Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Книга Память - Быховский район.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
2.71 Mб
Скачать

3 Успамінаў п. I. Бажэнава, былога партызана атрада г. I. Сазонава

Тэхнік-інтэндант другога рангу, я быў кантужаны ў палтаўскім «катле» ў кастрычніку 1941 г. і трапіў у палон. Разам з сябрам — старшыной Мікалаем Самарыным — чатыры разы спрабаваў уцячы з розных лагераў (адзін раз з самага страшнага на Украіне — Крамянчугскага). Апошні ўцёк 6 красавіка 1942 г. з лагера г. Александрыя Кіраваградскай вобласці быў удалым. Кірунак ўзялі на Беларусь. Пакуль дабраліся да Быхаўшчыны, нацярпеліся шмат прыгод, цудам вырываліся з лапаў гітлераўцаў. Ад сялян даведаліся, што ў Хачынскім лесе знаходзяцца партызаны, якія актыўна дзейнічаюць. Па дарозе каля хутара Пчэльня сустрэліся з Васілём Маро-завым і Мікалаем Сядовым — дэсантнікамі з групы лейтэнанта Мікалая Іванова, закінутымі сюды ў сакавіку. Тут і спыніліся, пачалі збіраць зброю. А ў пачатку чэрвеня жыхар Пчэльні Кузянкоў перадаў Марозаву, што з ім хоча сустрэцца чалавек. На сустрэчу пайшлі з Марозавым. Чалавек, які назваўся Багамазам (гэта быў Ілья Пятровіч Памятнёў), паведаміў, што днямі высадзілася дэсантная група Сазонава і з ёю аб'ядналіся групы — яго, Курпачэнкі і Гаўрылава. Камандзіру групы дэсантнікаў Сазонаву вядома месцазнаходжанне групы Іванова, і ён, Багамаз, упаўнаважаны дамовіцца з намі аб сустрэчы. На наступны дзень каля в. Смаліца мы ўліліся ў атрад Сазонава. Камісарам стаў батальённы камісар Палявы, начальнікам штаба — Курпачэнка. Памятнёў, які меў добрую сувязь з Магілёвам, стаў намеснікам Сазонава па разведцы і аргані-зацыйных пытаннях. Атрад пачаў баявыя аперацыі па ачыстцы раёна ад гітлераўцаў і паліцэйскіх. 3 Гіжэнскага лесу мы даставілі дзве 45-мм гарматы, снарады да іх, некалькі мінамётаў, станковыя і ручныя кулямёты, патроны. Пазней на шашы захапілі дзве варожыя аўтамашыны, на якіх з прычэпленымі гарматамі ездзілі на аперацыі. Па раёне пайшлі чуткі, што ў Дабужскім лесе высаджаны буйны дэсант. Да нас сталі ісці акружэнцы, ваеннапалонныя, мясцовае насельніцтва. У лес прыйшлі ўсе жыхары рабочага пасёлка Ветранка, большую частку якога складалі рабочыя шклозавода «Ільіч». Сярод іх сем'і Му-рашовых, Коцікавых, маладыя дзяўчаты Ляля Буранкова, Жэня Рыбакова, піянеры Сярожа Счыслёнак і Марат Казлоў, якія сталі мужнымі партызанамі, сапраўднымі героямі.

Дзякуючы значнаму колькаснаму росту атрада нам пад сілу сталі болыш буйныя і значныя аперацыі. Так, у чэрвені 1942 г. быў разгромлены карны атрад маёра Генрыха Саада. Гэты мацёры эсэсавец быў узнагароджаны жалезным крыжам. Кіраваў аперацыяй лейтэнант Курпачэнка. Тады ж быў забіты здраднік і кат Ува, былы начальнік Грудзінаўскай паліцыі, а потым памочнік каменданта Быхава.

Пасля разгрому карнага атрада фашысты сталі штодзённа бамбіць лес і в. Ветранка. Аднойчы «юнкерс» на развароце зачапіўся крылом за дом і разбіўся. Нашы мінёры замініравалі трупы лётчыкаў, і яшчэ восем фашыстаў падарваліся, калі прыехалі на бронетранспарцёрах падабраць забітых.

