Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Lektsii_po_istoriogr_ist_Bel.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
563.13 Кб
Скачать

3. Гістарычныя даследаванні ў вкл у другой палове xviiі ст. «Манархічная» школа а.Нарушэвіча.

Другая палова XVIII ст. характарызуецца секулярызацыяй гістарычнай думкі і ў цэлым адукацыі ў ВКЛ. Гэта адбылося пад уплывам рэформы ордэна піяраў, якую правёў Станіслаў Канарскі ў 50 – 60-я гг. Рэформа прадугледжвала вывучэнне польскай, французскай моў, прыродазнаўчых дысцыплін, эстэтычнае і фізічнае выхаванне дзяцей, правядзенне практычных заняткаў за кошт скарачэння курса тэалогіі.

Таксама свой уплыў аказалі ідэі французскіх асветнікаў, творы якіх перакладаліся пры садзейнічанні Адукацыйнай камісіі. Адбыўся пераход ад гісторыі, узгодненай са Святым Пісаннем, да гісторыі дэсакралізаванай.

Пад кантролем і апекай графа Ігната Патоцкага былі напісаны новыя падручнікі па сусветнай гісторыі братамі Скшатускімі «Палітычная гісторыя для дваранскай моладзі», «Заўвагі па ўсеагульнай гісторыі для народных вучылішчаў». Да іх блізкімі па свецкай накіраванасці стала кніга па ўсеагульнай гісторыі піяра Д.Шыбінскага «Кароткія звесткі пра важнейшыя манархіі свету, старажытныя каралеўствы і рэспублікі». Ён адным з першых сярод гісторыкаў Рэчы Паспалітай зрабіў спробу ўвесці ўласную перыядызацыю гісторыі, заснаваную па падзеях свецкай гісторыі, першым імкнуўся аддзяліць гісторыю царквы ад грамадзянскай гісторыі.

Прааналізаваўшы выкладанне гуманітарных дысцыплін, Адукацыйная камісія запатрабавала, каб пры вывучэнні ўсеагульнай гісторыі асноўная ўвага надавалася гісторыі Польшчы. У Галоўнай Літоўскай школе кафедру ўсеагульнай гісторыі ўзначальваў прафесар Томаш Гусаржэўскі.

Гусаржэўскі не аставіў пасля сябе значных гістарычных твораў. Але яго заслуга ў прапагандзе асветніцкага разумення гісторыі. У працы «Уводзіны ва ўсеагульную гісторыю, у асаблівасці царкоўную» (1775 г.) ён выдвінуў ідэю прагрэсіўнага развіцця чалавецтва па ўзыходзячай лініі. На яго думку, гісторыя павінна вывучаць увесь шлях, пройдзены чалавецтвам. Аўтар закрануў праблему верыфікацыі гістарычных крыніц, іх навуковага аналізу. Ён таксама спрабаваў аддзяліць царкоўную гісторыю ад свецкай.

Асветніцкую лінію ў гістарычнай навуцы Беларусі і Літвы ў пачатку ХІХ ст. працягваў Готфрыд Гродэк – буйнейшы спецыяліст у галіне класічнай гістарыяграфіі, асабліва старажытнагрэчаскай літаратуры.

У другой палове ХVIII ст. значную папулярнасць набылі працы Францішка Папроцкага і Кароля Вырвіча, якія фактычна сталі асноўнымі падручнікамі па гісторыі ВКЛ.

Папроцкі прадоўжыў справу, распачатую Я.Пашакоўскім. Ён выдаваў у Вільні «Палітычныя каляндарыкі». За 1764 г. размясціў храналогію польскіх каралёў і князёў ВКЛ, апісаў першае бескаралеўе, якое наступіла пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста.

З прац, прысвечаных усеагульнай гісторыі, вылучаецца кніга «Найбольш значныя войны…» (1763 г.). Яна напісана на аснове твораў антычных і сярэдневяковых гісторыкаў. У прадмове аўтар пісаў: «Няма нічога больш непрыемнага для народаў, чым войны, і ў той жа час веданне гісторыі войнаў дазваляе высветліць прычыны ўзвышэння і падзення дзяржаў і, што асабліва важна, шляхі ўмацавання свабоды і незалежнасці Айчыны». У такой форме Папроцкі выказываў занепакоенасць патрыятычных сіл лёсам Рэчы Паспалітай. Трывогай за будучае краіны прасякнута праца «Аб рыцарскім пытанні ў Польшчы» (1776 г.). На аснове аналізу прычын перамог і паражэнняў у мінулым ВКЛ і Рэчы Паспалітай аўтар паспрабаваў выказаць свае рэкамендацыі па ўмацаванню абароны дзяржавы і павышэнню баяздольнасці яе арміі.

