Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Lektsii_po_istoriogr_ist_Bel.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
563.13 Кб
Скачать

4. Праблемы гісторыі Беларусі капіталістычнага перыяду ў беларускай гістарыяграфіі даваеннага часу.

Важным аспектам даследаванняў беларускіх гісторыкаў 20 – 30-х гг. была распрацоўка праблем гісторыі Беларусі эпохі капіталізму. Яна вялася па такіх напрамкам як праблема паўстання 1863 г. у Польшчы, Літве і Беларусі, сялянскі, рабочы і народніцкі рухі, рэвалюцыя 1905 – 1907 гг., сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст. і інш.

У распрацоўку праблем паўстання 1863 г. у даваенны перыяд значны ўклад унеслі З.І.Ангерэціс, У.М.Ігнатоўскі, М.В.Мялешка, Д.М.Васілеўскі, I.А.Віткоўскі, С.Ю.Матулайціс, С.М.Драніцын, I.Ф.Лочмель і інш.

Гэтая праблема ўпершыню была грунтоўна даследавана У.М.Ігнатоўскім. Погляды гісторыка на паўстанне 1863 г. неаднаразова падвяргаліся карэктыроўцы. У «Кароткім нарысе гісторыі Беларусі» выдання 1924 г. ён вызначаў паўстанне як сінтэз сялянскага і палітыка-вызваленчага руху супраць царскай Расіі. Сяляне, на яго думку, шлі за «чырвонымі». Але ў выданні 1926 г. адмаўляецца ад гэтага тэзіса і піша аб «пасіўнасці» сялян – толькі «найбольш свядомае сялянства» групавалася вакол лагера К.Каліноўскага. Падобнай пазіцыі прытрымліваўся Дружчыц.

У манаграфіі «1863 год на Беларусі» (1930 г.) У.М.Ігнатоўскі канчаткова адмовіўся ад вызначэння паўстання як выключна «сялянскага руху». Гісторык адзначыў, што акрамя Віленскай, Ковенскай і Гродзенскай губерняў няма дакументальнага падцвярджэння шырокага ўдзелу сялянства ў паўстанні.

Як і інш. аўтары, Ігнатоўскі стаў зыходзіць са шляхецкага характара паўстання 1863 г., у якім ставілася задача дасягнуць «асаблівай аўтаноміі Беларусі ў складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай». Пад паняццем «шляхецкае паўстанне» ён разумеў не толькі збяднелую «пралетарызаваную» шляхту, але і частку гарадскога прадпрымальніцкага класа і дробнабуржуазную інтэлігенцыю.

Манаграфія У.М.Ігнатоўскага выклікала дыскусію ў ЦК КП(б)Б. У чэрвені 1929 г. адбылася канферэнцыя камуністычных вучоных. На ёй акадэмік С.Х.Агурскі выказаў незадаволенасць кнігай і заявіў, што ён сам у ленінградскім Музеі рэвалюцыі «выявіў іншых аўтараў і выдаўцоў тых дакументаў, якія Ігнатоўскі прыпісывае Каліноўскаму». «Кастуся Каліноўскага, які засведчыў сябе як паплечнік Герцэна, трэба было б ахарактарызаваць перадусім як польскага шавініста, калі б ён сапраўды напісаў тое, што яму прыпісывае Ігнатоўскі».

Але ў хуткім часе і сам С.Х.Агурскі папаў пад крытыку на старонках часопіса «Историк-марксист». Яго абвінавацілі ў прынцыповым скажэнні гісторыі паўстання 1863 г., у тым, што ён прыпісаў арганізацыю паўстання памешчыкам і духавенству, «дапусціў сцвярджэнні аб пасіўнасці і контррэвалюцыйнасці сялянства».

Ігнатоўскі ў адказ на крытыку старшыні камісіі парткантролю У.П.Затонскага напісаў адкрыты ліст, у якім абвінаваціў сябе ў адступленні ад марксісцкіх пазіцый і класавага падыходу, у неадсканалым адлюстраванні пазіцыі сялянства ў паўстанні 1863 г. Ён запэўніў, што выправіць дапушчаныя «памылкі». Таму ў Беларускай савецкай энцыклапедыі і Малой савецкай энцыклапедыі паўстанне падавалася як сялянскі рух, накіраваны супраць памешчыкаў.

