
- •Лекцыя 13. Развіццё беларускага грамадства ў міжваенны перыяд бсср у гады нэпа.
- •Правядзенне індустрыялізацыі ў бсср
- •Калектывізацыя сельскай гаспадаркі ў бсср
- •Грамадска – палітычнае жыццё ў бсср у канцы 1920 – х – 1930-я гг.
- •Палітыка беларусізацыі. Развіццё адукацыі, навукі і культуры ў бсср у 1920 – я гг.
- •Адукацыя, навука і культура ў бсср у канцы 1920 – х– 1930-я гг.
Лекцыя 13. Развіццё беларускага грамадства ў міжваенны перыяд бсср у гады нэпа.
Вынікі Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, узброенай інтэрвенцыі замежных дзяржаў і ўмовы Рыжскага дагавора выклікалі палітычны і гаспадарчы крызіс у рэспубліцы.
Тэрыторыя Беларусі і яе народ аказаліся падзеленымі: заходнія раёны, амаль палова беларускіх зямель з насельніцтвам 3,5 млн. чалавек, адышлі да Польшчы. Віцебская і Гомельская губерні заставаліся ў складзе РСФСР.
Тэрыторыю БССР складалі толькі 6 паветаў былой Мінскай губерні з насельніцтвам 1,5 млн..
Пасляваенная сітуацыя патрабавала вырашэння шэрагу буйных задач:
-- эвакуацыя бежанцаў і ваеннапалонных, якія з'явіліся ў Беларусі яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны.
-- барацьба з нелегальнымі (кантрабанднымі) гандлёвымі зносінамі з замежжам. Яны былі выкліканы эканамічнай разрухай і абмежаванымі матэрыяльнымі рэсурсамі краіны.
Становішча пагаршалася ў сувязі з працягваннем палітыкі «ваеннага камунізму». Сяляне патрабавалі адмены харчразвёрсткі і дазволу свабоднага гандлю. 3 павелічэннем матэрыяльных цяжкасцей пачасціліся забастоўкі рабочых і выступленні сялян.
1 – 18 сакавіка 1921 г. – Кранштадскі мяцеж.
Увядзенне новай эканамічнай палітыкі (нэпа).
3 заканчэннем грамадзянскай вайны на парадак дня было пастаўлена пытанне аб аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі.
X з'езд Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў), які адбыўся 8—16 сакавіка 1921 г, прыняў рашэнне аб увядзенні новай эканамічнай палітыкі (нэп). Бальшавіцкае кіраўніцтва на чале з У.І.Леніным ужо праз 3 дні пасля падпісання Рыжскага мірнага Дагавора прыняло рашэнне аб замене харчразвёрсткі натуральным харчпадаткам. Гэта азначала пачатак правядзення новай эканамічнай палітыкі.
Дэлегаты з’езду прымалі ўдзел у падаўленні Кранштадскага мяцяжу.
Сялянам дазваляліся свабодны гандаль, арэнда зямлі і наёмная праца, свабодны выбар формаў землекарыстання. Узаконьвалася кааперацыя.
Харчразвёрстка – элемент палітыкі “ваеннага камунізму”; сістэма нарыхтовак сельскагаспадарчай прадукцыі, згодна з якой сяляне абавязаны былі здаваць дзяржаве ўсе лішкі прадукцыі, у першую чаргу збожжа, якое прызначалася для забеспячэння Чырвонай Арміі.
Харчпадатак – цвёрда фіксаваны падатак з сялянскай гаспадаркі.
Асноўныя мерапрыемствы палітыкі “ваеннага камунізму” і нэпа
Палітыка “ваеннага камунізму” |
Новая эканамічная палітыка |
|
--увядзенне харчпадатку -- дазвол свабоднага гандлю -- дазвол дробнай прыватнай уласнасці, дапушчэнне замежнага капіталу, дазвол найму рабочай сілы і арэнды зямлі -- увядзенне савецкага чырвонца -- свабодны выбар формаў землекарыстання, развіццё сельскагаспадарчай кааперацыі -- розныя формы аплаты працы -- выкарыстанне таварна-грашовых адносін і гаспадарчага разліку |
У выніку ўвядзення нэпа ў селяніна пасля выплаты харчпадатку заставаліся лішкі прадуктаў, якія ўжо дазвалялася прадаць на рынку, атрымаўшы за гэта грошы ва «ўласную кішэню».
