Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Менавіта ён у 1923 г

.docx
Скачиваний:
21
Добавлен:
11.02.2015
Размер:
245.69 Кб
Скачать

У 60-я г. пачалі даследаванне гісторыі Беласточчыны вучоныя-беларусы ў Польшчы. Артыкулы Ю.Туронка, А.Баршчэўскага, У.Юзвюка, М.Гайдука, В.Нікіцюка і інш. з'явіліся ў беластоцкіх навуковых зборніках (1961 г., 1964 г., 1974 г., 1982 г.), беларускіх календарах, штотыднёвіку «Ніва». М.Кандрацюк асвятляе гісторыю краю праз балцкія элементы ў яго тапаніміцы (Беласток; Вроцлаў, 1974 г.; Вроцлаў, 1985 г.). Грунтоўна разгледжаны становішча і роля праваслаўнай царквы на Беласточчыне ў працах Я.Мірановіча і Р.Сасны, жыццё суродзічаў у Польшчы ў кнізе А.Садоўскага «Народы вялікія і малыя: Беларусы ў Польшчы» (Кракаў, 1991 г.) і Я.Мірановіча «Беларусы ў Польшчы, 1944 – 1949» (Варшава, 1993 г.). Зборнік публіцыстыкі С.Яновіча «Беларусь, Беларусь» (Варшава, 1987 г.) раскрывае складанасць беларуска-польскіх узаемаадносін.

Пачынальнікамі даследаванняў гісторыі беларускай эміграцыі з'яўляюцца А.Калубовіч (ад ранніх перасяленняў да Другой сусветнай вайны), А.Латышонак (беларуская заходняя дыяспара навейшага часу), В.Кіпель (нацыянальная дыяспара ў ЗША), Я.Садоўскі (у Канадзе), А.Вініцкі, С.Коўш, М.Шыла (у Германіі), К.Мерляк (у Аргенціне). На эміграцыі зроблены спробы асэнсавання гісторыі Беларусі ў больш шырокім кантэксце, выкарыстання пры яе даследаванні навейшых падыходаў. У публікацыях 50-х гг. прафесара Л.Акіншэвіча разглядаліся «цывілізацыйныя асновы беларускага гістарычнага працэсу», гісторыя цывілізацыі Усходняй Еўропы паводле канцэпцыі А.Тойнбі. Я.Запруднік звярнуўся да праблем тэрміналогіі і перыядызацыі беларускай гісторыі.

У 60 – 80-я гг. з'явіліся гістарыяграфічныя працы: кніга-водгук Я.Станкевіча «Савецкае хвальшаванне гісторыі Беларусі» (1956 г.) на выхад у 1954 г. у Мінску «Гісторыі Беларускай ССР», твор П.Урбана «У святле гістарычных фактаў» (1972 г.), у якой абвяргаецца версія гісторыі Беларусі, выкладзеная Л.С.Абэцэдарскім у брашуры «У святле неабвержных фактаў» (1969 г.), агляд А.Калубовіча стану вывучэння помнікаў беларускага пісьменства Х – ХVІІІ ст. (1978 г.), публікацыі пра вывучэнне гісторыі Беларусі ў БССР (П.Урбан), спробы адыходу ад афіцыйнай інтэрпрэтацыі ў беларускай гістарыяграфіі (Ч.Будзька), гістарычная канцэпцыя В.Ластоўскага (В.Тумаш), вытокі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі (В.Сянькевіч), савецкай канцэпцыі гісторыі ВКЛ (Я.Запруднік).

Аналізуючы стан гістарычных даследаванняў у БССР, яны вызначылі два этапы: адносна незалежнае ад цэнтра развіццё да 1930 г. «нацыянальнай па свайму духу і сэнсу гістарыяграфіі», а ў далейшым – адсутнасць у беларускіх савецкіх вучоных уласнага погляду на гісторыю беларускага народа, разгляд яе «толькі ў рамках вялікадзяржаўных канцэпцый Масквы», мэтай якіх было «зліць гісторыю народаў СССР з патокам гісторыі рускага народа».

Даследчыкі ў эміграцыі рэзка крытыкавалі гісторыкаў БССР за залежнасць іх пазіцый ад партыйна-дзяржаўных установак, аднабаковы ідэалагізаваны паказ гістарычнага працэсу, абмежаванасць даследаванняў граніцамі БССР (пакідаючы па-за ўвагай інш. этнічныя тэрыіторыі), падкрэслівалі адлучанасць навукоўцаў ад навейшых методык і падыходаў замежных гісторыкаў, іх высноў па глыбінных з'явах развіцця чалавецтва і народаў. Разам з тым эмігранцкія аўтары адзначалі пэўныя змены ў тлумачэнні савецкай гістарыяграфіяй асобных перыядаў і падзей, падкрэслівалі спробы адыходу ад «спрошчвання беларускай мінуўшчыны», элементы новага асэнсавання нацыянальнага характару ВКЛ, аднаўлення «нацыянальных рыс беларускай культуры XV – XIX – пачатку XX ст.».