Новыя падыходы і высновы аб паўстанні 1863 г. у Беларусі і яго кіраўніку К.Каліноўскім даў у сваёй кнізе «Очерк борьбы белорусского народа против польских панов» I.Ф.Лочмель (1940 г.). Ён указаў на непасрэдную сувязь паўстання з рэформай 1861 г. К.Каліноўскі ацэньваўся ім як найбольш радыкальны кіраўнік паўстання, выразнік і абаронца прыгнечанага сялянства, паслядоўнік перадавых рэвалюцыйна-дэмакратычных ідэй А.I.Герцэна і М.Г.Чарнышэўскага.

У публікацыях 20-х гг. некаторае асвятленне атрымалі і пытанні народніцкага руху ў Беларусі. У перыядычным друку з успамінамі выступілі некаторыя актыўныя дзеячы народніцтва, якія з'яўляліся выхадцамі з беларускіх губерняў або пражывалі ў Мінску. Былі апублікаваны і біяграфічныя нарысы аб відных дзеячах народніцкага руху – ураджэнцах Беларусі. Тады ж з'явіліся і першыя артыкулы вучоных-гісторыкаў аб рэвалюцыйным руху ў 70-80-я гг. XIX ст. Найбольш грунтоўнымі з іх былі артыкулы I.А.Віткоўскага і С.Я.Вальфсона, заснаваныя на архіўных дакументах і успамінах актыўных удзельнікаў народніцкага руху. Але гэта былі толькі першыя спробы, і яны не маглі глыбока раскрыць праблему ў цэлым.

Вялікая ўвага надавалася праблеме рэвалюцыйнага руха канца ХІХ – пачатка ХХ ст. Яна знайшла сваё адлюстраванне у працах У.I.Пічэты, А.В.Шастакова, I.М.Барашкі, М.В.Мялешкі, Е.А.Марахаўца, А.I.Зюськова, Ф.А.Папова і інш. Яны разглядалі развіццё рэвалюцыйнага руху ў Беларусі як састаўную частку агульнарасійскага рэвалюцыйнага працэсу, кіруемага бальшавікамі, характарызавалі дзейнасць партый меншавікоў, эсэраў, бундаўцаў і БСГ як дробнабуржуазных сіл.. Аўтары падкрэслівалі, што ў барацьбе з гэтымі партыямі фарміраваліся кадры бальшавікоў у Беларусі. У.І.Пічэта ў артыкуле «Класавыя супярэчнасці ў Беларусі напярэдадні рэвалюцыі», апублікаваным у зборніку «Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху» (1924 г.), на вялікім факталагічным матэрыяле паказаў саслоўна-сярэдневяковы характар землеўладання, панаванне памешчыцкага землеўладання латыфундыяльнага тыпу, разлажэнне і дыферэнцыяцыю сялянства. Але аўтар пераацэньваў ступень развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы. На яго думку, ужо ў пачатку ХХ ст. сяляне раскалоліся на два антаганістычных класа, а памешчыцкія маёнткі ў сваёй большасці перайшлі да выкарыстання вольнанаёмнай працы.

Да 20 і 30-годдзя рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. былі выдадзены зборнікі дакументаў і створана хроніка яе важнейшых падзей у Беларусі. Хроніка была складзена Л.М.Майзелем на аснове матэрыялаў перыядычнага друку і дакументальных зборнікаў, спецыяльнай літаратуры. У ёй утрымліваецца шмат фактаў аб сацыяльна-эканамічным становішчы Беларусі, дзейнасці партыі бальшавікоў напярэдадні і ў час рэвалюцыі, развіцці рабочага і сялянскага руху. Паколькі хроніка была складзена пераважна на матэрыялах газеты Бунда «Апошнія навіны», то на ёй ляжыць адбітак бундаўскага ўспрымання падзей. Гэта прымушае гісторыкаў крытычна адносіцца да дадзенай публікацыі.

У 20 – 30-я гг. беларускія гісторыкі актыўна даследавалі праблемы развіцця капіталізму ў Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст. Іх распрацоўкай займаліся А.В.Шастакоў, М.В.Доўнар-Запольскі, Д.А.Дудкоў, К.I.Кернажыцкі, В.К.Шчарбакоў і інш.

