Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Lektsii_po_istoriogr_ist_Bel.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
563.13 Кб
Скачать

5. Гістарычныя звесткі пра Беларусь у працах рускіх гісторыкаў і археографаў xviiі – пачатку хіх ст.

Адным з першых расійскіх даследчыкаў, які прааналізаваў гістарычныя падзеі на Беларусі, з’яўляецца Васіль Тацішчаў.

Вядома, што В.М.Тацішчаў чытаў і выкарыстаў у сваёй «Истории Российской» Полацкі летапіс. Таму яго праца з’яўляецца каштоўнай крыніцай, на аснове якой удакладняюцца многія падзеі з гісторыі Беларусі. У прыватнасці, аўтар вызначыў прычыну нападу наўгародскага князя Уладзіміра Святаславіча на Полацк у 980 г. – паход Рагвалода на Наўгародскія землі, раскрыў намер менскага князя Глеба Усяславіча заваяваць Наўгародскія і Смаленскія землі. Тацішчаў лічыў, што горад Навагрудак заснаваны князем Яраславам Мудрым падчас яго пахода на Літву ў 1044 г., што полацкі князь Усяслаў Брачыславіч здзейсніў ваенную акцыю не на Ноўгарад, а на Навагрудак (памылкова). Бітву на Нямізе даследчык лакалізаваў на Нёмане 10 сакавіка 1067 г. Таксама аўтар паказаў акалічнасці ўтварэння ВКЛ, апісаў помсту Войшалка забойцам Міндоўга і інш.

Тацішчаў адным з першых зрабіў спробу перыядызацыі гісторыі Полацкага княства, вызначыўшы тры перыяды: мясцовае княжанне, вечавы, у складзе ВКЛ. Ён упершыню даследаваў пытанне паходжання і геаграфічнага значэння тэрміна «Белая Русь». Даследчык лічыў, што гэтая назва ўзнікла ў ХІІ ст. у дачыненні да Растова-Суздальскіх зямель. Традыцыю Тацішчава прадоўжыў вядомы расійскі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак Міхаіл Васільевіч Ламаносаў (1711 – 1765 гг.), які стаяў на пазіцыі аўтахтоннасці Русі, у склад якой ён адносіў і беларускія землі.

У ХVIII ст. пачынаецца навуковая публікацыя крыніц па гісторыі Беларусі, распачатая Герардам Мілерам.

З 1732 г. Мілер стаў выпускаць часопіс «Собрание русской истории». У шасці нумарах за гэты год у перакладзе на нямецкую мову ён апублікаваў частку Радзівілаўскага летапіса (падзеі з 860 па 1175 гг.). Поўны тэкст быў выдадзены ў апошняй трэці ХVIII ст.

У канцы ХVIII ст. былі апублікаваны і іншыя летапісы, у якіх асноўная ўвага надавалася падзеям палітычнай, ваеннай гісторыі і гісторыка-геаграфічнаму матэрыялу. Напрыклад, у Васкрасенскім летапісу прадстаўлены спіс гарадоў, якія падзяляліся на польскія, кіеўскія, валынскія і літоўскія. У кожнай групе былі названы і беларускія гарады. Таксама ўвагу летапісца прыцягнуў факт з’яўлення бесаў на вуліцах Полацка, узгаданы пад 1092 г.

