
ЛЕКЦЫЯ № 2
“Лексічная сістэма белаурскай літаратурнай мовы”
План:
1.Паняцце лексікі. Лексікалогія.
Лексіка – (ад грэч. lexikos) – гэта ўвесь слоўнік, сукупнасць слоў пэўнай
мовы. Лексікай называецца не толькі слоўнік мовы таго ці іншага народа, але і
сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў творчасці асобнага паэта ці пісьменніка
(лексіка Р. Барадуліна), у асобным творы (лексіка рамана І. Шамякіна «Сэрца
на далоні»), у пэўнай гаворцы (дыялектная лексіка) і інш.
Раздзел мовазнаўства, які вывучае лексіку, называецца лексікалогіяй (ад
грэч. lexikos – які адносіцца да слова, слоўнікавы і logos – вучэнне, навука).
Лексікалогія цесна звязана з іншымі раздзеламі мовазнаўства, якія
вывучаюць словы:
- этымалогіяй (вывучэнне першапачатковага значэння слова);
- стылістыкай (вывучэнне спосабаў выкарыстання моўных сродкаў);
- дыялекталогіяй (вывучэнне тэрытарыяльных гаворак);
- фразеалогіяй (вывучэнне ўстойлівых выразаў) і г.д.
2.Лексіка паводле паходжання.
Словы сучаснай беларускай мовы вельмі розныя паводле часу ўзнікнення і
паходжання.
Аснову лексікі сучаснай беларускай мовы складаюць словы
спрадвечна беларускія:
1) гэта словы, якія беларуская лексіка захавала яшчэ з перыяду
агульнаславянскага моўнага адзінства;
2) словы, якія належаць да ўсходнеславянскай мовы – агульнай моўнай
крыніцы ўсходніх славян;
3) словы ўласнабеларускія, што ўзніклі ў эпоху самастойнага існавання
рускай, беларускай і ўкраінскай моў.
Акрамя таго, у беларускай лексіцы вылучаецца група запазычаных слоў,
якіх у нашай мове значна менш, чым слоў спрадвечна беларускіх.
Агульнаславянская лексіка – самы старажытны пласт беларускай лексікі,
які ўжываецца ў большасці сучасных славянскіх моў.
Напрыклад: бел. – поле; руск. – поле, укр. – полe, балг. – поле, чэшск. –
pole, польск. – pole; бел. – плечы, руск. – плечи, укр. – плече, балг. – плещи,
чэшск. – plege, польск. – plece; бел. – салавей, руск. – соловей, укр. – соловій,
балг. – славей, чэшск. – slavik, польск. – slowik.
Агульнаславянская лексіка ахоплівае разнастайныя семантычныя групы
слоў:
1. назвы асоб: брат, маці, сын, сястра, дзед, унук;
2. назвы органаў і частак цела чалавека: вока, вуха, галава, сэрца;
3. назвы прадметаў і з’яў прыроды: бераг, гара, даліна, луг, вецер,
град, дождж, мароз, раса;
4. назвы адрэзкаў часу: восень, вечар, дзень, год, зіма, лета, месяц, ноч;
5. назвы раслін: трава, бяроза, дуб, лаза, дрэва;
6. назвы жывых істот: вавёрка, заяц, муха, лось, мядзведзь, пчала;
7. назвы дзеянняў: бегчы, несці, гаварыць, ісці;
8. назвы якасцей і ўласцівасцей: вузкі, востры, мяккі, цвёрды;
9. назвы адцягненых паняццяў: вера, гнеў, любоў, памяць, розум, радасць;
10. назвы ліку: адзін, два, дзесяць;
11. займеннікі: я, ты, ён, мы, вы, яны.
Уласнабеларуская лексіка – лексіка, якая адносіцца да перыяду
фарміравання, развіцця самастойнай беларускай мовы. У першую чаргу гэта
словы, якія захаваліся ў беларускай мове яшчэ да агульнаславянскай эпохі, але
якія сучасным рускай і ўкраінскай мовам неўласцівыя, бо вядомы як устарэлыя
ці вузкамясцовыя лексічныя адзінкі: абрус, астрог, волат, рухаць, бараніць,
туляцца, чараваць, клопат, паклёп і інш. Значна больш слоў, якія маюць
выразныя фанетычныя і граматычныя прыметы старажытнай беларускай мовы.
Так, характэрнымі асаблівасцямі ўласнабеларускіх слоў з’яўляюцца:
1. паўнагалоссе: кароткі, вораг, прахалода, салодкі, пасярод і інш.;
2. прыстаўныя гукі: іржа, ілжывы, аржаны, вольха, вока, возера, вуж,
вуліца і інш.;
3. спалучэнні ры, лы: брыво, крышыць, хрысціць, скрыгатаць, трывога,
хрыбет і інш.
Уласнабеларускімі лічацца словы, утвораныя ад агульнаславянскіх і
ўсходнеславянскіх каранёў пры дапамозе беларускіх словаўтваральных
сродкаў: варожка (ворожея), сцежка (стезя), пустка (пустота), бярэзнік
(березняк), спявак (певец), слухач (слушатель) красамоўнасць (красноречие) і
інш.
Запазычаная лексіка – вялікі пласт лексікі беларускай мовы. Засваенне
пэўнай мовай іншаземных слоў – натуральны вынік эканамічных, палітычных,
культурных сувязей з іншымі народамі, вынік цесных моўных кантактаў.
Запазычаныя словы прыходзяць у мову як новыя разам з новымі паняццямі і
рэаліямі, радзей – як сінонімы да вядомых слоў. Запазычанні адбываюцца
двума шляхамі: вусным – праз непасрэдны кантакт з носьбітам другой мовы і
пісьмовым – праз навуковую, мастацкую літаратуру, афіцыйныя дакументы.
Многія з іх так даўно і трывала ўвайшлі ў лексічную сістэму
сучаснай беларускай мовы, што іх «іншаземнасць» можна ўстанавіць толькі
шляхам спецыяльнага лінгвістычнага аналізу.
Найбольш пашыраныя групы запазычаных слоў у беларускай мове:
1. паланізмы – моц, скарб, гузік, скарга, палац, відэлец, вяндліна, вільгаць,
зброя, здрада, кабета, лямант, маёнтак, халява, цалкам і інш.;
2. цюркізмы – дыван, капкан, тапчан, торба, атаман, кандалы, каравул,
качан, баран, барсук, бугай, таракан, кафтан, халат, туман і інш.;
3. грэцызмы – акадэмія, алегорыя, геаматрыя, дыялектыка, кафедра,
камедыя, космас, логіка, матэматыка, педагогіка, стыхія, фантазія,
параграф і інш.;
4. лацінізмы – акцёр, дэкан, дырэктар, інспектар, камісар, прафесар, гумар,
працэс, тэрмін, цэнтр, канстытуцыя, камісія, сесія, атэстат і інш.;
5. германізмы – маляр, майстар, слесар, вахта, рота, гандаль, шафа, шнур,
шуфляда, кухня, шпіталь, фарба, футра, коўдра і інш.;
6. русізмы – байдарка, балалайка, бальшак, ваенрук, ваенторг, ветэран,
ветфельчар, вінтоўка, мясарубка, савет, чарцёж, частотнасць і інш.