У пачатку ліпеня сяржанту Малькову, які з групай вяртаўся з задання, удалося падбіць з ручнога кулямёта варожы самалёт Ме-109, які на невялікай вышыні з'явіўся над партызанамі. [Ад рэдакцыі: паводле ўспамінаў А. А. Гарчакова (глядзі артыкул «Попел Красніцы») самалёт збіў кулямётчык А. Пакаціла. Не выключана, што так яно і было, паколькі агонь па самалёце вялі партызаны розных груп і з розных кропак.] Самалёт упаў каля в. Следзюкі, лётчык застаўся жывы, і яго немцы адвезлі ў Быхаў. Фашысты за дзёрзкасць партызан адпомсцілі мірнаму насельніцтву. Яны акружылі в. Красніца, якая знаходзілася ад лесу за 6—8 кіламетраў, і спалілі яе разам з жыхарамі.

Не спыняліся баявыя дзеянні нашых партызан і на шашэйных дарогах. У жніўні на шашы Гомель — Магілёў на міне падарвалася аўтамашына з фашысцкімі генераламі. 3 засады на шашы Масква — Варшава былі расстраляны дзве легкавыя машыны з афіцэрамі.

Баявыя дзеянні партызан усё больш і больш прыцягвалі патрыётаў з мясцовага насельніцтва. Неўзабаве з атрада Сазонава быў выдзелены атрад Курпачэнкі, а з атрада Мардашкіна — атрад лейтэнанта Дзюбы. 3 прыходам да нас атрада Фралова на левабярэжжы была арганізавана брыгада пад камандаваннем Сазонава. У яе ўвайшлі атрады Сазонава «Сокал», Мардашкіна «Голуб», Курпачэнкі «Стары», Дзюбы «Арол», Сямёнава «Чайка». 3 новымі сіламі партызаны ўдала правялі аперацыю «Маскарад» па разгрому паліцэйскага гарнізона ў Чырвоным Асаўцы, які прымаў удзел у знішчэнні Красніцы.

У нядзелю, калі ў гарнізоне праводзіліся заняткі (зборы), аўтамашына з пераапранутымі партызанамі (А. Гарчакоў у форме афіцэра СС, пяць чалавек у форме нямецкіх салдат, астатнія — з павязкамі паліцэйскіх на рукавах) пад'ехалі да вёскі. Кулямётны разлік, убачыўшы ў кузаве «нямецкіх» салдат і афіцэра, прапусціў нас школы, дзе размяшчалася ўправа. «Немец» і перакладчык» — Гарчакоў і Курпачэнка — узышлі на ганак школы, дзе іх сустрэлі ўраднік і стараста. Каля аўтамашыны засталіся два кулямётныя разлікі, я спыніўся ля плота, каб трымаць пад прыцэлам вуліцу і кулямётчыкаў на яе ўскрайку. Лейтэнант Казакоў непрыкметна разгарнуў у кузаве хуткастрэльны кулямёт на трынозе. Каля задняга борта машыны сядзеў Перісідскі са сваім станкачом. «Перакладчык» запрасіў паліцэйскіх ва ўправу. Калі яны пераступілі парог сенцаў, чацвёра партызан адабралі ў іх зброю. Кулямётчыкаў у вёсцы знялі без шуму. Так быў прыведзены ў выкананне прысуд здраднікам Радзімы.

У канцы жніўня партызаны брыгады адначасова нанеслі ўдар па двух буйных паліцэйскіх гарнізонах у Ніканавічах і Кузькавічах (у Кузькавічах загінуў мой зямляк кулямётчык Малькоў). У першыя дні верасня партызаны напалі на гарнізон у вёсцы Бахань.

У нас была і яшчэ адна моцная зброя, ідэалагічнага характару — партызанская кінаперасоўка і два кінафільмы: аб жыцці і дзейнасці С. М. Кірава і «Аляксандр Неўскі». Усё гэта багацце мы знайшлі ў заводскім клубе. За чатырыста кіламетраў ад фронту па сёлах левабярэжнай Быхаўшчыны раз'язджала кінаперасоўка. У час наступлення гітлераўскіх войск на фронце жыхары акупіраванай ворагам мясцовасці глядзелі сімвалічны фільм аб разгроме нямецкіх псоў-рыцараў на Чудскім возеры. Як клятва, як заклік з экрана гучалі словы: «Хто з мячом да нас прыйдзе, той ад мяча і загіне!» Фашысты неадступна палявалі за кінаперасоўкай, але завалодаць ёю так і не змаглі. «Аляксандр Неўскі» ідзе на баявую аперацыю»,— гаварылі партызаны, калі кінамеханік грузіў сваю тэхніку на фурманку. Так яно і было на самай справе. I лепшай агітацыі нельга было прыдумаць. А пакуль ішоў фільм, партызаны з кулямётамі ахоўвалі падыходы да вёскі.

