
- •1. Прадмет курса «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі».
- •2. Задачы курса «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі».
- •3. Прынцыпы і метады гістарыяграфічнага пазнання.
- •4. Гістарыяграфічны факт і гістарыяграфічная крыніца.
- •5. Праблема перыядызацыі гістарыяграфіі гісторыі Беларусі.
- •6. Станаўленне гістарыяграфіі гісторыі Беларусі як навукі.
- •1. Звесткі аб насельніцтве Беларусі ў працах антычных і арабскіх аўтараў.
- •2. Старажытнарускія летапісы, лівонскія хронікі і скандынаўскія сагі пра падзеі на тэрыторыі Беларусі.
- •4. Гісторыя Беларусі ў мясцовых летапісах і хроніках.
- •5. Польскія храністы аб гісторыі беларускіх зямель.
- •6. Гістарычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі ў мемуарнай літаратуры xvіі – xviіі ст.
- •1. Мацей Стрыйкоўскі – першы гістарыёграф Вялікага княства Літоўскага.
- •2. Гістарычная думка ў вкл у XVII – першай палове xviiі ст.
- •3. Гістарычныя даследаванні ў вкл у другой палове xviiі ст. «Манархічная» школа а.Нарушэвіча.
- •4. «Рамантычная» школа і.Лялевеля. Станаўленне беларускага крыніцазнаўства ў першай трэці хіх ст.
- •5. Гістарычныя звесткі пра Беларусь у працах рускіх гісторыкаў і археографаў xviiі – пачатку хіх ст.
- •2. Гісторыя вкл у расійскай гістарыяграфіі другой трэці хіх ст.
- •3. Вывучэнне айчыннай гісторыі мясцовымі даследчыкамі Беларусі і Літвы ў 30 – пачатку 60-х гг. Хіх ст.
- •1. Русіфікатарская палітыка ўрада пасля паўстання 1863 г. Дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі.
- •4. Гісторыя Беларусі ў даследаваннях польскіх гісторыкаў.
- •1. Станаўленне беларусазнаўства як асновы беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.
- •2. Погляды к.Каліноўскага і беларускіх народнікаў на мінулае беларускага народа.
- •3. Этнаграфічнае і археалагічнае вывучэнне Беларусі ў другой палове хіх – пачатку хх ст.
- •4. Роля беларускай літаратуры другой паловы хіх ст. У станаўленні беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.
- •5. Гістарычная публіцыстыка «Нашай долі» і «Нашай нівы».
- •6. Станаўленне дэмакратычнай плыні беларускай гістарыяграфіі.
- •1. Фарміраванне арганізацыйных асноў гістарычнай навукі ў бсср.
- •2. Падрыхтоўка гістарычных кадраў у даваенны перыяд.
- •3. Укараненне марксісцка-ленінскай метадалогіі. Ідэйна-палітычная барацьба з яўрэйскімі гісторыкамі-марксістамі ў 20 – пач. 30-х гг.
- •4. Ідэйна-палітычная барацьба з беларускімі нацыянальнымі гісторыкамі ў 20 – пач. 30-х гг.
- •2. Абагульняючыя працы па гісторыі Беларусі.
- •3. Даследаванне гісторыі Беларусі феадальнага перыяду ў даваенны час.
- •4. Праблемы гісторыі Беларусі капіталістычнага перыяду ў беларускай гістарыяграфіі даваеннага часу.
- •1. Падрыхтоўка кадраў гісторыкаў вышэйшай кваліфікацыі ў бсср у сяр. 40-х – 80-я гг.
- •Колькасны склад кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў бсср
- •2. Цэнтры гістарычнай навукі бсср.
- •3. Уплыў грамадска-палітычнай сітуацыі на развіццё гістарычнай навукі бсср у сяр. 40 – сяр. 50-х гг.
- •4. Асаблівасці развіцця беларускай савецкай гістарыяграфіі ў сяр. 50 – 80-я гг.
- •1. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі першабытнага перыяду.
- •3. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі феадальнага перыяда.
- •Анатоль Піліпавіч Смірноў
- •4. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі перыяда капіталізму.
- •5. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі перыяда 1917 – 1945 гг.
- •6. Этапы гістарыяграфіі Вялікай Айчыннай вайны.
- •7. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі пасляваеннага савецкага перыяда.
- •1. Арганізацыя гістарычнай навукі Беларусі на мяжы хх – ххі ст.
- •2. Падрыхтоўка гістарычных кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
- •1. Гістарыяграфія беларускай эміграцыі ў даваенны перыяд.
