Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Книга Память - Быховский район.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
2.71 Mб
Скачать

3 Успамінаў ф. В. Гусева, былога начальніка медыцынскай службы Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы

У пачатку 1943 г. ў самых буйных партызанскіх атрадах 810-м і 425-м, якія дзейнічалі на правабярэжжы Быхаўшчыны, было ўсяго па два медработнікі. Ні адзін з іх не меў хірургічнай падрыхтоўкі. Медыкаментамі забяспечваліся ў асноўным толькі праз сувязных. Не было медыцынскіх халатаў, ручнікоў. У такіх умовах медработнікі рабілі амаль немагчымае, выратоўваючы жыццё параненых і хворых партызан.

Пасля аб'яднання атрадаў у 11-ю Быхаўскую партызанскую брыгаду пачалі папаўняцца рады партызанскіх медыкаў. А ў канцы 1943 г. ў Быхаўскай ВАГ было дзевяць медыцынскіх і чатыры ветэрынарныя ўрачы, дзевятнаццаць фельчараў, два фармацэўты, трыццаць восем ме-дыцынскіх сясцёр і санітарак. Гэта дало магчымасць арганізаваць санітарную службу ў атрадах, рыхтаваць на месцы санітараў, аказваць партызанам больш кваліфікаваную дапамогу. Праўда, наша работа ўскладнялася тым, што не было медыцынскай літаратуры.

Першая дапамога, як правіла, аказвалася на полі бою ротным фельчарам або санінструктарам з абавязковай праверкай параненага на камандным пункце ўрачом атрада або палка. Калі ў баявых аперацыях удзельнічалі ўсе часці і атрады, разам з імі ішоў увесь склад медработнікаў. Дапамога аказвалася і непасрэдна ў час бою, на падводах або ў бліжэйшых сялянскіх хатах.

Гарачы бой быў каля в. Студзёнкі. Некалькі партызан тады загінулі і больш дзесяці былі паранены. У цяжкім стане санітары даставілі ў в. Барсукі байца Яндоўскага. Адна куля прабіла яму руку. другая раструшчыла нагу. Марудзіць нельга было — пачыналася гангрэна. У вясковай хаце на ссунутых сталах тэрмінова пачалі аперацыю. Нагу ампутавалі, а руку ўдалося зберагчы.

Быў і такі выпадак. Атрады Вараб'ёва, Бархозава і Кісялёва арганізавалі засаду на Хаміцкім шляху. У разгар бою асколак снарада трапіў у жывот былому лётчыку партызану Барабанаву. Праведзеная ў палявых умовах аперацыя была паспяховай. Нам з фельчарам Пахомавай удалося раздабыць хірургічны набор, што дазволіла рабіць складаныя хірургічныя аперацыі.

Вядома, спецыяльнай аперацыйнай у нас не было. Звычайна ёю служыла зямлянка санчасці партызанскага атрада, а то і фурманка пад адкрытым небам. У нас амаль не было магчымасці эвакуіраваць параненых, таму лячылі іх у партызанскіх лагерах.

Лічылі мы сваім абавязкам і аказанне дапамогі насельніцтву. За кожным атрадам былі замацаваны вёскі, куды рэгулярна выязджалі або знаходзіліся там нашы медыцынскія работнікі. Асаблівы клопат аб грамадзянскім насельніцтве праяўлялі начальнік санслужбы 810-га партызанскага палка Собалева, урач Каран, медыцынскія сёстры Мяцеліца, Ягоранкава, Пахомава, Бабылёва, урачы 152-га партызанскага палка Жалудкова, Міронаў, Клепча, Сіненка і іншыя. Па іх ініцыятыве былі пабудаваны лазні, ізалятары. Партызаны 152-га палка спрабавалі наладзіць выраб мыла. Аднак з-за адсутнасці каўстычнай соды вымушаны былі спыніць яго. Усе мы актыўна выступалі ў «баявых лістках» з артыкуламі пра інфекцыйныя захворванні і меры барацьбы з імі.

Баявыя аперацыі, частыя маршы, працяглыя пераходы, адсутнасць мыла, бялізны, добрага абутку — усё гэта рабіла нашу работу ў шмат разоў цяжэйшай, патрабавала фізічнай загартоўкі, вытрымкі, нечалавечых намаганняў. А сярод медыцынскіх работнікаў большасць складалі жанчыны... Усе яны без выключэння — героі моцныя духам, міласэрныя, мужныя. Собалева, Жалудкова, Пахомава, Ясінецкая, Паддубская і многія іншыя за сваю нястомную, гераічную працу ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі.

