- •Як скласці радавод
- •Першы крок – гэта заўсёды роспыт родных.
- •Другі крок – пошукі на спецыялізаваных інтэрнэт-сайтах.
- •Трэці крок – пошук па сацыяльных сетках
- •Чацвёрты этап – пошук па архіўных дакументах.
- •Генетычныя метады рэканструкцыі радаводу
- •1. Тэст па y-храмасоме.
- •2. Тэст па мітахандрыяльнай днк.
- •3. Аўтасомны днк-тэст.
- •3. І нарэшце – самая цікавая частка інфармацыі, якую вы гарантавана атрымаеце. Гэта спіс і генетычныя характарыстыкі людзей, з якімі у вас ёсць супадзенне днк.
Трэці крок – пошук па сацыяльных сетках
Гэта такая няўдзячная справа, ад якой можа зусім не быць карысці, а можа знайсціся фантастычнае.
Калі ўжо вы так старанна шукаеце, то пішыце аднафамільцам ці патэнцыйным сваякам. Але перад гэтым зразумейце іх: піша нейкі невядома хто, яшчэ часам проста з моста пытае пра дзявочае прозвішча маці (а яно ў мяне паролем да банкаўскай карткі), лезе з нейкімі недарэчнасцямі… Пабудуйце свій зварот і далейшыя стасункі так, каб чалавек таксама з гэтага нешта меў і каб яму было цікава.
Усё, што вам раскажуць, захоўвайце. Прыдасца ў гаспадарцы. Так я ў 2011 годзе мела размову з дзяўчынай, продкі якой паходзілі з хутара Цыгань на Ляхавіччыне. Толькі праз чатыры гады ў размове з пяціюраднай цёткай (адчуйце так, на хвіліначку, масштаб бедства) я даведалася, што гэты хутар пасля рэвалюцыі прыдбаў сабе стрыечны брат майго прапрадзеда і пераехаў туды з усёй сям’ёю… Так і выявілі роднасць.
Альбо ў 2012 годзе спісвалася з жыхарамі Калінінграда, а ў 2013 годзе - з сям’ёю са Свярдлоўскай вобласці. Прозвішча аднолькавае, але ў роднасці чорт нагу зламае, абодва родапачынальнікі аднекуль з Беларусі, з вялізных сем’яў. А праз тры гады, сістэматызуючы дадзеныя, знайшлі іх радавод па мужчынскай лініі да 8 калена і выявілі роднасць.
Але ўсё адно палова не адкажа на запыт у сацыяльнай сетцы. Дзве трэці з астатніх адкажуць, што нічога не ведаюць. І толькі пара чалавек прынясе пэўную карысць.
У мяне і зараз ёсць інфармацыя з сацыяльнай сеткі, якая чакае свайго часу. Адзін суайчыннік расказаў мне, як маё прозвішча трапіла пад Баранавічы з Літвы. Мы з гэтым чалавекам не знайшлі пакуль роднасці. Але я рабіла ДНК-тэст, і ўжо зараз бачу, што пэўныя сляды вядуць пад Вільню, дзе, згодна дакументам, больш за 200 год таму вадзілася маё прозвішча.
Чацвёрты этап – пошук па архіўных дакументах.
Вось толькі тут, толькі пасля каласальнай зробленай працы, павінен пачынацца той пошук, які вы ўсе першай справаю ўяўляеце сабе, калі чуеце “я шукаю свой радавод”!!! Калі вы пачынаеце адразу з архіваў, то праз пэўны час зразумееце, што з таго ж наведання можна было выціснуць у некалькі разоў больш. Таму што вы ж прыехалі ў архіў з цыдулькай, дзе запісаны імёны прадзеда і прабабкі! А ў архіве вам выдалі адзінае, што захавалася па вашай вёсцы, - метрычную кнігу за 1921 год. І ні прадзед, ні прабабка ў гэтым годзе там не запісаны. Усё, аблом…
А калі вы падрыхтаваліся як мае быць, то ў гэтай метрычнай кнізе вы знойдзеце шлюб малодшага прабабулінага браціка (дзе ў запісе аб шлюбе будуць названы бацькі браціка, якія, хутчэй за ўсё, апынуцца і бацькамі вашай прабабулі, але не факт!) Тут жа знойдзецца запіс аб нараджэнні дзіцяці ў старэйшага прабабулінага браціка, і ў гэтым запісе таксама будзе карысная інфармацыя пра папярэдняе пакаленне!
З якімі дакументамі працаваць?
Калі вам не хапае інфармацыі пра 1950-ыя гады, варта пачаць з пагаспадарчых кніг. Гэта былі перапісы жыхароў вёскі, што складаліся з мэтай уліку і падаткаабкладання. Такая кніга ўтрымлівае спіс членаў сям’і з указаннем роднасці, года нараджэння і г.д.. Кнігі складаліся са словаў саміх жыхароў, таму, напраклад, у пытанні года нараджэння прыярытэтным будзе запіс у метрычнай кнізе.
Пагаспадарчыя кнігі могуць захоўвацца ў сельсавеце ці ў раённым архіве адпаведнага раёна.