Многія працы эмігранцкіх вучоных нясуць адбітак прапагандысцкага характару, не пазбеглі палітычнай прадузятасці, уплыву «халоднай вайны», жорсткай канфрантацыі дзвух грамадскіх сістэм, складаных узаемаадносін Беларусі з эміграцыяй, іх ізаляванасці адна ад адной. Ёсць разыходжанні ў поглядах на асобныя з'явы і падзеі ў гісторыі беларусаў.

Каштоўнымі крыніцамі па праблемах, што замоўчваліся ці абыходзіліся савецкай гістарыяграфіяй, сталі апублікаваныя на эміграцыі дакументы па навейшай гісторыі Беларусі: «Кніга ахвяраў бальшавізму» (1950 г.); стэнаграма «Другога Усебеларускага кангрэса» (1954 г.); дакументы і матэрыялы па БНР (газета «Бацькаўшчына» за 1949 – 1950 гг.; «Дзень незалежнасці Беларусі, 25 сакавіка 1918 г.» 1958 г.; «Запісы», кн. 13, 1975 г.; «Дзень незалежнасці Беларусі ў 200-ю гадавіну адкрыцця Амерыкі» 1977 г.); матэрыялы да Першага Усебеларускага з'езда 1917 г. («Запісы», кн. 2 - 4, 1963 – 1966 гг.); зборніка дакументаў «За дзяржаўную незалежнасць Беларусі» (1960 г.). На англійскай і беларускай мовах былі выдадзены дакументы пра паўстанне 1863 г. на Беларусі (1980 г.), на польскай – зборнік дакументаў пра становішча праваслаўнай царквы на Беласточчыне ў 1928 – 1939 гг. (1991 г.). Кніга дакументаў і матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць вядомага на эміграцыі грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча А.Жук-Грышкевіча выйшла ў 1993 г. у Таронта. Цікавасць для даследчыкаў уяўляюць часопіс «Летапісь беларускай эміграцыі» (Бруклін), кніга ўспамінаў пра Я.Купалу і Я.Коласа (1982 г.), публікацыі мемуараў Я.Германовіча, Я.Калубовіча, В.Рагулі, Мерляка, Я.Станкевіча, А.Жук-Грышкевіча, Л.Галяка, Я.Гладкага, Я.Пятроўскага, М.Сяднёва, Я.Малецкага, П.Сыча і інш.

У 60 – 80-я гг. заахвочванню даследаванняў па гісторыі Беларусі і публікацыі іх вынікаў садзейнічалі новыя нацыянальныя культурна-навуковыя цэнтры – філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Таронта (Канада), Беларуская бібліятэка і музей імя Ф.Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія), Інстытут беларусаведы і беларускі музей у Ляймене (ФРГ), Беларускае культурна-мастацкае і навуковае таварыства ў Саўт-Рыверы, Вялікалітоўскі фонд імя Л.Сапегі, фонд імя І.Любачкі і Беларускі харытатыўна-адукацыйны фонд (ЗША). Актыўны навуковы асяродак склаўся ў Польшчы (Беласток, Варшава). Значную ролю ў пашырэнні гістарычных ведаў адыграў і беларускі перыядычны друк – штомесячная газета «Беларус», штоквартальнік «Беларускі агляд», часопіс «Беларуская думка», «Беларускі сьвет» і інш. Для інфармавання заходніх палітычных і навуковых колаў у 1979 – 1991 гг. выходзілі ў Боне (ФРГ) гадавыя агляды беларускага савецкага друку.

Розныя аспекты сваёй канцэпцыі гісторыі Беларусі даследчыкі з нацыянальнай дыяспары выкладалі на міжнародных форумах па праблемах СССР і Усходняй Еўропы, славістычных канферэнцыях, этнічных навуковых мерапрыемствах у ЗША і Канадзе, публікацыях у англамоўных энцыклапедычных даведніках, інш. выданнях. Актывізацыя іх супрацоўніцтва з навуковымі і навучальнымі ўстановамі краін пражывання, удзел у міжнародных навуковых мерапрыемствах павышалі зацікаўленасць замежных вучоных праблемамі Беларусі, садзейнічалі далучэнню іх да вывучэння гісторыі, культуры, мовы беларускага народа пашырэнню інфармацыі аб ім у свеце. Нацыянальная эміграцыя апублікавала ў Нью-Йорку нарыс-роздум ананімнага беластоцкага аўтара «Праваслаўная царква ў Беластоцкім краі і беларуская мова ў ёй» (1984 г.), у Лондане – кнігу «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» А.Бембеля (1985 г.), «Ліст да рускага сябра» А.Каўкі (1979 г.), Зварот беларускай інтэлігенцыі да М.С.Гарбачова (1987 г.), якія ў той час не маглі быць выдадзены ў БССР і ПНР. У 1994 г.у Нью-Йорку выйшла кніга «Курапаты», у якой на англійскай і беларускай мовах змешчаны навуковая справаздача пра археалагічныя даследаванні ў 1988 г. і артыкулы пра рэпрэсіі на Беларусі ў 30 – 40-я гг.