У рабоце А.В.Шастакова «Капіталізацыя сельскай гаспадаркі Расіі» (1924 г.) давалася характарыстыка развіцця капіталістычных адносін у памешчыцкіх памесцях Беларусі, указвалася на пранікненне капіталізму і ў сялянскую гаспадарку. Але ацэнка ўзроўню развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы ў ёй перабольшана, а наяўнасць перажыткаў феадалізму ў вёсцы аўтар не заўважыў. Некаторыя палажэнні сфармуляваны аўтарам апрыёрна, без абгрунтавання фактамі. А.В.Шастакоў лічыў, што ў сельскай гаспадарцы Беларусі пераважаў «амерыканскі шлях» развіцця капіталізму.

М.В.Доўнар-Запольскі наадварот прыніжаў узровень развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці Беларусі ў другой палове XIX – пачатку XX ст. У апублікаванай у 1926 г. манаграфіі «Народная гаспадарка Беларусі. 1861 - 1914 гг.» ён сцвярджаў, што Беларусь у пачатку XX ст. з'яўлялася прыгонніцкай краінай, слаба закранутай капіталізмам. Феадалізм тут поўнасцю панаваў да 80 – 90-х гг. ХІХ ст. Гісторык зыходзіў з народніцкай высновы аб параўнальнай устойлівасці працоўнай гаспадаркі селяніна-серадняка. Ён не бачыў прадпрымальніцкіх элементаў у эканамічным развіцці вёскі, ідэалізаваў адносіны паміж сялянамі і памешчыкамі. Аўтар выкарыстаў новую методыку падлікаў, т.з. «сярэднія лічбы».

З нагоды выхаду кнігі ў 1931 г. Г.Бондар друкуе артыкул «Пакончыць з рэшткамі народніцтва». У гэтым жа годзе пад рэдакцыяй акадэміка С.Я.Вальфсона, які ўжо добра набіў руку на «выкрывальніцтве нацдэмаў», выходзіць кніга «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі» (Т. 1., 1931 г.) У ёй змешчаны артыкул самога Вальфсона «Ідэалёгія і метадалёгія нацдэмакратызму» і артыкул Р.Выдры «Беларускі нацдэмакратызм у краязнаўчым руху БССР». У гэтых артыкулах творам М.В.Доўнар-Запольскага даецца толькі адмоўная ацэнка. Бічуюць Доўнар-Запольскага і акадэмік М.М.Нікольскі ў брашуры «Устаноўкі і метады нацдэмаўскай этнаграфіі» (1931 г.), і сёння нікому невядомы В.Карніенка «Класавая барацьба на гістарычным фронце» (1932 г.) і інш.

Больш паглыбленую распрацоўку гэтая праблема атрымала ў пачатку 30-х гг. у працах Д.А.Дудкова, К.I.Кернажыцкага і В.К.Шчарбакова.

Дзяніс Аляксандравіч Дудкоў

Гісторык апублікаваў дзве манаграфіі: «Сталыпінская рэформа ў Віцебскай губерні» (1931 г.) і «Аб развіцці капіталізму ў Беларусі ў другой палове XIX і пачатку XX статоддзя» (1932 г.). У сваіх работах Дудкоў апіраўся на тэарэтычную спадчыну Леніна, палажэнні і вывады, сфармуляваныя ў яго рабоце «Развіццё капіталізму ў Расіі». Выкарыстоўваючы ленінскую метадалогію, ён раскрыў працэс фарміравання капіталістычных адносін у прамысловасці і сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку XX ст. Даследчык прадпрыняў спробу раскрыць месца і ролю гандлёвага земляробства ў памешчыцкай гаспадарцы, сувязь сельскагаспадарчай вытворчасці з рынкам. Але выкарыстаўшы параўнальна вузкае кола крыніц, ён прыйшоў да неабгрунтаванай высновы, што сельская гаспадарка Беларусі спецыялізавалася ў асноўным на вырошчванні бульбы і вінакурэнні.

Шмат увагі ў сваіх працах Д.А.Дудкоў удзяліў пытанню класавай дыферэнцыяцыі беларускага сялянства. Але няправільныя зыходныя палажэнні пры ацэнцы сялянскай гаспадаркі (двары, якія мелі больш за 15 дзесяцін зямлі, ён аднёс да кулацка-заможных) прывялі яго да памылковых высноў. Гісторык лічыў, што ў Беларусі бедната складала 40 - 42 % ад агульнай колькасці двароў, сярэдняе сялянства – 42 - 45 %, кулакі – 15 - 16 %, што не адпавядала рэчаіснасці. Таксама даследчык безпадстаўна лічыў Беларусь калоніяй царскай Расіі.

