўсіх усмешка” [5, с. 296].

Усё даваеннае жыццё Антосіхі – гэта штодзённы клопат і праца, ранняя смерць мужа, галоднае дзяцінства дзяцей і сумленная праца ў калгасе. Вайна прынесла жанчыне новыя пакуты і маральныя выпрабаванні. Яе сыны Пятрок і Андрэй па-рознаму вырашылі праблему выбару перад тварам смяротнай небяспекі: Пятрок стаў партызанам, Андрэй – паліцаем. Пятрок загінуў, Андрэй жа застаўся жывы, адседзеў пасля вайны свой тэрмін і цяпер жыве ў Слуцку. Радавацца б маці, а яна судзіць яго, як Хведар Веціка, сваім мацярынскім судом. Яна імкнецца і не можа зразумець, “як ён адважыўся ездзіць па людзях, якіх некалі абіраў?”

Кульмінацыйным момантам у развіцці сюжэту, а разам з гэтым і характару гераіні, становіцца сцэна, калі да адзінокай старой маці прыязджае сын – былы паліцай. “Антосіха спачатку стаяла разгубленая, як утрапёная, а потым спахапілася, зашыбавала цераз двор да дзвярэй, зачыніла іх за сабою, моцна шахнула замыклам, крыху пастаяла ў сенцах, увайшла ў хату, бачыла, як Андрэй усё ж прайшоў да парога, патаптаўся, узяўся за клямку – было чуваць, як бразнуў язычок, – сышоў з усходцаў, стаяў на двары, азіраўся наўкруга... а потым па-старэчаму цяжка, крыху касалапа, пайшоў да варотцаў... Больш Андрэй не прыязджаў, быў прыслаў дваццаць рублёў, але яна адправіла назад, адправіла потым яшчэ разы два, і ён перастаў прысылаць” [5, с. 11]. Гэтая, такая псіхалагічна дакладная сцэна, з’яўляецца сапраўдным паядынкам паміж мацярынскім пачуццём і грамадзянскім абавязкам, бо прыняць сына абазначала здрадзіць вёсцы, суседзям, побач з якімі пражыта ўсё жыццё. Паводзіны Антосіхі якраз і прадыктаваны высокім гуманізмам Маці, яе любоўю да людзей. Выбар быў зроблены зусім цвяроза: адмовіўшыся ад сына-здрадніка, яна ўвесь клопат і добразычлівасць перанесла на чужых і такіх блізкіх людзей. Самая вялікая яе турбота – дажыць да вясны, “бо ў мароз намучацца людзі, пакуль прытулак выкапаюць і хату навек збудуюць. Увесну да бога пайду, пры сонейку, нядзелькаю, каб людзям замінку не рабіць” [5, с. 7].

Іншай філасофіяй кіраваўся ўсё жыццё Ігнат з аповесці “Чыгун”: “Ты сам сабе гаспадар, табе могуць зайздросціць і цяпер, а потым будуць яшчэ больш зайздросціць, калі сам станеш распараджацца радасцю і адпускаць яе людзям. Ён не ведаў яшчэ, як будзе выдзяляць іншым радасць, усё гэта наперадзе, але пра тое канкрэтнае, што дасць яму сілу, уладу, павагу да людзей, ён ведаў – гэта багацце” [5, с. 309]. Аўтар паказвае ў аповесці праблему выраджэння роду Чыгуноў. Дзед Ігната, яго дзядзька і бацька сталі ахвярамі прагнасці, бо, як скажа пісьменнік, “зайздрасці канца няма”. Гэтая зайздрасць перадалася Ігнату, калі ён атрымаў пасля бацькі занядбаную гаспадарку і пасяліў у сваёй душы “глыбока затоеную крыўду і нейкае помслівае спадзяванне, што прыйдзе яшчэ час, яшчэ ўсе ўведаюць пра Чыгуноў...” [5, с. 299].

