
- •1. Прадмет курса «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі».
- •2. Задачы курса «Гістарыяграфія гісторыі Беларусі».
- •3. Прынцыпы і метады гістарыяграфічнага пазнання.
- •4. Гістарыяграфічны факт і гістарыяграфічная крыніца.
- •5. Праблема перыядызацыі гістарыяграфіі гісторыі Беларусі.
- •6. Станаўленне гістарыяграфіі гісторыі Беларусі як навукі.
- •1. Звесткі аб насельніцтве Беларусі ў працах антычных і арабскіх аўтараў.
- •2. Старажытнарускія летапісы, лівонскія хронікі і скандынаўскія сагі пра падзеі на тэрыторыі Беларусі.
- •4. Гісторыя Беларусі ў мясцовых летапісах і хроніках.
- •5. Польскія храністы аб гісторыі беларускіх зямель.
- •6. Гістарычныя падзеі на тэрыторыі Беларусі ў мемуарнай літаратуры xvіі – xviіі ст.
- •1. Мацей Стрыйкоўскі – першы гістарыёграф Вялікага княства Літоўскага.
- •2. Гістарычная думка ў вкл у XVII – першай палове xviiі ст.
- •3. Гістарычныя даследаванні ў вкл у другой палове xviiі ст. «Манархічная» школа а.Нарушэвіча.
- •4. «Рамантычная» школа і.Лялевеля. Станаўленне беларускага крыніцазнаўства ў першай трэці хіх ст.
- •5. Гістарычныя звесткі пра Беларусь у працах рускіх гісторыкаў і археографаў xviiі – пачатку хіх ст.
- •2. Гісторыя вкл у расійскай гістарыяграфіі другой трэці хіх ст.
- •3. Вывучэнне айчыннай гісторыі мясцовымі даследчыкамі Беларусі і Літвы ў 30 – пачатку 60-х гг. Хіх ст.
- •1. Русіфікатарская палітыка ўрада пасля паўстання 1863 г. Дзейнасць Віленскай археаграфічнай камісіі.
- •4. Гісторыя Беларусі ў даследаваннях польскіх гісторыкаў.
- •1. Станаўленне беларусазнаўства як асновы беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.
- •2. Погляды к.Каліноўскага і беларускіх народнікаў на мінулае беларускага народа.
- •3. Этнаграфічнае і археалагічнае вывучэнне Беларусі ў другой палове хіх – пачатку хх ст.
- •4. Роля беларускай літаратуры другой паловы хіх ст. У станаўленні беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.
- •5. Гістарычная публіцыстыка «Нашай долі» і «Нашай нівы».
- •6. Станаўленне дэмакратычнай плыні беларускай гістарыяграфіі.
- •1. Фарміраванне арганізацыйных асноў гістарычнай навукі ў бсср.
- •2. Падрыхтоўка гістарычных кадраў у даваенны перыяд.
- •3. Укараненне марксісцка-ленінскай метадалогіі. Ідэйна-палітычная барацьба з яўрэйскімі гісторыкамі-марксістамі ў 20 – пач. 30-х гг.
- •4. Ідэйна-палітычная барацьба з беларускімі нацыянальнымі гісторыкамі ў 20 – пач. 30-х гг.
- •2. Абагульняючыя працы па гісторыі Беларусі.
- •3. Даследаванне гісторыі Беларусі феадальнага перыяду ў даваенны час.
- •4. Праблемы гісторыі Беларусі капіталістычнага перыяду ў беларускай гістарыяграфіі даваеннага часу.
- •1. Падрыхтоўка кадраў гісторыкаў вышэйшай кваліфікацыі ў бсср у сяр. 40-х – 80-я гг.
- •Колькасны склад кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў бсср
- •2. Цэнтры гістарычнай навукі бсср.
- •3. Уплыў грамадска-палітычнай сітуацыі на развіццё гістарычнай навукі бсср у сяр. 40 – сяр. 50-х гг.
