- •Глава2.Сінтаксічная характарыстыка фразеалагізмаў……………..14
- •1.1 Тыпы фразеалагізмаў па іх суадноснасці з часцінамі мовы
- •1.1.1 Назоўнікавыя фразеалагізмы
- •1.1.2 Дзеяслоўныя фразеалагізмы
- •1.1.3 Прыслоўныя фразеалагізмы
- •1.1.4 Выклічнікавыя фразеалагізмы
- •2. Сінтаксічная характарыстыка фразеалагізмаў
- •2.1 Фразеалагізмы, суадносныя са структурай словазлучэння
2. Сінтаксічная характарыстыка фразеалагізмаў
Знешне, па сваёй будове фразеалагізмы, у якіх ужыты назвы раслін падобныя або на разнастайнага характару злучэнні слоў, або на сказы. Напрыклад, як і ў адпаведным свабодным словазлучэнні, у фразеалагізме рэдзьку драць[12,с.345] граматычна галоўным структурным элементам выступае дзеяслоўны кампанент драць, які звязваецца з залежным ад яго кампанентам рэдзьку сувяззю беспрыназоўнікавага кіравання. Гэта фразеалагізм са структурай словазлучэння.
Калі ж разглядаць фразеалагізм на вярбе грушы растуць [12,с.291],то можна бачыць, што ён структурна арганізаваны як сказ, у якім кампанент грушы адпавядае дзейніку,растуць–выказніку. Гэта фразеалагізм са структурай сказа.
У некаторых жа фразеалагізмах няма ні граматычна галоўнага, ні граматычна залежнага кампанента, напрыклад: якога хрэна[13,с.534],у яблыкі(-ах) [ 13,с.591],на корані[12,с.519], у корані[12,с.519] і г.д . Гэта фразеалагізмы са структурай спалучэння слоў.
Фразеалагізмы з назвамі раслін паводле структуры суадносяцца: а) са словазлучэннямі (куст альховы [12,с.552],зязюльчын лён[12,с.573] ), б) са сказамі (асіна плача[12,с.81],на вярбе грушы растуць[12,с.291] і г.д), в) са спалучэннямі слоў (якога хрэна[12,534],у яблыкі(-ах) [13,с.591],на корані[12,с.519], у корані[12,с.519]). Інакш кажучы, фразеалагізмы падзяляюцца на тры структурна-граматычныя разнавіднасці: фразеалагізмы-словазлучэнні, фразеалагізмы-сказы, фразеалагізмы-спалучэнні. Кожная разнавіднасць характарызуецца некалькімі структурнымі тыпамі, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на шэраг структурных мадэляў. За кожным фразеалагізмам замацавалася свая структура.
2.1 Фразеалагізмы, суадносныя са структурай словазлучэння
Гэта самая шматлікая структурна-граматычная разнавіднасдь фразеалагізмаў.Выразы гэтай разнавіднасці ўтварыліся па структурных схемах усіх шасці тыпаў словазлучэнняў, вядомых у сінтаксісе, аднак адны з гэтых тыпаў і асабліва мадэляў сярод таго ці іншага тыпу вельмі пашыраныя, другія – менш прадуктыўныя, трэція – зусім рэдкія.
Паміж кампанентамі ў фразеалагізмах-словазлучэннях можа быць сувязь дапасавання (пень асінавы[13,с.172],пень бярозавы[13,с.172],пудзіла гарохавае [13,с.231],крапіўнае семя[13,331] і г.д ), кіравання (рассыпацца макам[13,267],сядзець на бабах[13,425], даваць дуба[12,с.310] і г.д). Праўда, такая сувязь носіць чыста фармальны характар і гэтым адрозніваецца ад сінтаксічнай сувязі ў свабодных словазлучэннях. Параўнаем два сказы: 1) Дубавец стаіўся,рашыў перачакаць. Няхай пойдуць Сямёнавы сыны- тады вышмыгне. Ён не жадаў паказвацца ім. З бацькам, з Сямёнам,значыцца,рэдзьку драў, а дзяцей цураўся. Калодзежны. 2) Пайшоў дзед рэдзьку драць : цягне-пацягне, выцягнуць не можа.(Руская народная казка). У першым прыкладзе кампаненты фразеалагізма рэдзьку драць (‘злосна сварыцца’) не маюць самастойнага значэння, дэсемантызаваліся і запазычылі ад свабоднага словазлучэння толькі фармальна-структурны тып сінтаксічнай арганізацыі. У другім прыкладзе граматычная сувязь паміж словамі рэдзьку і драць, ужытымі з прамым значэннем, мае рэальны характар: дзеяслоў драць удзельнічае ў стварэнні гэтай сувязі сваім фармальным і сэнсавым бокам.
Пераважаюць двух- і трохкампанентныя выразы з назвамі ралін. Сярод двухкампанентных выразаў самую прадуктыўную мадэль складаюць фразеалагізмы, утвораныя па структурнай схеме “дзеяслоў + назоўнік у творным склоне”: абрастаць мохам[12,с.43],падаць лістам [13,с.114],рассыпацца макам[13,267] і інш. У другой, менш пашыранай мадэлі, залежны кампанент-назоўнік стаіць у вінавальным склоне: даваць гарбуз[12, с.303],драць рэдзьку[12,с.345].
Трохкампанентныя фразеалагізмы са структурай дзеяслоўнага словазлучэння ўтвараюць больш-менш прадуктыўных мадэляў і непрадуктыўных. Найбольш тыповая схема трохкампанентных фразеалагізмаў – “дзеяслоў + прыназоўнік (у, на, з, да, па, пад, праз, аб, ад, над, перад, паміж, міма, папярок, без, супраць) + назоўнік у пэўным склоне”: сядзець на бабах [13,425] і інш.
Другі тып, таксама даволі пашыраны – гэта фразеалагізмы са структурай назоўнікавага словазлучэння. Большасць з іх па суадноснасці з часцінамі мовы належаць да назоўнікавых: пень асінавы [13,с.172], пудзіла гарохавае [13,с.231], пудзіла гарохавае [13,с.231]і інш.
У гэтым структурным тыпе найчасцей сустракаюцца двух- і трохкампанентныя фразеалагізмы.
Пераважная большасць двухкампанентных фразеалагізмаў утварылася па мадэлі “назоўнік у назоўным склоне + атрыбутыўнае слова (прыметнік, займеннік)”: адамаў яблык[13,с.591],куст альховы[12,с.552],зязюльчын лён[12,с.573],бярозавая каша[12,с.501] і інш.
Многія фразеалагізмы ўтвараліся са спалучэння назоўніка ў назоўным склоне з назоўнікам у родным склоне:яблык разладу[ 13,с.591] і г.д.
