Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ апошн.rtf
Скачиваний:
203
Добавлен:
26.03.2015
Размер:
2.7 Mб
Скачать

Дадатковая літаратура па тэме “Сучасная беларуская проза” карнавальны аспект творчасці в. Казько (на матэрыяле аповесці “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел”)

Творчасць Віктара Казько прыцягвае і здзіўляе. Як і іншыя майстры слова, напрыклад, У. Караткевіч, В. Быкаў, пісьменнік умее апавядаць пра нешта адно кожны раз па-новаму, цікава і непаўторна. Даследаванне самых вострых праблем нацыянальнага жыцця – дамінантная рыса яго творчасці. Яна вырастае з “фенаменальнай адчувальнасці “болевых кропак” сучаснасці і нікому не патрэбнай сёння павышанай сумленнасці” [15, с. 7], якімі валодае мастак. Таму ў 90-я гады ён больш актыўна працуе ў жанры публіцыстыкі. Па гэтай жа прычыне і ў мастацкіх творах на дапамогу Казько-празаіку прыходзіць Казько-публіцыст. Але не толькі гэтым адметнае сёння яго вобразна-выяўленчае мысленне.

Апакаліпсіс у жыцці, пра які пісьменнік папярэджваў у сваіх ранейшых творах, здзейсніўся ў выніку чарнобыльскай катастрофы. У літаратуры ўсталявалася думка пра неабходнасць зусім іншага спосабу мыслення, з дапамогай якога чалавек змог бы наблізіцца да разумення жахлівай і непрадказальнай паслячарнобыльскай рэчаіснасці. Вызначальным у ёй стала сумяшчэнне рэальнага і фантастычнага, камічнага і трагічнага. Такое парадаксальнае аб’яднанне найбольш уласціва карнавальнаму погляду на свет. Яго характарыстыка належыць рускаму даследчыку і тэарэтыку М. Бахціну. Паводле вучонага, народнай смехавой культурай была выпрацавана асаблівая эстэтычная канцэпцыя быцця – “гратэскавы рэалізм”, сутнасцю якога з’яўляецца зніжэнне, перавод усяго высокага, абстрактнага, страшнага ў матэрыяльна-цялесны план. Смехавы аспект успрымання адкрывае чалавеку неафіцыйную праўду эпохі, глыбока высвечвае яе трагізм, адмаўляе агульнапрыняты парадак і адначасова сцвярджае неабходнасць іншага светаўладкавання. Таму галоўная ідэя карнавалу – змена, станаўленне, абнаўленне жыцця. Менавіта ў такім ключы адбываецца эстэтычнае асэнсаванне рэчаіснасці пісьменнікам у апошнія гады. Натуральным быў яго творчы пераход ад міфалагічнай да карнавальнай логікі, якая аднак не выцясняе поўнасцю першую. Міф і казка набываюць у творчасці В. Казько ролю сродкаў не толькі спасціжэння, але і ацэнкі жыцця. Галоўнымі формамі раскрыцця грамадзянска-эстэтычнай пазіцыі і жыццёвага светапогляду, а таксама элементамі метаду і стылю пісьменніка становяцца гратэск, фантасмагорыя, парабала, алюзія.