- •4. Асаблівасці развіцця беларускай савецкай гістарыяграфіі ў сяр. 50 – 80-я гг.
- •1. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі першабытнага перыяду.
- •3. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі феадальнага перыяда.
- •Анатоль Піліпавіч Смірноў
- •4. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі перыяда капіталізму.
- •5. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі перыяда 1917 – 1945 гг.
- •6. Этапы гістарыяграфіі Вялікай Айчыннай вайны.
- •7. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі пасляваеннага савецкага перыяда.
- •1. Арганізацыя гістарычнай навукі Беларусі на мяжы хх – ххі ст.
- •2. Падрыхтоўка гістарычных кадраў вышэйшай кваліфікацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
- •1. Гістарыяграфія беларускай эміграцыі ў даваенны перыяд.
- •2. Гістарыяграфія беларускай эміграцыі ў пасляваенны перыяд.
3. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі феадальнага перыяда.
У савецкай гістарыяграфіі ўсталяваліся шаблонныя схемы гістарычнага працэса ў Беларусі, якія ў значнай ступені былі заснаваны на пазіцыях расійскай дваранска-клерыкальнай гістарыяграфіі ХІХ ст. Навуковыя распрацоўкі гісторыі Беларусі феадальнай эпохі змясціліся галоўным чынам ў сферы сацыяльна-эканамічнай, часткова этнагістарычнай, знешнепалітычнай, культуралагічнай тэматыцы.
Канцэптуальныя погляды афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі 60 – 80-х гг. без асаблівых змен выкладаліся ў абагульняючых акадэмічных выданнях. Адносна аб’ектыўным з далучэннем новых матэрыялаў быў першы том шасцітомнай «Гісторыі Беларускай ССР» (1972 г.). Праўда, гісторыі Беларусі са старажытных часоў да адмены прыгоннага права ў 1861 г. было адведзена менш чвэрці агульнага аб’ёму выдання, а часоў ВКЛ да канца ХVІ ст. – менш 5 %.
Грунтоўнай для свайго часу працай была манаграфія У.Ц.Пашуты «Возникновение Литовского государства» (1959 г.). Аўтар выкарыстаў шматлікія гістарычныя крыніцы і правёў грунтоўны гістарыяграфічны аналіз праблемы. На думку А.К.Краўцэвіча, канцэпцыя генезіса ВКЛ, прапанаваная У.Ц.Пашутам, супадала з пазіцыяй польскіх даследчыкаў. Вялікае княства Літоўскае лічылася літоўскай па характару дзяржавай, а сярэдневяковая Літва атаясамлялася з сучаснай Літвой, г.зн. «ВКЛ – прадукт унутранай эвалюцыі Літвы». Пашута вылучыў тры фазы ўтварэння ВКЛ: канфедэрацыя земляў, саюз літоўскіх зямель на чале з князямі Аўкштайтыі, раннефеадальная манархія. На гэтым фоне адбыўся захоп беларускіх зямель літоўскімі феадаламі. Канцэпцыя У.Ц.Пашуты вызначала пазіцыю айчынных гісторыкаў да канца 80-х гг. ХХ ст.
У вывучэнні эпохі феадалізму дамінавала сацыяльна-эканамічная праблематыка. Галоўная ўвага гісторыкаў была накіравана на вывучэнне аграрных адносін, феадальнага горада, класавай барацьбы, разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы і зараджэння капіталістычных адносін.
Аграрная праблематыка знайшла сваё адлюстраванне ў працах Д.Л.Пахілевіча, П.Р.Казлоўскага, В.І.Мялешкі.
