Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Актуальныя праблемы тэорыі літаратуры і фалькло...doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.08 Mб
Скачать

Нябачны, ўбачыцца

Сляпым і жабракам.

Як выдых, выйдзе

З ветрасценнай скініі,

За сынаў боль

Даруючы цвікам… [3, 288].

Перанос моцна вылучае парадаксальны вобраз: “[Бог], нябачны, убачыцца сляпым і жабракам”, – а тым самым – узмацняе асноўную думку верша. Адзначым рыфму: скіне – і – скініі.

У наступным прыкладзе – анжамбеман не “на злучнік” і не “на прыназоўнік”, а “на часціцу”:

Да ісціны голай хоча дайсці

След нецярпення босы:

Зямля трымае нябёсы, а ці

Зямлю трымаюць нябёсы? [3, 23].

Відавочна, што і тут абсалютна рацыянальная матывацыя анжамбемана – інтанацыйнае падкрэсліванне вобразу (гэта менавіта лагічны націск, а не эмфаза).

Цікавы прыклад складовага (слоўна-радковага) анжамбемана бачым у наступным урыўку з паэмы “Лінія перамены дат”:

Здрыгануўся аднойчы.

Зрабілася цёмна –

Лакцём на-

ціснула Вясна ў вакно,

Шыбіна закрактала ажно [4, ІІІ, 31].

(Курсівам мы паказалі рыфму, тлустым шрыфтам – анжамбеман.) Цікава, што графіка арганізуецца так, каб «прыхаваць» гэты анжамбеман унутры радка, хаця абсалютна відавочна, што другі радок, падзелены “лесвічкай”, на самай справе – два рытмарады (паказчык – рыфмоўка). Анжамбеман выконвае функцыю лагічнага вылучэння. Трэба сказаць, што гэты прыём тут выкарыстаны вельмі ўдала з пункту гледжання інтанацыйнай арганізацыі: на-ціснула, – менавіта так мы гаворым, калі хочам падкрэсліць моц гэтага націску.

Нарэшце, адзначым такі прыём, як «ланцужок» анжамбеманаў. У паэме “Самота паломніцтва” чытаем:

Год нараджэння?

Калі Русь адбялілася,

Белай

Стала.

Па ўсёй зямлі

Крыўская слава бегла.

Беляць палотны, каб

Кужаль кунежыў цела,

Каб аж да крохту скаб

Дух не здаваўся.

Бела

Доле й на небясі –

Снежна і Млечнашляха.

Большая Белай Русі

Наканавана плаха [4, ІІІ, 110].

Зноў мы бачым тут, што Р. Барадулін “прыхоўвае” анжамбеманы: мусіць, яму не хочацца, каб яны “вытыркаліся”. Слова “калі”, якое, па сутнасці, завяршае першы рытмарад (рыфмуецца з “зямлі”), паэт ставіць у пачатак другога радка. Гэтаксама і слова “белай”, якое завяршае другі рытмарад (рыфмуецца з “бегла”), ён ставіць на асобны радок. Графіка, такім чынам, арганізуецца тут згодна з сінтаксісам, а не з метрыкай. Згодна з метрыкай яна павінна была б выглядаць наступным чынам:

* Год нараджэння? [Калі

Русь адбялілася,] [белай

Стала.] Па ўсёй зямлі

Крыўская слава бегла.

Заўважым, што тут адзін за адным ідуць два рэжэ-контр-рэжэ (паказана квадратнымі дужкамі) – прыём рэдкі.

У гэтым прыкладзе фунцыя лагічнага вылучэння прадстаўлена асабліва яскрава: два разы пераносы падкрэсліваюць асноўны тэматычны вобраз урыўка (Русь… белай стала; бела доле й на небясі). (У апошніх двух радках гэты вобраз падкрэсліваецца яшчэ і інверсіяй: “Большая Белай Русі // Наканавана плаха.)

Але тут функцыя пераносаў не толькі ў лагічным вылучэнні. Нагадаем, што гаворка ідзе пра паэму – вялікі вершаваны твор. У такіх творах рытмічная інерцыя – каварная рэч: яна “ўсыпляе” чытача. Таму такая насычанасць анжамбеманамі тлумачыцца неабходнасцю разбурыць гэтую інерцыю. Пераносы, такім чынам, выконваюць тут непасрэдна рытмаўтваральную функцыю (або “метраразбуральную”).

Такім чынам, мы бачым, што анжамбеман – сапраўды адзін з самых яскравых прыкладаў таго, як розныя кампаненты будовы верша працуюць разам на стварэнне мастацкага зместу.