Аднак, цэны на сельскагаспадарчыя прадукты былі значна ніжэйшымі, чым кошт прамысловых тавараў. Узніклі так званыя «нажніцы цэн» не на карысць сялян.
Ствараліся таварыствы па сумеснай апрацоўцы зямлі, гандлёвыя кааператывы. Свабода выбару формаў землекарыстання прывяла да павелічэння колькасці хутароў, якія ўзнікалі на былых памешчыцкіх землях. Гэта з'яўлялася асаблівасцю правядзення нэпа ў Беларусі.
Другой асаблівасцю была ліквідацыя ў 1922—1924 гг. розных грашовых адзінак, якія атрымалі ў прыгранічных раёнах Беларусі даволі шырокае распаўсюджанне. У грашовы абарот уводзіўся савецкі чырвонец. Гэта грашовая адзінка была роўная дарэвалюцыйнай 10-рублёвай залатой манеце і каштавала на сусветным рынку да сярэдзіны 1926 г. больш за 5 долараў ЗША. Чырвонец вырабляўся з золата і мог замяняцца папяровымі грашыма.
Увядзенне нэпа аказала спрыяльны ўплыў на стан сельскай гаспадаркі. Да 1927 гг. яна была поўнасцю адноўлена. Беларускае сялянства змагло забяспечыць насельніцтва рэспублікі неабходнай прадукцыяй. Рост сельскагаспадарчай вытворчасці стаў асновай для развіцця адпаведных галін прамысловасці. Адначасова пачалі працаваць мінскія чыгуналіцейны і машынабудаўнічы заводы, крыштальны завод «Барысау”, фабрыка запалак «Бярэзіна», лесапільныя і гарбарныя заводы У 1927 г узровень развіцця дробнай прамысловасці перасягнуў даваенны.
У снежні 1920 г. у мэтах аднаўлення разбуранай вайной гаспадаркі быў зацверджаны план дзяржаўнай электрыфікацыі Расіі (ГОЭЛРО), названы У.Леніным “другой праграмай партыі”. У БССР быў распрацаваны свой план, таму што яе тэрыторыя была доўгі час акупіравана. Згодна з гэтым планам на тэрыторыі Беларусі да сярэдзіны 1920-х гадоў было пабудавана больш за 20 электрастанцый. Яны з’яўляліся крыніцай энергіі для прамысловых прадпрыемстваў. Было пачата будаўніцтва найбуйнейшай на той час Беларускай дзяржаўнай раённай электрастанцыі (БелДРЭС) у Аршанскім раёне. На ёй у якасці паліва выкарыстоўваўся торф. У сувязі з нарыхтоўкай паліва для БелДРЭС у 1927 г. узнік пасёлак Асінторф. Будаўнікі станцыі ганарыліся тым, што паставілі беларускія балоты на службу індустрыялізацыі.
У канцы 1922 г., калі быў ажыццёўлены пераход ад палітыкі “ваеннага камунізму” да нэпа, У.І.Ленін паставіў пытанне аб неабходнасці перагляду “ўсяго пункту гледжання на сацыялізм”.
Нэпам аказаліся незадаволены пэўныя пласты насельніцтва. Сярод іх – некаторая частка партыйных і дзяржаўных кіраўнікоў, прыхільнікаў камандных метадаў, частка насельніцтва, якая не магла дасягнуць таго багацця, што было ў так званых нэпманаў (уладальнікаў невялічкіх прадпрыемстваў, хутаран). У другой палове 1920 – х гг. нэп стаў паступова згортвацца.
Грамадска-палітычнае жыццё ў гады нэпа.
Увядзенне нэпа спрыяла дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця, распаўсюджванню і замацаванню формаў дзяржаўнага ладу, заснаваных на прызнанні прынцыпаў народаўладдзя, свабоды і роўнасці грамадзян. Гэта адбывалася ва ўмовах замацавання ў БССР аднапартыйнай палітычнай сістэмы і спынення дзейнасці палітычных партый, што супрацьстаялі бальшавікам.