На падставе інвентароў каралеўскіх эканомій Д.Л.Пахілевіч раскрыў эвалюцыю памеснай і сялянскай гаспадаркі ў ХVІ – ХVІІІ ст., паказаў замену адпрацовачнай рэнты грашовай пасля войнаў сярэдзіны ХVІІ ст. як сродка аднаўлення гаспадарчага жыцця, вяртанне да фальваркова-паншчыннай сістэмы ў 40-х гг. ХVІІІ ст. У сваіх працах «Крестьяне Белоруссии и Литвы в ХVІ – ХVІІІ вв.» (1957 г.), «Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине ХVІІІ в.» (1966 г.) гісторык прааналізаваў рэформы Жыгімонта ІІ Аўгуста (1557 г.) і Антонія Тызенгаўза (1765 г.), раскрыў катэгорыі сялянства, выступіў супраць канцэпцыі аб прагрэсіруючым заняпадзе Беларусі ў другой палове ХVІІІ ст.
Манаграфія П.Р.Казлоўскага «Крестьяне Белоруссии во второй половине ХVІI – ХVІII в.» (1969 г.) стала першым у беларускай гістарыяграфіі даследаваннем сялянства вотчынных магнацкіх уладанняў. Аўтар прасачыў развіццё вытворчых сіл вёскі (колькасць насельніцтва, развіццё земляробства, жывёлагадоўлі і інш.), з дапамогай статыстычнай апрацоўкі архіўных дадзеных падцвердзіў выснову Д.Л.Пахілевіча аб заняпадзе эканамічнага жыцця ў другой палове ХVІI – пачатку ХVІII ст. і эканамічным уздыме ў другой палове ХVІII ст.
Асобная ўвага была звернута на развіццё таварна-грашовых адносін у другой палове ХVІIІ ст., на працэс класавай дыферэнцыяцыі сялянства, генезіс капіталізму ў беларускай вёсцы. П.Р.Казлоўскі ўпершыню ў беларускай гістарыяграфіі звязаў эвалюцыю феадальнай рэнты са зменай структуры сялянскага надзела, вызначыў долю грашовых плацяжоў сялян заходняй часткі Беларусі ў другой палове ХVІII ст., якая традыцыйна лічылася рэгіёнам поўнага панавання паншчыны.
У працах «Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине ХVІII в.» (1974 г.), «Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII – первой половине XIX в.» (1982 г.) гісторык на падставе інвентароў, справаздач эканомаў і ўпраўляючых, рэестраў збору збожжа, касавых кніг і інш. крыніц даследаваў гаспадарку буйных землеўладальнікаў, якія займалі 46 % прыватнаўласніцкіх зямель на захадзе і ў цэнтры Беларусі. Ён паказаў развіццё ўнутранага рынку пад уплывам роста попыту на сельгаспрадукцыю ў Заходняй Еўропе, вызначыў спецыялізацыю магнацкіх латыфундый.
Казлоўскі абвергнуў канцэпцыю прагрэсіруючага пагаршэння становішча сялян у перыяд феадалізму і тэзіс аб тым, што селянін з’яўляўся толькі карыстальнікам зямлі.
Васіль Іванавіч Мялешка
У працы «Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина ХVІI – ХVІII вв.)» (1975 г.) Мялешка вызначыў асаблівасці аграрнай гісторыі ўсходняй часткі Беларусі. Ён паказаў аднатыпнасць структуры феадальнай уласнасці (дамінаванне шляхецкай уласнасці), гандлёвыя сувязі феадальнага маёнтка і сялянскай гаспадаркі з рынкам, глыбокае пранікненне таварна-грашовых адносін у сельскую гаспадарку, ролю промыслаў у развіцці аграрнай вытворчасці. Даследчык лічыў, што некаторыя промыслы ў першай палове ХVІII ст. мелі рысы капіталістычных мануфактур.