Цікавасць выклікаюць дзве невялікія працы Папроцкага «Дамашнія весці аб ВКЛ» (1763 г.) і «Дамашнія весці аб Польскім каралеўстве» (1771 г.). Яны ўяўляюць кароткія энцыклапедычныя даведнікі аб геаграфічным становішчы, прыродных умовах, гісторыі, дзяржаўным ладзе, судах, арміі і інш. атрыбутах гэтых дзяржаў. Кнігі ўяўляюць сабой даведнікі, якія прызначаліся для навучэнцаў школ. У дачыненні да гісторыі аўтар паказаў палітычныя і рэлігійныя падзеі на тэрыторыі Княства да Люблінскай уніі 1569 г. без іх аналіза. Ён паўтарыў гістарычныя канцэпцыі Длугаша і Літвіна.

Папроцкі зыходзіў з рацыяналістычнага разумення гістарычнага працэсу і сваёй дзейнасцю падрыхтаваў глебу для ўспрымання ідэі заканамернага развіцця гісторыі ў апошняй трэці ХVIII ст. З другога боку, ён трактаваў гістарычны працэс як простую паслядоўнасць падзей. Падобны эмпірычны падыход быў характэрны для ўсіх гісторыкаў асветніцкага часу.

Найбольшай папулярнасцю ў школах ВКЛ карысталіся кнігі Кароля Вырвіча.

Вырвіч з’яўляўся аўтарам дзвух падручнікаў, напісаных на французскай мове, «Паходжанне сучасных дзяржаў і народаў» (1769 г.) і «Кароткае сістэматычнае выкладанне ўсеагульнай гісторыі» (у 2-х т., 1766 – 1771 гг.).

Светапогляд Вырвіча мае супярэчлівы характар. У яго творах спалучаюцца дзве тэндэнцыі: тэалагічная, бо з’яўляўся езуітам, і асветніцкае, бо разумеў ролю рацыяналістычнай філасофіі. Будучы гісторыкам, Вырвіч знаходзіўся пад уплывам ідэй французскага Асветніцтва. Ён адмоўна ставіўся да разумення гісторыі як працэса адлюстравання палітычных падзей і войнаў. Даследчык лічыў, што гісторыя – гэта сукупнасць змен у палітычным жыцці, звычаях, рэлігіі, навуцы, мастацтве, эканоміцы.

Важнае месца адводзіў ролі эканомікі ў грамадскім жыцці, у прыватнасці, эканамічнаму развіццю Рэчы Паспалітай. Галоўнай крыніцай багацця краіны ён лічыў гандаль, які мог пашырацца толькі на аснове развіцця прамысловасці і земляробства. Вырвіч падтрымліваў палітыку пратэкцыянізму.

У другой палове ХVIII ст. гістарычная навука ВКЛ набывае трывала крыніцазнаўчы фундамент, які быў закладзены Мацеем Догелем.

З 1748 г. у якасці пасла Рэчы Паспалітай Догель працаваў ў архівах і бібліятэках Германіі, Францыі, Галандыі. Таксама карыстаўся малавядомымі і сакрэтнымі дакументамі ў каралеўскіх архівах Кракава і Нясвіжа. Гэта дазволіла яму пачаць выданне зборніка дакументаў і матэрыялаў «Дыпламатычны кодэкс Каралеўства Польскага і ВКЛ». З васьмі запланаваных тамоў выйшлі тры. Нявыдадзеныя матэрыялы ў рукапісах паступілі ў Каралеўскую бібліятэку ў Варшаве, потым – у Віленскі універсітэт, а адтуль – у Пецярбургскую публічную бібліятэку. Догель выдаў яшчэ адзін зборнік дакументаў па размежаванню дзяржаўнай мяжы ВКЛ з Польшчай у сярэдзіне ХVI ст. Яго зборнікі матэрыялаў па гісторыі міжнародных адносін Польшчы, Літвы і Беларусі за ХІІІ – ХVIІІ ст. як гістарычныя крыніцы не страцілі свайго значэння да нашых дзён.

Дакуметамі, сабранымі Догелем, карыстаўся вядомы польскі паэт, асветнік і гісторык Адам Нарушэвіч.

