
5.Тэрміны і тэрмінасістэма.
Тэрмін (ад лац. Terminus – мяжа, граніца) – гэта слова або
словазлучэнне, якое дакладна абазначае навуковае, тэхнічнае, сельска-
гаспадарчае і іншае паняцці. Сукупнасць тэрмінаў пэўнай навукі або прафесіі
называецца тэрміналогіяй. Існуе літаратуразнаўчая, лінгвістычная, тэхнічная,
медыцынская, матэматычная, сельскагаспадарчая і інш. тэрміналогія. Тэрміны
бываюць агульназразумелыя і вузкаспецыяльныя.
6.Развіцце беларускай тэрміналогіі.
Фарміраванне беларускай тэрміналогіі
было такім жа працяглым і перарывістым, як і фарміраванне беларускай мовы
(з XI – XII ст.). Так, у тэксце знойдзенай у 1959г. у Віцебску берасцяной
граматы, якая адносіцца да XIII – XIV ст., можна вылучыць наступныя словы,
што ўвайшлі ў склад тэрміналагічнай лексікі старабеларускай мовы і сталі асновай для стварэння асобных тэрмінаў з розных галін гаспадарчай дзейнасці:
грыўня, жыта, купіць, наяўнасць, прадаць.
Каля 480 выяўленых пры раскопках старажытнарускіх гарадоў дакументаў
і прыватных лістоў на бяросце XI – XV ст. сведчаць, што ў Старажытнай Русі і
ў ВКЛ пісьменнасць была пашырана не толькі сярод феадалаў, духавенства, але
і сярод простых гараджан, жанчын. Далейшае развіццё мовы беларускай
народнасці, а таксама тэрміналогіі, адбывалася ў межах ВКЛ, дзе беларуская
мова была афіцыйнай. Пісьмовыя помнікі таго часу: рэдакцыі Статута ВКЛ
(1529, 1566, 1588гг.), летапіс Быхаўца, Баркалабаўскі летапіс, Слуцкі летапіс,
перакладная Александрыя і інш.
Ф.Скарына ў сваіх друкаваных кнігах адлюстраваў асноўныя рысы
беларускага маўлення і ў прыватнасці – лексіку тэрміналагічнага характару:
вызволити, дорослый, досконалый, збройный, листъ, научение, разумность,
речи добрые, скарб, час.
Друкаваныя слоўнікі з’яўляюцца ў Беларусі ў канцы XVI ст., у прыватнасці
«Лексіс» Лаўрэнція Зізанія.
Найбольш развітымі галінамі тэрміналогіі ў XIV – XVII ст. былі
наступныя:
-грамадска-палітычная, юрыдычная (авантюра, акт, апеляция, декретъ,
конституция, рахунокъ);
- гандлёвая (вага, важити, купецъ, мерка, прибытокъ, торговля, цена);
-сельскагаспадарчая (борона, жито, овесъ, сеянье, снопъ, зерне, збожье,
молотити);
- ваенная (войско, оружие, дружина, конный, люди ратные, гвардия,
гусаръ, капитанъ).
7.Лексікаграфія.Тыпы слоўнікаў.
Навука, якая займаецца складаннем, напісаннем слоўнікаў, называецца
лексікаграфіяй. Слоўнікі – гэта спецыяльныя кнігі, у якіх у алфавітным парадку
падаюцца словы і тлумачацца іх значэнне, паходжанне, напісанне, іншыя
прыкметы. Слоўнікі падзяляюцца на лінгвістычныя (філалагічныя) і
энцыклапедычныя. Лінгвістычныя слоўнікі падаюць слова з канкрэтным
тлумачэннем тых ці іншых прыкмет (напрыклад, Слоўнік зоапаразіталагічных
тэрмінаў). Энцыклапедычныя слоўнікі даюць падрабязную інфармацыю да таго
ці іншага слова. Тэрміналагічныя адносяцца да ліку лінгвістычных, хаця
энцыклапедычныя слоўнікі таксама могуць прадстаўляць адну пэўную навуку
(напрыклад, Ветэрынарная энцыклапедыя).