Таксама В.І.Мялешка вывучаў праблему класавай барацьбы ў беларускай вёсцы. У манаграфіі «Классовая борьба в белорусской деревне во второй половине ХVІI – ХVІII вв.» (1982 г.) ён прааналізаваў тры формы сялянскіх выступленняў: пасіўнае супраціўленне (скаргі, адмова ад выканання павіннасцей, бегствы), узброеныя акцыі (напады на маёнткі, сутычкі з узброенымі атрадамі і інш.), паўстанні (на Каменшчыне (1736 – 1754 гг.) і Крычаўскім старостве (1740 – 1744 гг.)).
Але ў пасляваенны перыяд развіцця беларускай савецкай гістарыяграфіі было слаба вывучана развіццё сялянскай гаспадаркі ва ўмовах генезіса капіталізму, яе рыначныя сувязі. Недастаткова прааналізавана эвалюцыя наёмнай працы, працэс запрыгоньвання сялянства. Прычым аграрная гісторыя ХІV – ХV ст. у цэлым заставалася слаба распрацаванай.
Праблема феадальнага горада знайшла адлюстраванне ў даследаваннях А.П.Ігнаценкі, З.Ю.Капыскага, А.П.Грыцкевіча.
Манаграфія А.П.Ігнаценкі «Ремесленное производство в городах Белоруссии в ХVII – ХVIII в.» (1963 г.) утрымлівае грунтоўную характарыстыку гарадскога рамяства. Аднак спроба аўтара суаднесці феадальныя майстэрні з генезісам капіталізму выглядае безпадстаўнай.
Зіновій Юльевіч Капыскі
У манаграфіях «Экономическое развитие городов Белоруссии в ХVI – первой половине ХVII вв.» (1966 г.), «Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в ХVI – первой половине ХVII вв.» (1975 г.) Капыскі прааналізаваў становішча 37 дзяржаўных гарадоў і больш за 300 мястэчак. Пры гэтым аўтар памылкова бачыў наяўнасць капіталістычных з’яў у гарадскім рамястве яшчэ ў ХVІІ ст., што сведчыла аб пэўнай мадэрнізацыі гістарычнага працэсу. Ён лічыў з’яўленне скупшчыкаў рамесных вырабаў, ліхвярства і крэдыту падцвярджэннем генезіса буржуазных адносін.
А.П.Грыцкевіч у манаграфіях «Частновладельческие города Белоруссии в ХVI – ХVIII вв.» (1975 г.), «Социальная борьба горожан Белоруссии в ХVI – ХVIII вв.» (1979 г.) вызначыў колькасць прыватнаўласніцкіх гарадоў, іх тыпы, узровень эканамічнага развіцця, сістэму кіравання, іх ролю як вайсковай апоры, грунтоўна прааналізваў магдэбургскае права.
Шмат увагі надавалася вывучэнню праблемы разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы і зараджэння капіталістычных адносін у працах А.М.Карпачова, М.М.Улашчыка, В.У.Чапко і інш.
Грунтоўным даследаваннем сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі першай паловы ХІХ ст. стала манаграфія М.М.Улашчыка «Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии» (1965 г.).
Работа ўключае матэрыялы толькі па тром губерням (Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай), але высновы аўтара мелі важнае значэнне для ўсёй тэрыторыі Беларусі, склаўшы зыходную пазіцыю для наступных даследаванняў па першай палове ХІХ ст. Шмат месца М.М.Улашчык адвёў аналізу сялянскай праблематыкі. Ён даследаваў дэмаграфічныя працэсы, структуру сялянскага насельніцтва, сялянскую гаспадарку і яе сувязі з рынкам, павіннасці сялян, умовы іх жыцця, антыпрыгонніцкі рух. Пры гэтым аўтар выкарыстаў шырокую базу архіўных матэрыялаў.
У манаграфіі В.У.Чапко «Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в.» (1966 г.) праблема крызісу феадальных адносін была даследавана на даных 800 памесцяў Беларусі.
