- •Як скласці радавод
- •Першы крок – гэта заўсёды роспыт родных.
- •Другі крок – пошукі на спецыялізаваных інтэрнэт-сайтах.
- •Трэці крок – пошук па сацыяльных сетках
- •Чацвёрты этап – пошук па архіўных дакументах.
- •Генетычныя метады рэканструкцыі радаводу
- •1. Тэст па y-храмасоме.
- •2. Тэст па мітахандрыяльнай днк.
- •3. Аўтасомны днк-тэст.
- •3. І нарэшце – самая цікавая частка інфармацыі, якую вы гарантавана атрымаеце. Гэта спіс і генетычныя характарыстыкі людзей, з якімі у вас ёсць супадзенне днк.
Як скласці радавод
НАШТО ГЭТА ПАТРЭБНА
У кожнага чалавека свае мэты складання радаводу. Найбольш папулярныя з іх:
- жаданне больш ведаць пра сваіх продкаў
- жаданне аднавіць стасункі з роднымі
- падтрыманне шляхецкай годнасці
- выхоўванне павагі дзяцей да бацькоў на прыкладах уласнай сям’і
- магчымасць атрымать спадчыну
- пытанні здароўя і захворванняў , якія перадаюцца за пакалення ў пакаленне
- імкненне актывізаваць астральныя механізмы для паляпшэння лёсу ці нават нейтралізацыі праклёнаў. Існуе павер'е, што анёлы, якія ахоўваюць чалавека, - гэта продкі, вядомыя яму. Чым шырэй веданне свайго радаводу, тым больш у нас анёлаў-ахоўнікаў.
- гэта своеасаблівы квэст, але не абстрактны, а звязаны з табою, людзьмі і месцамі, якія ты ведаеш.
ЯК СТАВРАЕЦЦА РАДАВОД
У пачатку пошукаў дастаткова папяровай версіі дрэва, сшытка з нататкамі.
Запісваць трэба ўсё, што знайшлося. Абавязкова адзначайце вытокі ведаў. Бывае так, што версіі розных братоў пра гісторыю іх бацькі вельмі адрозніваюцца, і тады Вы будзеце разумець, што абодва апавяданні трэба ўспрымаць крытычна, пакуль не будуць знойдзены факты.
Захоўвайце дакументы і фотаздымкі. Па магчымасці рабіце электронныя копіі (сканіруйце ці пераздымайце на фотаапарат). Бывае так, што чалавек, які валодаў гэтымі рэчамі, страчвае іх і нават не можа патлумачыць, куды ўсё падзелася.
Захоўвайце гісторыю рэчаў. Сямейная гісторыя без кранальных апавяданняў не будзе такой цікаваю. Рэчы часам расказваюць пра характар, дзеянні ці лад жыцця чалавека больш, чым факты з дакументаў.
Напрыклад:
- вазу чырвонага шкла майму дзядулю падарылі за ўратаванне дзіцяці, якое звалілася з акна яшчэ ў тыя часы, калі пяціпавярховы будынак быў верхам шыку і будаўнічага майстэрства.
- увагнутая лыжка – артэфакт ад прадзеда, які ўратаваў яму нагу. У ваенныя гады многія насілі лыжку за халяваю бота, а не ў рэчмяху. І куля, якая пацэліла ў прадзядулю, трапіла ў гэтую лыжку, а назе дастаўся толькі сіняк.
- шафа ў доме бабулі была зроблена для яе яе бацькам. Той быў майстрам на ўсе рукі.
- калі я рабіла копію атэстата, бабуля расказала, што навучанне ў старэйшай школе ў яе часы было платным. Яно каштавала дорага, і мая настойлівая бабуля была згодная адмовіцца ад пакупкі абутку і новага адзення, каб толькі працягнуць навучанне.
З цягам часу інфармацыі стане шмат, і тады варта скарыстацца адмысловымі камп’ютарнымі праграмамі, якія будуюць радавод. Іх шмат, яны адрозніваюцца функцыяналам, кожная мае сваіх прыхільнікаў. Напрыклад, праграма, якой карыстаюся я, не дае магчымасці зрабіць схему, дзе адначасова будуць усе продкі і ўсе родныя з кожнага боку. Затое зручна бачыць нашчадкаў ад аднаго і таго ж продка, ці ўсе лініі продкаў пэўнага чалавека.
ШТО І ЯК ВЫВУЧАЦЬ
Першы крок – гэта заўсёды роспыт родных.