Кіраўніцтва бальшавіцкай партыі, якая займала манапольнае становішча ў грамадстве, звязвала дэмакратызацыю з узмацненнем сваіх пазіцый у краіне. У выніку так званых ленінскіх прызываў 1924— 1925 гг. (пасля смерці У. I. Леніна) быў праведзены масавы набор у партыю рабочых «ад станка» і сялян «ад сахі». Такія дзяржаўныя і грамадскія арганізацыі, як Саветы дэпутатаў працоўных, прафсаюзы, камуністычны саюз моладзі, разглядаліся ў якасці праваднікоў ідэй камуністычнай партыі сярод насельніцтва.
Саветы рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў пад кіраўніцтвам бальшавікоў, якія ўваходзілі ў іх склад, замацоўвалі сувязь з масамі. Прафсаюзы як аб'яднанні працоўных па прафесіях вялі барацьбу з беспрацоўем, прымалі актыўны ўдзел у аднаўленні і рэканструкцыі вытворчасці, умацаванні дысцыпліны і павышэнні прадукцыйнасці працы, ліквідацыі непісьменнасці і разгортванні культурна-асветніцкай дзейнасці. Колькасць членаў прафсаюзаў у БССР з 1922 па 1940 г. вырасла з 48 тыс. да 650 тыс. чалавек.
Камуністычны саюз моладзі Беларусі (КСМБ, скарочана — камсамол) разглядаўся камуністычнай партыяй як рэзерв і памочнік у распаўсюджванні ўплыву на моладзь, у барацьбе з разрухай, ажыццяўленні нэпа, у гаспадарчым і культурным будаўніцтве.
У 1923 г. бальшавікі абвясцілі амністыю беларускім палітычным і культурным дзеячам, якія не прымалі ўдзелу ва ўзброенай барацьбе супраць Савецкай улады. У выніку многія з тых, хто знаходзіўся за мяжой краіны, вярнуліся ў Савецкую Беларусь і ўнеслі свой уклад у развіццё культуры, асветы, навукі.
На Берлінскай канферэнцыі ў 1925 г. большасць кіруючых дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі прызналі Савецкую Беларусь і аб'явілі аб роспуску сваіх палітычных цэнтраў. Сярод тых, хто вярнуўся з-за мяжы, былі В. Ю. Ластоўскі, А. I. Цвікевіч.
А.І.Цвікевіч, які быў прэм’ер - міністрам БНР у Празе, падпісаў у 1925 г пратакол аб прызнанні Савецкай Беларусі. Як адзначалася ў пратаколе. гэта зроблена »ў разуменні таго, што ўлада сялян і рабочых замацавана ў Менску і сапраўды імкнецца адрадзіць беларускі народ культурна, эканамічна і дзяржаўна, што Савецкая Беларусь ёсць адзіная рэальная сіла, якая можа вызваліць Заходнюю Беларусь ад польскага ярма...»
Утварэнне СССР. Узбуйненне БССР.
1 чэрвеня 1919 г. паміж савецкімі рэспублікамі быў заключаны дагавор аб ваенна-палітычным саюзе. Пасля заканчэння вайны пад кіраўніцтвам ЦК РКП(б) пачаўся пошук і выпрацоўка канкрэтных формаў аб'яднання савецкіх рэспублік у адзіную дзяржаву. Гэта было неабходна ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі Савецкай краіны для сумеснага пераадолення наступстваў войнаў і акупацыі, якія выклікалі гаспадарчы крызіс.
I.В.Сталін выступіў з ідэяй «аўтанамізацыі». Паводле яе ўсе савецкія рэспублікі павінны былі аб'явіць сябе састаўнымі часткамі РСФСР і ўвайсці ў яе склад на правах аўтаноміі. Але гэты план не быў падтрыманы кіраўнікамі кампартый рэспублік, у тым ліку і Беларусі.
У. 1. Ленін знайшоў больш прымальную форму дзяржаўнага ўладкавання — федэрацыю. Яна ўяўляла сабой саюз некалькіх дзяржаў, у якім яны падпарадкоўваюцца адзінаму цэнтру і пры гэтым захоўваюць самастойнасць у вырашэнні асобных пытанняў унутранай палітыкі. У федэрацыі дзейнічаюць агульныя канстытуцыя, органы дзяржаўнай улады, грамадзянства, грашовыя адзінкі.