- •2. Гістарыяграфія беларускай эміграцыі ў пасляваенны перыяд.
4. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі перыяда капіталізму.
У пасляваенны перыяд актывізуецца даследаванне праблем гісторыі Беларусі эпохі капіталізму. Асноўная ўвага беларускіх гісторыкаў была засяроджана на вывучэнні рэформы 1861 г., паўстання 1863 г., працэса станаўлення буржуазнага грамадства, рэвалюцыйнага і грамадска-палітычнага руху, узнікнення і дзейнасці партыі бальшавікоў, падзей першай і другой расійскіх рэвалюцый на тэрыторыі Беларусі.
Даследаваннем пытанняў падрыхтоўкі і рэалізацыі рэформы 1861 г. у Беларусі займаліся А.В.Палонскі, А.Т.Караткевіч, М.Ф.Шпакаў і інш. Найбольш поўна яны прадстаўлены ў манаграфіях П.А.Заянчкоўскага і М.Б.Фрыдман. У манаграфіі П.А.Заянчкоўскага «Проведение в жизнь крестьянской реформы 1861 г.» (1958 г.), прысвечанай рэалізацыі рэформы 1861 г. у Расійскай імперыі, выдзелена спецыяльная глава аб яе ажыццяўленні ў Беларусі, Літве і на Правабярэжнай Украіне.
У працы М.Б.Фрыдман «Отмена крепостного права в Белоруссии» (1958 г.) разгледжаны перадумовы адмены прыгоннага права, падрыхтоўка рэформы, прааналізаваны дакументы, на аснове якіх ажыццяўлялася рэформа. Апошняя глава манаграфіі прысвечана рэалізацыі «Палажэнняў ад 19 лютага 1861 г.». У ёй раскрыты працэс падпісання устаўных грамат, стварэнне органаў сялянскага самакіравання і органаў кантролю за ажыццяўленнем рэформы на месцах, сялянскі рух у 1861 – 1863 гг., змены ў заканадаўстве, якія былі прыняты ўрадам у беларускіх губернях у сувязі з паўстаннем 1863 г.
Аграрныя адносіны ў Беларусі ў парэформенны перыяд даследавалі К.I.Шабуня, А.I.Кажушкоў, Л.П.Ліпінскі, У.П.Панюціч, П.Д.Верашчагін, X.Ю.Бейлькін і інш. Вялікі ўклад у распрацоўку гісторыі аграрных адносін ў Беларусі на рубяжы XIX – XX ст. унёс К.I.Шабуня у манаграфіі «Аграрный вопрос и крестьянское движение в Белоруссии в революции 1905 – 1907 гг.» (1962 г.).
Гэтая работа стала асновай для наступных даследаванняў аграрнай і сялянскай гісторыі канца ХІХ – пачатку ХХ ст. Аўтар прааналізаваў развіццё землеўладання на беларускіх землях, стан памешчыцкай і сялянскай гаспадаркі, маёмасную дыферэнцыяцыю сялянства і сялянскі рух у часы першай рускай рэвалюцыі.
У працы А.I.Кажушкова «Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии во второй половине XIX в.» (1963 г.) прасочваецца развіццё капіталістычных адносін у памешчыцкай і сялянскай гаспадарках Беларусі ў парэформенны перыяд: спецыялізацыя памешчыцкіх гаспадарак, іх рыначныя сувязі, формы найму працоўнай сілы, кааперацыя сялянства і інш. Але з-за невялікага аб’ёму манаграфіі і недастатковасці фактычнага матэрыялу гэтыя пытанні раскрыты няпоўна.
Эвалюцыя капіталістычных адносін у парэформеннай вёсцы даследавана ў манаграфіі Л.П.Ліпінскага «Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (II половина XIX в.)» (1971 г.).
Развіццё аграрных адносін разглядаецца ім у трох аспектах: эвалюцыя землеўладання і землекарыстання, памешчыцкая гаспадарка, сялянская гаспадарка. Прааналізавана эканамічная арганізацыя памешчыцкіх гаспадарак, выкарыстанне ў іх машын, развіццё гандлёвага земляробства, прамысловага прадпрымальніцтва, ляснога гандлю, разлажэнне сялянства, развіццё гандлёвага земляробства ў сялянскай гаспадарцы, прыгонніцкія перажыткі ў вёсцы і становішча ўсіх саслоўных катэгорый сельскага насельніцтва. Аўтар параўноўваў статыстыку прыватнаўласніцкага землеўладання па перапісам 1877 і 1905 гг. Але іх паказчыкі несупастаўляльныя, таму высновы не заўсёды дакладна адлюстроўвалі стан беларускай вёскі.