У кнізе разглядаюцца не толькі памешчыцкая, але і сялянская гаспадарка. Такі падыход дазволіў раскрыць дзве галоўныя тэндэнцыі ў развіцці сельскай гаспадаркі ў першай палове XIX ст.: крызіс прыгонніцкай сістэмы і пашырэнне капіталістычных форм арганізацыі вытворчасці ў феадальных маёнтках і гаспадарцы дзяржаўных сялян.
Сведчаннем крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў першай палове XIX ст. было ўзмацненне сялянскага руху. Даследаванню гэтай праблемы прысвечана манаграфія В.У.Чапко «Классовая борьба в белорусской деревне в первой половине XIX в.» (1972 г.), у якой упершыню ў беларускай гістарычнай літаратуры прасочана дынаміка сялянскага руху, вызначаны яго асноўныя этапы і дадзена іх характарыстыка. Аўтар прыйшла да высновы, што сялянскі рух прадстаўляў сабой класавую барацьбу, накіраваную супраць феадальна-прыгонніцкай эксплуатацыі.
Сацыяльна-эканамічнае развіццё гарадоў Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. разгледжана ў манаграфіях В.У.Чапко «Города Белоруссии в первой половине XIX века: Экономическое развитие» (1981 г.) і А.М.Лютага «Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII – первой половине XIX в.» (1987 г.).
Акрамя агульнай характарыстыкі гарадоў і мястэчак, даследаванні ўтрымліваюць матэрыял аб развіцці рамеснай вытворчасці, мануфактур, гандлю, раскрываюць сельскагаспадарчыя заняткі гарадскіх жыхароў, прасочваюць дынаміку гарадскога насельніцтва, змены, якія адбыліся ў яго сацыяльным, нацыянальным і канфесійным складзе.
У манаграфіях падкрэсліваецца, што зараджэнне і развіццё капіталістычных адносін у гарадах Беларусі прадвызначыла фарміраванне класаў буржуазнага грамадства – буржуазіі і наёмных рабочых, змену знешняга вобліку гарадоў. Але гарады Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. яшчэ не сталі цэнтрамі развіцця капіталістычнай прамысловасці. Яны захоўвалі рысы феадальнага горада, хаця пераходныя працэсы ўжо шлі даволі інтэнсіўна.
Развіццё прамысловасці ў Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. даследавана ў манаграфіях М.Т.Раманоўскага «Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссиии (другая палова XVIII – першая палова XIX в.» (1966 г.) і М.Ф.Болбаса «Развіццё прамысловасці Беларусі (1795 – 1861)» (1966 г.). У кнізе М.Т.Раманоўскага раскрыта роля мануфактурнай вытворчасці (у тым ліку вотчыннай) як цэлага этапу, аказаўшага ўплыў на фарміраванне капіталістычнага ўкладу ў эканоміцы дарэформеннай Беларусі. М.Ф.Болбас прасачыў дынаміку і асноўныя этапы развіцця прамысловасці Беларусі, прааналізаваў рамесную вытворчасць, мануфактуры і капіталістычныя фабрыкі, разглядзеў іх галіновую структуру, паходжанне і склад рабочых, іх становішча. Але даследчык спрошчана разумеў працэс разлажэння і крызіса феадальна-прыгонніцкай сістэмы, зрабіў шэраг памылковых сцвярджэнняў.
У пасляваенны перыяд беларускія гісторыкі актыўна вывучалі «вызваленчую барацьбу беларускага народа супраць польскіх эксплуататараў за ўз’яднанне з Расіяй», грамадска-палітычную думку ХІV – ХVІІІ ст., «экспансіянізм каталіцкай царквы» у Беларусі, грамадска-палітычны рух у першай палове ХІХ ст.