Акрамя летапісаў у апошняй трэці ХVIII ст. пачынаецца публікацыя дакументаў справаводства. Заслуга ў гэтай справе належыць Мікалаю Іванавічу Новікаву (1744 – 1818 гг.). У 1772 г. ён выдаў у Пецярбургу «Опыт исторического словаря о российских писателях», які стаў першай спробай даць гістарыяграфічную ацэнку прадстаўнікам рускай грамадска-гістарычнай думкі. Новікаў першым пачаў публікацыю крыніц па генеалогіі і біяграфістыцы, аб чым сведчыць «Древняя Российчкая Вивлиофика» (1773 – 1775 гг.) у дзесяці кнігах. У ёй мы знаходзім два тыпа крыніц, якія ўтрымліваюць звесткі пра Беларусь. Першы тып – гэта дакументы, звязаныя з руска-польскімі перамовамі 1582 – 1583 гг. па вынікам Лівонскай вайны (пытанні аб межах, палонных, дзейнасці на рускай тэрыторыі ваяводы С. Паца). Другі тып – граматы, якія рускія баяры даслалі каралю Польшчы Жыгімонту ІІ Аўгусту і гетману ВКЛ Я.Хадкевічу ў 1567 г. у адказ на «напрасное, его короля, склонение их в польское к нему подданство». Таксама Новікаў выдаў «Бархатную книгу», у якой улічаны полацкія князі і некаторыя магнацкія роды ВКЛ.

Звесткі пра Беларусь можна атрымаць у дакументальных дадатках да працы князя Міхаіла Міхайлавіча Шчарбатава (1733 – 1790 гг.) «История Российская». Гэта, найперш скаргавыя спісы пятнаццатага стагоддзя аб нападах на гандляроў і падарожнікаў з Вялікага княства Маскоўскага, дакументы пра перамовы аб перамір’і ў гады Лівонскай вайны, дакументы пра ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў перыяд ІІ-й Паўночнай вайны 1700 – 1721 гг.

У 1773 г. у Маскве ва ўніверсітэцкай друкарні быў выдадзены першы рускі «Географический словарь Российской державы», падрыхтаваны калежскім асэсарам Ф.А.Палуніным і гістарыёграфам, акадэмікам Імператарскай Пецярбургскай Акадэміі навук Г.Ф.Мілерам. Расійскі чытач упершыню атрымаў якасную інфармацыю пра беларускія землі. Мілер дастаткова падрабязна вызначыў абставіны і час з’яўлення назваў «Вялікая», «Малая», «Белая» і «Чырвоная» Расія. Ён лічыў, што назвы «Малая» і «Белая» Расія ўзніклі адначасова для адрознення ўласна рускіх зямель ад тэрыторый, якія адыйшлі падчас падзелаў ад Рэчы Паспалітай у склад Расійскай імперыі. Аўтар прааналізаваў гіпотэзы паходжання назвы «Белая Русь».

Прапанаваная Мілерам канцэпцыя гісторыі беларускіх зямель носіць стрыманы характар. Але ў ёй праяўляецца тэндэнцыя да абаснавання права Расіі на ўключанныя тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Каштоўнасць выдання – у апісанні каля 30 беларускіх гарадоў: Полацка, Себежа, Віцебска, Магілёва, Быхава, Шклова, Рагачова і інш.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай фактычна да 30-х гг. ХІХ ст. Беларусь не разглядалася ні царскім урадам, ні расійскай дваранскай гістарыяграфіяй як асобная этнічная адзінка. Беларусь лічылася часткай Заходняга краю, Заходняй Русі, Літвы, або «губерніямі, вернутымі ад Польшчы». «Белай Руссю» традыцыйна называлася тэрыторыя ад Смаленска да Беразіны. Палажэнне аб тым, што мова жыхароў Беларусі з’яўляецца несамастойнай, прамежкавай паміж рускай і польскай, дамінавала ў навуковых колах да сярэдзіны ХІХ ст.

Вялікаруская і вялікапольская канцэпцыі мелі пад сабой палітычна-ідэалагічную аснову: дзеячы польскага грамадскага руху імкнуліся даказаць польскі характар далучаных зямель, а расійскія ўрадавыя колы – рускі характар. Кацярына ІІ у перыяд падзелаў Рэчы Паспалітай выказала жаданне, каб паміж Беларуссю і Расіяй «исчезла грань инородия», каб гэтыя «древнерусские» землі сталі «русскими не только по названию, но и душой, и сердцем».

