Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Lektsii_po_istoriogr_ist_Bel.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
563.13 Кб
Скачать

4. Ідэйна-палітычная барацьба з беларускімі нацыянальнымі гісторыкамі ў 20 – пач. 30-х гг.

Ужо ў першыя гады пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі выходзяць з друку брашуры, у якіх аналізуецца гісторыя рэвалюцыйнага руху ў Беларусі і пытанне нацыянальнага самавызначэння. Вялікая ўвага надавалася абгрунтаванню легітымнасці БНР. Адным з першых аб гэтым пісаў Аляксандр Цвікевіч.

Яго праца «Краткий очерк возникновения Белорусской Народной Республики» (1918 г.) пабудавана такім чынам, каб паказаць пераемнасць традыцый беларускай дзяржаўнасці. У абвяшчэнні БНР ён вылучае два этапы: пачатковы – Першы Усебеларускі з’езд, другі – прыняцце Устаўных грамат. Даследчык сцвярджаў, што Беларусь была абвешчана Рэспублікай яшчэ 17 снежня 1917 г. на Усебеларускім з’ездзе. З-за разгону з’езд не паспеў скончыць сваю працу. Завяршэнне неабходна было зрабіць у форме выпрацоўкі юрыдычных актаў. Цвікевіч тлумачыў неабходнасць адзялення Беларусі ад Расіі асаблівасцямі міжнароднага заканадаўства: Беларусь, з’яўляючыся часткай Расіі, павінна была падпарадкавацца Брэсцкаму мірнаму дагавору. Рада БНР была пастаўлена перад выбарам: «или пренебречь заветом Всебелорусского Съезда, подвергнуться разделу, второй раз политически умереть, …или отмежевавшись отъ Великоросіи и ея безумнаго правительства, объявить себя самостоятельным государством и тем самым спасти будущее единаго белорусского народа». Вось чаму была прынята Трэцяя Устаўная Грамата, аб’явіўшая незалежнасць Беларусі. А пераемнасць Устаўных Грамат з І-м Усебеларускім з’ездам, на думку аўтара, робіць абвяшчэнне БНР волевыяўленнем беларускага народа.

Цікавасць да дадзенай праблематыкі праявіў Мітрафан Доўнар-Запольскі, які актыўна ўключыўся ў дзейнасць БНР, садзейнічаў наладжванню кантактаў паміж кіраўніцтвам БНР і Радай беларускіх арганізацый ва Украіне. Ён актыўна супрацоўнічаў з газетамі «Белорусское слово», «Белорусское эхо», «Вольная Беларусь». Шмат увагі надаў Доўнар-Запольскі стварэнню беларускага універсітэта, рашэнне аб адкрыцці якога было прынята Народным сакратарыятам БНР. 28 красавіка 1918 г. ён узначаліў спецыяльную камісію пры Народным сакратарыяце асветы, зрабіў канкрэтныя прапановы па структуры універсітэта. Аднак гэта ідэя не была рэалізавана.

Падчас удзелу ў беларуска-ўкраінскіх перамовах у Кіеве М.В.Доўнар-Запольскі зразумеў, што Германію, Украіну і Савецкую Расію лёс беларускай дзяржаўнасці цікавіць толькі ў той ступені, у якой гэта адпавядае іх уласным інтарэсам, што неабходна ставіць беларускае пытанне на абмеркаванне Парыжскай мірнай канферэнцыі. Таму ў канцы 1918 г. ён працуе над тым, каб сфармуляваць погляды беларусаў на праблему іх дзяржаўнага самавызначэння. Ён скарыстоўвае ўласныя этнаграфічныя матэрыялы, публіцыстычныя артыкулы.

У брашуры «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», якая была выдадзена ў 1919 г. на беларускай, рускай, польскай, французскай, нямецкай мовах, а ў 1920 г. на англійскай, М.В.Доўнар-Запольскі з навуковых пазіцый абгрунтаваў гістарычныя заканамернасці дзяржаўнага самавызначэння беларускага народа. Ён адзначыў: «Цяпер прыходзіць пара паправіць гістарычныя абмылкі Мінуўшчыны – тым больш што беларуская нацыя апіраецца на крэпкіх фундаментах дзяржаунасці, на шырокіх дэмакратычных асновах і мае трывалыя асобеннасці адметнай гістарычнай культуры. Гэтыя асобеннасці чырвонай ніткай праходзяць цераз усю мінуўшчыну беларусаў і цераз іх сучасны быт».