У БССР публікацыі эмігранцкіх аўтараў былі недаступнымі чытачу (калі і паступалі ў бібліятэкі, то знаходзіліся ў спецсховішчах), па ідэалагічных прычынах немагчыма было іх навуковае рэцэнзаванне. Высновы эмігранцкіх даследчыкаў па розных аспектах гісторыі Беларусі падаваліся як фальсіфікацыі «буржуазных нацыяналістаў», памагатых «буржуазных саветолагаў».

Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь паклала пачатак складванню новых узаемаадносін з гісторыкамі і інш. вучонымі на эміграцыі, асэнсаванню іх спадчыны. Праявамі гэтага сталі сумесны ўдзел айчынных і замежных вучоных-беларусаў у міжнародных і нацыянальных навуковых канферэнцыях. У 1993 – 1994 гг. у Мінску выдадзены працы «Беларусь пад нямецкай акупацыяй» Ю.Туронка, «Беларусь учора і сёння» Я.Найдзюка і І.Касяка, «Крокі гісторыі» і «На крыжовай дарозе» А.Калубовіча, «Беларусы ў ЗША» В.Кіпеля, «Да пытання этнічнай прыналежнасці старажытных ліцвінаў» П.Урбана, «Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме» А.Цеханавецкага, гістарычнае эсэ «Паратунак» М.Гайдука, «З гісторыяй на «Вы» (Вып. 3, укл. Я.Запруднік). Падрыхтаваны да друку інш. выданні. З пачатку 90-х гг. багаты дакументальны матэрыял з гісторыі эміграцыі, пра яе найбольш вядомых прадстаўнікоў публікаваў часопіс «Спадчына».

З'яўленне новых незалежных дзяржаў на постсавецкай прасторы абумовіла значнае павелічэнне нацыянальнай дыяспары, у т.л. даследчыкаў айчыннай гісторыі за межамі Беларусі. Сумеснымі намаганнямі вучоных блізкага замежжа і Беларусі выдаваўся літаратурна-навуковы гадавік «Скарыніч» (вып. 1 – 2, 1991 – 1993 гг.). На яго старонках, а таксама ў новых ці адноўленых беларускіх замежных выданнях папулярызаваліся набыткі сучаснай гістарычнай думкі ўсходняй дыяспары: «Наша ніва» (Вільня), «Сьвітанак» (Рыга), «Шляхам Скарыны» (Масква). Для даследавання і папулярызацыі гісторыі беларусаў у Польшчы было створана ў 1993 г. у Беластоку Беларускае гістарычнае таварыства, якое выдае часопіс «Беларускі гістарычны сшытак», «Часопіс», «Беларускія навіны», а ў Варшаве выходзіць беларуска-польскі часопіс «Дыскусія».

Працэсы нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння актывізавалі навукоўцаў заходняй дыяспары. Заснаваны часопіс «Полацак» (Кліўленд), дзе друкуюцца даследаванні гісторыкаў Беларусі і замежжа. З'явіліся іх публікацыі ў часопісе «Весткі Інстытута беларусаведы» (Ляймен, Германія). Пачаў выходзіць часопіс «Прамень» (Манрэаль, Канада). Вынікам цікаўнасці ў ЗША да новай незалежнай дзяржавы стала выданне ў 1993 г. на англійскай мове працы «Беларусь. На гістарычных скрыжаваннях» Я.Запрудніка – нарыса гісторыі народа ад старажытнасці да пачатку 90-х гг. ХХ ст.

Тэст для самкантролю

І. Вызначце правільны адказ.

1. Псеўданім А.Луцкевіча ў эміграцыі

А) Н.Недасека

Б) М.Волаціч

В) А.Навіна

Г) У.Глыбінны.

2. Нарыс А.Цвікевіча «Беларусь» быў выдадзены ў

А) Коўне

Б) Парыжы

В) Берліне

Г) Вільні.