Гумар – вялікі дар. Што гэтым дарам бліскуча валодаюць беларусы, даказвае і народная творчасць, і прафесійнае мастацкае слова Я. Коласа, К. Крапівы, А. Мрыя, Я. Брыля, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна. Добры знаўца нацыянальнага характару У. Караткевіч пісаў, што беларусы нават “сур’ёзнасць справы хаваюць за ўлюбёнай іроніяй” [7, с. 456]. У гэтым можна бачыць спецыфічную рысу нацыянальнага смеху. Культура народнага карнавальнага мыслення глыбока засвоена Віктарам Казько, пра што яскрава засведчыла аповесць “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел”. На люстэркавую паралель, як адметнасць апавядання ў творы, звярнуў увагу І. Штэйнер [17, с. 6]. Даследчыца В. Козіч заўважыла, што ў творы няма падзелу герояў на галоўных і другарадных [9, с. 25]. Прычына гэтага – у выкарыстанні прынцыпу карнавалу, які не ведае мяжы паміж гледачамі і выканаўцамі, таму што па сваёй прыродзе ўсенародны. Само жыццё на пэўны час становіцца гульнёй, у якой задзейнічаны ўсе. Атмасферу народна-святочнага гуляння ў аповесці ствараюць так званыя “агульныя месцы” (выбары дэпутатаў, сход, дэманстрацыя, папойкі і шмат інш.), фамільярны стыль узаемаадносінаў (прыпеўкі і жарты на тэму інтымнага жыцця, ненарматыўная лексіка). Тут кожнае дзейства пачынаецца і завяршаецца смехам. Носяць вясёлы характар пахаванне Лазарам свайго мезенца, пераапрананне Аўгуста перад сустрэчай з НЛА, бойкі і драматычныя выпадкі.

Змест аповесці паказвае, што В. Казько ўмее смяяцца весела, голасна, свабодна. Яго смех запамінальны, бо скіраваны супраць пачварнага, дзікага, бязглуздага – усяго таго, што перашкаджае нам, кажучы словамі Н. Гілевіча, “спазнаць і адчуць на ўсю сілу, якое гэта шчасце – быць Чалавекам на зямлі, жыць паміж людзей па-людску, паважаць іх законы і звычаі…” [4, с. 277]. Крыніцай карнавальных вобразаў стала сама канкрэтная рэальнасць з яе актуальнымі праблемамі. Недасканаласць жыцця асабліва балючая для Віктара Казько, які па прыродзе свайго таленту настроены на гарманічнае светасузіранне. Таму карнавальны смех, што “і адмаўляе, і сцвярджае, і забівае, і адраджае” адначасова [2, с. 17], спалучаны з яркай публіцыстычнасцю, аказаўся прыдатны для таго, каб аповесць атрымала сатырычную накіраванасць.

Спецыфічны тып вобразнасці заўважаецца ў ёй адразу. Ідэі незавершанасці свету, згодна з якой пабудаваны твор, адпавядае гратэскавая канцэпцыя цела. У ёй вядучая роля належыць вобразам жывата, носа, рота, таму што логіка цялеснага вобраза ігнаруе роўную, гладкую паверхню. “Не менш двух метраў” мае парторг Ягор Дарожкін. У яго ж “паўтарацэнтнернае чэрава” і зубы “сялянскага, канёвага ладу, крою і цёсу” [6, с. 8]. Пэўныя метамарфозы адбываюцца з целам Дзевы Марыі. Лёгенькая дзяўчынка Марэйка пераўтварылася ў жанчыну, што мае “два жаночыя ці паўтара мужчынскіх росты”, “шырокія стагі грудзей” [6, с. 46, 127]. У гратэскавым рэалізме акцэнт заўсёды зроблены на выродлівасці матэрыяльна-цялесных формаў. Пэўнымі фізічнымі недахопамі надзелены многія персанажы: нямы пастух, сляпая Аўроння, глухі Марка, дзядок з трыма нагамі. Але страта зроку, слыху, мовы ўспрымаецца таксама як алегорыя. Людская непаўнацэннасць, што дае пра сябе знаць у духоўнай дэфармацыі, невалоданні роднаю мовай, пасіўнасці, – вынік антыгуманнай палітыкі дзяржавы.