Міністэрства замежных спраў БНР разаслала брашуру ўрадам еўрапейскіх краін са спадзяваннем, што гэта паспрыяе прызнанню БНР. Аднак беларускае пытанне на Парыжскай канферэнцыі не абмяркоўвалася.

У 1925 г. пасля самароспуску Рады БНР у Берліне ў выніку амністыі ўрада БССР дзеячы беларускага нацыянальнага руха пачалі вяртацца на радзіму і ўключацца ў працэс беларусізацыі.

Прадстаўнікі беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі ў сваіх працах зыходзілі з наступных канцэптуальных палажэнняў: тэорыя «адзінага патока» (беларускі народ уяўляе сацыяльна-аднароднае грамадства, якое пасля Люблінскай уніі апынулася пад прыгнётам польскіх, а з канца ХVІІІ ст. рускіх феадалаў); тэорыя недасканаласці класавых супярэчнасцяў у беларускай нацыі (адзіны, непадзелены на класы этнас з невялікай доляй кулацтва); тэорыя «двухкарэннасці» КП(б)Б (Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі сфарміравалася з бальшавіцкіх арганізацый і БСГ); вядучая роля інтэлігенцыі ў рэвалюцыйных працэсах на тэрыторыі Беларусі; галоўны фактар гістарычнага працэса – нацыянальная самасвядомасць народа; тэорыя «чаторых грамадскіх груп» (беларускае грамадства складалася з чатырох грамадскіх груп: беларусы – сяляне, палякі – памешчыкі, яўрэі – гандляры, рускія – чыноўнікі).

Яны знайшлі адлюстраванне ў артыкулах Я.Лёсіка, А.Смоліча, А.Бурбіса ў зборніку «Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху», які быў выдадзены ў 1924 г. ў Мінску. Доўнар-Запольскі ў манаграфіі «Народная гаспадарка Беларусі. 1861 – 1914 гг.» (1926 г.) упершыню закрануў праблему генезіса капіталізму ў Беларусі. Аўтар, зыходзячы з народніцкіх пазіцый, прыніжаў узровень развіцця буржуазных адносін у эканоміцы парэформеннага перыяду, пісаў пра устойлівасць сялянскай гаспадаркі і адсутнасць сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Даследчык упершыню выкарыстаў новую методыку падлікаў – «сярэднія лічбы».

Раней выйшла кніга Фёдара Фёдаравіча Турука «Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов» (1923 г.). Гэта даследаванне з'яўлялася першай спробай навуковага аналізу беларускага нацыянальнага руху як суцэльнай з’явы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі другой паловы ХІХ – першай чвэрці ХХ ст. Аўтар сцісла і лаканічна, але па сутнасці, ахарактарызаваў карані беларускага нацыянальнага руху, яго першыя этапы ў час рэвалюцыі 1905 – 1907 гг., Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 г., у перыяд нямецкай і польскай акупацыі. Турук раскрыў дзейнасць беларускіх нацыянальных палітычных партый, вызначыў прадумовы абвяшчэння БССР, вылучыў асобным пытаннем камуністычны рух сярод беларусаў, паказаў беспадстаўнасць супрацоўніцтва з польскімі акупантамі.

У 1925 г. Павел Віктаравіч Трамповіч у артыкуле «Шляхі беларускай інтэлігенцыі» («Савецкая Беларусь», 21 кастр.) паставіў пытанне аб супрацоўніцтве беларускай інтэлігенцыі з Камуністычнай партыяй (бальшавікоў) Беларусі. На яго думку, старая беларуская інтэлігенцыя, якая сфарміравалася ў перыяд «Нашай нівы» і пачала беларускі адраджэнцкі рух, заклала асновы беларускай дзяржаўнасці і культуры, павінна кіраваць БССР.

Вядучую ролю ў даследаванні беларускіх нацыянальных гісторыкаў адыгрывала публіцыстыка. Напрыклад, часопіс «Полымя» (выдаваўся са снежня 1922 г.), «Вперед», з 1927 г. перайменаваны ў «Бальшавік Беларусі». Дзейнасць БСГ падчас Першай русскай рэвалюцыі даследаваў А.Шлюбскі, акцэнтуючы ўвагу на супрацоўніцтве БСГ з газетай «Наша ніва». М.Мялешка пыглыбіў гэту тэматыку праз вывучэнне зямельнай праграмы Грамады. 1905-му году прысвечаны ўспаміны А.В.Бонч-Асмалоўскага. Пытанні нацыянальнай палітыкі закраналі А.І.Цвікевіч і У.І.Пічэта. Апошні даследчык таксама займаўся вывучэннем польска-савецкіх адносін і Рыжскага мірнага дагавора.