...Праз два дні пасля разгрому гарнізона ў в. Бахань часці 28-га механізаванага корпуса СС пачалі карную аперацыю супраць партызан. Атрад Фралова сустрэў ворага яшчэ на далёкіх подступах да лесу ў раёне в. Боўкі і на дарозе з Красніцы на Трылесіна. Пасля цяжкага бою партызаны па балоце адышлі ў лес каля в. Дабужа, дзе знаходзіліся нашы галоўныя сілы. Вораг наступаў. Пачаўся бой за лес. Маючы толькі лёгкае ўзбраенне мы не маглі доўга супрацьстаяць адборным эсэсаўскім часцям. Замініраваўшы дарогу, атрады адышлі за раку Ухлясць. Ноччу фарсіравалі раку Проню і ўвайшлі ў Гіжэнскі лес. За Сожам Сазонаў прыняў рашэнне групамі прабірацца ў Клятнянскія лясы на Браншчыну...

Попел Красніцы

З успамінаў былога партызана-разведчыка А. А. Гарчакова

Вядомы савецкі празаік і кінадраматург Авідзій Аляксандравіч Гарчакоў у гады Вялікай Айчыннай вайны прайшоў ляснымі дарогамі Беларусі шмат кіламетраў у складзе 1-й Быхаўскай партызанскай брыгады. Правобразамі многіх герояў кніг пісьменніка сталі сябры-партызаны, баявыя паплечнікі па зброі.

Наша дыверсійна-разведвальная група ездзіла ноччу на гаспадарчую аперацыю пад Чавусы. У лагер вярнуліся апоўдні. Вартавы ля Гарбатага моста, здаровы хлопец з Красніцы, стаяў на пасту і плакаў. У адказ на нашы недаўменныя пытанні ён сказаў:

— Фашысты спалілі Красніцу... Сёння раніцай... 3 усімі жыхарамі...

Гэта вестка аглушыла нас. Мы нібы пачулі крыкі людзей, гул пажару, трэск пальбы, ля-мант звар'яцелых ад лютасці і страху немцаў і паліцаяў. I ліпеньскі поўдзень пацямнеў раптам.

Усіх? — перапытваў я вартавога, які сутаргава ўчапіўся ў бакавіну воза.

Пагалоўна! — адказаў вартавы мёртвым голасам.— Вось жа справа выйшла. Памятаеце, Сашко Пакаціла самалёт іхні збіў над Красніцай?

Вось за тое і спалілі эсэсаўцы ўсю нашу вёску да сіняга пораху...

Кулямётчыка Сашко Пакацілу мы ўсе добра ведалі. Лейтэнант-акружэнец, ён адным з першых прыйшоў у мясцовы атрад Якава Аксёнавіча Курпачэнкі. Памятаю, як яму ўдалося збіць той «месер». Наша група сустрэлася ў тую раніцу непадалёку ад Красніцы з групай Аксёнавіча. Мы вярталіся дамоў, у лагер, пасля мініравання шашы Магілёў — Гомель, а Аксёнавіч ноччу «раскурочыў» маслазавод, здаецца, у Доўгім Моху. Стаім, курым, а тут якраз гэты «Ме-109» ляціць з усходу амаль на брыючым. Ясна бачым нумар на фюзеляжы, чорныя крыжы на крылах, свастыку на хвасце, абведзеную жоўтай фарбай. «Ме-109» — аднаматорны знішчальнік, скорасць — да шасцісот кіламетраў у гадзіну, узброен гарматай і двума кулямётамі.

— Дазволь — спалохаю,— гаворыць Пакаціла Аксёнавічу, здымаючы «ручнік» з пляча.