Трохкампанентныя фразеалагізмы можна падзяліць на дзве групы. У першую
групу ўваходзяць выразы, утвораныя па структурнай схеме “прыназоўнік
(на,у, да, за, ад, без, пад, па, пры) + атрыбутыўнае слова + назоўнік у пэўным
склоне”: на макава зерне[12,с.437],з макава(-ае) зерне[12,с.437] і інш.
Другая група аб'ядноўвае мадэлі“назоўнік у назоўным склоне + прыназоўнік
(на, у, без, з, над, са, па) і назоунік у пэўным ускосным склоне”: салома ў
галаве [13, с. 307], грушы на вярбе[12,с.291] і інш.
Трэці тып – фразеалагізмы з назвамі раслін са структурай прыслоўнага словазлучэння. Сюды ўваходзяць і выразы
са структурай параўнальнага звароту, напрыклад: як (што) гарох аб сцяну(аб сценку) [12,с.262], як рэпу грэзці[12,с.262], адскокваць, адлятаць як(што)гарох ад сцяны(сценкі) [12,с.262].
Такім чынам, фразеалагізмы-словазлучэнні, у якіх ужыты назвы раслін тоесныя ў структурных адносінах з адпаведнымі свабоднымі словазлучэннямі і як бы паўтараюць шмат якія сінтаксічныя мадэлі. Але, з другога боку, многія мадэлі, тыповыя ў сінтаксісе свабоднага словазлучэння, аказваюцца нізкачастотнымі, а найчасцей неўжывальнымі ў фразеалогіі.
Заключэнне
У выніку даследавання фразеалагізмаў, у якіх ужыты назвы раслін (68 адзінак), быў праведзены іх аналіз марфалагічных асаблівасцей і сінтаксічнай функцыі ў сказе
Паводле марфалагічнай характарыстыкі былі выдзелены наступныя тыпы: фразеалагізмы, суадносныя з часцінамі мовы (прыслоўныя,дзеяслоўныя, назоўнікавыя ,выклічнікавыя,) і фразеалагізмы, несуадносныя з часцінамі мовы.
Такім чынам, паводле суадноснасці з часцінамі мовы шматлікую групу складаюць дзеяслоўныя фразеалагізмы, астатнія прадстаўлены найменшай колькасцю.
Назоўнікавыя фразеалагізмы (пень асінавы, пудзіла гарохавае і інш.) выражаюць агульную катэгорыю прадметнасці, якая дапаўняецца і канкрэтызуецца прыватнымі катэгорыямі роду, ліку і склону. Граматычны род праяўляецца ў дыялектычным адзінстве зместу і фармальных сродкаў яго выражэння і не залежыць ад семантыкі фразеалагізма. Катэгорыя ліку выражаецца амаль у адной і той жа форме – у форме адіночнага ліку. Значныя абмежаванні, абумоўленыя семантычнымі, сінтаксічнымі ці структурнымі асаблівасцямі фразеалагізмаў, назіраюцца ў рэалізацыі склонавых форм.
Усе дзеяслоўныя фразеалагізмы (абрастаць мохам,сядзець на бабах і інш.) ужываюцца толькі ў неазначальнай форме, бо рэалізуюць сваё значэнне пры строга акрэсленых словах-суправаджальніках. Характарызуюцца праз катэгорыі трывання, часу і ладу.
Прыслоўныя фразеалагізмы належаць да азначальнай і якаснай семантычных груп (як макаў цвет, як гарох аб сцяну і інш.). Рэалізуюць уласцівае iм значэнне толькі ў спалучэнні са словамі-суправаджальнікамі, а менавіта дзеясловамі.
Выклічнікавыя фразеалагізмы (якога хрэна і інш.) выконваюць не менш важную ролю, чым іншыя фразеалагізмы, выражаючы розныя пачуцці і волевыяўленні, але не абазначаючы і не называючы іх. З сінтаксічнага боку яны не звязаны з іншымі словамі, не з’яўляюцца членамі сказа і займаюць у ім ізаляваную пазіцыю.
Улічваючы тое, што знешне, па сваёй будове фразеалагізмы падобныя або на разнастайнага характару злучэнні слоў, або на сказы, мы правялі яшчэ і сінтаксічную характарыстыку фразеалагізмаў.
Паводле структуры сярод фразеалагізмаў выкарыстоўваюцца 3 разнавіднасці фразеалагічных адзінак: фразеалагізмы, суадносныя са структурай словазлучэння;фразеалагізмы, суадносныя са структурай спалучэння слоў; фразеалагізмы, суадносныя са структурай сказа.
Такім чынам, фразеалагізмы, у якіх ужыты назвы раслін складаюць шматлікую групу фразеалагічных адзінак і з’яўляюцца адным са спосабаў узбагачэння мовы і выступаюць як агульнамоўныя сродкі яе выразнасці і эмацыянальнасці.
Фразеалагічныя адзінкі ўжываюцца ў мове не з мэтай ахарактарызаваць прадмет намінацыі, які ў большасці выпадкаў ужо вызначаны словам або словазслучэннем слоў, фразеалагізмы разглядаюцца як знакі другаснай намінацыі,якія валодаюць вобразна-экспрэсіўным,абагульняючым, характарызуючым значэнне. Пры дапамозе фразеалагізмаў гаворачы перадае свае адносіны, эмоцыі да прадмета намінацыі. Эмацыянальнасць і ацэнка неразрыўна звязаны.
Правільна і да месца ўжыты фразеалагізм надае мове непаўторную своеасаблівасць, адметную выразнасць,трапнасць, вобразнасць. Вывучэнне фразеалогіі з’яўляецца неад’емнай часткай засваення мовы і павышэння яе культуры.
Дадатак А Слоўнік фразеалагізмаў беларускай літаратурнай мовы з назвамі раслін.
