Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Францыск Скарына

.docx
Скачиваний:
120
Добавлен:
11.02.2015
Размер:
42.05 Кб
Скачать

Шматгранная асветніцкая дзейнасць Скарыны з'явілася найвышэйшым выяўленнем творчых сіл і духоўных імкненняў беларускага народа даўняй пары, адкрыла новую эпоху ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры, праклала новыя шляхі ў іх развіцці. Самаадданая праца гэтага тытана эпохі Адраджэння дзеля культурнага прагрэсу свайго народа паслужыла прыкладам для многіх дзеячаў культуры не толькі Беларусі, але і Украіны, Расіі, Літвы, спрыяла пашырэнню кнігадрукарства, ідэй гуманізму, асветы ва Усходняй Еўропе. Дабратворны ўплыў першадрукара адчулі С. Будны і В. Цяпінскі, I. Фёдараў і П. Мсціславец, браты Мамонічы і іншыя прадаўжальнікі яго справы. Яго кнігі, хоць іх афіцыйна і не прыняла хрысціянская царква, шырока разышліся па Усходняй Еўропе і дайшлі да людскіх сэрцаў. У цяжкія часы гісторыі беларускага народа яго імя служыла стымулам і сцягам у барацьбе за родную мову і культуру, за нацыянальныя традыцыі, новае Адраджэнне. Спадчына Скарыны, выразна беларуская і адначасова агульначалавечая паводле свайго характару, мае ўсеславянскае і ўсееўрапейскае значэнне. Яго мудрыя думкі і глыбокія ідэі актуальныя і сёння, бо застаюцца надзённымі тыя важныя праблемы ўдасканалення чалавека і грамадства, якія ён узнімаў, бо вечныя ідэалы, да якіх ён імкнуўся.

Вывучанне спадчыны Ф. Скарыны пачалося ў канцы 18 ст. Найбольшы ўклад у даследаванне жыцця і дзейнасці вялікага беларускага асветніка, яго выданняў, літаратурнай творчасці, ноглядаў зрабілі рускія і беларускія скарыназнаўцы, асабліва У. Пічэта, П. Уладзіміраў, А. Флароўскі, М. Шчакаціхін, а ў наш час — М. Алексютовіч, У. Анічэнка, А. Булыка, Г. Галенчанка, В. Дарашкевіч, А. Жураўскі, У. Калеснік, У. Конан, А. Коршунаў, Ю. Лабынцаў, Я. Неміроўскі, С. Падокшын, В. Тумаш (С. Брага), В. Чамярыцкі, В. Шматаў і інш, Усяго Скарыніяна налічвае каля 4 тысач розных публікацый, у тым ліку каля 100 кніг і брашур. Пра Скарыну даследчыкі адшукалі і апублікавалі больш за 50 дакументаў на лацінскай, чэшскай, старабеларускай і інш. мовах. Захавалася каля 320 экзэмпляраў Скарынавых выданняў і іх фрагментаў, якія зберагаюцца ў розных бібліятэках, архівах і музеях свету, найбольш у Маскве і Санкт-Пецярбургу.

Светапогляд

У творах Скарыны своеасабліва сінтэзаваліся антычныя і сярэдневяковыя традыцыі з ідэалогіяй еўрапейскага Адраджэння, хрысціянскі гуманізм з рэнесансава-гуманістычнымі ўяўленнямі. Патрыятычныя пачуцці, яго намаганні садзейнічаць усебаковаму духоўнаму і грамадскаму развіццю Айчыны не супярэчаць поглядам на гісторыю чалавецтва, права, заканадаўства, звычаі і традыцыі іншых народаў. Ён далёкі ад рзлігійнага фанатызму, ваяўнічага місіянерства. Яго канфесіянальныя погляды вызначаюцца талерантнасцю, а ў пражскіх выданнях — нават пэўнай неакрэсленасцю. Сучасныя даследчыкі звяртаюць шмат увагі на характарыстыку асветніцкіх імкненняў Скарыны, яго павагу да свецкіх навук, кніжнай справы, літаратуры, мастацтва, пісьменства, духоўных здабыткаў старажытных часоў і эпохі Адраджэння.

Францыск Скарына высока ацэньваў выдатных дзеячаў антычнага свету, знакамітых біблейскіх герояў, пазітыўна ставіўся да сучаснага яму караля польскага і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта I. У сістэме боскай іерархічнай пабудовы свету і зямной грамадскай гісторыі Скарына аналізаваў вядомую сярэдневяковай тэалогіі антыномію: «закон прыражоны» (боскі) і «закон пісаны». Ідэі прававой дзяржаўнасці, справядлівага і маральнага вяршэнства законаў у тыя часы былі надзвычай актуальнымі. Менавіта тады быў распрацаваны і зацверджаны першы агульнадзяржаўны збор законаў — Статут Вялікага княства Літоўскага 1529, які сістэматызаваў і рэгуляваў асноўныя сферы сацыяльных і прававых адносін. Апалогія «прыражонага закона» ў Скарыны — гэта праекцыя ідэальнай мадэлі прававой арганізацыі грамадства, заснаванай на боскіх і хрысціянскіх запаветах. «Закон прнроженый, — пісаў Скарына, — в том наболей соблюдаем бываеть: то чиннти иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чиннти иным, чего сам не хошевди от иных имети». «Закон пісаны», па словах Скарыны, быў таксама дараваны ад Бога ў Святым Пісанні, а пазцей устаноўлены ад людзей праз царкоўныя саборы і земскія законы. Скарына не бачыў неабходнасці ў параўнанні пісаных законаў розных краін і народаў. Для яго больш істотныя асноўныя пастулаты права, іх блізкасць і падабенства да «прыражонага закона». Як абгрунтаванне саслоўна-манархічнага ладу, удасканалення земскага заканадаўства ўспрымалася сучаснікамі, яго апісанне старажытных правоў і статутаў, заключаных у біблейскіх кнігах: права паспалітае, язычніцкае, царскае, рыцарскае, гарадское, марское, купецкае і інш.