У гады вайны Ігнат спрабаваў застацца ўбаку ад падзей. Усе сілы скіраваў на памнажэнне ўласнай гаспадаркі. Людскія беды не кранаюць яго ачарсцвелую ад прагнасці душу. На паведамленне жонкі, што “ўчора Смалярню спалілі разам з людзьмі”, Ігнат адказвае: “Ну і што? Яны, лесавікі, з партызанамі знаюцца” [5, с. 315]. Толькі вайна не абмінула і яго: згарэлі хата, жонка і дзеці. Уласная трагедыя нарадзіла ў душы Ігната страшнае зло, толькі не супраць фашыстаў, а супраць сваіх людзей. Будучы ў партызанскім атрадзе, у час бою страляў не ў немцаў, а ў сялянскія хаты. І “калі ўбачыў, як слабенька затрымцеў на саломе кволы агеньчык, бы лягчэй стала на душы, што пайшло прахам чалавечае жытло – і нічога не застанецца, так, як не засталося і ў яго” [5, с. 328]. Аўтар наўмысна акцэнтуе ўвагу на нечалавечай радасці Ігната пры сустрэчы з чужым горам: “полымя людское бяды грэла яго”. Тым не менш, перад намі зусім нармальны чалавек. Ёсць у яго і свая запаветная мара, якую ён любіць песціць, калі застаецца адзін: “Жыць на злосць усім спакойна, сыта, хай пазайздросцяць яму... жыць, існаваць бясконца, а калі не бясконца, то даўжэй за сваіх аднагодкаў” [5, с. 330]. З чалавекам адбылося самае страшнае: ён перастаў быць чалавекам. Меў рацыю рускі крытык Я. Богат, калі пісаў: “Самае небяспечнае, калі чалавек страчвае маральны арыенцір у жыцці. Менавіта тады і наступае дэградацыя асобы” [2].

У сваіх творах А. Жук настойліва праводзіць думку аб тым, што існаваць і жыць – гэта не раўназначныя паняцці. Не колькасцю пражытых год вымяраецца сэнс чалавечага жыцця, а добрымі справамі на карысць людзей. Доўгі век пражыў Ігнат, несучы за сабой зло і пагарду да людзей. Думаў схітрыць і перажыць увесь свет, а атрымалася, што памёр адзінокі і нікому не патрэбны. І калі аднавяскоўцам, якіх ён ненавідзеў, давялося хаваць яго, “работу рабілі скора, і ні ў кога не было нават таго шкадавання, якім шкадуюць мёртвую звярыную душу, толькі жаданне скарэй скончыць непрыемную работу, нібыта пераносілі мёртвае цела з аднаго месца на другое [5, с. 338].

Учынкамі людзей кіруюць маральныя перакананні. Па-новаму адчуў цану жыцця мінёр Паташчык пасля таго, як на яго вачах загінуў камандзір. Фізічная смерць чалавека – з’ява непазбежная. Духоўнае яго бяссмерце – у памяці народнай, у тых добрых справах, што чалавек пакідае пасля сябе. Простымі, шчырымі словамі праводзяць аднавяскоўцы ў апошні шлях калгаснага садавода: “Век рабіў, любіў людзей, работу, і сад яму лепшы помнік навекі” (“Дома”), нібы на хвілінку прылёг адпачыць дзед Даніла пасля сумленна пражытага жыцця, на свядомую рызыку пайшоў Сцяпан Дзямідчык, ратуючы прыроду ад браканьераў (“Паляванне на Апошняга Жураўля”); сваім целам засланіла ад фашысцкіх куль старая Андрэйчыха суседскага хлопчыка і спакойна прыняла смерць (“Белы месяц”). Станоўчыя героі А. Жука паміраюць у імя жыцця, ратуючы жыццё і гэтым самым прадаўжаючы сябе ў наступных пакаленнях.

Канфлікты паміж маральным абавязкам і яго знешняй “неабавязковасцю” заўсёды аказваюцца ў цэнтры ўвагі А. Жука. “Неабавязкова” было канфліктаваць таксісту Паташчыку з дваццацігадовым “дзіцем”, які “за дарогу ў два канцы і рубель на нос” расплачваўся з цяжкасцю заробленымі матчынымі грашыма, як “неабавязкова” было Вінцэсю ўступаць у канфлікт са студэнтамі, што расклалі вогнішча на тарфяніках (“Вінцэсеў дзень”). Проста героі А. Жука не могуць паступіць інакш. Маральныя прынцыпы аказваюцца для іх вышэй, чым уласны спакой ці выгода.