Пытанні аграрнага перанасялення і адыходніцтва ў беларускай вёсцы даследаваліся ў манаграфіі В.П.Панюціча «Из истории формирования пролетариата Белоруссии, 1861 – 1914 гг.» (1969 г.).
Аўтар раскрыў класавую дыферэнцыяцыю беларускага сялянства і збядненне яго асноўнай масы як перадумовы ўзнікнення арміі «лішняй» рабочай сілы ў вёсцы. Вызначаны прычыны аграрнай перанаселенасці вёскі, яе ўзровень і спецыфіка ў розных раёнах Беларусі, паказаны памеры, характар і напрамкі адыходніцтва, яго роля ў фарміраванні прамысловага і сельскагаспадарчага пралетарыяту.
Міграцыя сялян, яе прычыны і дынаміка атрымалі асвятленне ў манаграфіі В.Д.Верашчагіна «Крестьянские переселения из Белоруссии (вторая половина XIX в.)» (1978 г.). Аўтар прасачыў сувязь сялянскіх перасяленняў з развіццём капіталізму, паказаў працэс пашырэння капіталізму ўглыб у раёнах выхаду перасяленцаў, разглядзеў перасяленцкую палітыка царызму. Аднак недастаткова раскрыта сувязь перасяленняў сялян з парэформеннымі аграрнымі адносінамі.
Л.П.Ліпінскі ў манаграфіі «Столыпинская аграрная реформа в Белоруссии» (1978 г.) раскрыў перадумовы рэформы і яе ажыццяўленне ў Беларусі, прасачыў працэс хутарызацыі, разбурэння сялянскай абшчыны і разарэння асноўнай масы сялянства з мэтай стварэння шырокай сацыяльнай апоры царызму ў асобе заможнага сялянства пры захаванні памешчыцкага землеўладання. Аўтар паказаў уплыў рэформы на далейшае развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы, адзначыў у адпаведнасці з традыцыяй савецкай гістарыяграфіі крах аграрнай палітыкі царызму ў пачатку XX ст.
У манаграфіі В.П.Панюціча «Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861 – 1900 гг.» (1990 г.) на аснове вялікай колькасці крыніц праведзены глыбокі аналіз агульнага і саслоўнага складу сялянства да і пасля рэформы, прасочана яго дынаміка па губернях з 1858 па 1897 гг., прааналізаваны прычыны і ўмовы, якія аказалі ўплыў на павелічэнне яго колькасці, даследаваны структура і склад сялянскіх сем’яў, міграцыйныя працэсы, звязаныя з адыходніцтвам, перасяленнем у Сібір, уздзеянне на гэтыя працэсы палітыкі царызму, стан пісьменнасці і нацыянальны склад сялянскага насельніцтва. Шмат увагі аўтар надаў аналізу функцый сялянскай абшчыны.
Манаграфія X.Ю.Бейлькіна «Сельскохозяйственный рынок Белоруссии. 1861 – 1914 гг.» (1989 г.) прысвечана перадумовам фарміравання збожжавага рынку і рынкаў нязбожжавых культур, гандлю таварамі жывёлагадоўлі, развіццю арганізацыйных форм гандлю. Усе гэтыя пытанні разглядаюцца па перыядах: 60 – 70-я, 80 – 90-я гг., канец XIX – пачатак XX ст. (да пачатку Першай сусветнай вайны). Глыбокае даследаванне гэтых праблем, іх параўнальны аналіз дазволілі аўтару зрабіць выснову, што галоўнымі перадумовамі развіцця сельскагаспадарчага рынку ў парэформеннай Беларусі былі рост прамысловасці, гарадскога насельніцтва, чыгуначнае будаўніцтва, класавае расслаенне вёскі, фарміраванне арміі наёмных сельскагаспадарчых рабочых. Пазітыўнае ўздзеянне на развіццё сельскагаспадарчага рынку аказала тэрытарыяльная блізкасць яго ад важнейшых прамысловых і гандлёвых цэнтраў Расіі (Рыга, Лібава, Масква, Пецярбург, Варшава). Беларусь з’яўлялася састаўной часткай сусветнага аграрнага рынку.
Значныя поспехі былі дасягнуты ў даследаванні праблем развіцця капіталізму ў эканоміцы Беларусі пачатка XX ст. У калектыўнай працы «Экономика Белоруссии в эпоху империализма (1900 – 1917 гг.)» (1963 г.) паказана не толькі панаванне капіталістычных адносін у прамысловасці, гандлі, банкаўскай справе, але і складванне ў пачатку XX ст. манапалістычнага капіталізму. Праўда, да сярэдзіны 60-х гг. у савецкай гістарыяграфіі дамінавала думка аб каланіяльным становішчы Беларусі ў складзе Расійскай імперыі.