Гэтыя памылкі былі характэрны і для работы К.I.Кернажыцкага «Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі перад імперыялістычнай вайной» (1932 г.). Залічваючы ўсіх сялян з надзелам 15 і болей дзесяцін зямлі ў групу кулакоў, аўтар устанавіў, напрыклад, што ў Гродзенскай губерні яны складалі 53,7 % ад агульнай колькасці сялянскіх двароў. Не адпавядала сапраўднасці і яго выснова аб тым, што кулак з'яўляецца вядучай фігурай сельскагаспадарчай вытворчасці ў Беларусі і нават «біў памешчыка на рынку». Такія сцвярджэнні ні лагічна, ні фактычна не адпавядалі сацыяльнай структуры беларускай вёскі ў перыяд капіталізму.

Памылковым з'яўляецца і тэзіс аб каланіяльным становішчы Беларусі ў складзе Расійскай імперыі ў рабоце В.К.Шчарбакова «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі і белапольская акупацыя» (1930 г.). Ён сцвярджаў, што капіталізм у Беларусі пачаў развівацца толькі ў пачатку XX ст. Гэтыя катэгарычныя высновы не мелі фактычнага падцвярджэння і супярэчылі рэчаіснасці. Толькі ў сярэдзіне 60-х гг. беларускія гісторыкі пераадолелі гэтыя памылковыя палажэнні.

У 30-я гг. беларускія гісторыкі пачалі распрацоўку праблем рэвалюцыйнага руху ў перыяд паміж першай і другой рэвалюцыямі ў Расіі. Першую спробу ў гэтым напрамку зрабіў К.I.Кернажыцкі. У сваіх працах ён абагульніў матэрыял аб рабочым і сялянскім руху напярэдадні і ў ходзе Першай сусветнай вайны. Аўтар зрабіў высновы, што «пасля разгрому рэвалюцыі 1905 г. быў знішчаны рабочы і сялянскі рух», «замерла работа РСДРП», а рэвалюцыйныя выступленні ў 1911 – 1913 гг. з'явіліся першымі праяўленнямі рэвалюцыйнага руху пасля паражэння рэвалюцыі 1905 – 1907 гг.

Нягледзячы на шэраг палажэнняў, якія не вытрымалі праверкі часам, манаграфічныя работы Д.А.Дудкова, К.I.Кернажыцкага, В.К.Шчарбакова ў цэлым з'явіліся значным укладам у навуковую распрацоўку асноўных праблем гісторыі Беларусі перыяду капіталізму.

Беларускія савецкія гісторыкі не прымалі ўдзелу ў дыскусіі, якая разгарнулася ў савецкай гістарыяграфіі на мяжы 20 – 30-х гг. ХХ ст. паміж «дэнацыяналізатарамі» і «нацыяналізатарамі». Прыхільнікі першай групы (Н.Н.Ванаг, С.Л.Ронін) лічылі, што ў эпоху імперыялізму ў Расійскай імперыі панаваў замежны капітал – міжнародны банкавы капітал падтрымліваў рускую прамысловасць праз камерцыйныя банкі.

«Нацыяналізатары» (А.Л.Сідараў, Е.Л.Граноўскі) зыходзілі з прыярытэту ўнутраных інвестыцый у эканоміцы Расіі напярэдадні Першай сусветнай вайны. У краіне склалася самастойная сістэма манапалістычнага капіталізму. Гэты падыход перамог, паколькі зацвердзілася ленінская тэорыя аб магчымасці перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі ў асобнай краіне.

5. Гісторыя Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў беларускай савецкай гістарыяграфіі 20 –30-х гг. Цэнтральнае месца ў беларускай савецкай гістарыяграфіі займала гісторыя Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Беларусі. Яе распрацоўка была распачата непасрэднымі ўдзельнікамі гэтых падзей, дзеячамі бальшавіцкай партыі і савецкай дзяржавы (В.Г.Кнорыным, К.І.Ландарам, А.Ф.Мясніковым) праз артыкулы ў перыядычным друку.