Так, з твора да твора пачынае складвацца аўтарская канцэпцыя станоўчага героя. Відавочна, што любімымі героямі А. Жука з’яўляюцца людзі старэйшага ўзросту баязлівасць, фальш, хлусню, ухіллівы позірк нягодніка, які з вамі размаўляе з прыемнай усмешкай, раўнадушша, ад якога адзін крок да здрады, адзін крок да злачынства перад сумленнем [3, с. 188]. Таму пры раскрыцці характараў сваіх герояў А. Жук шырока карыстаецца мастацкім прыёмам рэтраспекцыі. У поўнай ступені зразумець маральныя перакананні, жыццёвыя ўчынкі Антосіхі (“Асеннія халады”), Ганны (“Жонка героя”), Фёдара (“Даўняя памяць”), Вінцэся (“Вінцэсеў дзень”), Анэты (“Халодная птушка”), Хведара (“Свята перамогі”), Сцяпана (“Паляванне на Апошняга Жураўля”) можна толькі праз прызму перажытых імі ў суровыя гады найвялікшых выпрабаванняў на годнасць чалавека.

Сюжэтна-кампазіцыйнай адметнасцю пераважнай большасці твораў А. Жука з’яўляецца тое, што дзеянне ў іх разгортваецца якраз тады, калі для галоўных герояў “надыходзіць тая пара, каб агледзецца на пражытае і перажытае, ўбачыць, што зладзілася, а дзе і даў ты, чалавеча, хібу [5, с. 188]. Таму такую вялікую ролю адыгрываюць амаль у кожным апавяданні ўспаміны герояў, філасофскія роздумы аб сэнсе чалавечага жыцця. Не вытрымалі маральных выпрабаванняў перад жыццём Ігнат (“Чыгун”), Дзягель (“Халодная птушка”), Вецік (“Свята перамогі”), і цяпер іх старасць праходзіць у духоўнай адзіноце, бяздзейнасці, злосці на ўсіх тых, хто жыве не па такіх прынцыпах, як яны.

Высокае адчуванне ўласнай годнасці, далучанасці да грамадскіх спраў нараджае ў станоўчых герояў А. Жука асаблівую адказнасць за ўсё, што робіцца вакол іх. У беларускай прозе, слушна заўважае С. Андраюк, “даволі выразна акрэсліваюцца дзве мастацкія тэндэнцыі ў падыходзе да рэчаіснасці і чалавека. З аднаго боку, імкненне ў лёсе аднаго чалавека выявіць і зразумець глыбінныя тэндэнцыі, маральны стан сучаснасці. Як сродак – дакладнае, падрабязнае даследаванне псіхалагічнага і этычнага свету чалавека ў яго самых бліжэйшых і непасрэдных сувязях з навакольным светам – чалавек і яго мікрасвет. З другога боку, спроба раскрыць, паказаць законы і тэндэнцыі больш агульныя, больш шырокага плана, уласцівыя лёсу народа, часу, эпосе. У асобных выпадках тэндэнцыі гэтыя як бы зліваюцца, даючы асабліва значныя вынікі” [1, с. 157]. Ёсць падстава гаварыць аб тым, што героі А. Жука ў поўнай ступені акумулююць у сабе мікра і макрасвет, што і да іх стасуецца выказванне В. Локун адносна “Палескай хронікі” І. Мележа: “Праблема зямлі і стваральная праца селяніна ахопліваюць у пісьменніка цэлы комплекс ідэй і пачуццяў і звязваюцца найперш з такімі паняццямі, як свая хата, свая сям’я, свая вёска, гэта значыць з усім тым, што ўваходзіць у вызначэнне малая радзіма. У сваю чаргу гэты лагічны рад уздымаецца да ўзроўню сімвала сацыяльна-абагульненага філасофскага роду: зямля – радзіма – лёс чалавека і творчая перспектыва ў духоўным развіцці беларускага народа” [6, с. 225–237].