1.Абрастаць (абрасці) мохам. Разм. Ужыв. Пры дзейн. Са знач. Асобы. 1. Неадабр. Адставаць ад жыцця, духоўна апускацца. Вы не заўважаеце, што Пётр Іванавіч абрастае мохам, адмяжоўваецца ад калектыву “сямейнай сцяной”. “ЛІМ”. –Сядзеў бы і сядзеў на свім месцы. –Мохам абрастаем, Рыгор. Старэем. Караткевіч. Сцяпан не помніць, калі, з якога часу той Жогла, якога баяліся ў наваколлі ўсе пасляваенныя зладзеі, самагоншчыкі і п’яніцы, аброс мохам, стаў тоўсты, мяккі, добры для ўсіх- і для начальства, і для людзей. А.Жук. 2. Адабр.і неадабр.Станавіцца багацейшым, разжывацца. –Дык ты, напэўна, ужо даўно тут жывеш? – Не так і даўно, а мохам крыху аброс. Амаль два гады, як у гэты горад завітаў. А на адным месцы, як кажуць, і камень абрастае. Аношкін.[12,с.43]
2.Адамаў яблык. Мн.не ўжыв.Дзейн. і вык.Разм.Цвёрды выступ на горле ў мужчыны;кадык.Твар у Андрэя быў спакойны.Толькі хадзіў пад скурай адамаў яблык. Караткевіч.[13,с.591]
3.Аднаго поля ягада(-ы,-ка,-кі). Вык. Разм.Часцей неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. Вельмі падобныя адзін на аднаго ў якіх-н. адносінах. Сін.: абое рабое;аднаго крою;адным лыкам шытыя; адным мірам мазаны. Ант.: з іншага цеста <спечаны>; не з таго цеста зроблены. “Штрафаваць такіх трэба, судом судзіць!- з пагардай падумала Надзя і схамянулася:- Дык жа і сама цяпер аднаго поля ягада…”Аношкін. [13,с.591]
4.Асіна <горкая, сухая> плача па кім. У безас. Ужыв. Разм.Пагард. Хто-н. заслугоўвае павешання. Сін.:вяроўка плача па кім; вісельня плача па кім. –Судзіць гадаў!..-Які там суд?Асіна па іх даўно плача, -закрычаў Цярэшка. Грахоўскі. Хойдзер атрымаў 15 год турмы, хоць па ім даўно асіна плача…Новікаў. Па табе і твайму сынку даўно сухая асіна плача. Добан. Няма чаго з ім валаводзіцца. Па ім даўно плача горкая асіна…Гурскі. [12,с.81]
5.Бярозавая каша. Мн.не ўжыв. Часцей дап. Разм. Іран. Розгі обо дубец, рэмень і пад. На гэты раз і я, і мама даруем табе ўсё, а калі паспрабуеш браць яшчэ што-небудзь без дазволу, то пакаштуеш бярозавай кашы. Пальчэўскі. [12,с.501]
6.Бярозаю ліцца. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. Горка плакаць. Сін.:аблівацца слязамі, вачэй не асушваць; пець рэпку; пускаць слязу. Мужчына,- а каб бачылі, як ён ды, бедны, бярозаю ліўся, як дзетак страцілі? Пабілі ўсю сямейку. Дык плакаў плачам. Янкоўскі. [12,с.580]
7.Біць (убіць) асінавы кол у магілу каго,чаго. Разм. Пагард. Ужыв пры дзейн. са знач. асобы ці абстр. прадмета. Канчаткова пазбаўляцца ад каго-,чаго-н.,знішчаць каго-,што-н. Сёння грамадства сапраўды хоча забіць асінавы кол у магілу беззаконнасці. Калеснік. [12,с.382]
8.Грушу(-ы,грушкі) на вярбе вярзці. Дап. Разм. Іран. (Вярзці,гаварыць) небыліцы,недарэчнасць. Сін.:смаловы дуб плесці.Гаспадыня маўкліва згаджаецца, дагадаўшыся, што пані Даміцэля “вярзе грушу на вярбе”. Колас. Мо перастаў бы верзці грушкі на вярбе? Янкоўскі.[12,с.291]
9.Даваць (даць) гарбуз каму;надаваць гарбузоў каму. Разм. Іран.Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. Адмаўляць таму, хто сватаецца. Да яе [Настахі] прыходзілі ў сваты вясковыя хлопцы, але яна ўсім давала “па гарбузу”-наадрэз адмаўляла. Капыловіч.[12, с.303]
10.Даваць дуба;даць (урэзаць) дуба. Праст. Ужыв. пры дзен. Са знач. асобы. Паміраць. Сін.:Аддаваць богу душу;аддаваць канцы(у 3 знач.);адыходзіць у іншы свет;задзіраць ногі.-Вы на тым пяску-сыпуне праз год закукуеце,-прарочылі старэйшыя,-за імшарынай, на падзоле,напраўду дуба дасце.-І ўсё ж людзі падзяліліся. Адны перайшлі на пясок-сыпун, не збаяўшыся “праз год закукаваць”, другія падаліся на падзол, разважаючы, якая розніца, дзе “дуба даваць”, трэція, вядома, засталіся на месцы перадзелу. Праскураў.[12,с.310]
11.Даваць (задаваць) перцу каму; Даць (задаць) перцу каму. Праст. 1. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. Моцна сварыцца на каго-н., рэзка прабіраць. Во, бачыді, Цар-баба пайшла. Кажуць, у школе колісь-то вучыла. О, то яна, кажуць, перцу давала. Гілевіч. 2. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці адуш. Прадмета. Сурова распраўляцца з кім-н.,бязлітасна біць,караць каго-н.От гэтыя хлопцы дадуць дык дадуць перцу фашыстам. Сабаленка. [12,с.312]
12.Дулю (кукіш,фігу) з макам. Праст. Груб. 1. Дап. Зусім нічога не (атрымаць,даваць і пад.). Сін.:гула асмаленая;дулю з маслам (у 1 знач.);курыную сісю і тую не ўсю. Вы за гэта грошы аграбаеце з казны. А мне…дулю з макам даяце. Знайшлі дурня… Каваленка. 2. У знач.адмоўн.слова-ск. Не, зусім не. Выказваннне катэгарычнага адмаўлення, пярэчання і пад. Сін.:дулю з маслам(у 2 знач.).А каб прылашчыць, дык фігу з макам, перасылаюць адна да адной, нібы той футбольны мяч. Зуб. [12,с.348]
13.Ёлкі зялёныя. Адз. не ўжыв. Выкл. Праст. Вокліч захаплення,здзіўлення,прыкрасці і пад. Сін.:авохці мне;ёлкі-маталкі;ёлкі-палкі. Што ты,ёлкі зялёныя, як хлапчук з далёкага хутара:не пайду, саромеюся. Цяжкі. [12,с.372]