3.Е.Абезгаўз у працах «Развитие промышленности и формирование пролетариата Белоруссии во второй половине XIX в.» (1971 г.) і «Рабочий класс Белоруссии в начале XX в. (1900 – 1913 гг.)» (1977 г.) прааналізаваў тры стадыі развіцця капіталізму ў прамысловасці Беларусі (дробнатаварная вытворчасць, мануфактура, фабрыка), паказаў суадносіны паміж імі ў важнейшых сферах вытворчасці, галіновую структуру і тэрытарыяльнае размяшчэнне прамысловасці, крыніцы фарміравання рабочага класа, яго колькасць, прафесійны, нацыянальны і ўзроставы склад, эканамічнае і палітычнае становішча, пачатковы этап фарміравання сацыялістычнай ідэалогіі.
У канцы 50 – пачатку 60-х гг. актывізавалася вывучэнне паўстання 1863 г. у Польшчы, Літве і Беларусі. Выйшлі кнігі А.П.Смірнова «Кастусь Калиновский в восстании 1863 г.» (1959 г.), «Сигизмунд Сераковский» (1959 г.), «Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии» (1963 г.), Г.В.Кісялёва «Сейбіты вечнага» (1963 г.), «З думай пра Беларусь» (1966 г.), некалькі зборнікаў артыкулаў і інш. публікацыі. У сувязі са стагоддзем паўстання быў выдадзены двухтомны зборнік дакументаў і матэрыялаў, у падрыхтоўцы якога прымалі актыўны ўдзел гісторыкі Беларусі. Важнейшым пытаннем у ацэнцы гэтай праблемы было вызначэнне класавага характару паўстання, рухаючых сіл, адносін да яго сялянства. У папярэдняй літаратуры выказывалася думка аб сялянскім характары паўстання, але С.М.Байкова (Самбук), В.А.Дз'якаў, І.І.Касцюшка, I.С.Міллер даказалі, што галоўнай рухаючай сілай паўстання з’яўлялася беззямельная і малазямельная шляхта, блізкая па свайму сацыяльнаму становішчу да разначынцаў, змяніўшых дваранскіх рэвалюцыянераў. Характар паўстання стаў падавацца буржуазна-дэмакратычным.
А.П.Смірноў прызнаў і станоўча ацаніў пастаноўку К.Каліноўскім пытання аб стварэнні самастойнай Літоўска-Беларускай рэспублікі. Але ў 60-я гг. шэраг даследчыкаў выказалі сумненне ў наяўнасці ў паўстанні рэвалюцыйна-дэмакратычнай плыні. Нават у другім томе «Гісторыі Беларускай ССР» (1972 г.) пазіцыя рэвалюцыянераў-дэмакратаў па нацыянальным пытанні не ўзгадвалася.
Рух народнікаў у 70 – пачатку 80-х гг. атрымаў асвятленне ў манаграфіях С.М.Самбук «Революционные народники Белоруссии (70-е – начало 80-х гг. XIX в.)» (1972 г.) і М.Б.Ласінскага «Революционно-демократическое движение в Белоруссии. 1870 – 1884» (1983 г.). Самбук раскрыла сялянскую, рэвалюцыйна-дэмакратычную сутнасць народніцкай ідэалогіі, паказала мясцовыя народніцкія гурткі і арганізацыі, іх сацыяльны склад, сувязі з расійскімі і польскімі рэвалюцыянерамі. Ласінскі на аснове архіўных і апублікаваных матэрыялаў прасачыў асноўныя этапы развіцця народніцкага руху ў Беларусі. Аўтар паказаў заканамернасць упадка народніцкай і зараджэння сацыял-дэмакратычнай ідэалогіі, прыйшоў да высновы, што рэвалюцыйнае народніцтва ў Беларусі з’яўлялася састаўной часткай агульнарасійскага рэвалюцыйнага руху.
Распаўсюджанне марксізму ў Беларусі знайшло адлюстраванне ў манаграфіях У.I.Салашэнкі «Из истории распространения марксизма в Белоруссии (1883 – 1904 гг.)» (1963 г.), «От народничества к марксизму: Распространение марксизма и образование социал-демократических организаций в Белоруссии» (1971 г.) і М.В.Біча «Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883 – 1903 гг.» (1973 г.). У іх раскрыты прычыны крызісу народніцкай ідэалогіі, прасочваюцца шляхі пранікнення і распаўсюджання ідэй марксізму, узнікненне і дзейнасць першых сацыял-дэмакратычных і сацыялістычных партый, крызіс у мясцовым сацыял-дэмакратычным руху, раскол яго на меншавікоў і бальшавікоў.