Лаўрэнцій Сямёнавіч Абецэдарскі
Абецэдарскі сабраў вялікі матэрыял аб перасяленні беларусаў у Маскву і Замаскварэцкі край у другой палове ХVІІ ст., якое не заўсёды лічыў добраахвотным. У манаграфіях «Белорусы в Москве в ХVІІ в.: Из истории русско-белорусских связей» (1957 г.), «Белоруссия и Россия: Очерки русско-белорусских связей второй половины ХVІ - ХVІІ вв.» (1978 г.) даследчык раскрыў ролю беларускіх рамеснікаў, якія былі пераселены ў Маскву, у развіцці рамеснай вытворчасці, стварэнні шэдэўраў культуры расійскай сталіцы. Абецэдарскі з’яўляўся прыхільнікам унітарнай канцэпцыі аб’яднання ўсходнеславянскіх зямель вакол Масквы і Маскоўскай дзяржавы.
Канцэпцыю Л.С.Абецэдарскага развіў А.П.Ігнаценка ў даследаванні «Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией (вторая половина ХVІІ – ХVІІI вв.)» (1974 г.). Восем стагоддзяў, якія ахоплівалі перыяд ад распаду Кіеўскай Русі да падзелаў Рэчы Паспалітай, трактаваліся аўтарам як перыяд прыгнечанага становішча, час імкнення да ўз’яднання з Расіяй.
Гісторыю грамадска-палітычнай думкі ў Беларусі ў ХV – ХVІІІ ст. у сярэдзіне 50-х – 80-я гг. плённа вывучалі супрацоўнікі Інстытута філасофіі і права АН БССР. У 1962 г. пад кіраўніцтвам акадэміка АН БССР В.А.Сербенты выйшаў калектыўны зборнік «Из истории философской и общественно-политической мысли Белорусиии».
У 1967 г. быў апублікаваны зборнік «450 год беларускага кнігадрукавання», які можна разглядаць як арганічны працяг зборніка «400-лецце беларускага друку» (1926 г.). Яны маюць ідэнтычную структуру. У апошнім выданні нават размясцілі шэраг артыкулаў, перадрукаваных з папярэдняга зборніка. Відавочна, што адбылася змена ацэнкі ролі Ф.Скарыны. Ён адзначаны як выдатны беларускі асветнік і вучоны, прадстаўнік прагрэсіўнай беларускай культуры ХVІ ст. Эпоха канца ХV – першай паловы ХVІ ст. названа «эпохай Ф.Скарыны», часам гуманізму.
Філосаф, гісторык-медыявіст С.А.Падокшын у манаграфіях «Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина ХVІ – начало ХVІІI вв.)» (1970 г.), «Скорина и Будный: Очерк философских взглядов» (1974 г.), «Франциск Скорина» (1981 г.), «Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага» (1990 г.) прааналізаваў рэфармацыйна-гуманістычны рух і царкоўна-рэлігійнае жыццё ў Беларусі ў ХVІ – ХVІІ ст., вызначыў спецыфічныя рысы беларускага Адраджэння і гуманізму. У 1984 г. даследчык атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР за цыкл работ па гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі.
Дацэнт БДУ, кандыдат філасофскіх навук А.А.Бірала (1932 – 1974 гг.) у манаграфіях «Философская и общественная мысль в Белоруссии и Литве в конце ХVІІ – середине ХVІІ вв.» (1971 г.), «Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве» (1979 г.) вывучаў гісторыю грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў ХVІІ – ХVІІІ ст. Ён абгрунтаваў тэрытарыяльны прынцып даследавання – разглядаў духоўную спадчыну, астаўленую на тэрыторыі Беларусі небеларусамі. Бірала аднам з першых звярнуўся да вывучэння грамадскай псіхалогіі на аснове мемуарнай літаратуры.
У кнізе «Правовое положение населения Белоруссии в ХVІ в.» (1978 г.) І.А.Юхо (1921 – 2005 гг.) прадставіў першае комплекснае даследаванне прававой сістэмы ВКЛ, лічыў яе сінтэзам прававых норм старажытнарускага права, Літвы і Украіны. Даследчык правёў аналіз трох Статутаў ВКЛ і на іх аснове сацыяльнага становішча шляхты, сялян і мяшчан. Ім была выказана думка, што Статуты ВКЛ – першыя дасканалыя ў Еўропе зборнікі законаў, што, магчыма Ф.Скарыны ўдзельнічаў у складанні І-га Статута ВКЛ, што Рэч Паспалітая мела канфедэратыўную пабудову.