14.Ёлкі-маталкі. Адз. не ўжыв. Выкл. Праст. Вокліч захаплення,здзіўлення, прыкрасці і пад. Сін.: авохці мне,ёлкі зялёныя,ёлкі-палкі. А дзезерціраў колькі! Ёлкі-маталкі! Васілеўскі. [12,с.372]
15.Ёлкі-палкі. Адз. не ўжыв. Выкл. Праст. Вокліч захаплення,здзіўлення,прыкрасці і пад. Сін.:авохці мне;ёлкі-маталкі. Не баяўся, ёлкі-палкі, ён ніякае бяды. Астрэйка. [12,с.372]
16.За царом гарохам. Акал.Разм.Жат.-іран.Вельмі даўно:невядома калі (было,адбывалася што-н. і пад.).Сін.:за дзедам шведам;пры цару гароху.Пад дахам сенцаў я адшукаў заплеценую павуціннем іржавую бацькаву нажоўку і падаў Кудрашову.Ён пакруціў галавою.-Струмант!Нічога,брат,не скажаш.Відаць,за царом гарохам куплялі.Грахоўскі.[13,с.538]
17.З бору па сасонцысабраць,набраць і пад. Акал. Разм. Зусім выпадкова, адкуль папала, без разбору. Пра выпадковы падбор людзей, прадметаў. Лёс 4-га “А” пачаўся з таго, што клас гэты быў сабраны “з бору па сасонцы” . “Настаўн.газ.” У кватэры Шугачовых мэбля была самага нізкага гатунку, устарэлых фасонаў , сабрана па прынцыпу “з бору па сасонцы” : з’яўлялася лішняя капейка-куплялі стол ці канапу. Шамякін.[12,с.115]
18.З макава (-ае) зерне. Акал. Разм. Ледзь-ледзь, зусім мала. Сін.: з вераб’ёў нос (у 1 знач.); з жабіны прыгаршчы чаго; з камароў нос (у 1 знач.); курам на смех (у 3 знач.). Суха было ў роце, хацелася піць;здаецца, глынуць бы чаго,хоць бы з макавае зерне. Пташнікаў. [12,с.437]
19.Зязюльчын лён. Мн.не ўжыв. Часцей у ролі дзейн. і дап. Разм. Аднагадовая травяністая расліна сямейства гваздзіковых пераважна з ружовымі кветкамі і ядавітым насеннем. А на вогнішчах астылых расцвітае сон, дзераза, густы бруснічнік ды зязюльчын лён. Танк. [12,с.573]
20.І козы сытыя і сена цэлае. Разм. Часцей у дадан.ск. пасля злучнікаў каб, калі. І для адных, і для другіх выгадна. Карнач праявіў высокую прынцыповасць, напісаўшы пісьмо. У той час, калі многія з нас “хэндэ хох” перад міністэрствам. Будзем шчырымі і скажам яму дзякуй. Карначу. Гэта той варыянт, калі і козы сытыя і сена цэлае. Шамякін. [12,с.516]
21.Крапіўнае семя. Мн.не ўжыв.Устар.У ролі розных чл.ск.Разм.Пагард. Чыноўнікі, якія займаюць кручкатворствам і хабарніцтвам. Сін.: канторскі пацук; папяровая душа; чарнільная душа. Паліцыя..сабак на варотах вешае. Чыноўнікі-крапіўнае семя, чарнільныя пацукі,п’ўкі антыхрыставы.Караткевіч.[13,331]
22.Куст альховы. Мн. Не ўжыв. Вык. і зваротак. Неадабр. Тупы, неразумны чалавек. Сін.: без галавы: без клёпкі ў галаве; без цара ў галаве; галава садовая; галава яловая;дубовая галава. Ант.:з царом у галаве;светлая галава;у цемя не біты. – Чаго ты смяешся?- накінуўся на яго Янка,куст ты альховы! Колас. [12,с.552]
23.Лускаць (лузгаць) як арэшкі (арэхі) што. Разм. Ужыв. пры дзейн. асобы. Лёгка спраўляцца з чым-н. У такіх [белых] кашулях заўсёды хадзіў здаваць экзамен брат Вадзім. Лускаў іх як арэшкі, нязменна прыносячы адны пяцёркі. Навуменка. [12,с.585].
24.Макавай расінкі (зерня, зярняці) у роце не былоў каго. У безас.ужыв.Разм. Хто-н нічога не еў. Сін.: і крошкі ў роце не было ў каго. З учарашняга не было ў роце макавай расінкі, і цяпер счарсцвелы хлебны кавалак здаўся надзвычай смачным. Быкаў. У яго сапраўды з раніцы, апрача куффля піва, і макавае расінкі ў роце не было. Грахоўскі. Вы б паелі…А то, пэўна, з самага ранку расінкі макавай у роце не было. Каліна. –Лёгка сёння гаварыць,-ужо быццам са злосцю сказаў Іван Кузьміч. –А тады… Калі ў лесе… Па тыдні, а то і пабольш галодны, макавага зерня ў роце не было…Сачанка. З вечаара ж у роце і макавага зерняці не было. Сабаленка.[12,с.139]
25.Мех (мяшок) з саломай. Адз.і мн. Часцей вык. Разм. Неадабр. Ужыв. Пры дзейн.са знач.асобы. Прастакаваты,някемлівы чалавек. Сін.: без галавы; без клёпкі ў галаве; без цара ў галаве; галава і два вухі; галава садовая;галава яловая ; дубовая галава; конь божы;курыная галавы; куст альховы; медны лоб; пень асінавы; пустая галава. Ант.: з галавой (у 1 знач.); з царом у галаве (у 1 знач.);светлая галава; у цемя не біты.-Дзе вы прападаеце, лежабокі?-накінулася Вера. –Не хлопцы ў нас, а мяхі з саломай.Нават пагаварыць няма з кім. Навуменка. Аня пайшла замуж за фельчара. Быў у мястэчку адзін такі мяшок з саломай. Ад усіх хвароб выпісваў рыцыну ды нашатырны спірт.”Полымя”.[13,с.34]
26.На бабах заставацца(застацца) і пад. Акал. Разм. Без таго, на што разлічваў, спадзяваўся хто-н., чаго дамагаўся. Сін.:без штаноў;з голымі рукамі(у 1 знач.); з носам; з такам; ля разбітага карыта; ні з чым; перад разбітым карытам; пры пікавых інтарэсах. Здалі мы насенне, а яно дзяржаве не дасталося, калгас з яго не спажыў, і мы, як кажуць, на бабах засталіся. Каваленка. Самі бацькі з маткамі вінаваты, што не прывучаюць вас да сваёй работы…Вось і застаюцца пад старасць на бабах, адны. Рубанаў. Ёсць кармы-ёсць малако і мяса, хоць, праўда, іншы раз і з кармамі можна застацца , як кажуць, на бабах. Бо кармы трэба не толькі мець, але і рацыянальна іх выкарыстаць. “Вожык”. Прапануем Лазаруку тваю [кватэру]. Хацеў асобную, няхай яе атрымае. Адмовіцца-на бабах так і застанецца. Марчук. [12,с.84]