З 70-х гг. Нарушэвіч пачынае цікавіцца праблемамі ўсеагульнай і айчыннай гісторыі. Ён прыняў удзел у напісанні калектыўнай працы «Палітычная гісторыя старажытных дзяржаў» (1772 г.), дзе прадэманстраваў крытычны падыход да гістарычных легенд і паданняў. Аўтары працы ставілі галоўнай задачай раскрыць прычыны развіцця і заняпаду старажытных дзяржаў. Ужо тады А.Нарушэвіч прадэманстраваў сваю схільнасць да манархічнага ладу, вызначыўшы свой ідэал у форме асветнай манархіі.

Забарона на дзейнасць ордэна езуітаў і матэрыяльныя цяжкасці заставілі Нарушэвіча прыняць сан каталіцкага святара. Пры дапамозе караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ён атрымаў парафію ў Немянчыне пад Вільняй. Пазней становіцца біскупам смаленскім, затым луцкім. Гэты перыяд жыцця быў найбольш плённым для Нарушэвіча як гісторыка. Ён працягваў працу над перакладам і выданнем твораў старажытнарымскага гісторыка Тацыта, але ў цэнтры ўвагі была гісторыя Рэчы Паспалітай.

На аснове архіваў Сапег і Хадкевічаў у 1773 – 1776 гг. А.Нарушэвіч напісаў сваю першую буйную гістарычную працу «Жыццё Яна Караля Хадкевіча, віленскага ваяводы, вялікага гетмана ВКЛ» (1781 г.). Таксама рыхтаваў кнігу пра Льва Сапегу, але яе не завяршыў.

Па прапанове караля С.Панятоўскага гісторык пачаў працаваць над «Гісторыяй польскага народа». Яе стварэнню папярэднічала вялізарная праца па зборы і сістэматызацыі гістарычных крыніц. Ён прапанаваў каралю арганізаваць групу капіравальшчыкаў для іх перапіскі. На сродкі Панятоўскага ў 1781 г. у Германію, Італію, Швейцарыю былі накіраваны спецыялісты для выканання пастаўленай задачы. Падобную работу правялі і ў Рэчы Паспалітай. У выніку гісторык сабраў 231 том матэрыялаў, якія ўвайшлі ў т.зв. «папку Нарушэвіча» (захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Кракаве).

Другі-сёмы тамы «Гісторыі польскага народа» былі выдадзены ў 1780 – 1786 гг., а першы том выйшаў пасмяротна – у 1824 г. Выданне ахоплівае перыяд са старажытных часоў да 1836 г. Пад польскім народам Нарушэвіч разумеў шляхту і гараджан. Даволі грунтоўна і падрабязна адлюстравана гісторыя Беларусі і Літвы. Аўтар абасноўваў сваю цікавасць да Беларусі тым, што «значная частка краю ўвайшла ў склад польскага краю», а «русакі пераўтварыліся ў палякаў».

Даследчык вызначыў тры праблемы ў гісторыі Рэчы Паспалітай: узаемаадносіны царквы і дзяржавы, паходжанне прыгоннага права, заняпад Рэчы Паспалітай і шляхі яго пераадолення.

Паколькі Нарушэвіч у свой час быў езуітам, то не ўтойваў свае негатыўныя адносіны да «дысідэнтаў», г.зн. іншаверцаў. Гэта асабліва адчувальна пры аналізе аўтарам рэфармацыйнага руху.

У другой палове ХVIII ст. разгарнулася вострая дыскусія аб рэформе палітычнага ладу Рэчы Паспалітай. Нарушэвіч падзяляў папулярную ў той час тэорыю «знешняга заваявання»: славяне-сарматы заваявалі тубыльцаў, разбурылі ранейшыя грамадскія ўстоі, заснаваныя на «гмінаўладдзе», г.зн. роўнасці і свабодзе. Ад заваёўнікаў паходзіць шляхта, а ад заваяваных – прыгоннае сялянства.

Нарушэвіч ў «Гісторыі польскага народа» неаднаразова адзначаў цяжкія падаткі і павіннасці простых людзей, выказваў спачуванне сялянам. Прычыны цяжкага становішча сялянства ён бачыў у сквапнасці паноў і шматлікіх войнах. Але гісторык не падзяляў асветніцкую ідэю ліквідацыі саслоўяў. Ён лічыў, што кожнае саслоўе павінна быць карысным сваёй краіне. Таксама была абмежаванай яго пазіцыя па сялянскаму пытанню. Зямля, на яго думку, павінна заўсёды заставацца ўласнасцю шляхты. Няроўнасць паміж людзьмі абумоўлена самой прыродай чалавека. Прыгнёт з’яўляецца вынікам праяўлення дрэнных чалавечых якасцяў, якія прыйшлі да славян ад германцаў.

