Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Сорокин А.М. Страницы истории государства и права Беларуси.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
555.52 Кб
Скачать

4. Прававая ацэнка падзелаў Рэчы Паспалітай

У заняпадзе Рэчы Паспалітай праглядаецца гістарычная заканамернасць спынення функцыянавання практычна замарожаных, нязменных дзяржаўных інстытутаў. Але нельга недаацэньваць праяў агрэсіўнай міжнароднай палітыкі манархій Расіі, Прусіі, Аўстрыі, якія, імкнучыся атрымаць землі Рэчы Паспалітай, рабілі ўсё магчымае для ўмяшання ва ўнутраныя справы краіны, што не адпавядала прынцыпам міжнароднага права.

На сацыяльна-палітычны і эканамічны вектар развіцця Беларусі асноўны ўплыў аказала Расія. У выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыя Беларусі была далучана да Расійскай імперыі.

У літаратуры распаўсюджана думка, што нібыта падчас падзелу Рэчы Паспалітай расійскі ўрад зыходзіў з пачуцця племянной еднасці “вялікарусаў” з беларусамі і імкнуўся вызваліць гэты “рускі” народ з-пад уціску Польшчы. Але на справе тут племянное, нацыянальнае або рэлігійнае пачуццё з'яўлялася другарадным. Хаця нельга не ўлічваць, што расійскі ўрад не толькі быў заклапочаны міжканфесійнымі адносінамі ў Рэчы Паспалітай, але і прымаў захады да абароны дысідэнтаў (праваслаўных і пратэстантаў). Аднак праўда і ў тым, што гэта рабілася з палітычных меркаванняў, пераважна з мэтай ліквідацыі неспакойнага суседа – Рэчы Паспалітай.

Пры падзелах знясіленай Рэчы Паспалітай было ігнаравана міжнароднае правіла – не выстаўляць ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі прэтэнзій, якія не маюць пад сабой асноў або даўно страцілі значэнне. Адсюль, уяўляецца, непаслядоўнасць, а то і двурушнасць у абгрунтаванні імі сваіх намераў у адносінах з суседняй дзяржавай. Калі ў дэкларацыях 1763 і 1764 г. Кацярына ІІ запэўнівала ў сваіх імкненнях “захаваць Рэч Паспалітую ў цяперашнім яе стане, у правах, вольнасцях і асновах, роўна як і ў граніцах”, то падчас падзелаў лічылася, што далучаюцца “землі, якія здаўна Расіі належалі, грады рускімі князямі створаныа, і народы агульнага з расіянамі паходжання і ім аднаверныя”. Паслы Прусіі і Аўстрыі ў Варшаве ў сваю чаргу заяўлялі, што іх манархі абураны чуткамі аб падзелах Польшчы і Літвы. Аднак праз пэўны час Аўстрыя стала сцвярджаць, што ў ХIII – XIV стст. Галіцкая і Уладзіміра-Валынскае княствы належалі Венгрыі, а Прусія стала выступаць у якасці спадкаемцы Ордэна крыжаносцаў, прэтэндуючы на каралеўскую Прусію.

Паказальна і тое, што пасля другога падзелу ўнутранныя пытанні Рэчы Паспалітай вырашаў расійскі пасланнік, мінуючы караля і сойм; па ўсёй краіне былі дыслацыраваны войскі. Акупацыя тэрыторыі адбывалася яшчэ да падпісання дакументаў аб падзеле. Пры гэтым ніхто не цікавіўся інтарэсамі народаў, якія жылі на гэтай зямлі і ў выніку ваенных дзеянняў пераходзілі ад адной дзяржавы да другой.

Але нельга не пагадзіцца з той высновай, што адной з галоўных прычын дзяржаўнай катастрофы з'явілася няздольнасць дэмакратычных інстытутаў Рэчы Паспалітай выпрацаваць цэнтралізатарскія пачаткі функцыяніравання структур апарата ўлады. З другога боку, кіруючыя колы краіны не змаглі (не без дапамогі неймавернага знешняга ціску) адарвацца ад старой сістэмы дзяржаўнага ўладкавання з мэтай выхаду на новы віток палітычных і сацыяльна-эканамічных адносін. Для гэтага ім неабходна было змагацца перш за ўсё з сабой, са сваёй легкадумнасцю, расслабленасцю і бяздейнасцю – грахамі тагачаснага польска-літоўскага і ў найбольшай ступені польскага светаразумення, якія выявіліся ва ўсёй непрыгляднасці ў апошнія дзесяцігоддзі існавання краіны. Яны занадта многа турбаваліся аб ахове сваіх групавых інтарэсаў, аб індустрыі забаў, але не клапаціліся аб тым, каб дасягнуць згоды і спакою ў грамадстве, і таму прагледзелі, як на ўнутраныя справы краіны ўплыў іншаземцаў стаў вызначальным, а потым дзесяцігоддзі пажыналі горкія плады, пакрываючы іх вымушанай рызыкай і непазбежнымі чалавечымі стратамі.