Відавочна, што праблема русіфікацыі моцна хвалявала расійскую імператрыцу. Аб гэтым сведчыць адна з першых рускіх кніг пра Беларусь – афіцыйны шляхаўказальнік, які быў выдадзены да прыбыцця ў 1780 г. Кацярыны ІІ у Беларусь. Гістарычны лёс краю ў ім трактуецца своеасабліва: некалі гэта краіна належала рускім князям, але потым Расія была разрабавана на часткі. Пачынаючы з Івана ІІІ, цары пачалі збіраць краіну, і ў 1772 г. усё страчанае вярнулася ў дзяржаву Кацярыны ІІ.

У гэты час на ніве гісторыі плённа працаваў рускі дваранскі гісторык Мікалай Бантыш-Каменскі.

У 1794 г. Кацярына ІІ праз обер-пракурора Сінода графа Мусіна-Пушкіна даручыла Бантыш-Каменскаму падрыхтаваць падрабязныя звесткі пра «уніятаў польскіх». Вынікам праведзенага даследавання стала кніга «Исторические сведения о возникшей в Польше унии…», выдадзеная ў Маскве ў 1805 г. Аўтар сцвярджаў, што ўнія выражала інтарэсы папства, была сродкам дзяржаўнай палітыкі і вынікам кампраміснай пазіцыі праваслаўных іерархаў. Усё гэта выклікала шырокае народнае супраціўленне. Расійскі імператар Аляксандр І узнагародзіў гісторыка дыяментавым пярсцёнкам.

З ураджэнцаў Беларусі ў канцы ХVIII ст. шырокую вядомасць атрымаў Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч.

Кола навуковых інтарэсаў Богуш-Сестранцэвіча было звязана з праблемай паходжання славян, прапагандай ідэй Асветніцтва і гуманізму. Асаблівую ўвагу надаваў вывучэнню Беларусі. Яго галоўнай працай з’яўляецца кніга «Аб Заходняй Расіі», выдадзеная ў Магілёўскай друкарні ў 1793 г. У ёй аўтар даследаваў пытанні гісторыі ўсходнеславянскіх народаў, абгрунтаваў гістарычнае адзінства беларусаў, украінцаў і рускіх. Ёсць звесткі, што Богуш-Сестранцэвіч напісаў «Граматыку літоўскую», але рукапіс не быў апублікаваны.

1. Дзейнасць урадавых устаноў Расійскай імперыі па вывучэнню мінулага Беларусі. У другой трэці ХІХ ст. узрастае цікавасць да беларускіх губерняў з боку расійскіх журналістаў і навукоўцаў, а таксама афіцыйнай улады. Шляхецкае паўстанне 1830 – 1831 гг. сведчыла аб адсутнасці падтрымкі мерапрыемстваў рускага ўрада ў дадзеным рэгіёне. Узнікла патрэба ў зборы грунтоўнай інфармацыі пра Беларусь з той мэтай, каб распачаць прапагандысцкую дзейнасць па пераарыентацыі мясцовага насельніцтва на бок Расіі.

Цікавасць да беларускай праблематыкі ў 30 – 40-я гг. пачынаюць праяўляць Сінод, Міністэрства ўнутраных спраў, жандармерыя. У часопісах цэнтральных урадавых устаноў («Журнал МВД», «Журнал Министерства народного просвещения», «Журнал Министерства государственных имуществ») з’яўляюцца гісторыка-статыстычныя артыкулы пра Беларусь.

У 1834 г. былі арганізаваны губернскія статыстычныя камітэты. Іх функцыя заключалася ў зборы звестак аб мінулым і сучасным стане гаспадаркі, насельніцтве, гісторыка-бытавых асаблівасцях заходніх губерняў. Супрацоўнікі камітэтаў распрацавалі праграмы для выдання «Губернских ведомостей» (газеты выходзілі пры губернскіх управах з 1838 г.) і «Памятных книжек» губерняў (выдаваліся з канца 30-х гг. ХІХ ст.). У іх неафіцыйных частках часта публікаваліся гісторыка-краязнаўчыя нарысы, нататкі, гістарычныя дакументы. Пры ўсёй сваёй праўрадавай накіраванасці яны да пачатку 80-х гг. ХІХ ст. абуджалі інтарэс да гісторыі Беларусі.