Гістарычныя творы Нарушэвіча, блізкага да караля і яго акружэння, былі прасякнуты манархічным духам і ўяўлялі сабой апалагетыку моцнай каралеўскай уладзе. Росквіт Польшчы ён адносіў да часоў Пястаў і звязываў яго з самадзяржаўнай уладай караля. Але далейшае аслабленне краіны адбылося ў выніку перахода ад польскага да нямецкага права, якое было больш карысна буйным землеўласнікам і прывяло да абмежавання ўлады караля. Прычыны заняпаду непасрэдна Рэчы Паспалітай гісторык бачыў у сквапнасці магнатаў і эгаізме шляхты, слабасці цэнтральнай улады з-за магнацкай анархіі. Ён прапагандаваў ідэю асветнага абсалютызму. Манархічнае кіраванне ён супрацьпаставіў арыстакратычнаму, услаўляў тых каралёў, якія адстойвалі адзінства дзяржавы.

У рабоце «Мемарыял адносна напісання народнай гісторыі», якую Нарушэвіч накіраваў каралю ў 1775 г., аўтар прадэманстраваў свае погляды на гістарычны працэс, прадмет і метад гістарычнай навукі. Упершыню ў гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы даследчык супрацьпаставіў тэалагічнай гістарыяграфіі асветніцкае разуменне гісторыі як свецкай навукі. Нарушэвіч адмаўляў умяшальніцтва Бога ў гістарычны працэс, лічыў, што гісторыя – вынік узаемадзеяння прыродных прычын, уласцівых чалавечаму грамадству. Праўда, з’яўляючыся каталіцкім святаром, ён абвяшчаў Бога найвышэйшай інстанцыяй у гісторыі чалавецтва.

Нарушэвіч пашырыў прадмет гістарычнай навукі. На яго думку, яе прадметам павінна быць жыццё ўсяго «народа», а не дзеянні асобных ваенаначальнікаў і кіраўнікоў дзяржаў. Галоўным рухавіком гістарычнага працэсу гісторык лічыў чалавечы розум. Асабліва пашырылася роля асветніцтва і мудрасці, як адзначаў аўтар, у ХVIII ст.

У некаторай ступені Нарушэвічу характэрна ідэя прагрэсу. У адным са сваіх лістоў ён прызнаваў рух чалавецтва наперад і нават супрацьпастаўляў у гісторыі Польшчы сучасны яму перыяд з эпохай Пястаў.

Нарушэвіч лічыў гісторыю навукай, якая мае не толькі пазнавальныя, але і маральна-палітычныя мэты. Па яго словам, гісторыя павінна вучыць, што неабходна рабіць, каб пазбегнуць памылак продкаў, каб выправіць звычаі і норавы, каб зрабіць людзей шчаслівымі. Гэтыя палажэнні адпавядалі характэрнаму асветніцкай ідэалогіі погляду на гісторыю як навуку, якая павінна садзейнічаць радыкальным сацыяльным пераўтварэння ў грамадстве.

Праўда, поўнасцю рэалізаваць праграму, вызначаную ў «Мемарыяле адносна напісання народнай гісторыі», Нарушэвіч не здолеў. Шэраг аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын садзейнічалі разрыву паміж метадалагічнай канцэпцыяй аўтара і яго навуковай дзейнасцю. Па-першае, гісторык не валодаў у дастатковым аб’ёме гістарычным матэрыялам. Узровень навукі ў той час быў нізкім – практычна адсутнічалі навуковыя даследаванні па важнейшых перыядах гісторыі Рэчы Паспалітай. Група капіравальшчыкаў пачала працу, калі «Гісторыя польскага народа» была ўжо практычна завершана. Па-другое, Нарушэвіч не здолеў радыкальна пераадолець каноны папярэдняй гістарыяграфіі. Па традыцыі ён раскрыў гістарычныя падзеі на аснове храналагічнага прынцыпа. У цэнтры ўвагі – каралі, князі і інш. знакамітыя асобы. Звесткі аб эканамічным, палітычным і культурным жыцці грамадства размясціў у шматлікіх заўвагах. Дарэчы ў адным з лістоў ён пісаў, што не можа уключыць у «цела гісторыі» пытанні палітычнага ладу і эканамічнага развіцця краіны. Гэта тлумачыцца тым, што Нарушэвіч разглядаў гісторыю як вынік творчай дзейнасці асоб, займаючых дзяржаўныя пасады. Ён хацеў напісаць гісторыю народа, але пад уплывам старой гістарыяграфіі напісаў гісторыю каралёў.