Як і ў карнавале, у творы існуе вобраз-матыў маскі, прадстаўлены рознымі варыянтамі. Найперш, мянушкамі персанажаў. Яны сведчаць пра дасціпнасць беларуса, неардынарнасць смеху самога аўтара (дзед Барадзед Смаловыя Яйцы, Дзева Марыя), а таксама пра сілу духу народа, непрымірымасць да бруду, выплеснутага дзяржавай. Прасветленае смехам новае ўспрыманне не зусім далёкага мінулага выявілася ў незвычайных ролях калгаснікаў з “Вернага шляху”. Так, сябры Лазар Кагановіч, Лаўрэнцій Берыя і грузін Гога, па мянушцы Сталін, складаюць “вялікую тройку ці малое Палітбюро”. Цыган, падобны да “правадыра сусветнага пралетарыяту” (“копія яго ў цыганскім выкананні. З залатым кольцам у ноздры”), завецца Карл Маркс і ўзначальвае “ЦК” – цыганскі кааператыў. Згаданыя персанажы намаляваны ў камічным, гратэскна-зніжаным святле. Як заўважыў даследчык С. Ханеня, знаёмства з аповесцю стварае “адчуванне прысутнасці ў галерэі, дзе сабраныя дастойныя экспанаты эпохі сацыяльных міфаў і казак” [16, с. 24]. Смех В. Казько вельмі яркі. Ён вядзе да абагульненняў, прымушае ўяўляць, параўноўваць, што развівае мысленне. Да таго ж, ён спецыфічна беларускі, бо адпавядае нацыянальнаму ўспрыманню рэчаіснасці.

Усе палешукі ў творы жывуць з адчуваннем двухаблічнасці, дваістасці. Аўгусту Серадзе нават здаецца, што нейкая частка яго матэрыялізавалася ў павука, “невядома толькі пакуль, задушаная, забітая ім ці тая, што знемагала сярод прывіднай свабоды” [6, с. 120]. Старшыня калгаса адчувае сябе вар’ятам. Ён увасабляе бяздумную ўладу, напрыклад, абмежаванасць погляду меліяратараў. Гэты вобраз-персанаж – пародыя на стыль партыйнага ладу кіравання. Але матыў вар’яцтва, згодна з яго карнавальнай прыродай, амбівалентны. Аўгуст мае ўжо іншы погляд на свет, незамутнёны агульнапрынятымі ўяўленнямі і ацэнкамі. І таму для яго адкрываецца сапраўдная карціна жыцця: “усе спрэс жывыя нябожчыкі ці кандыдаты ў нябожчыкі” [6, с. 66]. Вар’яцтва сапраўды набыло сусветны маштаб. У персанажаў узнікла скажонае ўспрыманне свету: “дзень-ідыёт”, “сонца-доўбня”, “зоркі-прыдуркі”, печ “скаліць зубы”. Дзейнасць людзей перайшла межы разумення: “Дзед каля мёртвай яблыні з нежывымі яблыкамі аберагаў ад мёртвых неспажыўных гусей таксама мёртвае атрутнае жыта, старая варыла варэнне з тых мёртвых яблык…” [6, с. 67]. Карціна нагадвае фантасмагорыю, праз якую перададзены суб’ектыўныя адчуванні аўтара, што ўзнікаюць ад судакранання з жудаснай рэальнасцю. Неаднаразовы паўтор ключавога слова і ўжыванне лексем аднолькавага эмацыянальна-сэнсавага напаўнення нараджаюць публіцыстычнасць інтанацыі. Гэтая сцэна – сімвал катастрафічнасці нацыянальнага быцця.

Адчуванне магутнай хвалі руйнавання свету і неабходнасці яго абнаўлення ўзрастае па прычыне звароту аўтара да біблейскіх міфалагем, якія заўсёды вылучаліся сваёй ёмкасцю. Выкарыстаныя на ўзроўні мастацкай тропікі, яны спачатку ўспрымаюцца разрознена. На самай справе ўсе біблейскія элементы ўзнікаюць на глыбокіх асацыяцыях і падаюцца ў адным канцэптуальна-эстэтычным напаўненні, хаця маюць за аснову некалькі самастойных евангельскіх сюжэтаў. Так, архангел Міхаіл быў настаўнікам прарока Майсея, які вызваліў ізраільскі народ з егіпецкай няволі. Ідучы па пустыні да абяцанай Богам зямлі, яны ўбачылі цуд – манну нябесную. З гэтымі вобразамі асацыіруецца ў празаіка пасляперабудовачная рэчаіснасць. У ёй таксама ёсць свае “цуды”, створаныя бяздумнасцю чалавека. Выдзіманае вятрамі зерне з раллі на высушаным полі – манна для шматлікіх чарод варон.