Вось зусім, на першы погляд, бясхітраснае апавяданне “Вінцэсяў дзень”. У цэнтры яго вобраз калгасніка-пенсіянера Вінцэся з яго штодзённымі справамі і клопатамі. Але якраз гэты вобраз становіцца ў творы тым сюжэтным стрыжнем, вакол якога вырастаюць-разгаліноўваюцца такія праблемы агульнаграмадскага значэння, як права і абавязак чалавека, пачуццё асабістай адказнасці, міграцыя моладзі ў гарады, безгаспадарлівасць асобных кіраўнікоў калгасаў. Для аднаго апавядання праблем сапраўды зашмат. Але такая ўжо манера пісьма ў А. Жука – пісаць сцісла, але па-філасофску шматзначна, маляваць вобразы псіхалагічна пераканаўчыя і жыццёвападобныя.

І яшчэ: амаль кожны станоўчы герой аднаго апавядання мае нібыта свайго “двайніка” ў наступных творах – чалавека з такімі ж поглядамі, перакананнямі, ідэаламі, як і ён сам. Гэта яшчэ больш тыпізуе падзеі, прыводзіць да таго, што амаль усюды вузкая прыватная тэма набывае праблемны характар.

Якраз так і пабудавана апавяданне “Вінцэсеў дзень”. Адзін толькі дзень, а характар чалавека, яго маральная сутнасць раскрываюцца спаўна. Да абеду чалавек сушыў атаву, што скасіў на канаве. І, калі ўжо збіраўся ісці па каня, каб прывесці дадому, нарваўся на старшыню калгаса. Старшыня забараніў браць сена. Якая ж рэакцыя чалавека, што дарэмна зрабіў столькі работы? Ні злосці, ні крыўды на старшыню ён не мае. Адзінае, чаго яму, гаспадару, шкада, што “прападзе сена: ніхто па яго не паедзе” [5, с. 98]. Гэтае меркаванне пацвярджае і Антось: “Згіне, Вінцэська... Каму яно ў гэту пору ў галаве!” [5, с. 99]. Вось і ўся канфліктная сітуацыя, за якой бачыцца праблема асуджэння безгаспадарлівых адносін маладога старшыні да таго ж сена. Фармальна старшыня нібыта і меў рацыю, але, як бачна, яго загад выклікае маральнае асуджэнне ветэранаў-калгаснікаў.

Затым адбылася сустрэча Вінцэся са студэнтамі, што прыехалі ў калгас капаць бульбу і расклалі вогнішча на тарфяніках. Яму б прайсці міма, але калі ён адчуў пах дыму, то “прыбавіў кроку да вогнішча”. Кароткая размова з маладымі людзьмі – і вось ужо перад чытачом паўстаюць дзве канцэпцыі жыцця, рознае разуменне паняцця права і абавязку.

– Што гэта вы робіце? – запытаўся Вінцэсь. – Балота ж упаліце!

– А хрэн яго бяры, бацька! Нам, мулярам...

– Ах ты, г...к! З гэтакай самай вёскі выскрыпаўся, недзе гэтак бацька, як і я, па полі блытаецца нага за нагу. А табе ўсё на храна! Каціся ты... Нужан ты тут, як зайцу стоп-сігнал! – дадаў ён для важнасці чутае ад сына.

– А вы хто такі?

– Стораж калгасны! [5, с. 97].

Які блізкі гэты персанаж вось гэтым “няўменнем” ісці на кампраміс з уласным сумленнем Сцяпану Дзямідчыку з аповесці “Паляванне на Апошняга Жураўля”! Уласныя інтарэсы такія людзі заўсёды ўмеюць падпарадкаваць грамадскім. Ім да ўсяго ёсць справа. І пакрыўджаны старшынёю калгаса стары Вінцэсь застаецца па ўласнай ініцыятыве на полі, каб прыкрыць на ноч капцы з бульбай. Звычайная вясковая сітуацыя, але за ёй бачыцца важная праблема заклапочанасці за заўтрашні дзень вёскі, адзінымі працаўнікамі ў якой засталіся пенсіянеры.

