Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Грышкевич вып работа.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
50.66 Кб
Скачать

Глава 2. Развіццё творчых здольнасцяў вучняў на ўроках беларускай літаратуры

2.1. Фальклор як сродак развіцця творчых здольнасцяў вучняў

Якімі павінны быць урокі беларускай мовы і літаратуры, каб вучні кожны раз адкрывалі для сябе нешта новае, глыбей пазнавалі жыццё, каб не былі пасіўнымі сузіральнікамі падзей, а ішлі па жыцці з ненатольным жаданнем змяніць яго ў лепшы бок. Будаўніком новай явы можа быць толькі чалавек-творца.

Мне, настаўніку беларускай мовы і літаратуры, ў нашы дні працаваць у параўнанні з ранейшым часам і лягчэй, і цяжэй. Лягчэй таму, што на новы ўзровень паднялася і навука, і методыка выкладання літаратуры і мовы, матэрыяльная база школы, агульны ўзровень развіцця вучняў. Цяжэй таму, што ў некаторай часткі вучняў назіраецца спад цікавасці да вучобы. Але спецыяліст любой галіны з прыніжанымі гуманітарнымі ведамі, поглядамі, густам – гэта не толькі недахоп, збядненне, здрабненне душы, характару, гэта – небяспека. Перада мной, перад школай стаяць шматлікія пытанні, якія маюць важнае значэнне ў справе павышэння якасці навучання і выхавання. Галоўны клопат – пошук эфектыўных шляхоў падачы матэрыялу. Поспех у выкладанні мовы і літаратуры, глыбокія і якасныя веды ў вучняў будуць тады, калі я буду думаць, шукаць, разважаць, супастаўляць, на справе паказваць важнасць, прымальнасць таго ці іншага метаду ў сваёй рабоце, у сваім класе, са сваімі вучнямі. Вядома, карыстаюся метадычнай літаратурай, але не адыходжу ад таго, што сама лічу карысным. У падрыхтоўцы да кожнага ўрока імкнуся адшукаць рэзервы павышэння эфектыўнасці работы.

Фальклор, з’яўляючыся адным з галоўных сродкаў народнай педагогікі, увасабляе тыя ідэальныя метады мастацкага і педагагічнага падыходу і ўздзеяння на дзяцей, якія выпрацаваў народ на працягу стагоддзяў. І не магу не пагадзіцца з патрыярхам беларускай дзіцячай літаратуры Васілём Віткам, што фальклор – гэта не толькі песня і казка, а і аснова этычна-эстэтычных уяўленняў народа, яго маральны кодэкс, яго педагагічная акадэмія.

Бліскучым узорам педагагічнага генія народа з’яўляюцца казкі. Яны актыўна спрыяюць развіццю лагічнага і мастацкага мыслення дзяцей, іх фантазіі, творчага і эмацыянальнага ўяўлення, выхоўваюць высокамаральныя якасці.

Беларускія народныя казкі – загадкавы і незвычайны свет, які садзейнічае ўзбагачэнню і самараскрыццю асобы, заахвочвае яго да творчай дзейнасці. ”Казка хлусіць, а чалавек думаць мусіць”, - так гаворыць прыказка. Народны эпас абуджае ў дзяцей цікаўнасць, развівае ўяўленне, моцна ўздзейнічае на іх эмацыянальны стан. Пад уплывам пачуццяў, выкліканых казкаю, актывізуюцца творчыя здольнасці дзяцей. Несумненна, актывізацыі і развіццю літаратурна-творчых здольнасцяў школьнікаў садзейнічаюць творы ўсіх жанраў фальклору, аднак прыярытэтная роля належыць усё ж казцы. Знаёмячыся з ёю, дзеці пазнаюць свет, пазнаюць не толькі розумам, але і сэрцам.

Для больш глыбокага спасціжэння вучнямі багацця і нацыянальнай адметнасці беларускіх народных казак, а таксама развіцця творчай актыўнасці вучняў сродкамі народнай педагогікі праводжу ў 5 класе ўрок пазакласнага чытання “У Чароўнай Краіне Казак”.