Навуковая дзейнасць А.Нарушэвіча паклала пачатак новай гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы, хаця ён не здолеў пераадолець старыя традыцыі і праяўляў непаслядоўнасць пры аналізе гісторыі Рэчы Паспалітай.

Да прадстаўнікоў «школы Нарушэвіча» адносяць Тадэвуша Чацкага, Самуэля Ліндэ, Ежы Бандтке і інш. даследчыкаў. Яны гуртаваліся ў Таварыстве сяброў навук, якое было заснавана ў Варшаве ў 1800 г.

Актыўным членам таварыства з’яўляўся Юльян Марцэлевіч Нямцэвіч, якога паляк Б.Ліманоўскі назваў «ліцвінам рускага паходжання». Сябе Нямцэвіч не лічыў сябе палякам і ніколі не звязываў свой родны край з Польшчай.

Ю.Нямцэвіч шмат зрабіў у вывучэнне і прапаганду помнікаў мінулага. Хаця ён сам спецыяльна не займаўся археалагічнымі даследаваннямі, але сваімі выступленнямі на пасяджэннях таварыства ён абуджаў іншых да гэтай дзейнасці. Нямцэвіч таксама праводзіў ідэю аховы помнікаў старажытнасці.

Падарожжы 1809, 1816, 1819 гг. па Беларусі дазволілі аўтару скласці «Збор гістарычных помнікаў пра даўнюю Польшчу» (1822 – 1933 гг.), у якім даецца апісанне Брэста, Нясвіжа, Мінска, Магілёва і інш. гарадоў.

Чацкі належаў да прыхільнікаў Нарушэвіча, асабіста яго ведаў. Гістарычная спадчына прадстаўлена шэрагам твораў, прысвечаных палітычнай гісторыі ВКЛ, гісторыі права, культуры і манетнай справы: «Карціна панавання Жыгімонта Аўгуста» (1835 г.), «Аб яўрэях» (1807 г.), «Аб камісіі і адукацыі ў Літве» (1807 г.), «Аб манетнай справе ў Польшчы і Літве» (1810 г.). Аўтар разглядаў культурную спадчыну беларускага і ўкраінскага народаў як частку польскай культуры. Кніга «Аб літоўскіх і польскіх законах…» (1800 – 1801 гг.) стала першай спробай інтэрпрэтацыі права ў польскай гістарыяграфіі. У ёй Чацкі крытыкаваў сцвярджэнне, што прававыя нормы ВКЛ грунтуюцца на рымскім праве.

Галоўная праца Ліндэ «Слоўнік польскай мовы» выйшла ў у 6-ці тамах з 1807 па 1814 гг. Таксама даследчык адным з першых у польскай гістарыяграфіі звярнуўся да Статута ВКЛ 1529 г., аналіз якога прадставіў у кнізе «Пра Статут літоўскі…» (1816 г.).

Ежы Самуэль Бандтке (1768 – 1835 гг.) вучыўся ў Гальскім і Іенскім універсітэтах. Доктар філасофіі. З 1811 г. прафесар бібліяграфіі Кракаўскага універсітэта, дырэктар Ягелонскай бібліятэкі.

У кнізе «Гісторыя Каралеўства Польскага» (1810 – 1835 гг.) зрабіў сціплы агляд гісторыі ВКЛ да Люблінскай уніі. Аўтар канцэптуальна поўнасцю паўтарыў пазіцыю Нарушэвіча. Бандтке напісаў шэраг прац, прысвечаных гісторыі кнігадрукавання ў Польшчы і ВКЛ. Ён прывёў шмат цікавай інфармацыі пра старажытнабеларускія кірылічныя кнігі, дзейнасць першадрукароў і кнігавыдаўцоў у Вільні, Заблудаве, Супраслі, Нясвіжы і інш. гарадах. Даследчык аставіў нашчадкам кніжны каталог (каля 15 тыс. тамоў) у Ягелонскай бібліятэцы.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]