Адна з найбольш ранніх публікацый – брашура Б.А.Брэслава «Характер и этапы русской революции: К 1-й годовщине русской революции, 27 февр. 1917 г. – 27 февр. 1918 г.» (1918 г.), у якой аўтар вызначыў сацыялістычны характар рэвалюцыі ў Беларусі, паказаў пралетарыят і бяднейшае сялянства яе рухаючымі сіламі. У брашуры прасочваецца ідэя безальтэрнатыўнасці Кастрычніцкай рэвалюцыі.

Значны ўклад у замацаванне ленінскай тэорыі сацыялістычнай рэвалюцыі ў гістарычнай навуцы Беларусі ўнёс В.Г.Кнорын.

У сваіх працах («Революция и контрреволюция в Белоруссии» (1920 г.), «Пять лет: Краткий конспект истории КП(б)Б» (1922 г.), «1917 год в Белоруссии и на Западном фронте» (1925 г.), «Заметки к истории диктатуры пролетариата в Белоруссии» (1934 г.)) ён зыходзіў з ідэі класава-пралетарскай чысціні. Аўтар лічыў бальшавіцкую партыю адзінай вырашальнай палітычнай сілай і гарантам росквіту савецкай Беларусі. Гісторык падзверг крытыцы палажэнне аб перамозе рэвалюцыі на Заходнім фронце «штыкамі салдат», выступіў супраць канцэпцыі «двухкарэннасці» КП(б)Б. Кнорын адмаўляў пазітыўную ролю беларускіх рэвалюцыйных, нацыянальна-дэмакратычных партый, адносіў іх да дробнабуржуазных, нацыяналістычных і контррэвалюцыйных сіл, вёў барацьбу з нацыянал-дэмакратызмам.

Характэрнай рысай гістарыяграфіі 20-х гг. стала публікацыя мемуарных успамінаў у газетах, часопісах і зборніках, падрыхтаваных гістпартамі ў Віцебску і Гомелі («Революционная борьба в Гомельской губернии: Ист. материалы» (1921 г.), «Красная быль: Большевики в Витебске» (1923 г.), «Кастрычнік на Беларусі» (1927 г.)). Мемуары насілі суб’ектыўны характар. У іх галоўная ўвага надавалася не столькі гісторыі партыі, колькі ўласнай ролі аўтараў у рэвалюцыйных падзеях. Але ўспаміны пашыралі факталагічную базу праблемы, прапагандавалі ідэю рэвалюцыі, адстойвалі бальшавіцкае бачанне кастрычніцкіх падзей 1917 г.

Да пачатку 30-х гг. скарачаецца публікацыя мемуараў у БССР, што было звязана з рашэннем 4-й Усесаюзнай нарады гістпартаў (студзень 1927 г.). Яе ўдзельнікі заклікалі гісторыкаў перайсці да грунтоўнай даследчыцкай працы. Першымі з прафесійных даследчыкаў да праблемы Кастрычніцкай рэвалюцыі звярнуліся С.Х.Агурскі (роля беларускіх «буржуазных» партый), С.Л.Гельтман (польскія рабочыя ў падзеях 1917 г.), Л.Г.Калмансон (ліквідацыя Стаўкі ў Магілёве).

У 1927 г. выйшаў зборнік артыкулаў і дакументаў «Кастрычнік на Беларусі». Гэта была першая спроба публікацыі дакументаў, прысвечаных падзеям Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Беларусі. Яны раскрывалі характар рухаючых сіл і ролю нацыянальнага фактара.

Асобная ўвага надавалася крытыцы дзейнасці небальшавіцкіх палітычных партый у Беларусі, поглядаў А.Р.Чарвякова, З.Жылуновіча, У.М.Ігнатоўскага. Працы А.Гаруновіча, А.Сянкевіча, С.Вальфсона, А.Зюзькова, С.Агурскага насілі павярхоўны, ідэалагічны характар. У іх адсутнічаў аналіз дзейнасці палітычных партый, нават сацыялістычныя арганізацыі лічыліся буржуазнымі.

З манаграфічнай літаратуры 30-х гг. можна адзначыць даследаванні А.І.Зюзькова «Бальшавікі – арганізатары Кастрычніка ў Беларусі» (1934 г.) і В.К.Шчарбакова «Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі і белапольская акупацыя» (1930 г.). Але, улічваючы палітычную сітуацыю пачатка 30-х гг., становіцца відавочным той факт, што нават гэтыя работы ўтрымлівалі шэраг памылковых пазіцый або непрымальных з боку афіцыйнай гістарыяграфіі.