Большасць артыкулаў З.Жылуновіча была прысвечана станаўленню беларускай дзяржаўнасці. На старонках часопіса «Полымя» ён памясціў шэраг артыкулаў, прысвечаных гэтай тэматыцы: «Уступамі да Акцябра», «Aрганізацыя сіл», «Гістарычны момант», «Беларускія сэкцыі РКП і стварэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі».

У канцы 20-х гг. да нацыянальнай інтэлігенцыі сталі ўжывацца рэпрэсіўныя меры. Пачынаецца кампанія па барацьбе з «нацдэмаўшчынай». Адным з першых у яе ўключыўся С.Х.Агурскі. У лютым 1929 г. ён выступіў на ХІІ з'ездзе КП(б)Б супраць ацэнкі У.М.Ігнатоўскім паўстання 1863 г., а К.Каліноўскага назваў міфічным героем. Агурскі спрабаваў даказаць, што паўстанне мела рэакцыйны памешчыцка-клерыкальны характар. Артыкул «Нацыянал-дэмакратычныя тэндэнцыі на гістарычным фронце Беларусі» («Пралетарская рэвалюцыя», №8) быў накіраваны супраць поглядаў Ігнатоўскага і .Жылуновіча, якіх аўтар прадставіў нацыяналістычнымі. Доказам сталі цытаты з заключэння камісіі У.П.Затонскага і публічнае раскайванне Ігнатоўскага ў сваіх памылках.

Першарадная роля ў барацьбе з «нацыянал-дэмакратызмам» на гістарычным фронце належала часопісу «Бальшавік Беларусі». У 1928 г. быў апублікаваны артыкул А.Кіржніца «У няволі буржуазнага нацыяналізму». У прадмове аўтар акрэсліў сваё стаўленне да беларускага нацыянальнага руху – «нацыяналістычны рух», «згодніцкая інтэлігенцыя». На яго думку, «…гэты рух, які маскіраваўся звычайна «агульнанацыянальнымі» інтарэсамі і ідэаламі, у сапраўднасці быў накіраваны галоўным сваім астрыём супроць савецкай улады». Беларускі нацыянальны рух ён разглядзеў на прыкладах Кастрычніцкай рэвалюцыі, падрыхтоўкі і правядзення І-га Усебеларускага з’езда. Заканчэнне з’езда, якое ў аўтара названа «роспускам», адбылося з-за яго нацыянальнай платформы. А гэта супярэчыла класаваму прынцыпу Кастрычніцкай рэвалюцыі, што ў сваю чаргу прывяло беларускі нацыянальны рух да «…яго ўзурпацыі дробна-буржуазнай згодніцкай інтэлігенцыяй, рэакцыйным чыноўніцтвам і палёно-фільскай шляхтай».

У гэтым жа часопісе за 1929 г. былі змешчаны два артыкулы: «Аб вытоках беларускага нацыянал-дэмакратызму і нацыянал-фашызму» А.Сталевіча і «Беларускі нацыянал-фашызм і яго сабрат беларускі нацыянал-дэмократызм» А.Некрашэвіча. У першым артыкуле аўтар адзначыў, што сацыяльная база, эканамічныя і палітычныя прычыны беларускага нацыянал-дэмакратызму даследаваны поўна. Чаго не скажаш пра карані і вытокі. Гэтаму ён прысвяціў сваё даследаванне. Вытокамі сталі БСГ і газета «Наша ніва».

А.Некрашэвіч больш смела і адкрыта паставіў на адну прыступку «…польскі фашызм і беларускі нацыянал-фашызм». Распрацоўшчыкам апошняга ён лічыў А.Луцкевіча, яго вытокамі – той факт, што беларускі нацыянальны рух узнік не на класавай, а на нацыянальнай глебе. Фактарам, які актывізаваў нацыянал-дэмакратызм у Савецкай Беларусі, была названа палітыка Наркамзема. Аўтар засяродзіў увагу над яго асноўнымі палажэннямі, сярод якіх яму асабліва не падабалася адмаўленне класавай барацьбы ў вёсцы і гаворка пра самабытнасць Беларусі. Але найбольш плённа гэтыя ўстаноўкі распрацаваны ў брашуры А.Зюзькова «Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі» (1931 г.).