Думка пра страчаную чалавекам здольнасць разумнага існавання і мыслення падкрэсліваецца ў гісторыі пра 12 дзікоў. Яны параўноўваюцца Серадою з апосталамі, якія калісьці спускаліся на зямлю несці пропаведзь, выганяць злых духаў, вылечваць ад хваробаў. Смерць жывёлаў, што пазбавіліся інстынкту самазахавання, – знак, які павінны “прачытаць” людзі. У шырокім сэнсе гэтым знакам з’яўляецца сам Чарнобыль, які “толькі першы ім званок. Пакуль яшчэ цвецікі” [6, с. 25]. Уключыўшы міф у мастацкі аповед, празаік змог паказаць глабальны характар трагедыі.

Царства ўсеагульнай радасці, роўнасці, свабоды, аформленае ў творы як мастацкая гульня, – утапічнае. Ненармальна тое, што галоўнымі формамі рэалізацыі чалавечага жыцця сталі п’янства, гульня. Прынцып гульні ляжыць у аснове самых розных з’яў: спаборніцтве “хто далей плюне”, дзяльбе шкарпэтак. Навязаны чалавеку камандна-адміністрацыйнай сістэмай, для яе самой стаў галоўным спосабам існавання. У правілах гэтай гульні натуральным лічыцца ўспрымаць народ толькі як “прах, пыл на касмічным, чарнобыльскім ветры”. Віктару Казько ўласцівы экзістэнцыяльны погляд на праблему “чалавек-дзяржава”: савецкім ладам быў запраграмаваны эксперымент на выжыванне. Ужо І. Мележ добра паказаў, чым была небяспечная першапачатковая стаўка ўлады на пагрозу, дыктат, гвалт. Яна разлічвалася на прыніжэнне чалавека, забойства яго душы. Падобнай думкі прытрымліваецца В. Казько. Разбурэнне зямнога светаўладкавання адбылося таму, што дзяржава паклапацілася, каб адлучыць народ ад тых каранёў, якімі ён прырос да гэтай зямлі, – прыроды, мовы, гісторыі. З’едлівая сатыра на таталітарны савецкі рэжым ствараецца ўмелым парадыраваннем устарэлых ідэалагічных сэнсавых элементаў: лозунгаў, штампаў і т. п. У такім аспекце даследаванне аповесці праведзена Дз. Бугаёвым [3]. Ім выяўлены вельмі шырокі культурны кантэкст, на які абапіраўся В. Казько. Выпукляючы адмоўнае ў норавах, паводзінах людзей, у самім жыцці, празаік пабудаваў мастацкую “мадэль “антысвету” [5, с. 104], намаляваў своеасаблівую “краіну дурняў”. Аповесць пра чорнага бусла – гэта свайго роду “тэатр абсурду” ў прозе. Агульнае ў іх – эстэтычная трактоўка быцця і комплекс пэўных мастацкіх прыёмаў (вобраз маскі, гратэск, паталагічнасць герояў і інш.).