Віленскі, Гродзенскі, Віцебскі, Мінскі і Магілёўскі статыстычныя камітэты працавалі з рознай ступенню эфектыўнасці, але іх роля ў развіцці гістарычнай навукі ў Беларусі несумненная. Па-сутнасці, статыстычныя камітэты былі адзінымі навукова-інфармацыйнымі цэнтрамі ў губернях, якія праводзілі комплекснае вывучэнне Беларусі. Камітэты выконвалі шматлікія запыты Рускага геаграфічнага таварыства, Пецярбургскай археаграфічнай камісіі, Генеральнага штаба. Цікава, што з канца 1848 г. пры віленскім генерал-губернатары была ўведзена спецыяльная пасада чыноўніка па асобым даручэнням з мэтай збору статыстычных і гістарычных звестак.

Як правіла, супрацоўнікі губернскіх статыстычных камітэтаў да сваіх абавязкаў адносіліся добрасумленна і з ініцыятывай. Ужо ў 30 – 50-я гг. ХІХ ст. з’яўляюцца «Исторические обозрения» і «Исторические описания» Віцебскай, Віленскай, Гродзенскай, Магілёўскай губерняў, Беластоцкай вобласці, статыстычныя карты і дэмаграфічныя табліцы па ўездам.

У 40-я гг. ХІХ ст. пачынаецца сістэматычнае гісторыка-статыстычнае даследаванне заходніх губерняў краіны чыноўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў (МУС). Доўгі час гэтыя работы выкарыстоўваліся толькі для службовага карыстання. Таксама МУС Расіі ў сярэдзіне ХІХ ст. арганізавала комплекснае даследаванне регіёна сіламі аматараў гісторыі – праз афіцэраў, праваслаўных святароў, сапраўдных статскіх саветнікаў і нават генералаў. Прыкладам з'яўляецца ўраджэнец Мінскай губерні, выпуснік Кіеўскай духоўнай акадэміі Іван Пятровіч Барычэўскі (Барычэўскі-Тарнава) (1810 – 1887 гг.). У сваіх працах «Исследование о происхождении, названии и языке литовского народа» (1847 г.), «Православие и русская народность в Литве» (1851 г.) ён адным з першых пачаў вывучаць гісторыю і старажытнасць народаў Беларусі і Літвы.

Падтрымку даследчыкам у справе вывучэння гісторыі Беларусі аказывалі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, у прыватнасці, грамадзянскія губернатары. Яны праяўлялі ініцыятыву ў пошуку гістарычных дакументаў і іх выданні з той мэтай, каб даказаць, што ў мінулым Беларусь і Літва былі рускім праваслаўным краем. У 1843 г. грамадзянскі губернатар Віленскай губерні князь Далгарукі садзейнічаў выданню 200 дакументаў, прысвечаных гісторыі праваслаўнай царквы ВКЛ у ХІV – ХVІІІ ст., «Собрание древних грамот городов: Вильно, Ковно, Трок, православных монастырей, церквей и по разным предметам». Праз пяць гадоў па ініцыятыве мінскага грамадзянскага губернатара А.Сямёнава ўбачыла свет «Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам», у якім разглядаўся лёс праваслаўя на беларускіх землях.

Значны ўклад у вывучэнне гістарычнага мінулага Беларусі і Літвы ўнеслі афіцэры Генеральнага штаба Расійскай імперыі. З 1837 па 1854 гг. спецыялісты гэтай ваеннай установы тры разы выдавалі для службовага карыстання спецыяльныя статыстычныя матэрыялы аб заходніх губернях краіны. Паралельна ішла камплектацыя архіва ваенна-тапаграфічнага бюро, збор дакументаў па гісторыі воінскіх частак, рыхтаваліся ваенна-гістарычныя і ваенна-тэарэтычныя работы, прысвечаныя гісторыі ваенных дзеянняў у ХVІІІ ст., паўстання 1794 г., вайны 1812 г., паўстання 1830 – 1831 гг.