Героі А. Жука “вырастаюць” з самога жыцця, з яго побыту, маралі. І аўтар не ідэалізуе іх, стараецца пазбегнуць адналінейнай, спрошчанай характарыстыкі. Некалі Л.М. Талстой гаварыў: “Адна з найвялікшых памылак пры разважаннях пра чалавека ў тым, што мы называем чалавека разумным, дурным, добрым, злым, моцным, слабым, а чалавек ёсць усё: усе магчымасці, ёсць цякучае рэчыва” [8, с. 94]. Часта ў адным і тым жа персанажы зусім мірна ўжываюцца добрае, высакароднае і нізкае, агіднае. А. Жук заўсёды імкнецца бачыць у чалавеку лепшае, уважліва ставіцца да яго душэўнага жыцця, спрабуе вытлумачыць, адкуль часам у добрага чалавека прарываецца зло, зайздрасць, хцівасць. Такіх герояў нельга аднесці ў лагер станоўчых ці адмоўных. Яны найперш людзі, таму свет іх думак, маральных памкненняў, жаданняў, мар практычна невычарпальны. Адсюль і частая супярэчлівасць характараў. Якраз у свеце такіх разважанняў бачацца вобразы Бонуся (“Міш”) і Міцькі (“Прочкі”).

Названыя апавяданні адносяцца да лепшых твораў А. Жука. Гэта, па словах крытыка Г. Шупенькі, “тыя творы, пра якія з усёй адказнасцю можна сказаць, што гэта творы высокай маральнай пробы, якія не сорамна паставіць у шэраг славутых твораў у жанры навелістыкі” [10, с. 155]. Гэта якраз той прыклад, калі маральная проба чалавека адбываецца ў рэчышчы прыватна-сямейных адносін, калі персанажы не робяць ніякага злачынства, а разам з тым мы сустракаемся і з прыкладамі чалавечай памяркоўнасці, спагады, дабрыні, і з ганарлівай самазадаволенасцю, якая перашкаджае зазірнуць у свет чужой душы.

Вось пісьменнік падрабязна расказвае пра адзін дзень старога Бонуся (“Міш”). Дарэчы, гэта вельмі характэрна для творчай манеры А. Жука: сцісласць у часе і прасторы. Даволі аднаго дня, каб чытач пераканаўся, што Бонусь па праву можа лічыць сябе шчаслівым, можа ганарыцца сваёй старасцю ў акружэнні дзяцей. Гэты гонар адчуваецца і на сенакосе, калі ён слухае жартаўлівую перапалку сына і зяця, і дома, калі, гледзячы, як мыюцца хлопцы халоднай вадой, не ўтрымаўся і загадаў, каб яму палівалі з вядра на спіну таксама, і ў тым, як Бонусь у акружэнні двух сыноў і зяця “ў белай кашулі, з расшпіленым каўняром” ідзе на вяселле. Як, дарэчы, даволі і адной сцэны, каб убачыць, што зусім заслужаны гонар Бонуся ўжо перарастае ў ганарлівасць, самазадаволенасць, што дзеля ўласнай пацехі ён зусім спакойна здольны прычыніць іншаму душэўны боль. Становіцца відавочным, што ў маральным плане чалавек крыху “не дабірае”. Асабліва па кантрасту з Мішам. Дарэчы, хоць вобраз Бонуся як цэнтральны праходзіць праз усё апавяданне, а вобраз Мішы падаецца толькі ў адной сцэне, тым не менш, апавяданне называецца “Міш”. І, думаецца, нездарма. Супрацьпастаўляючы гэтыя вобразы, пісьменнік адкрывае чытачу за несамавітай знешнасцю Мішы яго шчодрую душу, бясхітраснасць, нейкую безабароннасць перад людзьмі тыпу Бонуся, тымі, хто прывык устойліва стаяць на зямлі. Аўтарская сімпатыя адчуваецца ва ўспамінах пра тое пасляваеннае маленства, калі ўсю хлапчукоўскую армію абстрыгала тая трафейная Мішава машынка ў “цёплых мужчынскіх руках”. І вось на фоне аўтарскай характарыстыкі Бонусь сілком спойвае Мішу, выстаўляе яго п’янага на пацеху натоўпу, а назаўтра здзекліва кпіць з яго, прапануючы пахмяліцца. У адказ Міша “неяк уважліва, нібыта хацеў прыгледзецца і распазнаць, глядзеў на Бонуся. І на замучаным, шэрым яго твары адбілася неразуменне. Як бывае ў чалавека, калі ён глядзіць на даўно знаёмае, добра вядомае – і не можа пазнаць ці зразумець яго” [5, с. 182]. Фінал апавядання, як бачна, шматзначны: хто ж ён, Бонусь? Дзе тая мяжа перасячэння добрага і благога ў чалавеку? Адкуль у яго, вяскоўца, на чыіх вачах прайшло ўсё жыццё Мішы, такая душэўная глухата і чэрствасць? Вось пытанні, якія міжволі ўзнікаюць у чытача пасля знаёмства з апавяданнем.