Якія пытанні варта ім задаць?
Як звалі бацьку, маці, дзядулю/бабулю, прадзеда/прабабулю і г.д.?
Дзе яны жылі? Дзе нарадзіліся? Дзе пахаваныя?
Ці былі ў іх браты/сёстры, дзядзькі/цёткі?
Ці адносіцца нехта з продкаў да шляхетнага роду, да роду царкоўных служкаў, да пэўнай нацыянальнасці? (калі гэта так, то вам пашанцавала, гэтыя выпадкі добра адлюстроўваюцца ў дакументах)
Гэта звычайныя пытанні, да якіх можа даўмецца кожны. Але ёсць яшчэ шэраг пытанняў, якія мала хто задае. Між тым, адказы на іх могуць запусціць складаныя механізмы памяці, якія раптам дапамогуць вашым бацькам узгадаць шмат цікавых фактаў і новых продкаў ці родных.
Што гэта за пытанні?
Хто былі хросныя бацькі маці/бацькі?
Хроснымі звычайна запрашалі ці родных, ці радзей сяброў і суседзяў. Таму ёсць верагоднасць, што ўзгаданы хросны апынецца яшчэ і сваяком. Таксама можна пацікавіцца ў старэйшых, каго хрысцілі яны.
Хто на старых фотаздымках?
Адваротны бок фатаздымкаў часта падпісаны. Але нават калі подпісу няма, то можна даведацца, хто былі гэтыя 50 сваякоў на вяселлі бацькоў, што за стрыечны брат трымае на каленях вашу прабабулю, якой тады было тры гады, і г.д.
Ці ёсць у нас знакамітыя сваякі?
Гэта неблагі індыкатар роднасці траюрадных і больш далёкіх сваякоў. Напрыклад, у маёй роднай вёсцы палова вёскі носіць прозвішча Кабушка. Прозвішча старадаўняе, існуе ўжо не менш як 2 стагоддзі, таму яго носьбіты не могуць растлумачыць ступені сваяцтва. Але гэтае ж прозвішча праславіў Герой Савецкага Саюза Іван Канстанцінавіч Кабушкін. І вось калі які-небудзь Кабушка адказвае, што Іван Канстанцінавіч яму далёкі сваяк, то гэтага чалавека можна аднесці да пэўнага “гнязда” сваякоў з агульным продкам 1830 года нараджэння. Там у сям’і было 7 сыноў, адзін з якіх – дзед будучага героя. Стасункі паміж людзьмі ў гэтым выпадку дэталізаваць складана, але падстава для далейшых пошукаў робіцца відавочнай.
Хто жыў у гэтай хаце? А ў той?
Дастаткова адкрыць Гугл-мапу і пачаць разглядаць вёску, каб родныя нечакана пачалі ўзгадваць сваякоў ледзь не дзесяткамі. Прычым бывае так, што прыдасца і самая няпэўная інфармацыя.
Хто са сваякоў загінуў у гады ВАВ? Падчас рэвалюцыі? Пры паўстанні Каліноўскага (не, ну а раптам…)?
Ці захаваліся дакументы на дзедаву хату? Можа, яе будаваў яшчэ прапрадзед, і там, у дакументах, выпадкова знойдзецца паперка з яго імём і імём па бацьку.
- Дзе працаваў, чым займаўся продак? Дзе ён служыў? Ці быў падсудны? Дзе атрымаў адукацыю?
Роспыт лепш за ўсё весці пад дыктафон, адначасова занатоўваючы ў схему, каб пазбегнуць блытаніны між братам Сашам, дзядзькам Сашам і сынам Сашам…
І цяпер самая складаная частка інструкцыі па роспытах родных. Апытваць трэба ўсіх!!! Гэта не тое што распытаў матулю – і ўсё, ты ўладар поўнай інфармацыі пра сваякоў. Калі распытаць яе брата, выявіцца, што такі мама шмат чаго не ведала пра сваю сям’ю!..
На гэтым жа этапе падключаецца сумная дысцыпліна некрапалістыка. Тое, што не захавала памяць, вельмі часта захоўваюць крыжы… Таму Дзяды і Радаўніца – гэта нагода не толькі наведаць могілкі, але і шчыра пацікавіцца датамі і імёнамі па бацьку вядомых вам продкаў, не для галачкі, а на самой справе ўзгадаць іх лёс.