27.На вярбе грушы растуць у каго. У безас.ужыв. Разм. Іран. Хто-н. неймаверна хлусіць, выдумляе, расказвае небыліцы. Ты,Надзя, аб гэтым нікому ні слова. А то нам пашкодзіш. Ведаеш, у людзей на вярбе грушы растуць. Машара. Дык гэты дзед-вядомы на ўсю акругу манюка Навум Бублік. У яго на вярбе грушы растуць…Хацкевіч. [12,с.291]
28.Збіць,стаўчы На горкі яблык. Акал. Звычайна ўжыв. Пры дзеясл.зак.тр.Разм.Вельмі моцна, бязлітасна. Сін.:да жывога (у 2 знач.); да паўсмерці; на порхаўку,як сідараву казу.Каб я была на яго месцы- я б забіла цябе.Альбо стаўкала на горкі яблыу! Савіцкі.[ 13,с.591]
29.На капусту крышыць,(пакрышыць),шаткаваць(пашаткаваць) і пад. Акал. Разм. Ушчэнт, поўнасцю; на дробныя часткі. І хто-хто, а Фаміч, пакрышыў бы гэтага Цыбатага на капусту.Кусянкоў. [12,с.490]
30.На макава зерне. У безас.ужыв. Разм. Вельмі мала. Пра нязначнасць чаго-н. Сін.: з вераб’ёў нос (у 1 знач.); з жабіны прыгаршчы чаго; з макава зерне; на капейку;не поле насеяна каго. Зрэшты, з майго навагодняга сядзення за пісьмовым сталом карысці было на макава зерне. Арлоў. [12,с.437]
31.На корані. Акал. Функц.не зам. 1. Будучы нязжатым,няскошаным. Пра траву,злакі. Сін.: на пні (у 2 знач.). Сена ён прадаў ваенным фуражырам на корані. Якімовіч. 2. Будучы нязрэзаным. Пра лес, дрэвы. Сін.: на пні ( у 1 знач.). –Мы спілуем,звозім на рум, -падхапіў хлопец з рассечанай шчакою,-вясною сплавім Нямеччыну, проста нямецкаму купцу ў рукі. А з гэта пан грабяне ў два, у тры разы даражэй, чым прадаў бы на корані. Якімовіч. [12,с.519]
32.Не нашага поля ягада(-ы). Вык. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. Не раўня каму-н., зусім чужы (па становішчы, паводзінах, духу і пад.). Бацька заўсёды ўталкоўваў яму адну ісціну:шапку выбірай па сваёй галаве.”Усе граматныя і багатыя-не нашага поля ягады”.Цяжкі. [ 13,с.592]
33.Не іголка ў сене ( у стозе сена). Вык. Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы ці канкр.прадмета. Тое,што не можа заставацца незаўважаным,нязнойдзеным,нявыяўленым. Дзесяткі людзей шукаюць чалавека, які, паводле нашых меркаванняў, павінен быў жыць у тым ці іншым месцы семнаццаць-дваццаць год назад. Чалавек жа не іголка. Новікаў. [12,с.461]
34.Ні (ані) на макава зерне. Акал. Разм. Ужыв. ў адмоўн.ск. Ніколькі, ні ў якой меры. Сін.: на волас (у 2 знач.);на мезены палец; на панюх табакі (у 2 знач.); ні на волас. Антось нават не павітаўся. Але Мысліцкі не крыўдаваў на яго ані на макава зерне. Мурашка. [12,с.437]
35.Падаць лістам перад кім. Разм. Неадабр. Ужыв. Пры дзейн.са знач.асобы. Лісліва дагаджаць каму-н., падлізвацца да каго-н. Сін.:віляць хвастом ( у 1 нач.);гнуцца ў тры пагібелі перад кім; гнуць спіну перад кім; ламаць шапку перад кім; лізаць боты каму; падпускаць лёстачкі каму; поўзаць на каленях перад кім; рассыпацца драбней маку перад кім; рассыпацца макам перад кім; слацца лістам перад кім ;станавіцца на заднія лапкі перад кім;хадзіць на задніх лапках перад кім; хадзіць на пальчыках перад кім. Аб родных дочках у цябе не баліць галава. Ніколі на двор да іх не глянеш , як там яно і што, а перад нявесткай ты гатоў падаць лістам. Васілевіч. А ці трэба было так ужо падаць лістам перад ім? Янкоўскі.[13,с.114]
36.Пад корань. Акал.ці ў знач. вык.(пры апушчаным дзеясл.). Разм. 1. Ля самай асновы ( ссякаць, зразаць, касіць). Сёння пакрытыкуюць тых, хто праз меру траваполлем захапляецца, дык ён першы ў сябе ўсе без разбору травы- пад корань…Палтаран. 2. Зусім, канчаткова, поўнасцю (разбураць,зводзіць і пад.). Сін.:пад мятлу. Лясы і людзі- усё пад корань,абнежывее ўвесь прастор, на месца мора стануць горы,затопіць мора пікі гор. Лужанін. [12,с.520]
37.Пень асінавы (бярозавы). Адз. і мн. Вык.і зваротак. Праст.Груб. Ужыв. Пры дзейн. са знач. асобы. Тупіца, дурань, бесталковы чалавек. Сін.:без галавы;без клёпкі ў галаве;без цара ў галаве;галава і два вухі; галава садовая; галава яловая; дубовая галава; конь божы;курыная галава; куст альховы; медны лоб; мех з саломай; пустая галава. Ант.:з галавой(у 1 знач.); з царом у галаве; светлая галава; у цемя не біты. У душы [Абакунчык] думаў ліслівасці: “Пень ты асінавы.., а не старшыня. Па камандзе, як які яфрэйтар, думаеш весці гаспадарку?” Ермаловіч.[13,с.172]
38.Пры цару гароху. Акал.Разм.Жарт.-іран. Вельмі даўно;невядома калі(было,адбылося што-н. і пад.). Сін.: за дзедам шведам;за царом гарохам.-А вашы кабеты паверылі,што вада святая…-То калі ж было-о!Яшчэ пры цару Гароху.Гм…Ваданосаў.[13,с.538]