На ХІІ з'ездзе КП(б)Б, які адбыўся ў лютым 1929 г., было заяўлена, што беларуская нацыянальная інтэлігенцыя праводзіць нацыяналістычны курс і расце за лік кулацтва. Прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху вымушаны былі падвергнуць сябе самакрытыцы. З.Жылуновіч накіраваў у бюро ЦК КП(б)Б ліст «Мае памылкі і іх карані» (1929 г.), у якім назваў БСГ «неаформленай і палітычна нявызначанай паўсектанцкай групоўкай», а Першы Усебеларускі з'езд – «варожай дэманстрацыяй да рабоча-сялянскай улады». Гісторык абвінаваціў сябе ў невыкарыстанні класавага прынцыпу.

Тое ж зрабіў У.М.Ігнатоўскі. Выступаючы на ХІ з'ездзе КП(б)Б, ён ахарактарызаваў свае погляды як памылковыя. Пры гэтым БСГ і Бунд назваў «згаджальніцкімі нацыяналістычнымі партыямі», указаў на неабходнасць класавага падыхода ў ацэнцы нацыянальна-культурнага будаўніцтва. А.Р.Чарвякоў вымушаны быў асудзіць свае погляды ў артыкуле «Большевистской самокритикой вскроем свои ошибки и еще более закалим свои ряды для борьбы за социализм» (Звязда, 27 снеж.).

1. Станаўленне археалагічнай навукі ў БССР.

Інтэнсіўныя археалагічныя даследаванні ў БССР разгарнуліся з 1921 г., калі пры Наркамаце асветы была створана навукова-тэрміналагічная камісія, якая займалася выяўленнем і ўлікам археалагічных помнікаў. Іх планамернае вывучэнне з 1925 г. пачала гісторыка-археалагічная камісія Інбелкульта, на базе якой стала функцыяніраваць кафедра археалогіі. У 1929 г. гэта кафедра пад назвай археалагічнай камісіі ўвайшла ў склад Інстытута гісторыі АН БССР.

Археалагічнымі даследаваннямі ў рэспубліцы кіравалі К.М.Палікарповіч, А.М.Ляўданскі, С.А.Дубінскі.

Вывучэнне археалогіі каменнага веку, у прыватнасці, палеаліту, звязаны з імем К.М.Палікарповіча.

У 1926 г. ён адкрыў першую палеалітычную стаянку на тэрыторыі Беларусі – ля в. Бердыж Чачэрскага раёна, а ў 1929 г. – стаянку ля в. Юравічы Калінкавіцкага раёна. Даследчык выказаў гіпотэзу аб пранікненні старажытнага насельніцтва на тэрыторыю нашай краіны яшчэ ў мусцьерскую эпоху (≈ 70 – 32 тыс. г. да н. э.). На стаянцы ля в. Елісеевічы (Бранская вобласць РФ) археолаг у 1935 г. знайшоў унікальны матэрыял: рэшткі жылля з касцей маманта і «палеалітычную Венеру». Археолаг выказаў думку, што першабытны чалавек рабіў аснову жытлаў з чарапоў і інш. буйных касцей мамантаў, а рэбры выкарыстоўваў як землекапалкі.

Вялікая ўвага надавалася разведцы помнікаў мезаліту ў басейнах Дняпра, Сожа, Прыпяці, Заходняй Дзвіны. Пад час экспедыцый супрацоўнікаў Інбелкульта (К.М.Палікарповіча, А.М.Ляўданскага, А.Д.Кавалені) былі адкрыты пасяленні Грэнск, Стаўбун, Латкі, Печанеж, Журавель і інш. Першую спробу прааналізаваць і сістэматызаваць археалагічны матэрыял па мезалітычных помніках зрабіў К.М.Палікарповіч у 1932 г. у тэзісах, падрыхтаваных ім да І-га Усесаюзнага з'езда археолагаў. Даследчык зыходзіў з пануючай у той час этнагенетычнай тэорыі Мікалая Якаўлевіча Мара аб паўсюдным аўтахтонным паходжанні народаў, якая адмаўляла міграцыі і перамяшчэнні старажытнага насельніцтва.

Беларускія археолагі (К.М.Палікарповіч, А.М.Ляўданскі, В.Р.Тарасенка, І.Х.Юшчанка, С.С.Шутаў) выявілі значную колькасць помнікаў эпохі неаліту і бронзавага веку. Але гэта была таксама разведка, бо не хапала матэрыяльных сродкаў і кваліфікаваных кадраў. Раскопкі амаль не праводзіліся. У цэлым, да Вялікай Айчыннай вайны ў БССР было выяўлена каля 800 стаянак мезаліту, неаліту і бронзавага веку.

Вялікія дасягненні беларускай археалогіі жалезнага веку звязаны з імем А.М.Ляўданскага.

