Лекцыя 2. Уводзіны ў прадстаўленне ведаў
Асноўныя паняцці.
Класіфікацыя ведаў.
Асновы інжынерыі ведаў.
1. Асноўныя паняцці
Прадстаўленне ведаў з’яўляецца адным з важнейшых раздзелаў штучнага інтэлекту. Штучны інтэлект як навуковы накірунак звязаны са спробай фармалізаваць мысленчую дзейнасць чалавека – распрацаваць метады, якія дазволяць запраграміраваць машыну такім чынам, каб яна магла аднаўляць або нават пераўзыходзіць здольнасці чалавечага інтэлекту. Даследаванні ў гэтай сферы цесна звязаны з сумежнымі дысцыплінамі – інфарматыкай, лінгвістыкай, псіхалогіяй і філасофіяй.
Існуюць розныя погляды на галоўную мэту даследаванняў. Некаторыя вучоныя схіляюцца да таго, што штучны інтэлект з’яўляецца адгалінаваннем тэхнічных навук. Іншыя робяць акцэнт на вывучэнне механізмаў пазнання, працэсаў апрацоўкі інфармацыі ў мозгу чалавека (нейрабіёніка).
Так ці інакш, асноўнымі паняццямі дысцыпліны з’яўляюцца паняцці, звязаныя з працэсамі ўспрымання і апрацоўкі інфармацыі.
Інфармацыя з пункту гледжання яе ўзнікнення і ўдасканалення праходзіць наступныя этапы: чалавек назірае факт рэчаіснасці, гэты факт адлюстроўваецца ў выглядзе сукупнасці дадзеных, далей адбываецца структурыраванне ў адпаведнасці з канкрэтнай прадметнай сферай, дадзенія ператвараюцца ў веды. Такім чынам, верхнім узроўнем інфармацыі як выніку адлюстравання рэчаіснасці з’яўляюцца веды. Веды ўзнікаюць як вынік тэарэтычнай і практычнай дзейнасці. Інфармацыя ў выглядзе ведаў адрозніваецца высокай структурыраванасцю, што дазваляе вылучыць карысную інфармацыю падчас аналізу акаляючых працэсаў і з’яў.
Асноўныя азначэнні ў сферы штучнага інтэлекту:
Інфармацыя – сукупнасць любых звестак аб падзеі, сутнасці, працэсе, якія з’яўляюцца аб’ектам некаторых аперацый: успрымання, перадачы, пераўтварэння, захавання або выкарыстання.
Дадзеныя – фіксаваная ў пэўнай форме інфармацыя аб аб’ектах прадметнай сферы, іх уласцівасцях і узаемасувязях, ўто адлюстроўваюць падзеі і сітуацыі ў гэтай сферы.
Прадметная сфера – гэта сфера дзейнасці чалавека, у рамках якой ажыццяўляецца інтэрпрэтацыя атрыманай і апрацоўваемай інфармацыі.
Веды – гэта заканамернасці прадметнай сферы (прынцыпы, сувязі, законы), атрыманыя ў выніку практычнай дзейнасці і прафесійнага вопыту, якія дазваляюць спецыялістам ставіць і вырашаць праблемы ў гэтай сферы.
На аснове структурыраванай інфармацыі фарміруецца структурыраваная мадэль аб’екта.
2. Класіфікацыя ведаў
Веды могуць быць падзелены на наступныя катэгорыі:
Павярхнёвыя – веды аб знешніх узаемасувязях паміж асобнымі падзеямі і фактамі ў прадметнай сферы.
Глыбінныя – абстракцыі, аналогіі, схемы, якія адлюстроўваюць структуру і прыроду працэсаў, якія адбываюцца ў прадметнай сферы. Гэтыя веды могуць выкарыстоўвацца для прагназавання паводзін аб’екта.
Напрыклад, павярхнёвыя веды могуць быць апісаны наступным чынам:
“Калі баліць галава, трэба выпіць аспірын”
Пры гэтым можна разгледзець глыбінныя веды – веды фізіёлагаў аб прычынах галаўнога болю.
Веды, якімі валодае чалавек, падзяляюцца на фармалізаваныя (дакладныя) і слаба фармалізаваныя (недакладныя). Фармалізаваныя веды можна зафіксаваць у выглядзе азначэнняў, формул, алгарытмаў, мадэляў… Нефармалізаваныя веды – гэта веды, для якіх адсутнічае алгарытм (мадэль, метад) іх атрымання. Гэтыя веды цяжка сфармуляваць. Многія рашэнні да нас прыходзяць на інтуітыўным узроўні.