Шчарбакоў пісаў, што напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Беларусі было «не меней аднаго мільёна чалавек пралетарскіх і паўпралетарскіх масаў. Гэта … маса з’яўлялася рэзервам рэвалюцыі». Гісторык разглядаў на адным узроўні рабочы клас, рамеснікаў, серадняцкія слаі вёскі, сельскагаспадарчых пралетарыяў і адыходнікаў-сялян. На думку У.М.Міхнюка, гэта пазіцыя няверна адлюстроўвала рухаючыя сілы рэвалюцыі. Таксама Шчарбакоў бачыў прагрэсіўную ролю беларускіх нацыянальных партый у падрыхтоўцы сацыялістычнай рэвалюцыі, а пачатак дзейнасці бальшавіцкіх арганізацый адносіў да 1917 г. Пасля крытыкі з боку ЦК КП(б)Б Шчарбакоў падзвергнуў самакрытыцы свае погляды.

У даваенны перыяд у беларускай савецкай гістарыяграфіі адсутнічала грунтоўнае вывучэнне праблемы Кастрычніцкай рэвалюцыі з-за недастаковай крыніцавай базы, дакладнай дыферэнцыяцыі праблемы, укаранення марксісцка-ленінскай метадалогіі.

У 1931 г. ЦК ВКП(б) паставіў задачу напісаць «Гісторыю грамадзянскай вайны ў СССР», што прадугледжвала падрыхтоўку асобнага выдання ў БССР. Таму была створана асобная палітычная рэдакцыя ў складзе С.І.Будзінскага, П.В.Горына, К.В.Гея, В.Г.Кнорына, І.П.Ашэровіча, А.Р.Чарвякова і інш., мастацкая рэдакцыя і камісіі ў гаркомах і райкомах КП(б)Б. Да гэтай працы далучыліся супрацоўнікі Цэнтральнага бюро краязнаўства АН БССР, якія выдалі брашуру з пастановай ЦК ВКП(б) і ЦК КП(б)Б, заклікам М.Горкага і інструкцыямі аб арганізацыі работы па вывучэнню гісторыі грамадзянскай вайны.

Пачаўся збор архіўнага матэрыялу, напісанне мемуарных прац. Былі падрыхтаваны да выдання рукапісы В.П.Даўбэ «Очерки по борьбе с бандитизмом в Белоруссии», В.І.Яркіна «Борьба с контрреволюцией в Западной области и в Белоруссии (1918 – 1919 гг.)», супрацоўнікаў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б «Очерки по истории контрреволюционных организаций в Белоруссии (1818 – 1920 гг.)», калектыўнай працы «История БССР. 1917 – 1920 гг.», І.Н.Немеца «КП(б)Б в борьбе за укрепление Советской власти в обстановке гражданской войны». У іх раскрывалася барацьба бальшавікоў з Бундам, утварэнне камбедаў, харчовая палітыка, утварэнне ЛітБела і КП(б)ЛіБ. Таксама аўтары прааналізавалі мяцеж Доўбар-Мусніцкага, мяцеж анархістаў у Віцебску, эсэра-сялянскія выступленні 1918 г., стракапытаўскі мяцеж, Горацкае паўстанне «зялёных», дзейнасць савінкаўскіх арганізацый, ліквідацыю бандытызму. Але рукапісы не былі надрукаваны і сёння знаходзяцца ў Нацыянальным архіве РБ.

На мяжы 30 – 40-х гг. да распрацоўкі асобных праблем гісторыі грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі звярнуліся І.Ф.Лочмель у манаграфіях «Вызваленне Беларусі ад белапольскіх акупантаў (11 ліп. 1920 г.)» (1939 г.), «Барацьба беларускага народа супраць інтэрвентаў: (Да 20-й гадавіны вызвалення Беларусі ад белапалякаў)» (1940 г.), «Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов» (1940 г.)) і А.І.Шакун у кнізе «Отечественная война против немецких захватчиков в 1918 году в Белоруссии» (1941 г.).

Распрацоўка пытанняў гісторыі Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў БССР паклала пачатак фарміраванню новага накірунку гістарычнай навукі – гісторыі савецкага грамадства.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]