Яшчэ вузейшы “фронт дзеянняў” у апавяданні “Прочкі”. П’яны Міцька збіраецца ад жонкі ў прочкі, складвае рэчы, скардзіцца на свой лёс. Словам, знешні сюжэт твора пабудаваны на камічнай сітуацыі. А вось яго ўнутраны падтэкст напоўнены сур’ёзным роздумам пра складанасць чалавечых узаемаадносін, пра горкія памылкі маладосці, пра сэнс жыцця.

З першай старонкі апавядання здзіўляе спагадлівасць і памяркоўнасць, з якой жонка слухае лаянку п’янага мужа. І толькі дачытаўшы твор, пачынаеш разумець паводзіны Мані. Не вытруціліся з яе доўгага жыцця ўспаміны маладосці. Гледзячы на сівога, старога мужа, яна бачыць яго маладым, чарнявым, такім, якім упершыню ўвайшоў у яе жыццё. А жыццё тое складвалася няпроста: у яе – “абкрадзенае вайною дзявоцтва, нішчымныя, з работаю, ад якое набягаюць крывёю вочы, пасляваенныя гады” [5, с. 198], у яго – раненне на фронце, смерць бацькоў. І разам з тым яны былі шчаслівыя. Чамуж так склалася, што “на самым краі жыцця няма каму сказаць слова” [5, с. 205], хоць побач жыве самы блізкі чалавек? Вырашаючы адвечную філасофскую праблему шчасця, пісьменнік пераводзіць яе ў маральна-этычны план. Ён зусім слушна падкрэслівае, якая далікатная, тонкая справа свет людскіх узаемаадносінаў. Праз доўгія гады помніцца Мані тая горкая памылка маладосці, калі яна ўпершыню пасягнула на Міцькаву годнасць, калі абразіла ў ім чалавека, гаспадара. “З таго вечара і не стала між імі добрага слова, нават у вочы развучыліся глядзець адно аднаму. Работу рабілі, дабро нажывалі, бо трэба было рабіць. І ўспамін быў, як другі бераг, далёкі ад сённяшняга яе берага. А між гэтымі берагамі як бытта чорная прорва, і таму берагі зчужэлі” [5, с. 206–207].

Пачынаючы з апавядання “Прочкі”, праз усю творчасць А. Жука праходзіць праблема так званага “трывожнага шчасця” (І. Шамякін), складанасці сямейных узаемаадносінаў, паглыбленне гуманістычнага пачатку ва ўсіх сферах грамадскага і асабістага жыцця. На прыкладзе жыццёвых лёсаў сваіх землякоў аўтар пераканаўча паказаў, наколькі несумяшчальныя высокая духоўнасць і карыслівы матэрыяльны разлік, акрыленая рамантыка і прагматызм, чалавечае высакародства і хцівая подласць. Гэта тыя паняцці і катэгорыі, па якіх якраз і вымяраецца маральны патэнцыял асобы. І калі ў адной сям’і, у адным калектыве лёс зводзіць людзей з палярнымі маральна-этычнымі ідэаламі і ацэнкамі, тады і адбываюцца душэўныя драмы і трагедыі.

Найбольшы клопат А. Жука – гэта духоўны свет яго сучасніка, маладога чалавека, які стаіць на парозе самастойнага жыцця. Аўтар не дае і, відавочна, не можа даць адназначнага адказу, чаму з такой лёгкасцю разбураюцца сем’і, чаму ўчора самыя блізкія людзі сёння становяцца чужымі, абыякавымі. Адзінае, у чым ён перакананы, – вызначальным, дамінуючым у сямейных, людскіх, чалавечых узаемаадносінах павінен стаць духоўны пачатак.

