Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сорокин А.М. Страницы истории государства и права Беларуси.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
555.52 Кб
Скачать

5. Часовыя органы кіравання ў Заходняй Беларусі і Ўз’яднанне тэрыторыі Беларусі

Першапачаткова на тэрыторыі Заходняй Беларусі па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў Чырвонай Арміі ствараліся часовыя органы народнай улады -– камітэты сёл, сялянскія валасныя камітэты, з’езды і нарады сялянскіх камітэтаў валасцей (гмінаў) і паветаў, упраўленні (управы) гарадоў і паветаў, упраўленні абласцей. Усе органы часовай улады дзейнічалі пад наглядам і кіраўніцтвам ЦК КП (б) Беларусі адпаведна з прынцыпамі “дыктатуры пралетарыяту”, што праводзіўся органамі Народнага камісарыяту ўнутраных спраў СССР. Гэта значыць, пры выкарыстанні жорсткіх рэпрэсій супраць мясцовага насельніцтва.

У кастрычніку 1939 г. на аснове савецкай выбарчай сістэмы ў Заходняй Беларусі адбыліся выбары ў Народны (Нацыянальны) сход. Удзельнічаць у ім мелі права ўсе жыхары, якія дасягнулі 18 гадоў. Было створана 929 выбарчых акруг і выбрана 927 дэпутатаў.

28 30 кастрычніка ў Беластоку адбыўся Народны (Нацыянальны) сход. На ім былі абмеркаваны і ўхвалены чатыры дэкларацыі: 1) Аб дзяржаўнай уладзе; 2) Аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў склад Беларускай ССР; 3) Аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель; 4) Аб нацыяналізацыі банкаў і буйной прамысловасці (гл.: Вішнеўскі А. Ф., Юхо Я. А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах / Са старажытных часоў да нашых дзён. Вучэбны дапаможнік. Мн., 1998. С. 245 – 249). Адпаведна ім на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўсталёўваўся новы палітычны лад, у якім улада належыць працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў працоўных, беларускі народ аб’ядноўваўся ў адну дзяржаву; памешчыцкія землі канфіскоўваліся, а ўся зямля, банкі і буйная прамысловасць нацыяналізіраваліся . Тым самым закладваўся падмурак перабудовы народнай гаспадаркі заходніх абласцей Беларусі на сацыялістычнай аснове.

Дэкларацыі Народнага (Нацыянальнага) сходу сталі юрыдычнай асновай для прыняцця 2 лістапада Вярхоўным Саветам СССР Закона “Аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад Саюза ССР і ўз’яднанні яе з Беларускай ССР” і Закона Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 14 лістапада 1939 г. “Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі”. У выніку ўз’яднання тэрыторыя БССР павялічылася са 125, 5 тыс. кв. км да 225, 7 тыс. кв. км, насельніцтва павялічылася ў два разы і склала больш за 10 млн чалавек.

6. АдміністраЦыйна-тэрытарыяльная рэформа і стварэнне мясцовых органаў савецкай улады ў заходніх абласцях

Пасля ўз'яднання з БССР на тэрыторыі Заходняй Беларусі да вясны 1940 г. былі сфарміраваны органы Савецкай улады і кіраўніцтва, дзейнічала ўсё заканадаўства Саюза ССР і Беларускай ССР, у адпаведнасці з імі ўведзена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне.

Адначасова з праводзімай перабудовай эканомікі краю на савецкі лад тут ствараліся мясцовыя органы савецкай улады, якія прадугледжваліся Канстытуцыяй Беларускай ССР 1937 г. 4 снежня 1939 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР выдаў указ аб стварэнні ў Заходняй Беларусі пяці абласцей: Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай. У студзені 1940г. указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 32 паветы былі рэарганізаваны ў 101 раён у разліку на 35 – 50 тыс. жыхароў. З мэтай стварэння савецкіх органаў улады і кіравання ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР 7 снежня 1939 г. на тэрыторыі Заходняй Беларусі былі зацверджаны абласныя выканаўчыя камітэты, хаця па Канстытуцыі Беларускай ССР іх павінен быў выбіраць адпаведны абласны Савет. Аблвыканкомы ў сваю чаргу ўтварылі рай- і сельвыканкомы. У склад абл- і райвыканкомаў уваходзілі старшыня, яго намеснікі, сакратар і члены выканкома.

24 сакавіка 1940 г. у заходніх абласцях БССР адбыліся выбары ў Вярхоўныя Саветы СССР і БССР. З 22 дэпутатаў Вярхоўнага Савета СССР 16 былі абраны ў Савет Саюза і 6 у Савет Нацыянальнасцей. У Вярхоўны Савет БССР было выбрана 202 дэпутаты.

Заключным акордам у фарміраванні савецкіх органаў улады ў заходніх абласцях Беларусі сталі выбары ў мясцовыя Саветы 15 снежня 1940 г. У Саветы дэпутатаў працоўных было выбрана больш за 40 тыс. чалавек. Правядзенне выбараў у абласныя, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя Саветы пасля ўтварэння іх выканкомаў сведчыла аб уключэнні мясцовых органаў улады ў рэчышча камандна-адміністрацыйнай сістэмы, іх дэкаратыўна-прапагандысцкай ролі ў палітычнай сістэме грамадства.

Тым не менш да канца 1940 г. на вызваленай ад акупантаў тэрыторыі быў завершаны новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел (вобласць, раён, горад, пасёлак, сяло) і фарміраванне адпаведнай яму сістэмы мясцовых органаў улады і кіравання (абласныя, раённыя, гарадскія, сельскія і пасялковыя Саветы дэпутатаў працоўных). Адбыўся працэс тэрытарыяльнай кансалідацыі беларускай нацыі ў яе этнаграфічных межах. Хаця пры гэтым адпаведна з дагаворам СССР з Літоўскай Рэспублікай ад 10 кастрычніка 1939 г. Вільня і значная частка былога Віленскага ваяводства ў сувязі з дзеяннем пакта Рыбентропа-Молатава была перададзена Літве. У жніўні 1940 г. законам СССР Літве, у сувязі з уваходам яе у склад Савецкага Саюза, былі перададзены Свенцянскі раён, часткі Відзоўскага, Гадуцішкаўскага, Астравецкага, Воранаўскага і Радунскага раёнаў Беларускай ССР.

Нельга не заўважыць, што ўсталяванне савецкай улады адбывалася на фоне парушэнняў законнасці, правядзення рэпрэсій супраць так званых ворагаў народа, эканамічна развітых сялянскіх гаспадарак. Пры гэтым высылкай у аддаленыя раёны СССР было ахоплена да 10 % насельніцтва. Неапраўданай была і практыка недаверу мясцовым кадрам на карысць работнікаў усходніх абласцей або з Расіі.

Аднак у цэлым уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР прыхільна было сустрэта пераважнай большасцю людзей заходнебеларускіх зямель. Яно аднавіла тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, ліквідавала антынародную польскую паліцэйска-бюракратычную сістэму нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту, накіраванага на апалячванне беларусаў, уз’яднала беларускі народ у адзіную сям’ю.