Выпрабаванне

З баявой характарыстыкі Надзеі Міхайлаўны Лабенскай, медыцынскай сястры атрада імя В. I. Чапаева злучэння двойчы Героя Савецкага Саюза А. Ф. Фёдарава

«...У партызанскім атрадзе з ліпеня 1942 года. За час знаходжання ў партызанскім атрадзе тав. Лабенская Н. М. праявіла сябе смелай і дысцыплінаванай, вынослівай партызанкай. Удзельнічала ў баявых паходах атрада супраць нямецкіх акупантаў. Тав. Лабенская Н. М. праяўляла выключныя клопаты па аказанню медыцынскай дапамогі параненым і хворым партызанам. За адвагу і мужнасць у барацьбе з ворагамі Савецкага Саюза тав. Лабенская Н. М. прадстаўлена да ўрадавай узнагароды...

Камандзір атрада Кудзінаў

22.04.44 г.»

Усё, аб чым сказана ў скупых словах характарыстыкі, было пазней. А тады, пахмурным вераснёўскім днём 1941 г. Надзя Лабенская і Люда Біткоўская былі сведкамі, як па вуліцы роднай Ветранкі паліцаі вялі затрыманага акружэнца. Сяброўкі пераглянуліся: «Пагубяць хлопца. Трэба ратаваць».

...Задума ўдалася, і Надзя прывяла ў хату да свякрухі Эміліі Адамаўны пастаяльца. «Прабач мама,але інакш я паступіць не магла, - глядзела ў вочы жанчыне Надзя. I тая згадзілася, мо таксама ўявіла, што і яе сын, баец Чырвонай Арміі, мог трапіць у такое ж становішча.

Хутка іх пастаялец, палітрук Я. С. Арцёменка былы партыйны работнік, праз Надзю і Люду пазнаёміўся з мясцовымі патрыётамі Юрыем Мурашовым, Фёдарам Парыцкім, Сяргеем Горбачам, а праз іх звязаўся з Якавам Курпачэнкам.

У пачатку вясны 1942 г. пайшлі чуткі, што ў лясах з'явіліся партызаны. Гэта пачаў дзейнічаць атрад Якава Аксёнавіча Курпачэнкі, касцяк якога склалі акружэнцы і ваеннапалонныя, якія зімой 1941 г. знаходзіліся ў Ветранцы і навакольных вёсках. Акупантам кінулася ў вочы і знікненне пастаяльца Лабенскіх. Надзю схапілі і некалькі дзён трымалі пад арыштам. Але прамых доказаў аб сувязі яе з партызанамі ў ворага не было. Надзея вярнулася дамоў. Аднак на волі прабыла нядоўга. Неяк з партызанскага атрада Курпачэнкі прыйшоў сувязны з просьбай ад камандавання даставіць медыкаменты. Раздабыўшы іх, Надзя на світанні выбралася з Ветранкі і накіравалася ў лес. За паваротам стаяла разбітая машына. «Напэўна хлопцы папрацавалі»,— толькі паспела падумаць жанчына, як з засады выскачылі фашысты і паліцаі.

— Рукі ўгару!

Упаўшы нібы з перапуду, Надзя паспела сунуць у снег вузельчык з медыкаментамі. У руцэ застаўся толькі клуначак з бялізнай.

— Партызанская сволач! — пачалі тузаць за каўнер Лабенскую.

Надзя паказала пропуск, але гэта не дапамагло. Яе арыштавалі і адправілі ў быхаўскую турму. Пачаліся допыты. Фашысты падсадзілі ў камеру правакатара, які выдаваў сябе за камандзіра Чырвонай Арміі. Ён упэўніваў, што ёсць магчымасць уцячы, але не ведае, як знайсці дарогі да партызан. Надзя маўчала. Неўзабаве патрыётку перавялі ў магілёўскую турму. Не знайшоўшы ніякіх доказаў, фашысты выпусцілі яе.

Ветранка сустрзла яе нязвыклай цішынёй — усё дарослае насельніцтва пайшло ў партызаны. Трэцяга ліпеня 1942 г. прыйшла ў партызанскі лагер і Надзя. Партызанскі доктар Юрый Мурашоў залячыў ёй раны, якія засталіся пасля жорсткіх катаванняў. Потым Надзя сама лячыла хворых і параненых партызан.

Пасля прарыву блакады восенню 1942 г. партызаны адышлі на Браншчыну. Там Надзея Лабенская ваявала ў атрадзе імя Чапаева да злучэння з часцямі Чырвонай Арміі.

А. Гарошка.

Гэтага — не забыць

Настассі Мікітаўне Дзегцяровай выпаў суровы, незвычайны лёс. У гады ваеннай навалы вынослівасці 19-гадовай медыцынскай сястры (і адначасова ўрача, санітаркі) мог пазайздросціць любы партызан у атрадзе. А натхнёны паэт пакланіўся б міласэрнасці і душэўнай прыгажосці жанчыны-партызанкі (у канцы вайны ёй давялося стаць яшчэ і разведчыцай).

Не абыходзілі яе цяжкасці і пасля вайны — у напружаныя гады аднаўлення была старшынёй калгаса, узначальвала сельскі Савет. Палепшала жыццё, сталі загойвацца ваенныя раны, зноў вярнулася да адвечна жаночага абавязку — лячыць людзей. I перш-наперш міласэрнасцю, чуйнасцю, добрым словам...