39.Пудзіла гарохавае. Адз.і мн.Вык.ці зваротак. Разм.Неадабр.Ужыв.пры дзейн.са знач.асобы.1.Смешна,непрыгожа ці безгустоўна адзеты чалавек.[Фруктаўшчык:]Я табе пастаю тут, хам ты, халера! Прэч адгэтуль, пудзіла гарохавае!Ялоўчык. 2.Пусты чалавек, варты смеху. Годзе вам блазнавацца. Абодва-пудзілы агародныя. Машара. –Дурніца!Пудзіла агароднае! Што нарабіла?-з улакамі кінуўся Анатоль да Пігулеўскай, але тут жа ачомаўся, выскачыў за дзверы. Кандрусевіч.[13,с.231]
40.Рассыпацца драбней маку перад кім.Разм.Неадабр. Ужыв.пры дзейн. са знач.асобы. Лісліва дагаджаць каму-н., паддобрывацца да каго-н. Сін.:віляць хвастом(у 1 знач.); гнуцца ў тры пагібелі;гнуць спіну перад кім;падаць лістам перад кім;хадзіць на пальчыках перад кім. Усё ведае крывадушны фарысей і адначасова рассыпаецца перад табой драбней маку.Машара.[13,с.267]
41.Рассыпацца <дробным> макамперад кім.разм.Неадабр.Ужыв.пры дзейн.са знач. асобы ці сукупнасці асоб. Лісліва дагаджаць каму-н.,паддобрывацца да каго-н. Сін.:віляць хвастом (у 1 знач.); гнуцца ў тры пагібелі перад кім; гнуць спіну перад кім;ламаць шапку перад кім; лізаць боты капу;падаць лістам перад кім; поўзаць на каленях перад кім;станавіцца на заднія лапкі перад кім;хадзіць на пальчыках перад кім. Чаго ты ўжо рассыпаешся перад імі дробным макам? Усё хваліш іх ды спачуваеш?Лынькоў. [13,с.267]
42.Рэдзьку драць з кім,між кім. Разм. Іран. Ужыв. пры дзейн. са знач.асобы. Злосна сварыцца. Дубавец стаіўся,рашыў перачакаць. Няхай пойдуць Сямёнавы сыны- тады вышмыгне. Ён не жадаў паказвацца ім. З бацькам, з Сямёнам,значыцца,рэдзьку драў, а дзяцей цураўся. Калодзежны. [12,с.345]
43.Сабакам сена касіць. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. 1. Бадзяцца дзе-н., займаючыся пустой ці невядома якой справай. Сін.: абіваць бакі ( у 2 знач); адлежваць бакі (у 2 знач); біць байды; біць бібікі. –А дзядзькі Лаўрэна няма ў хаце?..-Пайшоў сабакам сена касіць твой дзядзька Лаўрэн,-адказала Тэкля.-Заеў ён маё жыццё са сваім паляваннем, от што!- На паляванне пайшоў?-А то куды ж! Самуйлёнак. 2. Знаходзіцца невядома дзе, хаваючыся ад сям’і. –Ціха,ён паскардзіцца бацьку, тады будзе вам. –Бацьку…О-го-го-го!-лопаліся з рогату жываты.-Бацьку…Той недзе сабакам сена косіць! Няхай паспрабуе,знойдзе. Мурашка. [12,с.496]
44.Салома ў галаве ў каго, чыёй. У безас. Ужыв. Праст.Неадабр. Хто-н. дурнаваты, бесталковы, някемлівы. Сін.:дурны поп хрысціў каго; зрух па фазе ў каго; клёпкі не хапае <у галаве> у каго; мазгі адсохлі ў каго; мазгі набакір у каго; мазгі не на месцы ў каго; мякіна ў галаве ў каго. Ант.: галава варыць у каго; мазгі вараць ц каго; не галава, а дом саветаў; светлая галава ў каго. Няўжо ты думаеш, што ты адзін угледзеў праўду, а шсе іншыя- сляпыя, нічога не ведаюць, не знаюць і ў галаве іх салома? Колас. [13,с.307]
45.Сядзець макам. Разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн.са знач. абстр. Прадмета. Быць у заняпадзе. Трэба, Міхаіл Іванавіч, запісаць, што калгас усяго гэтага дамогся тады, як за старшыню сталі вы…Каб быў Папок, дык дагэтуль наш калгас сядзеў бы макам.Сабаленка[13,с.425]
46.Сядзець на бабах. Разм.Неадабр.Ужыв. пры дзейн са знач. асобы ці абстр. прадмета. Знаходзіцца ў цяжкім становішчы, адчуваючы вострую патрэбу ў чым-н.Попыт на будаўнічыя матэрыялы вялікі, а іх не хапае…Калі б Кадлубовіч быў не такі хвацкі гаспадар-сядзеў бы калгас на бабах. “ЛІМ”. З тэмай спартыўнай таксама сядзім на бабах. Эўрыка!Зараз ідуць міжкалгасныя гульні…”Полымя”. [13,с.425]
47.Трын-трава для каго, каму. У знач.вык. Разм.Ужыв. пры дзейн. са знач. абстр. прадмета ці (рэдка) асобы. Не заслугоўвае ніякай увагі, не мае значэння, не хвалюе каго-н. Сін.:Да лямпачкі каму, ні ішоў і ні ехаў каму. Сядзіць пташына ў іншай клетцы, на смутак твой не адгукнецца, і для яе ты-трын-трава!Колас.[13,с.460]
48.У корані. Акал. Функц. не зам. 1. Абсалютна, зусім ( не згаджацца, адвяргаць і пад.). Падзел работы настаўніка на “чыста навучальную” і “чыста выхаваўчую” Вольга Сысоеўна не прымае арганічна і адвяргае ў корані. “Настаўн.газ.” 2. У самой аснове, карэнным чынам (мяняць,змяняць,пераглядаць і пад.). Жыццё змянілася ў корані- для яе (Марыі) страціла значэнне,што яна есць, дзе спіць. Карпаў. [12,с.519]
49.У кусты. Часцей у знач. вык. разм. Неадабр. Ужыв. пры дзейн. са знач. асобы. Ухіляцца ад непасрэднага ўдзелу ў чым-н., ад адказнасці за што-н. Вясёлы хлопец, галасісты, пуставаты. Бабнік. І трохі залішне любіць запаведзь: “Ура, ура, а сам у кусты!..” Брыль. [12,с.552]
50.У яблыках (-і)Азн.Разм.З цёмнымі круглымі плямамі на поўсці.Пра каня. Нарэшце Міколаў дзядзька,матчын брат, які прыехаў нанач,вывеў пад калодзеж сівую ў яблыкі кабылу. Крапіва. [ 13,с.591]
51.Хоць рэпку спявай (пей).Толькі ў гэтай форме. Устар. Акал.ці ў знач. вык. Разм. Склалася цяжкае, бязвыхаднае становішча. Выказванне адчаю, бяссілля. Сін.: хоць воўкам вый; хоць ты гвалт крычы;хоць ты плач. Горка, горка давядзецца, ты старога запытай. Ой, часмі так прыпрэцца, што хоць рэпачку спявай! Колас.[12,с.378]