3. Лідэры беларускай эміграцыі ў 1918 – 1919 гг. ставілі пытанне аб

А) незалежнасці Беларусі

Б) аўтаноміі Беларусі ў складзе Польшчы

В) аўтаноміі Беларусі ў складзе Савецкай Расіі

Г) аднаўленні ВКЛ.

4. Узаемаадносіны беларускаў і палякаў даследаваў

А) Я.Варонка

Б) К.Езавітаў

В) В.Ластоўскі

Г) П.Крачэўскі.

5. Першая публікацыя дакументаў і матэрыялаў з гісторыі беларускай эміграцыі прадстаўлена ў

А) часопісе «Беларускі сцяг»

Б) «Гісторыі беларускай кнігі» В.Ластоўскага

В) зборніку «Замежная Беларусь»

6. Беларускае выдавецтва «Бацькаўшчына» было заснавана ў

А) Лондане

Б) Мюнхене

В) Нью-Йорку

Г) Таронта.

7. БІНІМ выдае гадавік

А) «Сшыткі»

Б) «Нататкі»

В) «Запісы»

Г) «Беларусь».

8. Практыку рэпрэсій у БССР вывучаў

А) С.Станкевіч

Б) Г.Паланевіч

В) П.Урбан

Г) С.Кабыш.

9. Псеўданім Г.Паланевіча

А) М.Валоціч

Б) У.Глыбінны

В) Г.Няміга

Г) А.Навіна.

10. Я.Станкевіч, В.Пануцэвіч прытрымліваліся

А) тэорыі славянскага паходжання беларусаў

Б) тэорыі балцкага субстрата

В) тэорыі старажытнарускай народнасці

Г) крывічскай тэорыі.

11. Доктарскую дысертацыю па праблеме палітычнай барацьбы вакол беларускага пытання ў Дзяржаўнай думе абараніў у Нью-Йоркскім універсітэце

А) М.Белямук

Б) А.Караль

В) Я.Запруднік

Г) В.Астроўскі.

12. Першую абагульняючую працу па гісторыі Беларусі савецкага перыяда напісаў

А) Я.Найдзюк

Б) І.Касяк

В) І.Любачка

Г) Я.Запруднік.

13. Аўтар абагульняючай працы «Беларусь пад нямецкай акупацыяй»

А) А.Мірановіч

Б) Ю.Туронак

В) А.Калубовіч

Г) С.Яновіч.

14. Гісторыю беларускай дыяспары ў Аргенціне распрацаваў

А) К.Мерляк

Б) А.Вініцкі

В) В.Кіпель

Г) А.Латышонак.

ІІ. Што аб'ядноўвае пералік?

1. «На чужыне», «Голас беларуса», «Крывіч», «Пагоня», «Беларускі сцяг».

2. Я.Запруднік, В.Кіпель, Я.Садоўскі.

3. Ю.Туронак, А.Баршчэўскі, У.Юзвік, М.Гайдук, В.Нікіцюк.

4. Беларускае культурна-мастацкае і навуковае таварыства, Вялікалітоўскі фонд імя Л.Сапегі, фонд імя І.Любачкі, Беларускі харытатыўна-адукацыйны фонд.

5. «Беларускі гістарычны сшытак», «Часопіс», «Беларускія навіны».

ІІІ. Вызначце дату.

1. Арганізацыя Крывіцкага навуковага таварыства Ф.Скарыны ў Рэгенсбургу.

2. Заснаванне Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку.

3. Арганізацыя Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку.

З М Е С Т

Тэма 1. Уводзіны………………………………………………………………………4

Тэма 2. Першыя звесткі па гісторыі Беларусі. Назапашванне гістарычных ведаў..23

Тэма 3. Развіццё гістарычных ведаў у ХVI – пачатку ХІХ ст………………………54

Тэма 4. Беларусь у гістарычных даследаваннях 30 – пачатку 60-х гг. ХІХ ст…….92

Тэма 5. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў 60-я гг. ХІХ – пачатку ХХ ст………..116

Тэма 6. Пачатак фарміравання беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі ў ХІХ – пачатку ХХ ст……………………………………………………………142

Тэма 7. Гістарычная навука БССР у 1919 – 1941 гг………………………………..166

Тэма 8. Даследаванне айчыннай гісторыі ў 1919 – 1941 г.…………………………187

Тэма 9. Гістарычная навука Беларусі ў сярэдзіне 40-х – 80-я гады ХХ ст………...214

Тэма 10. Гістарычныя даследаванні ў БССР у сярэдзіне 50-х – 80-я гг. ХХ ст…...237

Тэма 11. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі у 90-я гг. ХХ ст. – пачатку ХХІ ст…..273

Тэма 12. Гістарыяграфія беларускай эміграцыі……………………………………..296