6 кастрычніка 1922 г. ЦК РКП(б) прыняў рэзалюцыю па пытанні аб узаемаадносінах РСФСР з незалежнымі савецкімі рэспублікамі. У ёй гаварылася: «Прызнаць неабходным заключэнне дагавора паміж Украінай, Беларуссю, Федэрацыяй Закаўказскіх рэспублік і РСФСР аб аб'яднанні іх у Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік з захаваннем за кожнай з іх права свабоднага выхаду з Саюза».
Шляхі нацыянальна – дзяржаўнага будаўніцтва савецкіх рэспублік
Ленінскі план |
Сталінскі план |
Федэрацыя (саюз) савецкіх рэспублік
БССР – раўнапраўная рэспубліка ў СССР, разам з РСФСР, УССР, ЗСФСР |
Нацыянальна – культурная аўтаномія рэспублік у складзе РСФСР БССР – састаўная аўтаномная частка РСФСР |
Ідэя была ўвасоблена ў жыццё на IV Усебеларускім з'езде Саветаў, які адбыўся 14—18 снежня 1922 г. у Мінску.
30 снежня 1922 г. дэлегацыі, якія сабраліся на I Усесаюзны з'езд Саветаў падпісалі Дэкларацыю і Дагавор аб утварэнні СССР. З'езд выбраў вярхоўны выканаўчы орган Саюза — Цэнтральны Выканаўчы Камітэт СССР. Яго старшынёй ад Беларусі быў абраны А. Р. Чарвякоў. Пасля стварэння СССР за нашай краінай замацавалася назва Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР).
У сакавіку 1924 г. урад СССР выдаў дэкрэт аб перадачы Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў. У выніку ўзбуйнення тэрыторыя Савецкай Беларусі стала большай у 2 разы, а насельніцтва — да 4,2 млн чалавек, гэта значыць узрасло амаль у 3 разы.
У снежні 1926 г. адбылося другое ўзбуйненне БССР. Уключаныя ў яе склад Гомельскі і Рэчыцкі паветы мелі плошчу больш за 15 тыс. км2 з насельніцтвам каля 650 тыс. чалавек.
У красавіку 1927 г. на VIII Усебеларускім з'ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя БССР. Згодна з Канстытуцыяй палітычнай асновай БССР з'яўляліся Саветы рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, якім належала ўся ўлада ў БССР. У Канстытуцыі былі замацаваны змены ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле рэспублікі ў выніку ўзбуйнення яе тэрыторыі. Былі зацверджаны Дзяржаўныя герб і сцяг Беларускай ССР.
Этапы дзяржаўна – тэрытарыяльнага ўладкавання
Чэрвень 1919 – ваенна – палітычны саюз савецкіх рэспублік
Снежань 1922 – уваходжанне БССР у саюз ССР
1924 і 1926 гг. – першае і другое ўзбуйненне БССР
Амністыя – памілаванне, дараванне віны.
Федэрацыя – форма дзяржаўнага ўладкавання, пры якой дзяржавы, што ўтвараюць саюз, падпарадкоўваюцца адзінаму цэнтру і пры гэтым захоўваюць самастойнасць у вырашэнні асобных пытанняў унутранай палітыкі. У федэрацыі дзейнічаюць адзіныя канстытуцыя, органы дзяржаўнай улады, устанаўліваюцца адзіныя грамадзянства, грашовыя адзінкі і г.д.
Аляксандр Іванавіч Цвікевіч (1883—1937) — беларускі палітычны дзеяч, гісторык, філосаф. Удзельнік Усебеларускага з'езда ў снежні 1917 г. 3 1923 г. прэм'ер-міністр БНР у Празе, выступаў за міжнароднае прызнанне БНР. Пад уздзеяннем палітыкі беларусізацыі пачаў прыхільна ставіцца да БССР. Па яго ініцыятыве ў 1925 г. была склікана Берлінская канферэнцыя, пасля правядзення якой ён пераехаў у Мінск. Працаваў вучоным сакратаром Інстытута беларускай культуры, з 1929 г. — у Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі навук. Як гісторык даследаваў праблемы развіцця беларускай дзяржаўнасці, асабліва падкрэсліваў значэнне абвяшчэння БНР. Вывучаў погляды прыхільнікаў заходнерусізму.