— Дазваляю,— адказвае,— калі саб'еш.

РПД мог паражаць самалёты на дыстанцыях да пяцісот метраў. Рабіў ён да васьмідзесяці выстралаў у мінуту. Звычайна дазвалялася страляць кароткімі чэргамі.

Сашко Пакаціла ўстанавіў прыцэл, паклаў дула «дзегцяра» на плячо нашага атраднага волата Віцькі Токарава, прыцэліўся як след (на сто метраў вышыні — адзін корпус самалёта апя-рэджання), даў доўгую на ўвесь дыск чаргу, цэлячыся ў матор і ў жоўтае кляпанае чэрава, і ўсе мы са здзіўленнем убачылі, як «месер» распусціў чорны шлейф дыму і пайшоў на вымушаную пасадку. Прызямліўся «месер» далёка за пералескам, і мы не паспелі схапіць пілота. Паранены, ён дабраўся да свайго аэрадрома пад Старым Быхавам і ўсё расказаў. Немцы адразу змянілі сваю паветраную трасу, якая пралягала паміж Старабыхаўскім і Сешчынскім аэрадромамі акурат над Красніцай, у той жа дзень пачалі аблёт і бамбёжку нашага Хачынскага лесу.

Сашко Пакаціла хадзіў імяніннікам.

— Ну, Сашка, ордэн Айчыннай вайны першай ступені табе забяспечан! — гаварылі яму хлопцы.— Уяўляеш, колькі бензіну і бомб фрыцы патрацяць на наш лес?!

Толькі Аксёнавіч не радаваўся разам з усімі.

— Баюся, каб гады не адпомсцілі Красніцы,— шчыра прызнаўся ён.— У мяне ў гэтай Красніцы многа родных, і родная Смаліца побач. А фашысты любяць помсціць.

I вось Красніцы больш няма.

— Народ увесь у лугах працаваў,— расказваў скрозь слёзы хлопец з Красніцы,— адны старыя ў вёсцы заставаліся, калі германы панаехалі. Тады гэтыя гітляругі падманам паслалі дзядоў па жыхароў: няхай, маўляў, усе спакойна прыйдуць на сходку, зямлю дзяліць будуць. А хто не прыйдзе, таму і зямлі не будзе. I старыя, курыная слепата, паверылі душагубцам, угаварылі народ. А калі сабраліся ўсе, вось тут і пачалося. Акружылі, мужыкоў амаль усіх у калгасную пуню загналі і там расстралялі. Астатніх па хатах развялі і забіваць пачалі чым папала — гранатамі, з аўтаматаў, з кулямётаў. Усіх падпалілі, усю вёску спалілі. У нашай сям'і, акрамя мяне, сямёра душ было, малодшай сястрычцы, Алесі, годзік усяго. Нікога ў мяне на свеце не засталося. Падмяніў бы з вас хто мяне, а? Прыбраць хоць костачкі...

Усе мы адразу павярнулі нашы вазы з дарогі, якая вяла да лагера, скінулі ўвесь наш груз і пагналі коней ва ўсю моц праз Гарбаты мост па Хачынскім шляху ў Красніцу.

...Яны стаялі ўздоўж Хачынскага шляху, які перасякаў Красніцу. Жанчыны ўсіх узростаў — маладухі-салдаткі, цёшчы і свякрухі, старыя прабабкі, белагаловыя дзеці, падлеткі. Не так ужо часта заязджалі да іх немцы, толькі летам мінулага года, у ліпені, прамчаліся на ўсход, у Прапойскі раён, у абход Магілёва. Усе яны, жыхары Красніцы, былі суседзямі, добра ведалі адзін аднаго. Стаялі ў даматканых кашулях, спадніцах і штанах, у лапцях з белымі анучамі і чорнымі аборамі, але больш — босыя. Глуха хваляваўся натоўп. Усіх не арыштуюць... Мы ні пры чым. Мы іхнія законы не парушалі. Гады! Напэўна, будуць браць заложнікаў. На машынах прыехалі — могуць адвезці ў лагер, а то і ў нямеччыну пагоняць. Не, машыны ў іх бітком набітыя, у машынах яны самі едуць. Можа, народ за машынамі пагоняць?