52.Хоць рэпу сей. Толькі ў гэтай форме. Разм. Неадабр. 1. Вык.Ужыв. пры дзейн., выраж.словамі рукі, ногі, вышу. Вельмі брудныя. Бацька не раз гаварыў, глянуўшы на яго [Міхасёвы] вушы: “Ну, брат, у цябе і вушы: хоць рэпу сей!” Колас. Гляджу: у кабіне Адамішын Вова! А здаецца ж, учора бегаў ён тут, па вуліцы, босы (ногі0хоць рэпу сей), ганяючы драцяным прутом кацёлку- іржавы абручык з вобада…Свірка 2.у чым.У безас.ужыв. Вельмі брудна ( у вушах). –Калі вушы памыў, хай прыходзіць у школу. А то некаторыя заяўляюцца, а ў вушах хоць рэпу сей,-настаўнік шырока ўсміхнуўся, паказаўшы здаровыя белыя зубы.Левановіч.У тваіх вушах хоць рэпу сей. Юрчанка.[13,с.329]
53.Хоць хрэн дзяры аб што. Толькі ў гэтай форме. Вык.ці азн. Разм. Ужыв. пры дзейн.,выраж. словам твар. Выспаваты, рабы (твар). Сін.:як чорт гарох малаціў на чым. Выдзерыкуст адразу як мае быць пазнаўся на пекнасці хлапца,бо аб Міхася твар хоць хрэн дзяры. Сколькі вываратняў на ім воспа накачала. Цётка. [12,с.339]
54.Хрэн з ім (з табой,з ёй, з ім, з імі). Выкл. Праст.Груб.Няхай будзе так,можна пакінуць без увагі. Выказванне згоды, прымірэння,уступкі і пад. Сін.:алах з табой ; бог з табой; кадук з ім; ліха з ім; ліха яго бяры;трасца яго бары;халера з ім; халера яго бяры;хвароба з ім; чорт з ім; чорт яго бяры.-Напіша нампаліт дакладную ў палітаддзел?-[Кузаеў]уздыхнуў, расцёр ботам недакурак. –Ну, ды хрэн з ім. Няхай піша.Шамякін.[13,с.534]
55.Хрэн у вочы. каму.Выкл.Праст.Груб.Выказванне незадаволенасці, абурэння,здзіўлення і пад. Сін.:каб на яго ліха;кадук на яго;кадук яго вазьмі;діха на яго;ліха яго галаве;трасца яго галаве;хвароба на яго.Адно што выключылі святло на прахадной, а жонка з-за вугла –вэрхал узняла!Х-гэх…Вельмі пільная,хоэн ёй ў вочы.Цікавала,відаць.Якавенка. [13,с.534]
56.Хрэн яго (яе,іх,цябе,вас) ведае (знае).Часцей у знач.галоўн.ск.Праст.Груб.Неадабр.Невядома. Сін.:агонь яго ведае;алах яго ведае;бог яго ведае;вятры яго ведаюць; кадук яго ведае;ліха яго ведае; хвароба яго ведае;нячысцік яго ведае; трасца яго ведае;халера яго ведае;хвароба яго ведае;хто яго ведае;чорт яго ведае.-Што мы будзем з імі будзем рабіць?..-Хрэн іх ведае.Асіпенка. [13,с.534]
57.Цераз пень калоду.Акал.Разм.Неадабр. 1. Абы-як, нядбайна (рабіць што-н.). Сін.: абы дзень адбыць;абы дзень да вечара(у 1 знач.);абы з рук; з плеч ды ў печ (у 2 знач.);з пятага на дзясятае (у 2 знач.);Ант.:душы паслухаючы;закасаўшы рукавы;не пакладаючы рук. Перш працавалі цераз пень калоду, абы дзень прайшоў. Гурскі. Гравёры рэжуць дошкі для гравюр і часам робяць гэта цераз пень калоду. Караткевіч. 2.нязладжана, нягладка, з перашкодамі (ісці). Сам пан гаспадарку ведаў мала, вельмі ў яе не ўнікаў, ва ўсім спадзяваўся на аканома, і справы ішлі цераз пень калоду. Карамазаў. Жыццё паварочвалася да яго то бокам, то спінай, часам падстаўляла скрытую падножку…І ўсё астатняе ішло ў Сідара то наперакос, то цераз пень калоду. Макарэвіч. Бываюць жа такія дні:як нешта не зладзіцца зранку, так потым і ідзе цераз пень калоду. “Полымя”. [13,с.172]
58.Цішэй вады <і> ніжэй травы. Разм. 1. Вык. Ужыв. пры дўейн. Са знач. асобы. Вельмі пакорлівы, сарамлівы, ціхі, такі, што трымаецца непрыкметна,нясмела. Сін.: вады не замуціць;мухі не пакрыўдзіць. Папрасіла яна пана і пані Будзіловічаў, каб дазволілі мне жыць з ёю у кухні: што буду я цішэй вады,ніжэй травы, і есці будзе яна варыць сабе і мне капусту ды бульбу, у асобным чыгуночку.Гарэцкі. 2.Акал. Вельмі пакорліва,нясмела,непрыкметна (трымацца, весці сябе). Няма ўжо таго ініцыятыўнага і аптымістычнага Астапчыка, якім мы яго ведалі.Трымае сябе цішэй вады,ніжэй травы, а паліцэйскія ўсё роўна ходзяць за ім следам і не спускаюць з яго вока.Машара.[13,с.541]
59.Яблык разладу. Мн. Не ўжыв. У ролі розных чл.ск. Кніжн. Прычына спрэчкі, сваркі. На атамных,на ядзерных круках падвешаная ў прорву зарападу,планета наша ні ў чыіх руках быць не павінна яблыкам раздору!Барадулін.[ 13,с.591]
60.Як асіна калаціцца, дрыжаць. Акал.Разм.Вельмі моцна (калаціцца-часцей ад страху). Сін.:як асінавы ліст. Не крычы ты на яго, Сёмка:ён і так увесь калоціцца як асіна. Колас. Аднаму баязліўцу давялося ісці ноччу цераз лес. У небаракі аж зубы ляскалі, і сам ён калаціўся як асіна. Крапіва. Як забралі майго ў армію, з таго часу нібы мне што зрабілася-як асіна калачуся. Дамашэвіч. [12,с.81]
61.Як(бы) гарох пры дарозе. Акал.Разм. 1. Ненадзейна, трывожна, з неспакоем (жыць). Людзі жылі як гарох пры дарозе, людзі жылі ў штодзённай трывозе. Дубоўка. Ды якое там жыццё, Іван Яфімавіч…Жыву як гарох пры дарозе. Васілевіч. 2.Адзінока і без догляду (расці, заставацца, жыць і пад.) Сін.: на лес гледзячы(у 2 знач.) Сам Радзівон жыве як гарох пры дарозе , без дагляду, буз усякае, як той казаў, сталасці: от жыве сабе. Чорны. Даглядаць мяне не было каму. Маці чужая, а бацька-чалавек пануры, без літасці. І рос я сам па сабе, як гарох пры дарозе. Адамчык. А я меншага свайго з войска чакаю. Пакуль што адна-як гарох пры дарозе…Семашкевіч. Сіроткі вы мае няшчасныя!Засталіся вы цяпер адны, бы гарох пры дарозе…Праскураў.[12,с.262]