Вялікае значэнне для разумення грамадска-палітычнага руху ў Беларусі ў другой палове XIX ст. адыграла манаграфія С.М.Самбук «Общественно-политическая мысль Белоруссии во второй половине XIX в. (по материалам периодической печати)» (1976 г.). У ёй раскрыты пазіцыі дваранска-манархічнага, ліберальна-буржуазнага і рэвалюцыйна-дэмакратычнага напрамкаў у грамадска-палітычнай думцы Беларусі ў другой палове XIX ст. па важнейшых праблемах таго часу – адносінах да самадзяржаўя і рэвалюцыі, аграрнаму, рабочаму і нацыянальнаму пытаннях. Аўтар у лібералізме бачыла разнавіднасць буржуазнай ідэалогіі, які не пакінуў значнага следу ў айчыннай гісторыі. Кансерватызм разглядаўся ў рамках палітыкі царызму на тэрыторыі Беларусі.
Барацьба беларускага сялянства за зямлю атрымала асвятленне ў манаграфіях Л.П.Ліпінскага і Е.П.Лук’янава «Крестьянское движение в Белорусии в период между двумя революциями (июнь 1907 – февраль 1917 г.» (1964 г.) і Л.П.Ліпінскага «Крестьянское движение в Белоруссии в 1914 – 1917 гг.» (1975 г.). У іх асвятляецца роля аграрнага пытання ў сацыяльных супярэчнасцях міжрэвалюцыйнага перыяду, паказана развіццё і суадносіны двух сацыяльных войн у беларускай вёсцы, формы барацьбы сялян з памешчыкамі і сельскай буржуазіяй, дзейнасць партыі бальшавікоў у вёсцы.
Першым манаграфічным даследаваннем рабочага руху ў Беларусі ў эпоху капіталізму была кніга А.I.Воранавай «Рабочы рух у Беларусі напярэдадні і ў перыяд рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.» (1960 г.). Аўтар упершыню прадпрыняла спробу скласці статыстыку стачак рабочых Беларусі ў 1870 – 1907 гг. Але з гэтай задачай аўтар не справілася. Яна не ўлічыла нават тыя стачкі, звесткі аб якіх былі апублікаваны ў зборніках дакументаў.
Гэты недахоп выправіў М.В.Біч у манаграфіі «Рабочее движение в Белоруссии в 1861 – 1904 гг.» (1983 г.). Ён раскрыў перадумовы рабочага руху, колькасць, склад і сацыяльна-эканамічнае становішча прамысловых рабочых, асноўныя напрамкі, формы і характар іх барацьбы, прывёў статыстыку стачак, дэманстрацый, мітынгаў і маніфестацый рабочых.
Да работ, прысвечаных гісторыі рэвалюцыйнага і грамадска-палітычнага руху ў Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст., прымыкае манаграфія акадэміка I.М.Ігнаценкі «Лютаўская буржуазна-дэмакратычная рэвалюцыя на Беларусі» (1986 г.), выдадзеная напярэдадні 70-годдзя рэвалюцыі.
І.М.Ігнаценка даследаваў рост рабочага і сялянскага руху напярэдадні рэвалюцыі, паказаў пачатак, развіццё і перамога рэвалюцыі ў Петраградзе, у гарадах і вёсках Беларусі і на Заходнім фронце, яе ўплыў на беларускі нацыянальны рух, спецыфічныя ўмовы і асаблівасці яе ажыццяўлення.
На думку аўтара, сама па сабе ўзятая лакальна сітуацыя на Беларусі не з’яўлялася рэвалюцыйнай. Аднак у агульнарасійскім кантэксце, пры рэзкім пагаршэнні ўмоў жыцця і пад знешнім уздзеяннем, яна магла перарасці ў рэвалюцыйную, што адбылося ў мяккіх формах – у лютым, у вострых – у кастрычніку 1917 г. Пры гэтым вырашальным фактарам з’явіўся Заходні фронт, пераўтварэнню якога ў трэці рэвалюцыйны цэнтр у Расійскай імперыі даследчык аддае асаблівую ўвагу.
Па сутнасці праца І.М.Ігнаценкі з’яўляецца першай абагульняючай працай у беларускай гістарыяграфіі, у якой комплексна разгледжана гісторыя Лютаўскай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі 1917 г. у Беларусі.