— Шнэль! Раус! Шнэллер!..

Эсэсаўцы выкрыквалі нейкія каманды, перастройваліся, устанавілі два буйнакаліберныя ку-лямёты, некалькі ручных. А потым раптам пасыпаўся на натоўп свінцовы град. Сарваліся з дахаў і паляцелі чорна-белай чарадой буслы і вароны. Крыкі і плач заглушылі кулямётныя і аўтаматныя чэргі. На тварах ахвяр застывалі пакуты, жах, здзіўленне. Сціхалі крыкі, стогны і плач, перадсмяротныя хрыпы.

Па камандзе эсэсаўцы рассыпаліся па вёсцы. Цяпер расстрэльвалі людзей у дварах і хатах. Дабівалі хворых і старых. Забівалі дзяцей у калысках. Кідалі гранаты ў скляпы. Хто не загінуў ад гранаты, паміраў ад дыму. Прачэсвалі шквалам аўтаматнага агню гарышчы. Паліцаі вы-ганялі на вуліцу кароў, коней, жывёлу. Потым эсэсаўцы падпальвалі хаты бутэлькамі з самазапальнай сумессю, аблівалі старыя сасновыя бярвёны бензінам з аўтамабільных каністраў. Над вёскай валіў дым — чорны, шэры, жоўты. Некаторыя спрабавалі ўцячы праз агароды, але ўсюды былі расстаўлены кулямётчыкі. Аўтаматчыкі прастрэльвалі нават барозны паміж градкамі на агародах. Ад гарачыні лопаліся шыбы ў вокнах. Вогненны смерч скручваў целы зажыва спаленых. Цяжкі смурод паплыў па вёсцы. Быццам чорны снег, ляцелі камякі гару, і сонца свяціла, як у час зацьмення...

Калі мы прыехалі ў Красніцу, папялішча яшчэ дымілася. Я падышоў да знаёмых веснічак. Яны былі сарваны, а за імі — нічога. Адна печ ды груды абпаленых бэлек дымяцца. I пачарнелыя кусты і дрэвы ў палісадніку са скручанай лістотай. Я агледзеўся. Усё знікла! Ветлівыя жыхары Красніцы. Старыя дзедаўскія хаты з вокнамі, якія сустракалі столькі пагодлівых і пахмурных досвіткаў. 3 запечнымі цвыркунамі і гнёздамі. 3 вячэрнімі спеўкамі дзяўчат. Асірацелыя сцежкі, па якіх яшчэ ўчора тупалі ружовыя пяткі мурзатых малышоў... Цяпер абрываюцца гэтыя сцежкі на краі чорнага пажарышча. Сотні чалавечых сэрцаў, якія раптам перасталі біцца, чалавечыя косці ў яшчэ гарачым попеле...

Па вуліцы наш атрадны ўрач Юрый Мікітавіч Мурашоў і яго жонка медсястра Люда вядуць пад рукі сівую жанчыну з перавязанай парашутным шоўкам галавой. I рукі ў яе ў бінтах. Страш-ным голасам крычыць яна:

— Дзіцячыя анёлавы душы іх праклялі! Будзьце вы праклятыя, праклятыя, праклятыя!..

— Адна з сям'і засталася,— шэпча мне ўрач, выціраючы пот з твару.— Звяр'ё! Звяр'ё! Сто дзевяноста восем двароў — дашчэнту. Амаль дзвесце чалавек! Цудам выратаваліся Шадзькоў Сямён, Зеляпужын Яўціхій, Бекарэвіч Ганна, Перапечына вось Лукер'я...

Губы ва ўрача трасуцца, позірк амаль такі ж вар'яцкі, як у Лукер'і... Амаль дзвесце чалавек!

Ці мог тады ведаць Юрый Мікітавіч, што такі ж лёс напаткаў і яго пасёлак Ветрынку, з якога ён пайшоў да нас у атрад, рабочых шклозавода «Ільіч», якіх ён лячыў да вясны сорак другога.

Наша партызанка-разведчыца Вера Бекарэвіч плача, цалуе абпаленыя рукі старой маці, абдымае пляменнікаў — Уладзіка і Лёню. Яны ў шоку, глядзяць дзіка — бабуля іх з агню выцяг-нула...