Не ўсе героі А. Жука кіруюцца ў жыцці гэтымі высакароднымі ісцінамі. Ахвярай мяшчанскага бытавізму сталі Ліда (“Водсветы зорак”), Ірына (“Паляванне на Апошняга Жураўля”), Валя (“Ісці доўга”) і інш. З тонкай далікатнасцю аўтар раскрывае драматызм перажыванняў старшыны звыштэрміновай службы Юры Спіцына. Псіхалагічны канфлікт намячаецца ўжо ў самым пачатку твора, калі аўтар разважае: “Можна вырвацца дадому на дзень, на суткі, толькі захацець трэба, але якраз і не было гэтага хацення” [5, с. 113]. Сказана ў дачыненні да Юры Спіцына, але абагульняючы сэнс фразы значна шырэйшы, і не пагадзіцца з ім нельга: патрэбен чалавеку маральна-духоўны імпульс, той знешне нябачны прывад, які б вёў сэрца ў родны яму свет. А ехаць Юру Спіцыну ёсць куды: сын, жонка, кватэра. Толькі як пачынаў зусім яшчэ неўладкаванае сямейнае жыццё, “у сэрцы жыла светлая і трывожная радасць”[5, с. 114]. А цяпер “спакойна, роўна сплываюць у небыццё дні, нібы сагнаў даўно смагу, а ўсё цягнеш сцюдзёную да ламаты ў зубах крынічную ваду”[1, с. 117]. Псіхалагізм апавядання ствараецца за кошт таго, што ў ім зведзены ў адну сям’ю розныя па сваім светаадчуванні людзі. Галоўнае для Юры – жыць так, “каб не прапала радасць у душы, пра якую чамусьці з гадамі забываюцца людзі і гавораць, што сталі сур’ёзныя, дарослыя...”[5, с. 118]. Свет маральных памкненняў Валі замкнуўся на дыване, шафе, матэрыяльным дабрабыце. Як сумясціць несумяшчальнае? Як наладзіць у сям’і атмасферу шчырай радасці, каб заўсёды хацелася ісці дадому? Пошукі адказу на гэтыя пытанні і складаюць ідэйны змест твора.

У творах пісьменніка пра вайну маральны канфлікт набывае асаблівую вастрыню. Ваенныя абставіны выпрабоўвалі чалавека жорстка, бязлітасна, калі не заставалася ніякага сумнення, хто ёсць хто. А як быць у мірных умовах? Прымірыцца, пайсці на кампраміс са сваімі маральнымі прынцыпамі? Цікава ў гэтым плане разважае В.Быкаў. Ён пагаджаецца, што многія факты, якія мелі месца ў вайну, адышлі ў нябыт. Разам з тым “аматары падставіць блізкага пад удар лёсу ці начальства, каб самому схавацца за яго спіной, не перавяліся і да сённяшняга дня. Праўда, у гады вайны гэта больш заўважалася і сваімі вынікамі рабіла большае ўражанне, зараз такія рэчы нярэдка выглядаюць менш драматычна, але пры ўсім тым прырода іх застаецца адзінай. Прырода здрады ва ўсіх абліччах выклікае агіду і асуджэнне, якімі б матывамі гэта здрада ні кіравалася і якія б добрыя мэты ні прадугледжвала” [4, с. 130].

На роздум аб тым, што чалавечая нізасць, як і высакародства, не ведае межаў, наводзіць і аповесць А. Жука “Не забывай мяне”. Бездухоўнасць галоўнага персанажа інжынера Загацкага пісьменнік падкрэслівае праз іранічную характарыстыку, з якой і пачынаецца знаёмства чытача з героем. Высокія парыванні Загацкага нарэшце закончыліся тым, што “па знаёмству ўладкаваўся на работу ў міністэрстве, на грашовую, няпыльную работу, напусціў на сябе выгляд занятага адказнаю работаю чалавека, не надта звяртаў увагу на тое, чым займаецца і што робіць жонка. А знаходзіць жаночую ласку і ўцеху дапамог вопыт, прыдбаны з медсястрою...” [5, с. 340]. Кожны яго крок – гэта фальш і самападман. Сустрэчы з Марыяй, якую некалі кахаў, нібы на кароткі час прыўзнялі Загацкага над штодзённым прытворствам. Але нават тут жыло ў яго душы эгаістычнае стаўленне да Марыі. Загацкі з аднолькавай лёгкасцю здраджвае і жонцы, і Марыі, нават не задумваючыся, наколькі маральна абкрадвае і самога сябе.