Кнігі Скарыны сведчаць аб істотных зменах у развіцці духоўных і этнаінтэграцыйных працэсаў на Беларусі, асэнсаванні гістарычнага і культурна-моўнага адзінства беларускай народнасці. Традыцыйнасць этнагістарычных вызначэнняў у Скарыны — «Русь», «руская мова», «Бівлія руска» — не пярэчаць таму, што ў сваіх выданнях ён меў на ўвазе перш за ўсё Русь айчынную, уласна беларускія землі з іх насельніцтвам, традыцыямі і культурай. Яскравым пацвярджэннем этнагістарычнай і патрыятычнай свядомасці Скарыны з'яўляецца яго замілаванне Полацкам і Полаччынай. Яно напаўняе яго агульнапатрыятычнью ўяўленні канкрэтным зместам — любоўю да сваёй малой радзімы, сям'і. Францыск Скарына адзначаў: «Понеже от прирождения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведаюць гнёза своя; рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчёлы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають». Адсюль і палкае жаданне Скарыны служыць свайму народу, распаўсюджваць хрысціянскія і рэнесансава-гуманістычныя погляды, натхняць на асабістую і грамадскую актыўнасць, дасканаласць, пасціжэнне высокіх сэнсаў зямнога быцця і боскіх запаветаў.

Палітычныя і сацыяльныя погляды Скарыны складаліся пад уздзеяннем рэальных працэсаў, што адбываліся на Беларусі, у ВКЛ, Польшчы, іншых еўрапейскіх краінах. Яго палітычным ідэалам была, верагодна, моцная і асветная манархічная ўлада, якая падтрымлівае хрысціянскую справядлівасць, законнасць, правасуддзе, мірныя зносіны з суседзямі, спрыяе развіццю духоўнай культуры, гандлю, рамяства. Гэтаму ідэалу далёка не поўнасцю адпавядала палітычная рэчаіснасць ВКЛ з яго палітычна-адміністрацыйным раз'яднаннем, царкоўна-рэлігійнымі супярэчнасцямі, з аслабленай вярхоўнай уладай, асобнымі прывілеямі буйных землеўласнікаў, неўладкаванай сістэмай свецкага і царкоўнага права. Невыпадкова ўвасабленне свайго ідэалу Скарына бачыў у дзейнасці старажытных грэчаскіх і рымскіх цароў і заканадаўцаў: Салона, Нумы Пампілія, Лікурга, егіпецкага цара Пталамея IV Філапатара і інш. Значная ўвага да пытанняў права, ролі народаў у выпрацоўцы законаў, ідэй справядлівасці, роўнасці ўсіх людзей перад законам сведчыць пра тое, што ён быў занепакоены рэальным становішчам спраў на сваёй Радзіме, з'явамі сацыяльнай дыскрымінацыі, феадальнай анархіі, свавольства.

Характэрная своеасаблівасць літаратурнай і выдавецкай дзейнасці Францыск Скарыны не абмяжоўваецца яго першапраходніцтвам у галіне кірылічнага кнігадрукавання ў Беларусі і Усходняй Еўропе. Яна выразна засведчана ў жанрава-тэматычным выбары першадрукаў, іх унутранай структуры, перакладзе і каментарыях, мастацкіх, літаратурна-пісьменніцкіх, філасофскіх і моўных рысах яго выданняў, у агульнай арыентацыі яго творчасці на патрэбы Айчыны і народа. Калі на яго радзіме завяршаўся працэс фарміравання ўсё больш замкнёнай і размежаванай саслоўнай структуры, абвастрыліся ўнутраныя супярэчнасці, уласныя інтарэсы пануючых пластоў сталі паволі прэваліраваць над этнаканфесійнымі і культурна-моўнымі традыцыямі, а гарадское паспольства было заканадаўча адмежавана ад дзяржаўна-палітычнай дзейнасці на агульназемскім узроўні, Скарына выступіў гарачым прыхільнікам духоўнага і грамадскага адзінства ўсяго народа. Упершыню ў гісторыі Беларусі былі так цесна зліты ідэі адзінства і прымату хрысціянскай і этнічнай свядомасці.

Духоўная спадчына Францыска Скарыны была асэнсавана і ў значнай ступені ўспрынята і развіта наступнымі пакаленнямі беларускіх мысліцеляў, гуманістаў-асветнікаў.