У герояў Казько не засталося ілюзій наконт добрых намераў улады, таму яны не даверылі ёй сваё запаветнае – лес. У аповесці ўзнікае амбівалентны вобраз балота, які сімвалізуе дзве спецыфічныя нацыянальныя рысы – пасіўнасць і патаемнасць. Суіснаванне і супрацьстаянне іх – нібыта цёмнага і светлага пачаткаў у беларускай душы, асабліва прыкметнае ў час правядзення сходу, на якім вырашаецца пытанне стварэння заказніка: “Жыватворнае балота ўсыхала, глытнуўшы вады з ракі Леты, душа яго збывала мінулае, таму што амярцвела, хаця і супраціўлялася смерці...”, але ўсё ж “балота прагла жыць, яно было здольна яшчэ адрадзіцца...” [6, с. 38]. Нібы прачнулася ў палешукоў глыбінная памяць, ажыло пачуццё шанавання да “свяшчэннага гаю”. І таму, што жывая яшчэ крэўная повязь з зямлёю, гучыць надзея на абнаўленне. Нараджаецца яна ад вялікай веры пісьменніка ў чалавека, у святло розуму і душы. Асабліва важнае значэнне для мастацкай канцэпцыі мае вобраз Лазара Кагановіча, ці Лазара Беднага, з якім супастаўляе сябе сам герой. У. Конан адзначае, што па сваёй драматычнай напоўненасці, спалучэнні нацыянальнага і сацыяльнага, а гэта было заўсёды самае актуальнае пытанне на Беларусі, вобраз Лазара вельмі блізкі нацыянальнай свядомасці і таму трывала замацаваўся ў фальклоры і літаратуры. Уваходжанне Лазара Кагановіча ў дрэва і паяднанне з чорным буслам, татэмам беларускага роду, тоеснае біблейскаму ўваскрашэнню Лазара, якое носіць выразны характар месіянскага знаку.

Разам са смерцю-зліццём з прыродай Лазар пазбавіўся смецця, напластаванага часам на яго душу, вярнуўся да сябе самога, успомніўшы сваё сапраўднае імя: “Яму прыгадался дзяцінства, што ён ідзе ў школу. Сёння беларуская мова, дыктант. Ён возьме пяцёрку. <...> Ён успомніў сваё імя. Што ён ніякі не Лазар Кагановіч. Янка Каганец” [6, с. 147]. Адраджэнне – вяршыня карнавалу. Лазар не быў адвергнуты продкамі, вышэйшымі сіламі. “Згодна з міфалогіяй, татэмны першапродак санкцыянуе і замацоўвае права пэўнай татэмічнай групы на тэрыторыю, якую яна займае і якую асвойвала яшчэ на пачатках абшчыны” [11, с. 27]. Таму гібель персанажа ў мастацкім творы сцвярджае права палешукоў быць людзьмі, быць гаспадарамі на сваёй зямлі – той аснове, на якой павінна стварацца мадэль новага, упарадкаванага і мэтазгоднага жыцця народа. Такая думка замацоўваецца яшчэ дзвюма мастацкімі дэталямі. Смерць павука-крыжавіка сведчыць, што камуністычны час ачмурэння і абдурвання людзей скончыўся. Ва ўсходніх славянаў павук звычайна звязваецца з прадуцыруючай, стваральнай дзейнасцю, хаця не выключае і адмоўных адносін да сябе, якія, на жаль, мала вывучаліся. Цікава, што семантыка вобраза ў аповесці супадае з уяўленнямі жыхароў Індыі, для якіх павук – “вечны ткач павуціны ілюзій” [8, с. 382]. Функцыю замаўлення выконвае слова “Амінь”, якім заканчваецца твор.