62.Як (што) гарох аб сцяну (аб сценку) каму, для каго. Часцей у знач. дзеясл.вык.Разм.Неадабр. Ужыв. Пры дзейн. Са знач. абстр. прадмета. Нічога не дзейнічае на каго-н. Сін.:як пугай па вадзе(у 1 знач.). Грушка даводзіў Марыі, што капелюшы ёй непатрэбны, што яны ёй не да твару…Гэтыя довады былі Марыі як той гарох аб сцяну. Пестрак. [12,с.262]
63.Адскокваць, адлятаць Як (што) гарох ад сцяны (ад сценкі).Акал.Разм.Неадабр. Безвынікова для каго-н. Што ж, выходзіць, кленічы не маюць ніякай сілы? Яны адскокваюць ад пана як ад сцяны гарох.Якімовіч. [Гаворка:]Ды гаварыў я вам сто разоў, чэрці таўстаскурыя!Ды ад вас-што гарох ад сцяны. Шамякін. Ды хіба з ім пагаворыш?Бацькавы словы ад яго як гарох ад сценкі. Гіль. [12,с.262]
64.Як горкая рэдзька. Акал. Разм. Вельмі моцна,нязносна (надакучыць). Сін.: горш горкай рэдзькі. Рыдлёўку гэтую яго зноў перарабіць! Чацвёрты раз…Абрыдзеў ён мне як горкая рэдзька!Кожны дзень дрыжыкі прадавай, каб двойку не схапіць, потым перавадныя экзамены,пераэкзаменоўкі…Васілеўскі.[13,с.296]
65.Якога хрэна.Праст.Груб.1.Акал. Чаму, для чаго, з якой мэтай(робіць хто-н. што-н.). Выказванне абурэння чыімі-н.дзеяннямі,паводзінамі. Сін.:на ліха;на халеру;на хваробу; на чорта;на які хрэн; на які чорт; на якога чорта; на якое ліха; на якую трасцу;на якую халеру.Якога ж хрэна тады ён маўчыць? Мо сігналы праваронілі? Быкаў.-Што вы хчаце сказаць канкрэтна?-Якога хрэна вы цераз галаву палезлі з гэтым кароўнікам?Хто вас прасіў ці ўпаўнаважваў?Лазуркін. 2.Дап.Чаго (трэба,не хапае каму-н.). Выказванне абурэння чыімі-н. дзеяннямі,паводзінамі. Сін.:якога ліха(у 2 знач.);якога ражна(у 2 знач.). 3.У знач. мадальнай часціцы.Ужыв. перад наз. Выказванне іранічных, скептычных і пад.адносін да каго-,чаго-н. Сін.:які ў чорта хто,што.-Што ты прывёз?-Ды гэта самае…Тол.Ці як яго…-Якога хрэна тол?Аманіт?-сярдзіта запытаў Брытвін, шырэй разгортваючы край мяшка.Быкаў. [13,с.534]
66.Як макаў цвет. Вык.Разм. Ужыв. пры дзейн. са знач.асобы.Прыгожы,румяны. Сін.: кроў з малаком (у 2 знач.);хоць вады напіся. “Як макаў цвет!Чыстая матка!”- падумаў ён [Чарнушка] радасна.Мележ. [13,с.539]
67.Чытаць, гаварыць і пад. Як рэпу грэзці. Акал. І вык. Разм. Адабр. Бойка, гладка, без запінкі. –Ого, ды ты, брат, як рэпу грызеш…табе і ў школу не трэба, -рассмяяўся Якуб Панасавіч і , падышоўшы да хлопца, пагладзіў яго па галаве. Броўка. [12,с.262]
68.Як (што) іголка ў стозе сена. Вык. Разм. Ужыв.пры дзейн. са знач. асобы. Зусім непрыкметны, такі, што немагчыма знайсці, выявіць, адшукаць. У горадзе- у натоўпе, дзе снуюць тысячы самых розных, і гарадскіх, і прыезджых, - ты будзеш як іголка ў стозе сена. Мележ. [12,с.461]
Спіс літаратуры
1 Ляшчынская, В. А. Сучасная беларуская мова: фразеалогія: вучэб. дапам. / В. А. Ляшчынская. – Мінск: РІВШ, 2010. – 230 с.
2 Аксамітаў, А. С. Беларуская фразеалогія / А. С. Аксамітаў. – Мінск: Вышэйшая школа, 1978. – 244 с.
3 Аксамітаў, А. С. Беларуская фразеалогія ў граматычным, семантычным і функцыянальным аспектах /А. С. Аксамітаў // Слова беларускае. З гісторыі лексікалогіі і лексікаграфіі / пад рэд. А. Я. Міхневіча. – Мінск: Народная асвета, 1994. – С. 142-157.
4 Даніловіч, М. А. Граматычная характарыстыка фразеалагізмаў / М. А. Даніловіч. – Мінск: Навука і тэхніка, 1991. – 110 с.
5 Маршэўская, В. В. Фразеалагізмы са структурай сказа / В. В. Маршэўская. – Гродна: ГрДУ, 2003. – 116 с.
6 Садоўская, А. С. Фразеалагізмы-спалучэнні ў сучаснай беларускай мове / А. С. Садоўская. – Гродна: ГрДУ, 2003. – 118 с.
7 Якшук, Л. А. Назоўнікавыя фразеалагізмы ў сучаснай беларускай мове: аўтарэф. дыс. канд. філал. навук: 10.02.01; НАН РБ, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа / Л. М. Якшук. – Мінск, 2006. – 22с.
8 Янкоўскі, Ф. М. Беларуская фразеалогія / Ф. М. Янкоўскі. – Мінск: Народная асвета, 1981. – 79 с.
9 Янкоўскі, Ф. М. Беларуская фразеалогія. Фразеалагізмы, іх значэнне, ужыванне / Ф. М. Янкоўскі. – Мінск: Вышэйшая школа, 1968. – 451 с.
10 Лепешаў, І. Я. Фразеалогія сучаснай беларускай мовы / І. Я. Лепешаў. – Мінск: Выш. школа, 1998. – 271 с.
11 Лепешаў, І. Я. Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы / І. Я. Лепешаў. – Мінск: Навука і тэхніка, 1984. – 264 с.
12 Лепешаў, І. Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: у 2 т. Т. 1 / І. Я. Лепешаў. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993. –590с.
13 Лепешаў, І. Я.Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы: у 2 т. Т. 2 / І. Я. Лепешаў. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі,1993. –607с.