Гісторыю каталіцкай царквы ў Беларусі распрацоўваў Я.Н.Мараш.
Сфера яго навуковых пошукаў была звязана з вывучэннем экспансіі каталіцкай царквы ў Беларусі і Літве. Я.Н.Мараш лічыў, што рэфармацыя мела шляхецка-магнацкі характар. Ён адстойваў праваслаўе і імкненне беларусаў да ўз’яднання з рускім народам. Аўтар сцвярджаў, што Ватыкан пад уплывам езуітаў імкнуўся зацвердзіцца ў Беларусі, каб далей распаўсюджваць свой уплыў на Маскоўскую Русь. Асобную ўвагу даследчык звярнуў на імкненне каталіцкай царквы праз адукацыйныя ўстановы езуітаў далучыць на свой бок моладзь і шляхту.
У працы «Из истории борьбы народных масс Белоруссии против экспансии католической церкви» (1969 г.) даследчык раскрыў працэс эканамічнага замацавання на тэрыторыі Беларусі каталіцкіх ордэнаў і прыходаў. Ён прыйшоў да высновы, што гаспадарка каталіцкага духавенства засноўвалася на прыгонніцкай сістэме, а ступень эксплуатацыі сялянства была большай, чым у свецкіх феадалаў.
У 1971 г. выйшла манаграфія Я.Н.Мараша «Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569 – 1795 гг.)», у якой даследчык фундаментальна раскрыў пытанні фарміравання феадальнага землеўладання каталіцкай царквы ў Беларусі, становішча залежных катэгорый сялянства ва ўладаннях каталіцкіх манастыроў. Наступная манаграфія «Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в.» (1974 г.) асвятляла два вялікія пытанні: эканамічнае пранікненне каталіцкай царквы на Беларусь у ХVIII ст., формы і метады ідэалагічнага ўплыву.
У працах гісторыкаў шмат увагі надавалася даследаванню пытанняў грамадска-палітычнага руху ў Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. Да іх адносяцца манаграфіі В.У.Чапко, П.Н.Альшанскага, А.П.Смірнова, Е.I.Карнейчыка, Н.М.Махнач і інш.
У манаграфіі «Общественно-политическое движение в Белоруссии в 40-е годы ХIХ в.» (1958 г.) В.У.Чапко ўпершыню даследавала палітычную сітуацыю ў беларускіх губернях у 40-х гг. XIX ст., асабліва ў гады рэвалюцыйных падзей у краінах Заходняй Еўропы (1848 – 1849 гг.). Аўтар вызначыла змены ў расстаноўцы сацыяльных сіл, у прыватнасці, адыход буйных памешчыкаў ад барацьбы пасля паражэння паўстання 1830 – 1831 гг. У рабоце адзначаецца характэрная рыса грамадска-палітычнага руху 40-х гг. – пераход вядучай ролі да прадстаўнікоў рэвалюцыйна-дэмакратычных колаў (разначынцаў). Чапко падкрэсліла дамінуючы ўплыў на грамадска-палітычны рух расійскай рэвалюцыйна-дэмакратычнай думкі, а не польскага нацыянальна-вызваленчага руху.
У працы П.Н.Альшанскага «Декабристы и польское национально-освободительное движение» (1959 г.) асноўная ўвага надавалася спробам расійскіх дваранскіх рэвалюцыянераў устанавіць кантакты з польскімі тайнымі арганізацыямі. Адзначана абмежаванасць польскага нацыянальнага руху, мэтай якога было адраджэнне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., і зацікаўленасць дзекабрыстаў у тым, каб незалежная Польшча стала рэспублікай.