Пасля паражэння ў Крымскай вайне (1853 – 1856 гг.) ваеннае міністэрства вырашыла праз афіцэраў Генеральнага штаба сабраць гістарычныя звесткі пра заходнія губерні імперыі. Таму ў 1857, 1858, 1859 гг. для іх былі выдадзены спецыяльныя інструкцыі. Пры гэтым афіцэры абапіраліся на працу генерал-маёра Міхаіла Без-Карніловіча «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии…», якая выйшла ў друкарні ІІІ-га аддзялення ў 1855 г.

Праводзячы тапаграфічную здымку мясцовасці і статыстычнае вывучэнне Мінскай, Віцебскай, Наўгародскай, Валынскай губерняў і Беластоцкай вобласці, Без-Карніловіч сабраў значны матэрыял для напісання кнігі.

Аўтар паставіў перад сабой мэту – азнаёміць чытача з Беларуссю, пад якой ён разумеў Віцебскую і Магілёўскую губерніі. Паходжанне тэрміна «Беларусь» даследчык выводзіў ад светлага колеру твара і вачэй насельніцтва, белага колеру адзення. Асобая ўвага прысвечана гісторыі Полацкага княства і крывічоў. Вельмі коратка прадстаўлены падзеі на Полаччыне ў перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Цікава, што аўтар даказываў паходжанне Віценя з дынастыі полацкіх князёў.

Без-Карніловіч зыходзіў з дваранска-манархічных пазіцый пры асвятленні мінулага беларусаў, лічыў іх нашчадкаў крывічоў і радзімічаў. Але пісаў пра беларусаў як асобны народ. Праўда, цэльнай гістарычнай канцэпцыі ён не стварыў. Вартасць даследавання заключаецца ў гісторыка-геаграфічных і этнаграфічных замалёўках гарадоў і мястэчак Паўночнай і Усходняй Беларусі.

З 1859 г. афіцэры дэпартамента Генеральнага штаба прыступілі да рэалізацыі пастаўленай перад імі задачы. Цэнтральны статыстычны камітэт МУС спецыяльным цыркулярам прадпісаў грамадзянскім губернатарам аказываць ім дапамогу і падтрымку праз гарадскую і ўездную паліцыю. Ужо з 1861 г. пачалі выходзіць першыя гісторыка-статыстычныя апісанні заходніх губерняў пад назвай «Материалы для географии и статистики России». Том «Матэрыялаў…», прысвечаных Віленскай губерні, падрыхтаваў капітан А.Карэва (1861 г.), Смаленскай губерні – штабс-капітан М.Цэбрыкаў (1862 г.), Мінскай губерні – падпалкоўнік І.Зяленскі (1864 г.). Але найбольш грунтоўнай працай лічыцца два тамы па Гродзенскай губерні (1863 г.), складзеныя падпалкоўнікам П.Баброўскім.

Кніга Баброўскага ўяўляе сабой арыгінальнае і грунтоўнае навуковае даследаванне. Аўтар прадставіў уласнае канцэптуальнае бачанне гісторыі беларускіх зямель, у якой адчуваецца адбітак палітычнай сітуацыі ў заходніх губернях і заходнерускай тэндэнцыі. Даследчык імкнуўся даказаць, што Гродзенская губерня па гістарычнаму паходжанню з’яўляецца неад’емнай часткай Расіі. На падставе дзяржаўніцкага крытэрыя аўтар прапанаваў уласную перыядызацыю гісторыі Заходняй Русі, вылучыўшы наступныя перыяды: 1) старажытнарускі (ІХ – сяр. ХІІІ ст.); 2) «уладарніцтва Літвы» (сяр. ХІІІ ст. – 1569 г.); 3) «уладарніцтва Польшчы» (1569 – 1795 гг.). У першым перыядзе адбывалася самастойнае развіццё «народных сіл», волю якіх выконвалі рускія князі. Літоўскае заваяванне гэтага рэгіёна прывяло да ўтварэння ВКЛ. Яно па-свайму характару заставалася рускай дзяржавай. Але Люблінская ўнія прывяла да асіміляцыі мясцовага насельніцтва палякамі, якія прынеслі з сабой прыгоннае права. У цяжкіх палітычных умовах Рэчы Паспалітай традыцыйныя звычаі мясцовага насельніцтва захоўвала праваслаўная царква. Падзелы Рэчы Паспалітай прывялі да вызвалення «заходнерусаў» ад прыгнёту. Баброўскі назваў прычыны складанай палітычнай сітуацыі ў заходніх губернях краіны і нелаяльнасці мясцовага насельніцтва да афіцыйнай палітыкі: уплыў польскай культуры, высокі працэнт яўрэйскага насельніцтва, варожая расійскім уладам пазіцыя каталіцкай царквы.