Аповесць набывае прытчавы характар, але не таму, што тут у наяўнасці вобраз, запазычаны з евангельскай прытчы. Ён узнікае, дзякуючы аўтарскаму асэнсаванню сацыяльных законаў і канцэнтрацыі свайго разумення іх у паэтычнай канцэптуальнай метафары, якой выступае вобраз чорнага бусла. Гісторыя пра яго ствараецца на моцнай жыццёвай, рэальнай аснове, але вытокам мае легенду. А. Ненадавец у адным са сваіх даследаванняў заўважае, што народны твор пра паходжанне бусла запісаны ім у Жыткавіцкім раёне [13, с. 143]. Вядомы шматлікія варыянты гэтай легенды на Беларусі. Адна з занатаваных навукоўцам на Палессі [12] істотна адрозніваецца ад тэксту, які змешчаны ў акадэмічным фальклорным выданні “Легенды і паданні”. Магчыма, што яна магла быць “прататыпам” літаратурнай казкі, але не выключана абсалютная самастойнасць стварэння яе. Па мастацкай інтэрпрэтацыі асноў быцця яна блізкая да твора “З чаго ліха на свеце”, запісанага А. Сержпутоўскім [14, с. 134–137]. Але казка-прытча В. Казько – спецыфічны нацыянальны варыянт гісторыі “грэхападзення”, здзейсненага людзьмі ў ХХ ст. Таму вялікія пакуты былі суджаны беларускаму буслінаму роду: адчужэнне ад прыроды-маці, страта мовы-песні, здрада чалавечаму прадвызначэнню – няўменне шукаць свой “намёк” і расціць з яго крылы. Вынікам усяго гэтага сталі ўздых і чыханне Змея Гарынавіча – Чарнобыля. У казцы асуджаецца ўсякі разлад (успомнім народную мудрасць: “Разлад не ідзе на лад”), і найперш – з прыродай. Вобраз чорнага бусла – трапна знойдзены аўтарам сімвал палешукоў, беларусаў, што засталіся жыць у сваім краі пасля катастрофы. Колер птушкі знакавы і ўтрымлівае фальклорны і мастацкі сэнс чарнаты. Гэта і крыўда, боль, якія зведалі людзі ад дзяржавы, што павінна была іх бараніць, і вернасць сваёй роднай зямлі, разбуранаму Эдэму. З’яўленне белага і чорнага бусла ў якасці татэма разгадаць нескладана, калі ўлічыць сакральныя адносіны беларусаў да іх. Чорны бусел занесены ў Чырвоную кнігу. Ён жыве ў нетрах лясоў ды балотаў, якія за стагоддзе амаль поўнасцю былі знішчаны чалавекам. Таму маленне да птушкі памілаваць і выратаваць зразумелае.

У карнавальных творах заўсёды можна адшукаць “уводны жанр” [1, с. 123], якім у аповесці з’яўляецца казка. У ёй выяўлена народнае разуменне духоўнасці, што спрадвеку была бясспрэчнай умовай трывалага жыцця. Сучаснаму чалавеку вельмі неабходная сустрэча з казкай. Але такой, якая была б падобная да створаных В. Казько ці В. Карамазавым (пра пёрка слонкі), А. Жуком (пра Апошняга Жураўля). Яна па традыцыі ўтрымлівае духоўна-энергетычны змест. Сёння існуе меркаванне, што казка з’яўляецца народным сродкам псіхатэрапіі, а таму іх павінны чытаць не толькі дзеці, але і дарослыя. Добра сказаў пра гэта У. Конан: “Тыя, хто забыў казку і няздольны ўвайсці ў яе дзівосны свет, – гэта заўчасна пастарэўшыя людзі, якія сталі па-даросламу вопытнымі, спрактыкаванымі і цвярозымі, але не далучыліся да народнай мудрасці” [10, с. 88]. Гэты фальклорны жанр каштоўны скіраванасцю на пазітыўнае. Паводле казачнай логікі, у свеце ўсё можна паправіць да лепшага. Веру і надзею дае твор В. Казько: “сальюцца, знітуюцца яшчэ белае і чорнае, дзве палавінкі чалавечай душы” [6, с. 119].

Аповесць “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” цікавая сваім стылёвым спектрам. Яго ствараюць карнавальная смехавая гама, філасофія біблейскіх вобразаў, праязычніцкая паэзія казкі і выразная публіцыстычнасць. Асноўны стрыжань мастацкай структуры – думка і пачуццё аўтара. Ягоны голас надае шырокі эмацыянальны дыяпазон усяму твору: ад мяккасці і здзіўлення да гневу і абурэння, пякучага болю. Ад болю і нараджаецца шчырая малітва аўтара за родны край.