Некаторыя тэарэтычныя веды пра казачны эпас вучні атрымалі на папярэдніх уроках роднай літаратуры. Таму мая задача заключаецца ў тым, каб паглыбіць веды вучняў аб казках, актывізаваць уяўленні дзяцей, іх творчае мысленне, арганізаваць работу па стварэнні сваіх казак.

Да ўрока рыхтую выставу кніг, ілюстрацыі мастакоў да вядомых казак, малюнкі вучняў, “чарадзейныя” рэчы.

Эпіграфам да ўрока бяру наступныя паэтычныя радкі:

…усіх гадуюць нас

Матчыны казкі.

Яны вучаць

Родную мову любіць,

На крылах юнацтва

Уздымаюцца пад хмары,

З няпраўдай змагацца,

А з праўдай дружыць.

І аб недасяжным

І сонечным марыць.

М.Танк. Казкі

Урок пачынаю ўступным словам, у якім нагадваю, што першая сустрэча з казкай адбываецца яшчэ ў маленстве. Невераемныя, цяжкія і нават жахлівыя нечаканасці, з якімі сутыкаецца герой казкі, нарэшце, сам галоўны герой, які пераадольвае непераадольнае, - усё гэта паглынае ўвагу маіх слухачоў, хвалюе, зацікаўлівае.

Творы казачнага эпасу не толькі даступныя і зразумелыя дзецям, але яны глыбока закранаюць іх пачуцці.

Крыштальная паэзія народа выхоўвае маральна-этычныя якасці, вучыць дзяцей фантазіраваць, будзіць іх літаратурна-творчыя здольнасці.

З мэтай актывізацыі творчай дзейнасці ствараю наступную навучальную сітуацыю – абарону вучнёўскіх малюнкаў на казачныя сюжэты. Узнаўляючы па сваіх малюнках той ці іншы казачны эпізод, школьнікі не толькі лепш запамінаюць іх, але і набываюць навык складання казак.

Затым праводжу гульню на лепшага знаўцу казкі. Вучні па пачатку ўспамінаюць казку і расказваюць яе далей.

Наступны этап урока планую так, каб узмацніць творчую актыўнасць школьнікаў. Мая задача – не прыглушыць эмацыянальнае ўздзеянне на вучня, якое ўзнікла пад уплывам казкі. Вучні разглядаюць творы жывапісу. Такая работа садзейнічае развіццю мастацка-вобразнага ўяўлення вучняў. Сам акт творчасці патрабуе мыслення мастацкімі вобразамі. Творчасць натуральным чынам мае на ўвазе самавыяўленне, а выяўленае эмацыянальнае ўражанне абуджае творчую актыўнасць і натхняе да літаратурнай дзейнасці (напісаць сваю казку).

Пасля эўрыстычнай гутаркі праводжу гульню ў “чарадзейныя” рэчы. На маім стале – боты-скараходы, шапка-невідзімка, маладзільныя яблыкі, люстэрка, дудачкі і інш. Вучні прыгадваюць, з якіх казак прыйшлі гэтыя рэчы, і разыгрываюць свае казкі. Такім чынам, у час інсцэнавання актывізуюцца і развіваюцца творчыя мажлівасці школьнікаў.

Абапіраючыся на складзеныя вучнямі казкі, падводжу пяцікласнікаў да вываду, што стварэнне казак – адзін з самых цікавых і любімых відаў дзіцячай творчасці.

І ў заключэнне прапаноўваю скласці казку па пачатку. Школьнікі, выконваючы гэтае заданне, ужываюць у сваёй мове казачныя выразы, устойлівыя эпітэты, словы з памяншальна-ласкальным значэннем, прымаўкі. Праўда, у большасці выпадкаў створаныя імі казкі – кантамінацыя распаўсюджаных казачных сюжэтаў, але сустракаюцца, безумоўна, і самастойныя, арыгінальныя казкі.

Беларускія народныя казкі тояць у сабе вялікія магчымасці для навучання і выхавання чалавека. Таму лічу, што вельмі важна прадумана, метадычна правільна арганізаваць сістэму работы па вывучэнні казачнага эпасу, каб максімальна выкарыстаць увасоблены ў ім вопыт народнай педагогікі, зрабіць усё для эстэтычнага ўспрымання вучнямі казкі, каб абудзіць цікавасць да яе і станоўча ўплываць на іх творчыя здольнасці.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]