Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Станкевіч, А.А. Рыторыка (лекцыі).doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1.23 Mб
Скачать

4. Стратэгія маўленчых паводзін.

Як ужо адзначалася, камунікатыўны кантакт, заснаваны на рэалізацыі рытарычнага прынцыпу блізкасці да слухача, з’яўляецца важнай умовай дасягнення эфектыўнасці выступлення. Устанаўленне і падтрымка поўнага і працяглага камунікатыўнага кантакту прыводзіць да камунікатыўнага супрацоўніцтва, якое ляжыць у аснове эфектыўных маўленчых зносін.

У сучаснай навуковай літаратуры па рыторыцы вызначаюцца розныя прынцыпы камунікатыўнага супрацоўніцтва (правілы маўленчых паводзін), і адпаведныя ім стратэгіі маўленчых паводзін і стылі гаворачых [4, с. 96-98].

Схематычна гэта можна ўявіць наступным чынам:

Прынцып камунікатыўнага супрацоўніцтва

1. Не навязвайся субяседніку

2. Выслухай субяседніка

3. Будзь дружалюбным

Стратэгія адштурхоўвання

Стратэгія адказу ад выбару

Стратэгія блізкасці

Тэндэнцыя да незалежнасці

Тэндэнцыя да збліжэння

Дыстантны стыль

Прамежкавы стыль

Сяброўскі стыль

Першае правіла маўленчых паводзін (“не навязвайся”), накіраванае на камунікатыўнае супрацоўніцтва, засноўваецца на захаванні “суверэнітэта” слухача (Лакофф). Гэта значыць, што гаворачы не павінен залішне катэгарычна, безапеляцыйна выказваць сваё меркаванне, навязваць сваю думку слухачам, не ўлічваць іх меркаванне або магчымасць самастойнага выбару імі вырашэння абмяркоўваемай праблемы. Такое камунікатыўнае супрацоўніцтва адбываецца без эмацыянальнага кантакту паміж адрасатам і адрасантам маўлення, паколькі аратар вытрымлівае пэўную дыстанцыю ў адносінах да слухачоў, з’яўляецца стрыманым, трымаецца холадна, афіцыйна. Гэта прыводзіць да стратэгіі адштурхоўвання ад слухача, якая ў сваю чаргу абумоўлівае тэндэнцыю да незалежнасці, як паказана на схеме. Падобны тып зносін аратара з аўдыторыяй кваліфікуецца як дыстантны стыль.

Другое правіла маўленчых паводзін (“выслухай субяседніка”), разлічанае на камунікатыўнае супрацоўніцтва, прадугледжвае неабходнасць пастаяннага ўзаемадзеяння ўдзельнікаў зносін, наяўнасць зваротнай сувязі паміж аратарам і слухачамі, вынікам чаго з’яўляецца іх узаемаразуменне, устанаўленне камунікатыўнага кантакту. Гаворачы павінен даць магчымасць субяседнікам выказаць сваё меркаванне, нават калі яно не супадае з яго ўласным бачаннем праблемы, з павагай паставіцца да іншай думкі, улічыць пэўныя прапановы і пажаданні адрасата. Важнае значэнне пры гэтым мае папярэдняе вывучэнне аратарам аўдыторыі, веданне сітуацыі зносін і яе ўдзельнікаў, аб чым гаварылася вышэй. Такі тып узаемадзеяння з аўдыторыяй фарміруе стратэгію адказу ад выбару: гаворачы дае выбар танальнасці зносін, характару ўзаемадзеяння слухачам. Гэта камунікатыўнае супрацоўніцтва вызначаецца як прамежкавы (сярэдні ) стыль.

Трэцяе правіла (“будзь дружалюбным”) прадугледжвае праяўленне станоўчых эмоцый у працэсе ўзаемадзеяння аратара з аўдыторыяй. Яно звязана з выражэннем добразычлівасці, прыхільнасці, сімпатыі і павагі да слухачоў, зацікаўленасці іх інтарэсамі, неабыякавасці да зместу размовы. Неабходным элементам такіх зносін з’яўляецца ўсмешка на твары аратара. Адзначаны прынцып камунікатыўнага супрацоўніцтва прыводзіць да стратэгіі блізкасці гаворачага і слухачоў, ён развівае тэндэнцыю да збліжэння і фарміруе сяброўскі стыль зносін.

Практычны выбар правіл маўленчых паводзін, стратэгіі ўзаемадзеяння аратара з аўдыторыяй і стылю зносін залежыць як ад асобасных якасцей аратара (яго характару, тыпу тэмперамента, узросту, адукацыі, прафесіі) , так і ад аб’ектыўных умоў (характару аўдыторыі, тыпу прамовы, сітуацыі зносін і г.д.).