Пад кіраўніцтвам А.М.Ляўданскага ў БССР было арганізавана планамернае і сістэматычнае вывучэнне тэрыторыі рэспублікі замест эпізадычных, не звязаных адзіным планам, раскопак.

Даследчык адным з першых пачаў даследаваць старажытныя гарадзішчы жалезнага веку. Ён зрабіў іх класіфікацыю, вызначыў іх культурна-археалагічную прыналежнасць, акрэсліў асноўныя рысы матэрыяльнай культуры, гаспадаркі і грамадскіх адносін. А.М.Ляўданскі першы выказаў думку, што гарадзішчы культуры штрыхаванай керамікі ў цэнтральнай частцы Беларусі належалі балцкім плямёнам. Таксама ён зрабіў першую і найбольш поўную гістарычную тапаграфію старажытнага Полацка.

Істотны ўклад у вывучэнне помнікаў жалезнага веку центральнай Беларусі ўнёс С.А.Дубінскі.

С.А.Дубінскі даследаваў помнікі ранняга жалезнага веку і эпохі сярэднявечча. На тэрыторыі Беларусі археолаг правёў вывучэнне Банцараўскага гарадзішча – аднёс яго да даславянскага часу. У 1927 г. ён склаў археалагічную карту Магілёўскай вобласці, якая не захавалася. Таксама ім была выдадзена «Бібліяграфія па археалогіі Беларусі і сумежных краін» (1933 г.), у якой прадстаўлены працы пра дакласавае грамадства, ранні феадалізм, нумізматыку, сфрагістыку, архітэктуру, абарончыя збудаванні.

У даваенны перыяд супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР Аляксандр Дзмітрыевіч Каваленя (1895 – 1937 гг.) упершыню знайшоў на тэрыторыі Беларусі тры жыллёвыя пабудовы паўземлянога тыпу на ўскраіне Петрыкава.

Таксама археолагі ахарактызавалі гаспадарчае жыццё насельніцтва першабытнай эпохі. Было выказана меркаванне, што людзі жалезнага веку – гэта аседлае насельніцтва, якое спалучала падсечнае земляробства з жывёлагадоўляй і пераапрацоўкай металічных руд. Гэта супярэчыла дасавецкай гістарыяграфіі, у якой сцвярджалася аб «прывазным» характары жалеза на Беларусі. А.М.Ляўданскі здолеў раскрыць працэс атрымання жалеза з балотнай руды на прыкладзе гарадзішчаў Паўночнай Беларусі, але не здолеў вызначыць час пачатку выкарыстання жалеза.

Што датычыцца этнічнай гісторыі, то Ляўданскі лічыў, што гарадзішчы Паўночнай, Цэнтральнай Беларусі і Смаленшчыны былі астаўлены літоўскім (балцкім) насельніцтвам. Славяне прыйшлі на гэту тэрыторыю даволі позна – у канцы І-га тыс. да н. э. А вось гарадзішчы паўднёвай часткі рэспублікі ў той перыяд не атрымалі этнічнага вызначэння з-за адсутнасці адпаведных крыніц.

Беларускія археолагі не закраналі праблему этнагенезу ўсходніх славян. Ляўданскі выступіў супраць погляду на Палессе як на прарадзіму славян. Гэта было звязана з крытыкай індаеўрапейскай этнагенетычнай канцэпцыі. Як ужо вядома, у 30-я гг. пануючай становіцца «новая моўная тэорыя» М.Я.Мара. Працэс фарміравання славян разглядаўся як кансалідацыя некалькі этнічна розных, але гістарычна звязаных паміж сабой плямёнаў. Таму савецкія даследчыкі пачалі шукалі генетычныя сувязі ўсходніх славян са скіфамі, кімерыйцамі і нават трыпольцамі.

Як сведчыць С.В.Вяргей, у даваенны перыяд беларускія археолагі правялі дастаткова шырокія даследаванні. Але ўвядзенне ў навуковы зварот фактычнага матэрыялу адставала ад яго назапашвання. У большай ступені была даследавана цэнтральная частка Беларусі. Істотныя недахопы назіраліся ў методыцы палявых работ. Цяжкасці тлумачацца адсутнасцю фінансавых сродкаў на правядзенне раскопак, недастатковай колькасцю спецыялістаў, а таксама рэпрэсіямі 30-х гг. Вядома, што загінулі артыкулы А.М.Ляўданскага, А.Д.Кавалені, С.А.Дубінскага, знік рукапіс «Нарысаў па гісторыі дакласавага грамадства на тэрыторыі Беларусі».

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]