Па прафесіі педагог, настаўнік, А. Жук у сваіх творах шырока ставіць праблему выхавання маладога пакалення, так званую праблему бацькоў і дзяцей. Аўтарская пазіцыя ў разуменні праблемы не зводзіцца да сцвярджэння праваты адных і памылковасці думак і паводзінаў другіх. Узаемаадносіны паміж бацькамі і дзецьмі, настаўнікамі і вучнямі нярэдка бываюць надзвычай складанымі, супярэчлівымі. Прычынай гэтага найчасцей з’яўляюцца душэўная глухата, абыякавасць, няўменне цярпіма паставіцца да інтарэсаў, імкненняў другога чалавека. Не адразу зразумеў бацька ўсю складанасць работы сына-геолага ў апавяданні “Дома”. Пакалечыў жыццё сваіх сыноў Дзягель (“Халодная птушка”).

Пісьменнік падкрэслівае асабістую маральную адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей. Нярэдка самі бацькі наносяць дзецям незагойныя душэўныя раны, як у апавяданні “Мужчыны”. Сваім сюжэтам яно ў нечым пераклікаецца з апавяданнем І. Пташнікава “Алені”. Маральны аўтарытэт у вачах дзяцей бацькі і там, і тут забіваюць стрэламі ў жывую прыроду. Вельмі даверліва ставіцца малы сын да бацькі ў апавяданні “Мужчыны”: устае разам з бацькам, мыецца разам з ім, снедае – “малы хоча ва ўсім быць падобным на вялікага, на мужчыну” [5, с. 13]. Ці ж мог ён адразу зразумець, на што штурхае яго бацька, назваўшы мужчынам і папрасіўшы дапамагчы забіць сабаку? Яму яшчэ незразумелы сам сэнс гэтага страшнага слова “забіць”. Але вось прагучаў стрэл. “Малы пастаяў, пачакаў, але сабака не ўставаў. Малому стала неспакойна. Ён сам падбег да сабакі, пацягнуў яго за вуха. Сабака не варушыўся... Малы разгублена зірнуў на сабаку: збоку ля пярэдніх ног, расплывалася на снезе чырвоная пляма... Малы бездапаможна азірнуўся па баках, потым кінуўся бегчы прэч, спатыкнуўся, упаў тварам у снег, усхапіўся і зноў пабег... Знайшлі яго бацькі ў хляве... Ён не захацеў абедаць, не пайшоў з бацькамі на двор, а застаўся ляжаць на кушэтцы, прыціхлы і затоены... Назаўтра ён не ўстаў разам з бацькам, не захацеў мыцца, як мужчына...” [5, с. 15–16].

Дзеці, у сваю чаргу, не могуць зразумець бацькоў у іх прывязанасці да зямлі, роднай хаты, вёскі. Сённяшні імклівы час бязлітасна разбурае гэтае пачуццё. У цяперашніх маладых людзей пераважае рацыяналізм мыслення, а духоўнае, маральнае нярэдка ставіцца пад сумненне. І эмацыянальныя прывязанасці, пачуцці бацькоў здаюцца ім старамоднымі, а гэта крыўдзіць старых. Аўтар лічыць, што і тыя, і іншыя ў пэўнай ступені маюць рацыю. Галоўнае ж, каб у адносінах між імі не згубілася атмасфера ўзаемнай павагі і даверу. Не разумее, напрыклад, сын пачуцці старой Анэты, калі ён пачынае забіваць дошкамі вокны хаты: “Анэта аж скаланулася ад першых удараў па цвіку: глухіх, быццам забівалі века труны. Яна, як у гіпнозе, глядзела, як мільгала ў паветры белая сякерка, і не адчула, як зямля паплыла з-пад ног, закрычала, не памятаючы сябе..” [5, с. 487–488].

Паглыбляючыся ў псіхалагічны свет гераіні, пісьменнік узнімае пытанне беражлівых адносін моладзі да традыцый старэйшага пакалення. Праблема патрыятызму, любові да роднай зямлі натуральна пераведзена пісьменнікам у маральна-этычны план.

Такім чынам, маральна-этычная праблематыка стала тым ідэйным стрыжнем, вакол якога кіпяць чалавечыя страсці, гартуюцца людскія характары, выпрабоўваецца духоўная сутнасць персанажаў прозы А. Жука.