Малы расейска-беларускі слоўнік прыказак, прымавак і фразем Падзяка
Я вельмі ўдзячны прафесару Фёдару Янкоўскаму, які, на вялікі жаль, гэтак заўчасна пакінуў нас, - хроснаму бацьку маёй працы. Менавіта ягоныя публікацыі па культуры мовы абудзілі ў мяне цікавасць і заахвоцілі ўзяцца за яе. Дзякуючы яго прынцыповым заўвагам, зычліваму стаўленню і падтрымцы пачатковы матэрыял мог увасобіцца ў гэтае выданне.
Шчыра дзякую шаноўным рэцэнзентам спадарам Янку Саламевічу і Алесю Каўрусу за каштоўныя заўвагі і парады, якія значна палепшылі рукапіс, дазволілі ўнікнуць некаторых хібаў і памылак.
Вялікую дапамогу і маральную падтрымку ўвесь час адчуваў я ад майго сябра і паплечніка ў справе адраджэння роднае мовы Алеся Разанава. Мне прыемна адзначыць гэта і выказаць яму шчырую падзяку.
Называючы тых, хто спрычыніўся да выхаду гэтае кнігі, не магу не сказаць пра чалавека, без якога стварэнне яе было б увогуле немагчымае. Гэта мая жонка Наталя. Толькі дзякуючы яе самаахвярнасці, дзякуючы створанай ёю атмасферы душэўнай цеплыні і ўтульнасці я змог пры крайняй нястачы вольнага ад службы і грамадскіх абавязкаў часу зрабіць гэтую працу. Яна пераклала на свае кволыя плечы цяжар клопатаў па гаспадарцы і ўзгадаванні дзяцей. Яна ж была першым маім крытыкам - строгім і зычлівым.
Прадмова
Багацце і непаўторнасць гучання кожнае мовы шмат у чым вызначаюцца прымаўкамі, прыказкамі і фраземамі (фразеалагізмамі). Пераклад жа іх - справа вельмі няпростая. Па сутнасці, гэта павінны быць нават не пераклад, а падбор адпаведнікаў, г.зн. адпаведных выслоўяў, з іншае мовы. Літаральна ж перакладзеныя, скалькаваныя фраземы (як і прымаўкі, прыказкі) звычайна не становяцца набыткам мовы, арганічна не ўваходзяць у яе.
Тут я цалкам падзяляю думку прызнанага аўтарытэта ў галіне беларускае фразеалогіі Ф.Янкоўскага пра неабходнасць «адмежавацца ад былой практыкі падачы фразеалагізмаў, сляды якой сустракаюцца і ў апошніх перакладных слоўніках, дзе беларуская фразеалогія прыводзіцца часам не на матэрыяле картатэкі, не на фактах самой мовы, а на літаральным перакладзе, на калькаванні фразеалагізмаў са слоўнікаў другой мовы» (Янкоўскі Ф. Беларуская мова. Менск, Вышэйшая школа, 1978. С.95). Гэтая практыка, зазначу, склалася не стыхійна, яна была рэальным увасабленнем цяпер ужо, дзякаваць Богу, здадзенай у архіў канцэпцыі збліжэння й зліцця моваў.
Жывая народная мова вельмі багатая на выслоўі, якія, на жаль, яшчэ не знайшлі належнага выкарыстання ў беларускай літаратурнай мове і адпаведнага адлюстравання ў перакладных слоўніках. Слабое асваенне літаратурнаю моваю скарбаў народнае фразеалогіі і парэміялогіі непазбежна стварае цяжкасці пры перакладзе з іншых моваў на беларускую, штурхае на калькаванне, на ўжыванне нефраземных словазлучэнняў, што збядняе мову, не спрыяе паўнакроўнаму яе развіццю і функцыянаванню. Яно ж спрычыняецца й да таго, што людзі, якія сёння далучаюцца да беларускай мовы, не могуць напоўніцу адчуць яе адметнасць, вобразнасць і хараство.
У гэты слоўнік увайшлі найбольш ужывальныя расейскія прымаўкі, прыказкі і фраземы (вядома, тыя, якім аўтар знайшоў беларускія эквіваленты). Па-за слоўнікам, як правіла, засталіся выслоўі (агульнаславянскія), што маюць аднолькавы кампанентны склад у расейскай і беларускай мовах. Такі падыход абумоўлены абмежаваным аб'ёмам і практычным прызначэннем кнігі. Дзеля зручнейшага карыстання слоўнікам, больш эфектыўнага пошуку чытачом патрэбнага матэрыялу блізказначныя моўныя адзінкі аб'яднаны ў сінанімічныя рады праз пазнаку Гл. ды іх парадкавыя нумары.
Што да беларускае часткі слоўніка, то я свядома імкнуўся не абмяжоўвацца адным адпаведнікам і там, дзе гэта магчыма, падаваў іх некалькі, спадзеючыся, што гэта дазволіць чытачу выбраць выслоўе з найбольш прыдатнай экспрэсіўна-стылёвай танальнасцю. Іншым разам беларускі адпаведнік можа падацца залішне аддаленым ад аналагічнага расейскага выслоўя ці семантычна звужаным у параўнанні з ім. Але ў пэўным кантэксце ён паспяхова выконвае ролю эквівалента, у чым няцяжка пераканацца.
Беларускія адпаведнікі ў межах слоўнікавага артыкула аддзеленыя адзін ад другога знакам роўнасці (зразумела, што гэтая роўнасць умоўная). У дужках падаюцца варыянты. Часам, калі гэта апраўдана, у якасці адпаведніка да расейскай фраземы дадаткова прыводзіцца нефраземнае словазлучэнне або нават адно слова (звычайна гэта дзеяслоў), але гэтакіх выпадкаў няшмат.
Пераважная колькасць беларускага фразеалагічнага і парэміялагічнага матэрыялу ўзятая з запісаў фалькларыстаў М.Федароўскага, І.Насовіча, А.Сержпутоўскага, Я.Ляцкага, Я.Тышкевіча, У.Дыбоўскага, Е.Раманава, П.Шпілеўскага, У.Дабравольскага, Ф.Янкоўскага і іншых. Параўнальна невялікая частка яго пачэрпнута з твораў мастацкай літаратуры, а таксама запісана мною ад сваіх бацькоў Хведара Санько і Зоні Кіршчэні.
«Першае цялятка - шчанятка», - сведчыць народнае выслоўе. Наколькі яно датычыць гэтае кнігі, няхай мяркуе чытач. Аўтар жа, разумеючы, што першая спроба не можа быць бездакорная, просіць дасылаць заўвагі ды прапановы, каб скарыстаць іх у далейшай працы.
Зьміцер Санько
