Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
1. КУРСАВАЯ ПРАЦА. фінальная версія. Агрэніч.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
98.28 Кб
Скачать

1.2.“У рабстве гіне дух”: паўстанне 1863-1864 гг. У жыццёвай і творчай дарогах у.С. Караткевіча

Па іроніі лёсу, выбітнага беларускага пісьменніка ХХ ст. У. С. Караткевіча (1930 – 1984 гг.) даволі часта называюць “беларускім Г. Сянкевічам”. І такое акрэсленне насамрэч справядліва ўжываць у дачыненні да чалавека, які лічыў, што асобы няма без продкаў, а народ не можа называцца народам, калі ён забыўся сваю гісторыю.

Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка, літаратурная крытыка, перакладчыцкая дзейнасць і кінематограф – усё гэта з’яўлялася полем дзейнасці Уладзіміра Сямёнавіча. Але найперш ён быў сапраўдным сынам сваёй Бацькаўшчыны, улюбёным у беларускую зямлю і яе людзей, які прысвяціў сваё жыццё служэнню Беларусі, абужэнню нацыянальнага гонару ў сэрцах суайчыннікаў.

Ён знаходзіў крыніцу натхнення ў беларускай гісторыі, але асаблівую увагу надзяляў паўстанню 1863-1864 гг. і ў прыватнасці асобе К. Каліноўскага, што знайшло адлюстраванне ў шэрагу вершаў, п'есе “Кастусь Каліноўскі”, пралогу да рамана “Нельга забыць”, які вядомы яшчэ пад назвай “Паром на бурнай рацэ”, аповесці “Зброя” і, нарэшце, самым значным творы ў спадчыне пісьменніка – рамане “Каласы пад сярпом тваім”.

Прычым нават з пункту гледжання радаводу У. С. Караткевіча можна сцвярджаць, што пісьменніку такое захапленне было проста наканавана. Сярод яго прашчураў “па кудзелі” годнае месца займае імя Тамаша Грыневіча, які ў паўстанні 1863-1864 гг. быў камандзірам атрада, а потым яго схапілі і расстралялі па загадзе Мураўёва. А. Мальдзіс піша: “А як узрадаваўся Караткевіч, калі потым, у час камандзіроўкі ў Польшчу, я знайшоў у Варшаве рукапісныя “Нататкі паўстанца 1863 года ў Магілёўскай турме”. Сярод іншых прозвішчаў там упамінаўся і той жа Тамаш Грыневіч. Больш таго, прыводзіўся напісаны ім верш “Песня прыгаворанага да смерці…”, дзе выказана цвёрдая ўпэўненасць у тым, што справа свабоды не загіне, “пакуль жыве славянскае племя”. Дзеля вызвалення, гаворыцца ў вершы, трэба паказаць народу прыклады гераізму і самаахвярнасці” [5, c. 18].

Нават выбар тэмы, якую У. С. Караткевіч узяў пасля паспяховай здачы кандыдацкага мінімуму для сваёй дысертацыі, абумоўлены захапленнем паўстаннем 1863-1864 гг. І хоць яго мара напісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 г. ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах так і не ажыццявілася, сабраны матэрыял не быў марна закінуты, а пайшоў на напісанне рамана. “Задума, – расказвае У. Караткевіч у інтэрв’ю А. Мальдзісу, – з'явілася яшчэ тады, калі я быў студэнтам Кіеўскага ўніверсітэта. Замест таго каб хадзіць на лекцыі – сядзеў у бібліятэцы над старымі кнігамі. Паступова перад маімі вачыма паўставалі прываблівыя постаці маіх продкаў – мужных, свабодалюбівых людзей. І сярод іх – паўстанцы 1863 года, якія не шкадавалі жыцця, змагаючыся за “нашу і вашу свабоду”. А потым дзядзька паказаў мне на Дняпры мясціны, дзе адбываліся тыя падзеі. Руіны гаўптвахты, дзе расстрэльвалі людзей, і конскія могілкі, дзе іх потым закопвалі. Паступова ў мяне расло жаданне расказаць аб іх подзвігу, зберагчы памяць. Пачаў вывучаць архіўныя дакументы, запісваць мясцовыя паданні. Спачатку падзеі рамана былі лакалізаваны толькі ў Прыдняпроўі. Потым прыйшлося пашырыць рамкі, перакінуць з Прыдняпроўя “мосцікі” ў Вільню, Пецярбург, Варшаву” [5, c.71].

Рупліва і ўважліва працаваў У. С. Караткевіч са старымі дакументамі: “Мы многа сядзелі ў гістарычным архіве на Добрай Радзе. Кісялёў прыносіў Караткевічу, здаецца, нават без належнага афармлення, дакумнты пра паўстанне 1863 года, Кастуся Каліноўскага. Валодзю было цікава ўсё: і папера, і подпісы, і паўстанцкія пячаткі. Здавалася, што ён бачыць тых, хто іх ставіў, і нават размаўляе з імі, варушачы засмяглымі ад курэння губамі” [5, c. 30].

Трэба адзначыць, што Уладзімір Сямёнавіч планаваў напісаць яшчэ дзве кнігі рамана, дзе б утрымліваліся “крах усіх спадзяванняў, усіх ілюзій і – нават у гэтых абставінах – чалавечая нязломнасць! Паўстанне пацярпела паражэнне, але мужнасць – засталася. А значыць, засталося і спадзяванне, што чалавек, свабода і народ – выжывуць” [5, c.74].Таксама аўтар планаваў увесці ўласныя ацэнкі тагачасных падзей з пункту гледжання яго сучаснасці, роздумы яго сяброў. Ён прызнаваўся, што маральна складана пісаць апошнія часткі рамана, паколькі забіваць герояў, якія паспелі стаць яму роднымі, вельмі нялёгка.

На пачатку васьмідзясятых У. С. Караткевіч публікуе аповесць “Зброя”, якая з’яўляецца своеасаблівым працягам першай і другой частак рамана. Паводле А. Мальдзіса, стылёвыя асаблівасці сведчаць, што аповесць была напісана яшчэ ў шасцідзясятых, але Уладзімір Сямёнавіч ніколі не казаў пра яе, паколькі разумеў, што тагачасная крытыка успрыме апісанні маскоўскіх нораваў як ганенне рускага народа ўвогуле [5, c. 79].

Як вядома сучаснаму чытачу, трэцяя і чацвёртая кнігі “Каласоў…” у друк так і не выйшлі. Адам Мальдзіс упэўнены ў тым, што рукапіс існаваў, але быў скрадзены грабежнікамі з кватэры У. С. Караткевіча летам 1982-ага.

Такім чынам, Э. Ажэшка і У. С. Караткевіч жылі ў розны час, размаўлялі і пісалі свае творы на розных мовах. Але іх яднае любоў да сваёй зямлі і глыбокая пашана да змагароў за яе волю. Паўстанне 1863-1864 гг. адыграла вырашальную ролю ў жыцці і творчасці і Э. Ажэшкі, і У. С. Караткевіча.