Таксама вы можаце пашукаць асабістыя справы і іншыя бюракратычныя паперкі продкаў у тых установах, да якіх яны мелі дачыненне.
Калі вас цікавіць перыяд да вынішчэння цэркваў, то шукайце
метрычныя кнігі,
<брачные обыски> не ведаю, як па-беларуску. Шлюбны ператрус? Шлюбны вобшук?
спавядальныя ведамасці
Метрычная кніга складаецца з трох раздзелаў: пра нараджэнні, пра шлюбы і пра пахаванні. Каштоўнасць гэтых запісаў дужа залежыць ад прафесіяналізму дзячка пэўнай царквы.
Метрычныя кнігі захоўваюцца звычайна ў гарадскіх ці раённых ЗАГСах, бо на іх падставе савецкая ўлада аднаўляла шмат якія дакументы. Метрычныя кнігі, старэйшыя за 1917 год, захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Дакладней, павінны захоўвацца, а так могуць апынуцца шмат дзе…
Шлюбныя вобшукі і спавядальныя ведамасці калі і знойдуцца, то недзе пры цэрквах. Яны таксама месцяць склад сям’і.
Калі вы выйшлі на людзей, што нарадзіліся да 1858 г., то чытайце яшчэ рэвізскія казкі. Гэта аналаг перапісаў насельніцтва. За 1897 год ёсць адзінкавыя дадзеныя, таму што самі перапісныя лісты былі знішчаны пасля апрацоўкі (згодна інструкцыі па тагачасным справаводстве), і толькі па некаторых рэгіёнах іх выпадкова не утылізавалі.
А вось перапіс 1858 года захаваўся няблага, знаходзіцца ў Мінску. Там жа 1850 і 1834 гады, але гэтыя дадзеныя захаваліся не ўсе.
Глядзіце, як гэта працуе:
Напрыклад, у сеціве існуе радавод Якуба Коласа. Ён жа – Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.
Бацька Канстанціна быў, як вядома, Міхаіл Казіміравіч, 1855 г.н. Гэта значыць, што яго можна адшукаць у перапісе 1858 г. І вось яна, 25 сям’я, дзе ёсць Казімір і яго сыны, ў тым ліку Міхаіл, нованароджаны ў параўнанні з папярэднім перапісам, у 1858 мае ўзрост 3 гады. Тут жа чытаем, што бацька яго быў Казімір Мікалаеў (Мікалаеў сын, Мікалаевіч) і павінен быў нарадзіцца каля 1820 г..
У адпаведнай метрычнай кнізе (каталіцкай, запоўненай лацінкай, таму чытаць і шукаць будзе асабліва прыемна), бачым, што сапраўды Казімір нарадзіўся, і нарадзіўся ў сям’і Мікалая і Дамінісі:
Вось так, нічога новага, тут дзяк пісаў толькі імёны бацькоў і не лез у падрабязнасці…
Але ёсць яшчэ перапіс 1834 г., дзе ў рэвізскай казцы Казімір будзе яшчэ дзіцятка, таму будзе жыць, напэўна, разам з бацькамі. Глядзім:
У хаце Лаўрэнція Маляўкі, які памёр яшчэ за 11 год да перапісу, вярнуўшыся з бягоў, жыве сям’я Міцкевічаў, у тым ліку сам Казімір, яшчэ падлетак, і яго бацька Мікалай Лявонавіч. І цесць… Зноў лезем у метрычныя кнігі. Запіс аб нараджэнні Мікалая:
№2. 29 апреля 1790 родился младенец, который крещен именем Миколай, сын Леониса и Регины Мицкевич. Воспреемники: Стефан Коморовски и Иоанна Мицкевичува.
Трэба разумець, што лёгкасць працы з дакументамі толькі падаецца, калі яно ўжо ўсё знойдзенае і гатовае. А патрэбны запіс яшчэ ж трэба знайсці ў архіве… Па маім Навагрудскім павеце толькі спісы прыгонных сялян – гэта нешта каля 6 тамоў. А калі не ведаеш, што яны прыгонныя, то пачытай-ка яшчэ спісы дзяржаўных сялян, царкоўных сялян, мяшчан, габрэяў, вольных хлебапашцаў і г.д….
Для поўнага шчасця ваш продак можа быць запісаны лацінскімі літарамі (!) на старапольскай мове (!!!) выцвілым атрамантам (!!!!!) і почыркам дзячка, як у курыцы лапай (!!!!!!!!!!!!).
Далейшыя накірункі пошукаў будуць вельмі залежыць ад якасці знаходак.
Трэба разумець, што без шляхетнасці ці паходжання з роду святароў сягнуць за 1795 год будзе вельмі складана. Калі вашы продкі з тэрыторыі Расіі, то нават гэтую адлегласць будзе цяжка прасачыць, бо гэта мы, беларусы, прагрэсіўныя, а ў Расійскай Імперыі сталыя прозвішчы месцамі далі толькі напрыканцы 19 стагоддзя. Ды й якія там прозвішчы?.. Быў Сяргей, Іваноў сын – будзеш Сяргей Іваноў…
