Варыянт 2
Палац ў Жылічах у поўнай меры адпавядаў найноўшай рхітэктурнай модзе, дзе ўвага надавалася стварэнню ідэальнага асяроддзя.
Адпраўным пунктам архітэктуры робіцца ўнутраны парадны двор. "П" – падобны ў плане палац у Жылічах сваім дваром павернуты ў бок параднага пад'езда, аднак галоўны ўваход знаходзіцца з супрацьлеглага боку. Такія пабудовы даволі часта сустракаліся ў Парыжы і Пецярбургу, дзе і атрымаў сваю адукацыю архітэктар Падчашынскі. Згодна з традыцыяй класіцызму, двухпавярховы палац быў увенчаны бельведэрам з купалам, у сярэдніх праёмах якога з боку галоўнага і дваровага фасадаў змяшчаўся гадзіннік. У час знаходжання ўладальніка ў палацы над яго купалам узнімаўся сцяг.
Галоўнымі акцэнтамі гладкіх дэкарыраваных пілястрамі сцен з'яўляліся велічныя, ва ўсю вышыню будынка, порцікі з балконамі – шасцікалонныя з боку цэнтральнага ўваходу і чатырохкалонныя па баках. Франтоны порцікаў запоўнены барэльефамі з гербамі ўладальнікаў. У дэкарыроўцы фасадаў выкарыстаны найбольш багата ўпрыгожаны карынфскі ордэн.
У 1857 г. маёнтак перайшоў да Эдгара Булгака. Пры ім, відавочна, і быў дабудаваны дом. Узнікла два крыла: паўднёвае прызначалася для аранжарэі і зімовага саду, паўночнае крыло адводзілася пад капліцу і карцінную галерэю. На мяжы XIX – XX ст. крылы і павільёны былі павялічаны да двух паверхаў. Яны былі выкананы ў стылі позняга класіцызму.
Незвычайнае рашэнне плана палацавага комплексу, дзе ўнутраны двор утварыў амаль замкнутую прастору. Такі прыём выкарыстоўваўся пры будаўніцтве сярэдневяковых замкаў, а не палацаў Новага часу. Гэта было зроблена дзеля арыгінальнай арганізацыі параднага пад'езда да галоўнага будынка.
Пасля пабудовы бакавых памяшканняў палац ператварыўся ў грандыёзны комплекс – буйнейшы ў Беларусі. Праз паўстагоддзя збылася мара яго заснавальніка Ігнація Булгака. Апісваючы пабудову, сучаснікі заўсёды захапляліся яе памерамі і абавязкова адзначалі, што яна мае, як ні адна на беларускіх землях , сто пакояў. А ў "Слоўніку геаграфічным каралеўства Польскага", выдадзеным у 1881 г., адзначалася, што Ігнацій Булгак "…унёс тут нечуванай раскошы палац з сотняй пакояў з прыватнай капелай". (А. Верамейчык)
Варыянт 3
Камянецкая вежа
Так сталася, што гэтаму больш як сямісотгадоваму помніку выпала стаць своеасаблівым апазнавальным знакам і абярэжным сімвалам Белай Русі. Адлятаючы ў вырай, птушкі знарок робяць развітальны аблёт чырвонага стаўпа Белай вежы – каб надоўга запомніць галоўную прымету роднай зямлі. А вяртаючыся з далёкіх краёў, найперш шукаюць гэты сімвалічны арыенцір: цэлы і непарушны ён – значыць, усё добра і спакойна на роднай Беларусі.
Імкненне тутэйшых жыхароў засцерагчыся ад войнаў, якія знішчальнымі хвалямі захліствалі гарады, мястэчкі і вёскі, ад частых аблог, жорсткіх набегаў і крывавых штурмаў увасобілася ў шматлікія абарончыя збудаванні. Імі станавіліся не толькі магутныя крэпасці, непрыступныя замкі, а нават цэрквы, кляштары. З веку ў век шчыравалі беларускія дойліды, з асаблівым стараннем і клопатам імкнуліся абараніць свой народ ад чужапляменнікаў. Плён іхняй працы і дагэтуль сведчыць пра майстравітасць і таленавітасць, пра звычку рабіць сваю справу знаходліва, якасна, выразна – на вякі.
У кожную са сваіх пабудоў дойліды імкнуліся ўдыхнуць жыццё, укласці душу. Мо таму жылі гэтыя збудаванні шматаблічна і размаіта, шыкоўна і па духоўнаму годна. І нават пасля знішчальных павеваў часу ці абставінаў працягваюць узрушваць сваёй дасканаласцю і вабнасцю. А мо гэта проста душа даўняя перагукаецца з душой сённяшняй?
Такім спрадвечным помнікам абарончага дойлідства з'яўляецца і Камянецкая, альбо Белая, вежа.
Набыўшы сёння першапачатковы цёмна-чырвоны колер, Камянецкая вежа працягвае сваю вартаўнічаю вахту. Кожным трымцівым досвіткавым мроівам яна супакойным полымем свечкі ўзносіць маленне да неба – за мір і спакой на нашай зямлі, за мір і згоду, зладжанасць і суладдзе між людзьмі і ў іхніх душах. І рабіць гэта будзе да скону часу. (А. Бутэвіч)