Гістарычныя погляды Баброўскага мелі пэўныя разыходжанні са славянафільскай ідэалогіяй. У прыватнасці, ён узняў праблему ролі яцвяжскага элемента ў этнагенезе насельніцтва Гродзенскай губерні. Яцвягаў даследчык не адносіў ні да славян, ні да балтаў. На яго думку, яны сталі адной з этнічных крыніц «заходнерусаў». Баброўскі станоўча ставіўся да палітыкі вялікіх літоўскіх князёў, адзначыў талерантнасць Вітаўта. Таксама аўтар надаваў пазітыўны характар магдэбургскаму праву. Ён лічыў, што прывілеі, атрыманыя рамеснікамі і купцамі ў ВКЛ, сталі прадумовай эканамічнай самастойнасці гарадоў, садзейнічалі ўтварэнню буйных гандлёвых цэнтраў. Свае аргументы Баброўскі супрацьпаставіў тагачаснай пануючай тэорыі аб магдэбургскім праве як адной з прычын анархіі ў Рэчы Паспалітай. Сапраўдную прычыну слабасці гэтай краіны ён бачыў у недасканаласці дзяржаўнага апарату.

М.В. Баброўскі аставіў шэраг краязнаўчых прац: «Несколько слов о Зельвенской ярмарке», «Колония Супрасль», «Исторические сведения о городах Гродненской губернии», «Историческая монография города Гродно».

Работы афіцэраў Генеральнага штаба адрозніваліся сваёй гістарычнай і крыніцазнаўчай базай. Парой яны абапіраліся на неправераныя крыніцы (паведамленні жыхароў, мясцовыя паданні і інш.). Аднак іх выданні ўтрымлівалі каштоўны матэрыял, узяты з прыватных шляхецкіх архіваў і калекцый рукапісаў.

У першай палове ХІХ ст. у сувязі з «разборамі шляхты» вялікай праблемай стала фальсіфікацыя гістарычных дакументаў, якія падцвярджалі права на шляхецкае званне. Мінск лічыўся сталіцай падробак, упісаных у старажытныя актавыя кнігі. Мікалай І у 1843 г. вымушаны быў стварыць тры камісіі для разгляду актавых кніг, але яны працавалі неэфектыўна, бо адсутнічалі прафесійныя спецыялісты-археографы. З другога боку, значная частка дакументаў справаводства страчвалася, бо адсутнічала централізацыя архіўнай справы – архівы былі ведамственымі. У 1845 г. МУС выдала правілы, якія патрабавалі кожны год арганізоўваць пры губернскіх кіраваннях спецыяльныя камісіі для разбора справаводства. Паколькі прафесійныя архівісты адсутнічалі, то камісіі знішчалі шмат каштоўных гістарычных дакументаў. Усё гэта заставіла ўрад прыняць рашэнне аб арганізацыі ў 1852 г. Віленскага і Віцебскага цэнтральных архіваў. Перад імі была пастаўлена задача сабраць старажытныя актавыя кнігі і дакументы да 1799 г.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]