На дарозе, у пыле валяюцца рамкі з рэшткамі мёду. Гэта падпальшчыкі, факельшчыкі аб'ядаліся ім. Аб'ядаліся і сплёўвалі воск. Не смак мёду — смак попелу адчуваўся ў роце. 3 калодзежа вады не вып'еш — забіта чыстая крыніца чорным попелам. За абгарэлай яблыняй паказаліся двое. Наперадзе з пачарнелым тварам ідзе Валодзя Шчаўкуноў. За ім... ды гэта Лявон Сілівонавіч! Яны нясуць, як насілкі, сарваныя з петляў веснічкі, а на іх штосьці чорнае, абпаленае, скурчанае. Не, я не магу, у мяне не хапае сіл на гэта глядзець!..

Рукі ў дзеда абпалены, у вялікіх пухірах і струпах — капаўся, відаць," у вуголлі, у сажы белая барада. Запэцканая сажай кашуля расшпілена на ўпалых грудзях, на шыі вісіць медны крыж на суравым шнурку. Позірк вар'яцкі, рот скошаны ў крывой усмешцы.

- Уся вось згарэла,— мармыча ён, падымаючы на мяне блакітныя вочы, поўныя слёз.

- Дзявочы залаты пярсцёнак амаль зусім расплавіўся, а пацеркі я сабраў... Нітка згарэла, дык я пацеркі сабраў. А я, стары, цэлы!.. Яе няма, а я цэлы!.. Выходзіць, няма бога! Ці памёр ён... А пчолы бунтуюцца, бунтуюцца пчолы...

Я штосьці гавару дзеду, але дзед не чуе мяне. А Шчаўкуноў — на яго рукі таксама страшна глядзець — мёртвым голасам выдыхае:

— Ён на лясной пасецы быў, таму і застаўся жывы. Звар'яцеў дзед...

А ў Валодзькі вочы таксама вар'яцкія:

— Капаліся ў вуголлі. Ад болю, разумееш, сэрца ў мяне ў абпаленых руках білася. I здавалася мне, быццам гэта яе сэрца ў вуглях...

Ледзь чутна хрыпіць стары:

— Я бачыў іхні флаг фашысцкі — чырвоны, чорны і белы. Чырвоны агонь, чорныя вуглі, белыя косці...

Я не магу глядзець на Лявона Сілівонавіча і на Валодзю. I на тое, што на насілках.

А ўдалечыні, заміраючы, разносіцца над папялішчам працінаючы душу крык: — ...праклятыя, праклятыя, праклятыя!..

Пад светлым попелам пульсуе, успыхвае языкамі жар. Абпаленыя вянцы, кавалак старажытнай іконы Хрыста-збавіцеля з чорнай ад дыму фольгай.

У велізарнай брацкай магіле — не брацкай, бадай, а сямейнай, агульнавясковай — хавалі мы абпаленыя астанкі. Дацямна быў я на пажарышчы, варочаў яшчэ тлеючыя галоўкі бэлек, разам з партызанам з Красніцы, які стаў у адзін дзень круглым сіратой, выносіў у плашч-палатцы нечыя абгарэлыя астанкі. Пот змываў куродым з нашых твараў, пёк абпаленыя рукі, капаў на зморшча-ныя ад гарачыні, вымазаныя сівым попелам боты.

Цямнее. I тут і там чырвона і злосна мігцяць вуглі. Над змрочным пажарышчам, цяжка ўздыхваючы ружовымі ў апошніх промнях сонца крыламі, пралятае бусел. На шляху ясны след ад нямецкіх машын — бюсінгаў, опеляў, адлераў... і ўсюды — сляды вермахтаўскіх ботаў. іх змые першы ж летні дожджык. У тую мінуту мне вельмі захацелася пайсці па слядах карнікаў, дагнаць іх, забіваць, бязлітасна забіваць...

Праз многа гадоў пасля вайны, працуючы ў нашых ваенных архівах над трафейнымі нямецкімі дакументамі, я знайшоў сакрэтныя загады тых, хто спапяляў Красніцу. Імя галоўнага ката: СС-обергрупенфюрэр і генерал паліцыі Эрых фон дэм Бах-Зялеўскі.

Бой у Ніканавічах